Марксава навука ня робіць сьвет больш зразумелым. Немагчыма, аднак, зразумець сучасны сьвет, не разумеючы ўплыву гэтай дактрыны на яго станаўленьне.
Тэкст перакладзены паводле: Pogląd, № 1 (153), 1989.
Наша вечная справа з Iсусам
Пра Iсуса можна прачытаць усё, што хочаш. Напрыклад, што ён нiколi не iснаваў;
або што ён, безумоўна, iснаваў, але ня быў укрыжаваны; хтосьцi iншы павiс на крыжы на яго месцы;
або што ён, безумоўна, быў укрыжаваны, але не памёр, а ачомаўся ў труне, скуль выйшаў, каб памерцi за некалькi дзён;
або што разам са сваёй жонкай, Марыяй Магдаленай, ён эмiграваў у Марсэль i меў там дзяцей, якiя запачаткавалi дынастыю Мэравiнгаў;
або што ён быў чарадзеем, якi рознымi штучкамi агаломшваў легкаверную публiку;
або што ён быў прыхаднем зь iншай галяктыкi;
або што ён быў звычайным габрэйскiм нацыяналiстам, антырымскiм кансьпiратарам;
або што ён быў бесьцялеснай iстотай;
або што ён быў гомасэксуалiстам, а Апостал Ян яго каханкам;
або што ён быў адначасна мужчынам i жанчынай;
або што ён належаў да рэвалюцыйнай групоўкi Новых Левых;
або што галоўная справа, пра якую вядзецца гаворка ў Эвангельлях, гэта як рабiць грошы (я чуў гэта на ўласныя вушы ад аднаго з амэрыканскiх тэлевiзiйных прапаведнiкаў).
Калi, аднак, адкласьцi ў бок домыслы i фантазii, гiстарычная, а таксама тэалягiчная лiтаратура на тэму Iсуса, вельмi шматстайная, ня толькi не адмiрае, але робіць уражаньне надзвычай жывучай. Ксёндз Дарэ ўжо некалькi гадоў публiкуе ў Францыi сэрыю кнiгаў пра Iсуса, кожная зь якiх асэнсоўвае нейкi iншы бок яго дзеяў i спадчыны, i тыя зь iх, якiя я ведаю, вельмi каштоўныя i павучальныя. Я чытаў дужа кнiгаў пра Iсуса — нязначную частку iснуючай лiтаратуры, безумоўна — пачынаючы, згодна з законам прыроды, з Рэнана, зь якiм я пазнаёмiўся як чатырнаццаці- або пятнаццацiгадовы мудрэц. Аўтарам працы, якую я хачу парэкамэндаваць, зьяўляецца Жак Дукен, а называецца яна «Iсус» (Flammarion, 1994). Аўтар не зьяўляецца насамрэч прафэсiйным бiблiстам, але ён начытаны ў навейшай лiтаратуры, прысьвечанай Новаму Запавету, i пiша не для навукоўцаў, а для звычайных людзей, толькi крышку азнаёмленых з тэмай, як i ваш пакорны слуга (якi таксама, безумоўна, бiблiстам не зьяўляецца i ня можа асэнсоўваць падзеi як знаўца-гiсторык). Аўтар зьяўляецца таксама веруючым каталiком, але гэта, тым ня менш, не азначае, што кожны з эвангелiчных аповедаў ён трактуе як дакладны i беспамылковы запiс фактаў i словаў (такiх, мабыць, ужо няма сярод гiсторыкаў), але, як кожны гiсторык, разважае над тым, што ў гэтым запiсе імавернае або не.
Нельга не зьвярнуць увагі — ня аўтар першы гэта падкрэсьлiвае — што чым болей вядома аб часох Iсуса, тым болей, а ня меней, імаверным становiцца Эвангельле. Во прыклады. Славуты фрагмэнт Язэпа Флявiя пра Iсуса лiчыўся зазвычай пазьнейшай вустаўкай хрысьцiянскага перапiсчыка, таму што габрэй ня мог пiсаць гэткiмi словамi аб Iсусу (пiсаў «Хрыстос», гаварыў аб уваскрошаньнi). Аднак аказваецца, што адзін iзраiльскi гiсторык адкрыў у сырыйскiх дакумэнтах тэкст Язэпа, якi не зьяўляецца iдэнтычным з агульнапрынятым, але гаворыць аб Iсусу — добрым мудрацу, аб яго укрыжаваньнi Пiлятам i аб тым, што вучнi апавядалi аб яго ўваскрошаньнi. Або: неверагодным здаваўся зварот, якi ўжыў Iсус, гаворачы пра Фарысэяў (Лука 18,11), бо габрэi такiх выразаў не ўжывалi; аказалася, што гэты зварот чатырнаццаць разоў паўтараецца ў Кумранскiх рукапiсах. Або: аповед аб емiне ў Левiя, якога Iсус спаткаў у мытнай каморы, падаваўся неверагодным, бо зь яго вынiкала, што была мяжа памiж Капэрнаумам i Бэтсаiдай; аказалася, што мяжа сапраўды iснавала, але была скасавана празь некалькi гадоў.
Гэткiх прыкладаў, што пацьвярджаюць iмавернасьць эвангелiчных аповедаў на подзе новых дасьледаваньняў, можна яшчэ болей знайсьці ў гэтай i iншых гiстарычных кнiгах. Аднак адсюль не вынiкае, што ўсё зьяўляецца імаверным. Разьбежкi памiж Эвангельлямi былi вядомыя заўсёды, пачынаючы з генэалёгii ў Мацьвея i Лукi. Зрэшты, верыць, што Эвангельлi зьяўляюцца беспамылковымi ў кожнай драбнiцы, — азначае верыць, што боская апека баранiла ня толькi аўтараў ад памылак, але i перапiсчыкаў, што ёсьць надта сьмелым дапушчэньнем у наш век. Можна таксама ўгледзець, без супярэчнасьцi, боскую волю ў гэтых тэкстах i не ўважаючы, што кожнае слова было наўпрост прадыктавана Богам.
Сынаптычныя Эвангельлi былi напiсаныя, на думку гiсторыкаў, у часы, калi павiнны былi яшчэ жыць сьведкi апiсаных падзеяў, а найранейшыя з захаваных рукапiсаў паходзяць з IV стагодзьдзя (пэўныя фрагмэнты нават з II), i таму яны зьяўляюцца значна ранейшымi за iншыя антычныя дакумэнты, iмавернасьць якiх не падлягае сумневу, i мала iснуе дакумэнтаў з тых часоў, гэтак жа добра пацьверджаных (апакрыфiчныя эвангельлi лiчацца недастаткова каштоўнай крынiцай, бо яны былi напiсаны пазьней i зьмяшчаюць вустаўкi, якiя паходзяць з усходнiх рэлiгiяў, дарма што часам яны падаюць зьвесткi, якiх кананiчныя тэксты ня знаюць i якiя могуць быць аўтэнтычнымi).
Але памiж гiстарычнымi драбнiцамi i тэалягiчнымi iнтэрпрэтацыямi (якiя датычаць Тройцы i Перамяненьня Гасподняга) ляжыць справа цудаў. Пры рацыяналiсцкiм падыходзе, што «цудаў няма», усе падзеi, зьвязаныя з цудамi, якiя мы ведаем у Эвангельлi, у сiлу дэдукцыi аўтаматычна прызнаюцца несапраўднымi. Але той, хто верыць у Бога хрысьцiян (у адрозьненьне, напрыклад, ад Бога Ньютона), хто неяк пераймаўся хадой людзкiх справаў, ня мае падставы ня верыць у цудоўныя здарэньнi, якiя па вызначэньнi адбываюцца па боскай волі i ня ёсьць папросту нязвычнымi або невытлумачальнымi зьявамi, якiх шмат. Жыцьцё Iсуса, як мы ведаем з Эвангельля, прадвызначылi два цуды — запачацьце Дзевы Марыi ад Духу Сьвятога i ўваскрошаньне. У сувязi з гэтым аўтар прызнае, што «гiсторыя ня можа сказаць, цi жыў Iсус, цi, наадварот, назаўсёды памёр 7 красавiка 30 году. Можна аднак сказаць, што нешта ў гэтыя днi адбылося, падзея, якая скаланула гэных людзей i скаланула сьвет». У iнтэрвiю, зробленым адначасна з выданьнем кнiгi, ён адкрыта кажа, што верыць ува ўваскрошаньне. Розныя ж слынныя драбнiцы, як разрыў плашчаніцы, усё ж зьяўляюцца, на яго думку, не гiстарычнымi падзеямi, а сымбалiчнымi апiсаньнямi. Iмаверна, што труна аказалася пустой, дарма што iснуюць разьбежкi памiж падрабязнасьцямі зьяўленьня ўваскрэслага вучням. Гэтаксама факт, што пустую труну адчынiлi кабеты, якiя традыцыйна не лiчылiся імавернымi сьведкамi i якiм спачатку вучнi ня верылi, пацьвярджае, што падзея не была прыдумана. Тое, што «нешта тымi днямi зьдзеялася», нешта вялiкае i надзвычайнае, — гэта меркаваньне многiх, хто скрупулёзна вывучаў тэксты, i да таго ж, ня толькi хрысьцiян. Я чытаў кнiгу аб уваскрошаньнi, аўтарам якой быў габрэйскi гiсторык Пінхас Ляпідэ («Auferstehung. Ein jьdisches Glaubenserlebnis», 1980). Ён прызнае факт уваскрошаньня i лiчыць яго габрэйскай падзеяй, разам з тым ён не прызнае Iсуса Мэсiям, а толькi тым, хто тараваў шлях Мэсiю.
Жак Дукен ня верыць, тым ня менш, у запачацьце ад Духу Святога, аб чым ня чуў аўтар найраней напiсаных хрысьцiянскiх тэкстаў, сьвяты Павал; ён уважае гэты аповед за «teologumen», за важную праўду, пераказаную ў мiстычнай форме: што Iсус зьявiўся на сьвеце ў вынiку ўмяшаньня Бога, што ён ёсьць дарам Бога i адкрыў новую эпоху ў гiсторыi; а сюжэт зь яго нараджэньнем фактычна без удзелу мужчыны тут ні пры чым.
Аўтар ня верыць таксама ў Паўлаву iнтэрпрэтацыю мiсii Хрыста, што яна палягала ў выкупленьнi першароднага грэху пакутамі Сына Божага. Iсус нiколi ня згадваў першароднага грэху (ён таксама не сьцьвярджаў, што роўны Богу, да якога ён малiўся, i цуды свае прыпiсваў Богу, ён ня ведаў, калi наступiць судны дзень) i таму немагчыма дапусьцiць, каб Бог зрабiў нешта такое, як ахвяраваньне ўласнага сына, каб той утаймаваў Яго гнеў на бязбожных людзей; пазыцыю Iсуса ў гэтай справе выражае хутчэй прыпавесьць аб блудным сыну, якога радасна прыймае бацька, замест таго, каб караць за даўнiя правiны.