Усе плакалі… А я крычаў ад шчасця — вайна! Я пайду на вайну! Ужо гэта ж мне дазволяць. Адправяць. Стаў прасіцца на фронт. Мяне доўга не бралі. Ваенкам быў знаёмы: «Не магу. У мяне на руках інструкцыя — «ворагаў» не браць». — «Гэта хто вораг? Я — вораг?!» — «Твая жонка адбывае пакаранне ў лагеры па 58-м артыкуле — контррэвалюцыйная дзейнасць». Немцы захапілі Кіеў… баі пад Сталінградам… Я зайздросціў кожнаму чалавеку ў ваеннай форме — ён абараняе Радзіму! Дзяўчаты сыходзілі на фронт… А я? Пішу ліст у райкам партыі: расстраляйце ці пусціце на фронт! Праз два дні мне ўручылі позву — цягам дваццаці чатырох гадзін быць на зборным пункце. Вайна была выратаваннем… адзіны шанец вярнуць сабе добрае імя. Я радаваўся.
…Рэвалюцыю добра памятаю. А потым, прабачце, ужо горш. Нават вайну ўжо меней памятаю, хоць па часе яна бліжэй. Памятаю, што нічога не змяніла. Толькі зброя напрыканцы вайны ў нас была іншая — не шашкі і вінтоўкі, а «кацюшы». А жыццё салдацкае? Як і раней, мы маглі гадамі есці суп з пярлоўкі і ячневую кашу, месяцамі насіць брудную бялізну. Не мыцца. Спаць на голай зямлі. А каб былі мы іншыя, як бы мы перамаглі?
…Падняліся ў бой… Нас з кулямётаў! Усе леглі на зямлю. Тут яшчэ мінамёт падключыўся, разносіць людзей на шматкі. Побач са мной упаў камісар: «Што ляжыш, контра! Наперад! Застрэлю!!»
…Пад Курскам сустрэў свайго следчага. Былога дырэктара школы… У мяне была думка: «Ну, цяпер, сволач, ты ў мяне ў руках. У баі застрэлю ціха». Было… Ну так… Хацеў. Не паспеў. Мы з ім нават аднойчы размаўлялі. «Радзіма ў нас адна» — яго словы. Смелы быў чалавек. Геройскі. Загінуў пад Кёнігсбергам. Што сказаць… Магу сказаць… я падумаў, што Бог зрабіў маю справу… Хлусіць не буду… Вярнуўся дадому двойчы паранены. З трыма ордэнамі і медалямі.
Мяне выклікалі ў райкам партыі: «На жаль, жонку вам вярнуць не можам. Жонка загінула. Але годнасць мы вам вяртаем…» Мне аддалі мой партбілет. І я быў шчаслівы! Я быў шчаслівы…
Кажу яму, што мне гэтага не зразумець — ніколі. Зрываецца.
Паводле законаў логікі нас судзіць нельга. Бухгалтары! Зразумейце ж! Нас можна судзіць толькі паводле законаў рэлігіі. Веры! Вы яшчэ нам пазайздросціце! Што ў вас ёсць вялікага? Нічога няма. Адзін камфорт. Усё для страўніка… для дванаццаціперснай кішкі… Набіць трыбух і абставіцца цацкамі… А я… маё пакаленне… Усё, што ў вас ёсць, гэта мы пабудавалі. Заводы, плаціны… электрастанцыі… А дзе ваша? І Гітлера мы перамаглі. Пасля вайны… Нарадзілася ў кагосьці дзіця — радасць! Радасць не такая, як да вайны. Іншая. Я мог і заплакаць… (Заплюшчыў вочы. Стаміўся.) А-а-а… Верылі… А цяпер нам вынеслі прысуд: вы верылі ва ўтопію… Верылі! Улюбёны мой раман «Што рабіць?» Чарнышэўскага… Цяпер яго ўжо не чытаюць. Сумна. Чытаюць толькі назву — вечнае рускае пытанне: што рабіць? Для нас гэта быў катэхізіс. Падручнік рэвалюцыі. Цэлыя старонкі вучылі на памяць. Чацвёрты сон Веры Паўлаўны… (Чытае, як вершы.) «Дамы з крышталю і алюмінію… Крыштальныя палацы! Лімонныя і апельсінавыя сады пасярод гарадоў. Старых амаль няма, людзі вельмі позна старэюць, бо жыццё цудоўнае. Усё робяць машыны, людзі толькі ездзяць і кіруюць машынамі… Машыны жнуць, ткуць… Нівы густыя і шчодрыя. Кветкі — як дрэвы. Усе шчаслівыя. Радасныя. Ходзяць у прыгожым адзенні — мужчыны і жанчыны. Вядуць вольнае жыццё працы і асалоды. Усім хапае месца, даволі працы. Няўжо гэта мы?
Няўжо гэта наша Зямля? І ўсе так будуць жыць? Будучыня светлая і выдатная…» Вунь… (Ківае на ўнука.) Пасмейваецца. Дурнаваты я для яго. Так і жывём.
— У Дастаеўскага ёсць адказ Чарнышэўскаму: «Будуйце, будуйце свой крыштальны палац, а я вось вазьму і кіну ў яго камень… І не таму, што галодны і жыву ў падвале, а проста так — ад свавольства…»
— (Узлаваўся.) Вы лічыце, што нам камунізм, гэтую заразу, як пішуць у сённяшніх газетах, у запламбаваным вагоне з Германіі прывезлі? Што за глупства! Народ паўстаў. Не было таго «залатога веку» пры цары, пра якога цяпер раптам успомнілі. Казкі! І пра тое, што Амерыку хлебам кармілі, і што лёсы Еўропы вырашалі. Паміраў рускі салдат за ўсіх — гэта праўда. А жылі… У нас у сям’і на пецярых дзяцей былі адны боты. Елі бульбу з хлебам, а ўзімку — без хлеба. Адну бульбу… А вы пытаецеся: адкуль узяліся камуністы?
Я столькі памятаю… А навошта? Навошта, га? Што цяпер мне з гэтым рабіць? Мы любілі будучыню. Будучых людзей. Спрачаліся, калі гэтая будучыня паўстане. Праз сто гадоў — дакладна. Але нам гэта здавалася занадта далёкім… (Паўза.)
Я выключаю дыктафон.
Без дыктафона… Добра… Мне трэба камусьці вось гэта расказаць… Мне было пятнаццаць гадоў. Прыехалі да нас у вёску чырвонаармейцы. На конях. П’яныя. Харчатрад. Спалі яны да вечара, а ўвечары сабралі ўсіх камсамольцаў. Выступіў камандзір: «Чырвоная армія галадае. Ленін галадае. А кулакі хаваюць хлеб. Паляць». Я ведаў, што матчын родны брат… дзядзька Сямён… завёз у лес мяхі са збожжам і закапаў. Я — камсамолец. Клятву даваў. Уначы я прыйшоў у атрад і павёў іх да таго месца. Нагрузілі яны цэлы воз. Камандзір руку мне паціснуў: «Расці, браце, хутчэй». Раніцай я прачнуўся ад матчынага крыку: «Сямёнава хата гарыць!» Дзядзьку Сямёна знайшлі ў лесе… пасеклі яго чырвонаармейцы шашкамі на кавалкі… Мне было пятнаццаць гадоў. Чырвоная армія галадае… Ленін… Баяўся выйсці на вуліцу. Сядзеў у хаце і плакаў. Мамка пра ўсё здагадалася. Ноччу дала мне ў рукі торбачку: «Ідзі, сынок! Няхай Бог табе даруе, няшчаснаму». (Закрыў рукою вочы. Але я ўсё роўна бачу — плача.)
Хачу памерці камуністам. Апошняе маё жаданне…
У 90-я гады я апублікавала толькі частку гэтай споведзі. Мой герой даў аповед камусьці пачытаць, з кімсьці параіўся, і яго пераканалі, што поўная публікацыя «кіне цень на партыю». А гэтага ён баяўся больш за ўсё. Пасля яго смерці знайшлі тастамент: сваю вялікую трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада ён пакінуў не ўнукам, а «для патрэб любімай камуністычнай партыі, якой я абавязаны ўсім». Пра гэта нават напісалі ў вячэрняй гарадской газеце. Такі ўчынак быў ужо не зразумелы. Усе кпілі са старога вар’ята. Помнік на яго магіле так ніхто і не паставіў.
Цяпер вырашыла надрукаваць аповед цалкам. Усё гэта ўжо больш належыць часу, чым аднаму чалавеку.
ПРА ЖОРСТКАСЦЬ ПОЛЫМЯ І ВЫРАТАВАННЕ ВЫШЫНЁЮ
Цімяран Зінатаў — франтавік, 77 гадоў
з камуністычных газет
«Зінатаў Цімяран Хабулавіч — адзін з гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якая першая прыняла на сябе ўдар гітлераўскіх войскаў раніцай 22 чэрвеня 1941 года.
Нацыянальнасць — татарын. Перад вайной — курсант палкавой школы (42-і стралковы полк 44-й стралковай дывізіі). У першыя дні абароны крэпасці быў паранены. Трапіў у палон. Двойчы ўцякаў з нямецкага канцлагера — другі раз удала. Скончыў вайну ў дзейнай арміі, як і пачынаў — радавым салдатам. За абарону Брэсцкай крэпасці быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны аб’ехаў усю краіну, працаваў на будоўлях крайняй Поўначы, будаваў БАМ, а калі выйшаў на пенсію, застаўся жыць у Сібіры. Ва Усць-Куце.
Нягледзячы на тое, што ад Усць-Кута да Брэста шмат тысяч кіламетраў, Цімяран Зінатаў кожны год прыязджаў у Брэсцкую крэпасць, дарыў супрацоўнікам музея тарты. Яго ўсе ведалі. Чаму ён так часта бываў у крэпасці? Ён, як і яго сябры-аднапалчане, з якімі ён тут сустракаўся, толькі ў крэпасці адчувалі сябе абароненымі. Тут ніхто і ніколі не сумняваўся, што яны былі героямі сапраўднымі, а не прыдуманымі. У крэпасці ніхто не наважыўся кінуць ім у твар: «Калі б вы не перамаглі, мы б цяпер піва баварскае пілі. Жылі ў Еўропе». Гора-перабудоўшчыкі! Хай бы ведалі яны, што калі б іх дзяды не перамаглі, то мы сталі б краінай пакаёвак і свінапасаў. Гітлер пісаў, што славянскіх дзяцей трэба вучыць лічыць толькі да ста…
У апошні раз Зінатаў прыехаў у Брэст у верасні 1992 года, усё было як звычайна: сустрэўся з франтавымі сябрамі, блукаў па крэпасці. Вядома, заўважыў, што плынь наведнікаў прыкметна зменшылася. Надышлі часы, калі стала модным ачарняць наша савецкае мінулае і яго герояў…
Вось і час ад’езду… У пятніцу ён з усімі развітаўся, сказаў, што ў выходныя з’язджае дадому. Ніхто не мог падумаць, што на гэты раз ён прыехаў у крэпасць, каб застацца тут назаўсёды.
Калі ў панядзелак супрацоўнікі музея прыйшлі на працу, пачулі званок з транспартнай пракуратуры: абаронца Брэсцкай крэпасці, які выжыў тут у крывавым катле 41-га года, кінуўся пад цягнік…
Хтосьці потым прыгадае акуратнага старога з валізкай, які доўга стаяў на пероне. Пры ім знайшлі сем тысяч рублёў, якія ён прывёз з дому на ўласнае пахаванне, і перадсмяротную запіску з праклёнамі ельцынска-гайдараўскаму ўраду — за ўсё гэтае ўчыненае імі прыніжальнае і жабрацкае жыццё. І за здраду Вялікай Перамозе. Пахаваць прасіў у крэпасці».