Такім чынам, камунізм знаходзіцца ў гістарычнай трансфармацыі. Ці гэтая трансфармацыя прынясе больш эфэктыўны ў эканамічным сэнсе і больш плюралістычны ў палітычным сэнсе лад? Адказ на гэта гучыць іначай у залежнасьці ад краіны. Калі гаворка йдзе пра Савецкі Саюз, то скептыцызм тут будзе вельмі дарэчы. Дужа няпэўнымі выглядаюць магчымасьці таго, што пачынаньні Гарбачова прывядуць у выніку да заснаванай на канкурэнцыі і інтэграванай у сусьветны рынак эканомікі і палітычнага ладу, пры якім людзі будуць кіраваць сабой самі пры ненавязьлівай апецы абыякавай да ўсяго камуністычнай партыі. Антыдэмакратычная ленінская спадчына, шматнацыянальны характар дзяржавы і глыбока засвоеныя цэнтралізацыйныя тэндэнцыі — усё гэта разам аслабляе падаўкосьць грамадзтва да эфэктыўнага перайманьня палітычнай і адміністрацыйнай адказнасьці і тым самым робіць немагчымым гэткага роду хаду падзеяў.
Пасьпяховае ўвядзеньне плюралізму ў Савецкім Саюзе менш імавернае, чымся чатыры іншыя магчымасьці. Першая — гэта працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які будзе доўжыцца без хоць нейкага вырашэньня колькі дзясяткаў гадоў і пэрыядычна перапыняцца выбухамі грамадзкай незадаволенасьці сярод масаў гарадзкога насельніцтва, усё больш расчараваных у матэрыяльных умовах жыцьця, асабліва сярод палітычна больш непакорных нярускіх народаў. Другой магчымасьцю ёсьць чарговы застой: зь цягам часу сумятня нарэшце сьцішыцца, а цэнтралістычныя традыцыі расійскай мінуўшчыны зноў возьмуць верх. У пэўны момант гэта магло б прывесьці да трэцяй магчымасьці, дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненага войскам і КДБ (пры гэтым магчымая заўчасная сьмерць Гарбачова) і апраўданага перад грамадзкай думкай эмацыйным зваротам да вялікарускага нацыяналізму. Чацьвертая магчымасьць — на гэтай стадыі значна менш імаверная — палягае ў канчальным ператварэньні працяглага крызысу ў поўнае і адназначнае выкрыцьцё камуністычнага рэжыму, што прывяло б да рэалізацыі таго прыдуманага сцэнару, які быў назначаны на пачатку разьдзелу. Гэтая апошняя магчымасьць магла б выклікаць распад Савецкага Саюзу як адзінай дзяржавы, што немінуча прывяло б да праліцьця крыві ў выніку буйнамаштабных нацыянальных і этнічных канфліктаў.
Найбольш імаверная магчымасьць — працяглы і нічым ня стрымліваны крызыс сыстэмы, які ў рэшце рэшт мог бы перайсьці ў чарговы пэрыяд застою, — яшчэ больш паглыбіла б усеагульны крызыс камунізму, спрычынілася б да ўзрастаньня адрозьненьняў паміж камуністычнымі дзяржавамі і паскорыла б працэс ідэалягічнага раскладаньня. Яна немінуча павялічвала б напружанасьць у міжнацыянальных дачыненьнях у самім Савецкім Саюзе, узмацняючы сэпаратысцкія тэндэнцыі. Так ці іначай, распальваючы грамадзкія жарсьці ў кантэксьце ідэалягічнага вакууму, выкліканага дыскрэдытацыяй афіцыйнай дактрыны, Гарбачоў стварыў умовы ня толькі для адраджэньня вялікарускага нацыяналізму, але перадусім для ўзмацненьня нярускіх нацыяналізмаў. У выніку Гарбачоў міжволі паставіў на парадак дня магчымасьць дэмантажу Савецкага Саюзу ў дадзены момант.
Чым даўжэй працягнецца перестройка, тым больш будуць узмацняцца нацыянальныя памкненьні не-расійцаў. Гэта толькі пытаньне часу — можа, нават адносна нядоўгага — калі нацыянальныя рухі, якія выступаюць за перадачу ўладных паўнамоцтваў ад Масквы сталіцам асобных рэспублік, ператворацца ў змагароў за поўны нацыянальны сувэрэнітэт. Гэта ўжо назіраецца ў нядаўна прылучаных рэспубліках Эстоніі, Латвіі і Летуве, тое самае пачынае назірацца ў самабытных рэлігійна і культурна краінах — Арменіі, Азэрбайджане і Грузіі. У недалёкай будучыні гэта можа назірацца ня толькі там, дзе пераважае іслам (у Таджыкістане, Туркменіі, Узбэкістане і Казахстане), але таксама — і гэта з пункту гледжаньня Масквы нясе нечуваную пагрозу — у славянскай Украіне і, нарэшце, у Беларусі (нягледзячы на яе далёкасяжную русіфікацыю). Зь іх Украіна — са сваім вялікім насельніцтвам і багатымі натуральнымі рэсурсамі — уяўляе сабой патэнцыйна найбольш сур’ёзную пагрозу для самога існаваньня Савецкага Саюзу. Таму цалкам верагодна, што ў першыя дзесяцігодзьдзі дваццаць першага стагодзьдзя найбольшым рэгіёнам на сьвеце, які будзе разьдзірацца сур’ёзнымі нацыянальнымі канфліктамі, стане Савецкі Саюз, — і гэта азначала б канчальную перамогу нацыяналізму над камунізмам.
Адзіным канструктыўным вырашэньнем пастаянна ўзрастаючай дэзынтэграцыі савецкіх народаў, якое адпавядае афіцыйна прагалошаным мэтам перестройки — г.зн. эканамічнай дэцэнтралізацыі і палітычнаму плюралізму — ёсьць не прымусовае вяртаньне да імпэрскага Савецкага Саюзу, а пабудова сапраўднай Савецкай Канфэдэрацыі. Аднак сапраўды добраахвотная канфэдэрацыя можа ўжо ня быць магчымай на практыцы дзякуючы абуджаным памкненьням не-расійцаў. Апрача гэтага, так ці йначай, перадача Масквой рэальнай улады, як у сфэры эканомікі, так і ў палітыцы, азначала б на практыцы канец маскоўскай імпэрыі — а такая пэрспэктыва, безумоўна, не падабаецца вялікарусам.
Вайскова-паліцыйны пераварот, пакліканы пакласьці канец працягламу крызысу і вярнуць дамінуючую пазыцыю цэнтру, таксама выклікаў заняпад камунізму ў сусьветным маштабе, або нават яго паскорыў. У сучасных умовах моцна рытуалізаванай ідэалёгіі і ўсё сьмялейшых нярускіх нацыяналізмаў перавароту з мэтай вяртаньня эфэктыўнай цэнтральнай улады давялося б шукаць палітычнай легітымацыі ў вялікарускім нацыяналізьме. Гэта магло б даць цэнтру масавую сацыяльную базу, патрэбную для згумленьня нярускіх нацыяналізмаў. Аднак выклікае сумлеў тое, каб — безь вяртаньня да сталінскіх мэтадаў — можна было такія нацыяналізмы поўніцай выкараніць. Нацыяналістычныя жарсьці вызваліліся з скрыні Пандоры. У эру нацыяналізму ўжо нельга замкнуць яе шчыльней.
У той самы час гласность ужо дала імпульс да крайніх, радыкальных праяваў вялікарускага нацыяналізму. Некаторыя зь іх мяжуюць зь яўным шавінізмам. «Память», надзвычай актыўнае грамадзкае аб’яднаньне, выкарыстоўвае факт, што паступовая кампрамэтацыя афіцыйнай ідэалёгіі стварыла вакуум, які нацыяналізм можа зь лёгкасьцю запоўніць. У выніку «Память» закранула за жывое вялікарусаў, якія ўсё больш абураюцца шкодамі, нанесенымі на працягу семдзесяцёх год іх нацыянальнай спадчыне камунізмам (што «Память» прыпісвае сіянісцкім і масонскім уплывам), а таксама ўсё больш баяцца, што працяглы крызыс можа паскорыць распад іх імпэрыі.
Хаця надпіс з кветак перад савецкім памежным пунктам на чыгуначнай лініі з Хэльсынак у Ленінград і надалей абвяшчае аптымістычны лёзунг «Мы жывем у эпоху, у якой усе шляхі вядуць да камунізму», любы варыянт будучай долі Савецкага Саюзу прадказвае адыход ад камунізму. Посьпех перестройки выклікаў істотнае размываньне практыкі камунізму. Падаўжэньне крызысу было б адзнакай, што сыстэма няздольная да перадачы ўлады больш дынамічнаму і аўтаномнаму грамадзтву на справе. Чарговы застой азначаў бы, што камунізм ня можа творча разьвівацца. Рэпрэсіўны пераварот, заснаваны на нацыяналізьме і ідэлёгіі, скампрамэтаваў бы Савецкі Саюз на міжнароднай арэне, а яго распад быў бы роўны гістарычнай паразе. Такім чынам, у няпэўнай будучыні Савецкага Саюзу крыецца грамадзка-палітычная дынаміка, несумяшчальная з прэстыжам камунізму і яго пэрспэктывамі ў глябальным маштабе.
Палітычныя і сацыяльныя зьмены ўва Ўсходняй Эўропе таксама ўзмоцняць, безумоўна, агульны крызыс камунізму. Гэтыя зьмены будуць рознымі ў розных дзяржавах, а іх рухальнай сілай будзе як нацыяналізм, так і новае пачуцьцё наднацыянальнай салідарнасьці. Гэты першы мог бы паглыбіць традыцыйныя канфлікты — напрыклад, вугорска-румынскую спрэчку аб Трансыльваніі — а імаверным вынікам гэтага другога была б замена дагэтуль яшчэ ня зьніклых рэштак камуністычнага інтэрнацыяналізму ўзрастаючай прыцягальнай сілай Эўропы, якая аб’ядноўваецца ўсё хутчэй. У меру таго, як Заходняя Эўропа будзе крочыць да больш аўтэнтычнага, арганічнага эканамічнага адзінства, і як усьлед за эканамічным аб’яднаньнем узьнікне палітычнае, гістарычнае і культурнае адзінства, прыцягальнасьць Эўропы для ўсходнеэўрапейскіх краін узрасьце яшчэ больш. Паступовае аб’яднаньне Эўропы будзе ствараць драматычны — магнэтычны — кантраст з Савецкім Саюзам, незалежна ад таго, будзе ён у стане хваляваньняў ці застою.