Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

ПРП і кіраваная ёй служба бясьпекі UB абвастрылі перадусім сваю барацьбу з ПНП. Яна праводзілася ня толькі палітычнымі сродкамі, але і перадусім коштам паліцэйскіх рэпрэсій, а таксама калектыўнага і індывідуальнага тэрору. Ратуючы сабе жыцьцё, уцёк за мяжу Мікалайчык (у лістападзе 1947), што закончыла існаваньне ПНП як апазыцыйнай партыі. Стала ясна, што спроба правядзеньня легальнай апазыцыйнай дзейнасьці ў Польшчы пацярпела паразу. Але гэтага было недастаткова, каб не праводзіць яе зусім. Гэта была адзіная палітыка, якая мела пэўныя шанцы на посьпех, а ейнай альтэрнатывай была поўная пасіўнасьць. Мікалайчык праводзіў гэтую палітыку з усёй адвагай і рашучасьцю.

Зусім не выпадае меркаваць, што гэтая палітыка была зусім няплённай. Само ўзьнікненьне арганізаванай апазыцыі і яе дзейнасьць на працягу двух гадоў дазволіла агоўтацца пасьля панесенай паразы, прынесла кароткі пэрыяд адносна нармальнага жыцьця. Гэта павялічыла адпорнасьць на ўдары, якія пасьля нанёс сталінізм. Каб жа гэтага пэрыяду не было, ломка грамадзтва магла б быць яшчэ больш глыбокай і цяжкай для выпраўленьня[12].

Пасьля разгрому ПНП, ПРП прыступіла да зьнішчэньня апазыцыі, якая вытварылася ў іншых партыях. Т. зв. «працэс Цэнтральнай службы плянаваньня» (люты 1948) паклаў канец уплывам ПСП у кіраваньні эканомікай і ліквідаваў польскую мадэль і канцэпцыю эканамічнага плянаваньня[13]. Неўзабаве ПНП, ПСП і Партыя працы перасталі існаваць. Дэмакратычная партыя была паддадзена грунтоўнай ачыстцы і цалкам падпарадкаваная ПРП. Такі крок у дачыненьні да партый быў надзвычай важным, паколькі ліквідаваў цэнтры палітычнай думкі і дзейнасьці, незалежнай ад ПРП. Гэта закранула таксама моладзевыя арганізацыі, зьвязаныя ідэйна з партыямі, а таксама непалітычныя арганізацыі, напрыклад, гарцэрства, робячы немагчымым існаваньне якой-колечы ідэйнай або палітычнай арганізацыі, якая б не была пад строгім кантролем ПРП.

Наступ ПРП (са сьнежня 1948 г. называнай Польскай аб’яднанай рабочай партыяй — ПАРП) не абмежаваўся толькі ліквідацыяй арганізаванай палітычнай апазыцыі. Ён быў накіраваны таксама супраць усіх праяваў польскага жыцьця і перадусім супраць людзей, якія не захацелі быць інструмэнтам саветызацыі. У Польшчы распачаўся пэрыяд сталінізму.

4. Сталінізм: сакавік 1948 — чэрвень 1956

а) Сутнасьць і мэты саветызму-сталінізму

Мы называем саветызмам грамадзка-эканамічную фармацыю, якая ўзьнікла ў Савецкім Саюзе[14] як вынік выраджэньня сацыялізму. Сталінізм — гэта спэцыфічная форма саветызму, створаная пад кіраўніцтвам Сталіна. Гэта найвышэйшая, імпэрыялістычная форма саветызму, у якой рысы гэтай фармацыі выступаюць асабліва выразна. Роля, якую саветызм адыграў у Польшчы, многія гады ўтойвалася і фальшавалася. І таму часта нават яго праціўнікі не разумеюць яго цалкам. Дзеля гэтага трэба недвузначна вытлумачыць, чым гэты лад ёсьць і чым ня ёсьць, і якія былі вынікі навязваньня яго Польшчы.

Перадусім трэба ўсьвядоміць, што саветызм ёсьць таталітарным ладам, у якім дыктатарская ўлада ажыцьцяўляецца клясай партыйных апаратчыкаў згодна з уласнымі інтарэсамі. Камуністычная партыя ёсьць галоўным органам ажыцьцяўленьня гэтай улады.

Саветызм, апрача гэтага, ёсьць імпэрыялістычным ладам. Ён служыць расшырэньню дамінацыі Савецкага Саюзу на іншыя краіны. Аб’ектам яго экспансіі якраз і стала Польшча пад канец вайны.

Тым ня менш, саветызм ня ёсьць, насуперак таму, што гаворыць яго афіцыйная дактрына, ладам, які дзейнічае ў імя інтарэсаў людзей працы і супраць інтарэсаў капіталістаў. Капіталістаў, праўда, чакае нацыяналізацыя, але на людзей працы спадае ярмо эксплюатацыі, цяжэйшай, чымся пры капіталізьме, перад якой яны ня маюць абароны.

Каб устанавіць у Польшчы саветызм, савецкая ўлада пачала татальную атаку на ўсё, што польскае. Гэта была імпэрыялістычная палітыка, якая мела на мэце ўзалежніць Польшчу і зьнішчыць яе палітычную, культурную і эканамічную адметнасьць. Унутры краіны саветы далі ўладу і прывілеі сваім стаўленікам з ПРП і ўвесь польскі народ, усе яго клясы зрабілі аб’ектам уціску і эксплюатацыі.

Гэта — простая і відавочная праўда аб гэных часох. Дзіўна, як рэдка яна фармулюецца ў яснай і недвузначнай форме. Але ніхто, хто быў тады ў Польшчы, ня можа сьцьвярджаць, што гэтага не разумеў. Довадаў было ажно занадта, каб кожны адчуў гэта на ўласнай скуры.

Першая спроба саветызацыі Польшчы адбылася неўзабаве пасьля акупацыі краіны савецкай арміяй у студзені 1945, але пэрыяд гэты доўжыўся толькі да канца чэрвеня гэтага году. У пануючым тады хаосе і пры ўсё яшчэ ня скончанай вайне сыстэме не ўдалося адразу надаць усіх рысаў, уласьцівых саветызму. У выніку вяртаньня ў краіну Мікалайчыка ўзьнікла сытуацыя, пры якой савецкае ўварваньне набыло іншыя формы і нават троху было згорнута. Безумоўна, і надалей у Польшчы доўжылася савецкая дамінацыя, але існавала таксама апазыцыя і такія формы культурнага і эканамічнага жыцьця, якіх саветызм ня зносіў на дух.

Чарговы наступ саветызму, гэтым разам у яго клясычнай сталінскай іпастасі, пачаўся ў Польшчы з разгрому ПНП на пачатку 1948 году. Яго мэтай было ўзмацненьне ўлады Савецкага Саюзу над Польшчай і канчатковае ўстанаўленьне ў ёй савецкай сыстэмы.

Гэтую палітыку рэалізавала партыя, сьпярша ПРП, а пасьля ПАРП. Яна паставіла сабе дзьве папярэднія задачы, якія былі пакліканы ачысьціць поле для саветызацыі Польшчы.

Першая задача — гэта перапыненьне кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі, і перадусім яе найглыбейшай плыні: традыцыі барацьбы за незалежнасьць.

Другая — гэта ломка маральнай пазыцыі палякаў і прымушэньне іх да ляяльнасьці.

Кожная з гэтых задач заслугоўвае больш падрабязнага разгляду.

б) Зьнішчэньне нацыянальнай традыцыі

Палітыка пазбаўленьня кантынуальнасьці нацыянальнай традыцыі азначала фальшаваньне гісторыі і зьнішчэньне арганізацыйных інстытутаў і формаў, якія былі вырабамі і носьбітамі гэтай традыцыі.

Фальшаваньне гісторыі было распачата з найноўшых падзеяў. Нацыі, якая калектыўна адкінула якія-колечы змовы з акупантам, пачалі намаўляць, што яе гераічная падпольная барацьба ўяўляла сабой калябарацыю зь Нямеччынай. Зьневажальная мана ў дачыненьні да АК зьдзіўляла сваім нахабствам, бо паўтаралася мільёнам непасрэдных сьведкаў, якія бачылі дзейнасьць АК ці нават бралі ў ёй удзел. Слынны плякат з надпісам «АК — зацяты аплот рэакцыі» гаворыць больш аб стаўленьні ПРП да гісторыі і польскай традыцыі і да палякаў увогуле, чымся ўсё, што напісана на гэтую тэму[15].

Зьнеслаўлялася ці замоўчвалася барацьба польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Кіраўнікі гэтых войскаў былі дэманстрацыйна пазбаўлены польскага грамадзянства. Іншым пэрыядам, гісторыю якога заўзята фальшавалі, былі два дзесяцігодзьдзі Незалежнай Польшчы. Паступова адбываўся таксама адкат далей у мінуўшчыну і фальшавалася гісторыя бітваў за незалежнасьць у XIX стагодзьдзі, а пасьля таксама і пэрыяду падзелаў і казацкіх ды швэдзкіх войнаў. Усё працавала для таго, каб маладыя палякі ня ведалі гістарычных фактаў, якія б маглі стаць зыходным пунктам для новага незалежніцкага руху.

Наступнай мэтай палітыкі спыненьня традыцыі было зьнішчэньне інстытуцыяў, якія рэпрэзэнтавалі польскую традыцыю. Паказальная як грунтоўнасьць, так і заўзятасьць гэтай акцыі: глуміліся ня толькі важныя і аснаватворныя элемэнты польскай традыцыі, але і зусім дробныя і другарадныя.

У першую чаргу сярод важных галін польскага жыцьця трэба назваць абсяг юстыцыі, саветызацыя якога распачалася вельмі рана. Пасады судзьдзяў пачалі займаць выпускнікі партыйных курсаў, якіх навучылі, што іх першы абавязак — дбаць пра партыйны інтарэс. Ранейшых судзьдзяў або пазбавілі працы, або прыстрашылі. Неўзабаве інстытут юстыцыі ў эўрапейскім значэньні гэтага тэрміну перастаў існаваць. Тое, што ёсьць, уяўляе сабой сумную карціну: за трыццаць гадоў існаваньня сацыялістычнай Польшчы мы часам бачылі сумленныя і адважныя выступы адвакатаў, але ня бачылі і дагэтуль ня бачым бесстароньніх і справядлівых судзьдзяў. Культура польскага грамадзкага жыцьця панесла страту, якую цяжка будзе выправіць.

вернуться

12

Самы час, каб гэты гістарычны пэрыяд добра зразумець і пачаць яго правільна інтэрпрэтаваць. І больш таго: трэба прызнаць, што вельмі вялікай памылкай эміграцыі было рашэньне не падтрымліваць апазыцыі, якая паўстала ў Польшчы пасьля вяртаньня Мікалайчыка. У пераломны момант свайго змаганьня за незалежнасьць Польшча была зусім самотная. Ня толькі здрадзілі яе хаўрусьнікі, але яна ня мела нават падтрымкі палякаў, аселых на Захадзе. Насьледкі гэтай памылкі да сёньняшняга дня цяжарам ляжаць на польскай палітыцы і выклікаюць вострыя спрэчкі ў польскай палітычнай думцы.

вернуться

13

Я пісаў аб гэтым у: «Proces Centralnego Urzędu Planawania. — Relacja o początku stalinizmu w Polsce», Zeszyty Historyczne, Zeszyt 28, Paryż, 1974, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

вернуться

14

Я ўвёў і абгрунтаваў гэты тэрмін у нарысе «Сацыялізм у Польшчы», Кultura, № 9 (276), wrzesień 1970. Перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.

вернуться

15

Цікава, ці ёсьць асобнік гэтага гістарычнага пляката ў гістарычных сховішчах у краіне ці на эміграцыі? Таксама цікава, хто афармляў гэты плякат. Калі гаварыць пра рашэньне наконт яго выданьня, то няма сумневу, што яно было прынята ці, прынамсі, ухвалена цэнтральным кіраўніцтвам ПРП.

26
{"b":"598980","o":1}