Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

* * *

Партыя працы была ўнутрана разьяднанай. Караль Попель, кіраўнік партыі, займаў блізкую да Мікалайчыка пазыцыю, але ў кіраўнічых структурах партыі меў стаўленікаў Польскай рабочай партыі, якія рабілі немагчымай палітычную дзейнасьць у адпаведнасьці з гэткай арыентацыяй. Попелю давялося саступіць, а пасьля яму дазволілі выехаць за мяжу. Партыя працы падпарадкавалася тады дырэктывам Польскай рабочай партыі і неўзабаве была ліквідаваная (зьяднана з Дэмакратычнай партыяй).

Апошняя, роўна як і Польская сацыялістычная партыя, ад пачатку абвясьцілі пра сваё супрацоўніцтва з Польскай рабочай партыяй, але для большай пэўнасьці Польская рабочая партыя забясьпечыла сабе ўва ўсіх гэтых партыях непасрэдны ўплыў шляхам засылкі на пэўную колькасьць ключавых пасадаў сваіх людзей. Або проста польскія камуністы «камандзіраваліся» на працу ў іншых партыях (т.зв. «wtyczki»), або дзеячаў гэтых партый нейкім чынам схілялі, каб яны інтарэсы камуністаў ставілі вышэй за інтарэсы сваёй партыі.

Матывы ўступленьня ў гэтыя партыі былі пераважна апартуністычныя. Людзі хацелі знайсьці паратунак ад нестабільнасьці, атрымаць працу, даброты, напрыклад, жытло або паўнавартую кватэру і магчымасьць дасягнуць якога-ніякога ўзроўню жыцьця для сябе і сям’і. Гэта была саступка маральна і фізычна вычарпаных людзей перад абліччам варункаў, у якіх людзі апыніліся, і імкненьне да нейкай нармалізацыі жыцьця пасьля жудасьцяў, якія давялося перажыць. Але трэба заўважыць яшчэ адно: у рашэньні ўступіць у адну з гэтых трох палітычных партый быў заключаны палітычны матыў: неўступленьне ў ПРП, хаця менавіта сяброўства ў ПРП давала ўсе гэтыя даброты яшчэ ў большай ступені. Уступаючы, гаварылі сабе: «Неяк трэба ўладзіцца ў гэтай «рэчаіснасьці», але ня хочацца ідэнтыфікавацца з стаўленікамі саветаў».

Неўзабаве палітычныя насьледкі разьвіцьця гэтых трох партый сталі відавочнымі. Партыйныя арганізацыі пачалі дужэць і дарма што супрацоўнічалі зь існымі на пэўнай тэрыторыі арганізацыямі камуністаў, у канкрэтных выпадках паміж імі і ПРП пачалі зьяўляцца адрозьненьні й спрэчкі.Тры партыі, якія стваралі ладу фасад шматпартыйнасьці і якія па сутнасьці былі задуманы як дзейныя пад рознымі назвамі філіі ПРП, хутка пачалі набываць непажаданы для рэжыму характар. Яны станавіліся свайго роду апазыцыйнымі партыямі. ПРП захавала над імі пэўны кантроль на цэнтральным узроўні, але ў арганізацыях ніжэйшага ўзроўню і тэрытарыяльных арганізацыях было шмат апазыцыйнага элемэнту, што прыводзіла да ўсё больш яўных і ўсё больш вострых канфліктаў з ПРП. Дзеля таго што гэтыя партыі часта валодалі лепшымі спэцыялістамі, чымся камуністы, у розных абсягах дзяржаўнай і эканамічнай адміністрацыі пачала вымалёўвацца іхная фактычная перавага над ПРП. Дайшло ўрэшце да таго, што некаторыя адзінкі адміністрацыі станавіліся сфэрай уплыву партый, якія былі схільныя праводзіць сваю ўласную палітыку, адрозную ад ПРП. Пры такіх умовах уступленьне ў гэтыя партыі станавілася сродкам рэалізацыі канцэпцыі адбудовы, супрацьлежнай савецкім канцэпцыям ПРП[10].

Я ня ведаю падрабязнасьцяў гэтага працэсу ў Партыі працы і ў Дэмакратычнай партыі, хаця і не сумняюся, што ў агульных рысах ён праходзіў акурат так. Але я ведаю іх у дачыненьні да Польскай сацыялістычнай партыі, якая сярод гэтых трох партый была найбольш шматлікай і з многіх прычын найважнейшай. У эміграцыйнай літаратуры гэтая партыя акрэсьлена як «канцэсійная ПСП». Гэты прыніжальны прыметнік мае на мэце падкрэсьліць, што гэта фракцыя ПСП, якая пайшла на супрацоўніцтва з ПРП, у адрозьненьне ад сапраўднай ПСП, існаваньне якой у сацыялістычнай Польшчы было забаронена. Можна згадзіцца з слушнасьцю такой тэрміналёгіі, але адначасна трэба памятаць, што пераход да палітыкі легальнай апазыцыі азначаў таксама выкарыстаньне магчымасьцяў, якія давала існаваньне шматпартыйнасьці. Дзейнічаючы пад шыльдай ПСП, можна было супрацьдзейнічаць уплывам ПРП. На цэнтральным узроўні найбольшым посьпехам ПСП было стварэньне і кіраваньне Цэнтральнай службай плянаваньня, якая засяродзіла экспэртаў, зусім чужых савецкім мэтадам кіраваньня эканомікай. ЦСП стварыла ўласную канцэпцыю эканамічнай мадэлі Польшчы, устанавіла ўласныя мэтады плянаваньня і ў адпаведнасьці зь імі падрыхтавала першы трохгадовы Плян эканамічнай адбудовы. На тэрытарыяльным узроўні ПСП дасягнула сур’ёзных уплываў, і таму можна сказаць, што яна функцыявала там як апазыцыйная партыя.

* * *

ПРП была носьбітам саветызацыі. НП была атожылкам ПРП у сельскай мясцовасьці і мела за адмысловую задачу выцясьненьне ПНП. Ніводная з гэтых партый апазыцыянэраў, безумоўна, не прыцягвала.

Таму той, хто уступаў у ПРП з жаданьнем актыўна дзейнічаць, дэкляраваў сябе як прыхільнік саветызацыі Польшчы. Гэта цяжкі закід, але, тым ня менш, апраўданы. Таму, даючы ацэнку тым часам, трэба сфармуляваць яго зусім выразна. Бо цяжка было б сабе ўявіць, што нехта ўступаў у ПРП таму, што шчыра верыў, што ПРП забясьпечыць Польшчы незалежнасьць, грамадзкую справядлівасьць і дабрабыт. Усе ведалі, што ПРП — гэта савецкая агентура, а мільёны сьведкаў гаварылі праўду аб тым, якая жудасная савецкая сыстэма і якая варожая яна Польшчы і палякам. Не выпадае таксама сур’ёзна ставіцца да цьверджаньняў, што ў ПРП уступалі, перасьледуючы валенродзкія мэты[11].

Трэба прызнаць, што бальшыня тых, хто ўступаў у ПРП, кіравалася не палітычнымі мэтамі, а звычайным апартунізмам. Яны не імкнуліся да саветызацыі Польшчы, але таксама не жадалі ёй супрацьстаяць. Ім рупіла «ўладкавацца» накшталт бальшыні з тых, хто ўступаў у іншыя партыі, з той толькі розьніцай, што ўступаючы ў ПРП, яны чакалі большых прывілеяў і ня мелі сумневаў, якія ўстрымлівалі іншых ад ідэнтыфікацыі з галоўнай сілай саветызацыі Польшчы.

Для некаторых катэгорый з тых, хто ўступаў у ПРП, існавалі зьмякчальныя акалічнасьці. Імкнучыся дайсьці да правільнай ацэнкі гэтай важнай справы, трэба прывесьці гэтыя акалічнасьці.

Найбольш пераконлівае апраўданьне мелі жаўнеры Арміі Людовай. Уступленьне ў баявую вайсковую арганізацыю ў час акупацыі часта бывае выпадковай справай: яно вынікала з магчымасьці навязаць кантакт зь першай-лепшай адзінкай, што вядзе барацьбу зь немцамі. Таму нельга асуджаць некага ў тым, што ён быў сябрам Арміі Людовай. Такім чынам, алоўцы амаль аўтаматычна ўступілі ў ПРП, і ім індывідуальна было цяжка парушыць такую завядзёнку.

Іншым магчымым апраўданьнем магло быць палітычнае невуцтва і недальнабачнасьць. Апраўданьне гэтае можа тычыцца вельмі маладых, прымітыўных людзей, якія не разумелі, што вакол іх дзеецца, і далі завэрбаваць сябе новай уладзе.

Але ў канцавым рахунку важна ня тое, ці застаўся нехта беспартыйным, ці ўступіў у партыю і ў якую, а тое, як ён сябе паводзіў. Ці выконваў свае абавязкі такім чынам, які быў карысны для польскага грамадзтва, для польскай культуры і эканомікі, ці ўсё ж стаў інструмэнтам паняволеньня палякаў і саветызацыі польскай культуры ды эканомікі. Падзел не праходзіў тут у адпаведнасьці з партыйнай прыналежнасьцю. Былі нават актывісты ПРП (праўда, вельмі нешматлікія), якія як палякі і як людзі паводзілі сябе прыстойна, і былі, у сваю чаргу, беспартыйныя, дзейнасьць якіх была нікчэмнай і надзвычай шкоднай. Паводле гэткай дзейнасьці трэба і ацэньваць людзей. Партыйная прыналежнасьць дае толькі зыходны пункт для ацэнкі.

в) Разгром апазыцыі

Стварэньне і ўзмацненьне апазыцыі не прайшло незаўважаным для савецкіх акупантаў і іх стаўленікаў у кіраўніцтве ПРП. Яны пастанавілі прыступіць да супрацьдзеяньня. Гэта ў часе супала са зьменай савецкай міжнароднай палітыкі. Савецкі Саюз перастаў захоўваць хоць якую бачнасьць, што ён паважае дамовы, заключаныя са сваімі ранейшымі хаўрусьнікамі, і прыступіў да канчатковай саветызацыі дзяржаваў т. зв. народнай дэмакратыі. Адмова ад пляну Маршала, ізаляцыя Бэрліна, ціск на Югаславію запачаткавалі новы этап. Усё гэта агульнавядома.

вернуться

10

Безумоўна, вельмі цяжка зрабіць ацэнку для індывідуальных выпадкаў, ці нехта ўступаў у нейкую партыю ў апартуністычных мэтах, ці для таго, каб зьдзейсьніць нешта карыснае. Але ў гістарычных умовах гэнага пэрыяду ў Польшчы існуе беспамылковы мэтад зыдэнтыфікаваць тых, хто ўступіў у партыю, кіруючыся добрымі інтэнцыямі. Той, хто сапраўды хацеў нешта зрабіць, г.зн. дзейнічаць не па інструкцыі ПРП, той быў хутка выключаны з партыі ўжо на самым пачатку сталінізму.

вернуться

11

Здаўна ведаем, якой ацэнкі заслугоўвае валенрадызм. Гэта нам сказаў ужо Славацкі («Бянёўскі», песьня ІІ, радкі 225–233), а таксама нагадаў перадрукаваны вельмі дарэчы артыкул Ст. Віткевіча, напісаны ў 1904 г. («Валенрадызм ці зьмізарненьне», Kultura, № 7 (358)–8 (359), ліпень–верасень 1977).

25
{"b":"598980","o":1}