Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Усе гэтыя гады, пакуль мяне не было, мае сябры пражылі ў поўнай эйфарыі: рэвалюцыя адбылася! Камунізму не стала! Чамусьці былі ўпэўненыя, што ўсё складзецца добра, таму што ў Расіі шмат адукаваных людзей. Вельмі багатая краіна. Але Мексіка таксама багатая… За нафту і газ дэмакратыю не купіш, і яе не завязеш, як бананы або швейцарскі шакалад. Прэзідэнцкім указам не абвесціш… Патрэбны свабодныя людзі, а іх не было. Іх і цяпер няма. У Еўропе дзвесце гадоў даглядаюць за дэмакратыяй, як за газонам. Дома мама плакала: «Вось ты кажаш, што Сталін дрэнны, але мы з ім перамаглі. А ты хочаш здрадзіць Радзіме». Прыйшоў у госці мой старадаўні прыяцель. П’ём на кухні чай: «Што будзе? Нічога добрага не будзе, пакуль не расстралялі ўсіх камунякаў». Зноў кроў? Праз некалькі дзён я падала дакументы на выезд…»

«…З мужам разышліся… падала на аліменты, ён не плоціць і не плоціць. Дачка паступіла ў камерцыйную ВНУ, грошай не хапала. У маёй сяброўкі быў знаёмы амерыканец, ён пачаў у Расіі свой бізнес. Яму патрэбна была сакратарка, але ён хацеў знайсці не мадэльку даўгалыгую, а надзейнага чалавека. Сяброўка парэкамендавала мяне. Яго вельмі цікавіла нашае жыццё, ён шмат чаго не разумеў. «Чаму ва ўсіх вашых бізнесоўцаў лакіраваныя туфлі?», «А што такое «даць на лапу» і «ў нас усё схоплена і ўсё праплочана»?» Такія пытанні. Але планы ён меў вялікія: Расія — велізарны рынак! Абрабавалі яго банальна. Простым прыёмам. Для яго вялікую вагу мела слова — яму сказалі, ён паверыў. Страціў шмат грошай і вырашыў з’ехаць дадому. Запрасіў мяне перад ад’ездам у рэстаран, я думала, што мы развітаемся і ўсё. А ён падняў чарку: «Давай вып’ем — ведаеш за што? Грошай я тут не зарабіў, затое знайшоў добрую рускую жонку». Ужо сем гадоў разам…»

«…Раней мы жылі ў Брукліне… Спрэс руская мова і рускія крамы. У Амерыцы можна ўбачыць свет на руках у рускай акушэркі, вучыцца ў рускай школе, працаваць у рускага гаспадара, хадзіць на споведзь да рускага святара… Каўбаса ў крамах: «ельцынская», «сталінская», «мікаянаўская»… і сала ў шакаладзе… Старыя на лаўках рэжуцца ў даміно і гуляюць у карты. Вядуць бясконцыя дыскусіі пра Гарбачова і Ельцына. Ёсць сталіністы і антысталіністы. Праходзіш паўз іх і чуеш: «Ці патрэбны быў Сталін?» — «Так, патрэбны». А я маленькая ўжо ўсё пра Сталіна ведала. Пяць гадоў мне было… Мы стаім з мамай на аўтобусным прыпынку, як я цяпер разумею, непадалёк ад раённага будынка КДБ, я то нэнджу, то гучна плачу. «Не плач, — просіць мама, — а то нас пачуюць дрэнныя людзі, якія забралі нашага дзядулю і яшчэ шмат іншых добрых людзей». І яна пачынае мне распавядаць пра дзядулю… Маме трэба з кімсьці пагаварыць… Калі Сталін памёр, у дзіцячым садку нас усіх пасадзілі плакаць. Адна я не плакала. Дзядуля вярнуўся з лагера і ўстаў перад бабуляй на калені, яна ўвесь час за яго хадайнічала…»

«…Цяпер і ў Амерыцы з’явілася шмат маладых рускіх хлопцаў, якія носяць футболкі з партрэтам Сталіна. На капотах сваіх машынаў малююць серп і молат. Ненавідзяць чорных…»

«…А мы з Харкава… Адтуль Амерыка нам здавалася раем. Краінай шчасця. Першае ўражанне, калі прыехалі: будавалі камунізм мы, а пабудавалі яго амерыканцы. Знаёмая дзяўчынка павяла нас на распродаж, прыехалі — у мужа адны джынсы і ў мяне, трэба было апрануцца хоць. Гляджу: спаднічка — тры долары, джынсы — пяць… Смешныя цэны! Пах піцы… добрай кавы… Увечары адкаркавалі з мужам бутэльку «Марціні» і запалілі «Мальбара». Мара здзейснілася! Але ўсё трэба было пачынаць з нуля ў сорак гадоў. Тут адразу спускаешся на дзве-тры прыступкі ўніз, забудзься пра тое, што ты рэжысёр, акторка або скончыла МДУ… Спачатку я ўладкавалася нянечкай у бальніцы: гаршкі выносіла, падлогу шаравала. Не вытрымала. Стала выгульваць сабак у двух старых. Працавала касірам у супермаркеце… Было Дзявятага мая, дарагое для мяне свята. Бацька да Берліна дайшоў. Я ўспомніла пра гэта… Старэйшая касірка кажа: «Мы перамаглі, але вы, рускія, таксама малайцы. Дапамаглі нам». Так іх у школе вучаць. Я ледзь з крэсла не ўпала! Што яны пра Расію ведаюць? Рускія п’юць гарэлку шклянкамі, і ў іх шмат снегу…»

«…Ехалі па каўбасу, а каўбаса аказалася не такой таннай, як думалі…»

«…З Расіі з’язджаюць мазгі, а прыязджаюць рукі… Гастарбайтары… Мама піша, што ў іх дворнік-таджык перавёз у Маскву ўсіх сваякоў. Цяпер яны на яго працуюць, а ён гаспадар. Камандуе. Жонка заўжды ходзіць цяжарная. Барана на свае святы яны рэжуць проста ў двары. Пад вокнамі ў масквічоў. І смажаць шашлыкі…»

«…Я чалавек рацыянальны. Усе гэтыя сантыменты з нагоды мовы дзядуляў і бабуль — толькі эмоцыі. Я забараніў сабе чытаць рускія кнігі, глядзець рускі інтэрнэт. Хачу выбіць з сябе ўсё рускае. Перастаць быць рускім…»

«…Муж вельмі хацеў з’ехаць… Прывезлі з сабой дзесяць скрыняў рускіх кніг, каб дзеці не забывалі родную мову. У Маскве на мытні ўсе скрыні праверылі, шукалі антыкварыят, а ў нас: Пушкін, Гогаль… Мытнікі доўга смяяліся… Я і цяпер уключаю радыё «Маяк» і слухаю рускія песні…»

«…Расія, мая Расія… Піцер улюбёны! Як я хачу вярнуцца! Зараз заплачу… Няхай жыве камунізм! Дадому! І бульба тут на смак — брыдота несусветная. А шакалад рускі проста выдатны!»

«…А майткі па талонах вам па-ранейшаму падабаюцца? Я ўспамінаю, як здавала і вучыла навуковы камунізм…»

«…Рускія бярозкі… бярозкі потым…»

«…Сын маёй сястры… У яго выдатная англійская. Праграміст. Пажыў у Амерыцы год і вярнуўся дадому. Кажа, што ў Расіі цяпер цікавей…»

«…Я таксама скажу… Многія ўжо і там добра жывуць: праца, дом, машына — усё ў іх ёсць. Але ўсё роўна баяцца і хочуць з’ехаць. Бізнес могуць забраць, у турму ні за што пасадзіць… скалечыць увечары ў пад’ездзе… Законы ніхто не паважае — ні наверсе, ні ўнізе…»

«…Расія з Абрамовічам і Дзерыпаскам… з Лужковым… Хіба гэта Расія? Гэты карабель тоне…»

«…Хлопцы, жыць трэба ў Гоа… А грошы зарабляць у Расіі…»

Выходжу на балкон. Тут кураць і працягваюць тую ж размову: разумныя сёння з’язджаюць з Расіі ці дурныя? Не адразу паверыла, калі пачула, як за сталом нехта заспяваў «Подмосковные вечера», нашую любімую савецкую песню:

«Не слышны в саду даже шорохи, 
Всё здесь замерло до утра. 
Если б знали вы, как мне дороги 
Подмосковные вечера…»

Вяртаюся ў пакой — ужо ўсе спяваюць. І я таксама.

ПРА ЧУЖОЕ ГОРА, ЯКОЕ БОГ ПАКЛАЎ НА ПАРОГ ВАШАГА ДОМА

Раўшан… — гастарбайтар, 27 гадоў

Гафхар Джураева — старшыня Маскоўскага фонду «Таджыкістан»

«…чалавек без радзімы — салавей без свайго саду»

— Пра смерць я шмат ведаю. Я калі-небудзь звар’яцею ад усяго, што я ведаю…

Цела — чара для духу. Ягоны дом. Паводле мусульманскіх звычаяў, цела трэба пахаваць як мага хутчэй — пажадана ў той жа дзень, як толькі Алах забраў душу. У доме памерлага вешаюць на цвік кавалачак белага матэрыялу, ён вісіць сорак дзён. Душа прылятае ўначы і садзіцца на гэты шматок. Слухае родныя галасы. Радуецца. І ляціць назад.

Раўшан… я яго добра памятаю… Звычайная гісторыя… Ім паўгода не выдавалі заробак, а ў яго чацвёра дзяцей засталіся на Паміры, цяжка захварэў бацька. Ён прыйшоў у будаўнічую кантору, папрасіў аванс, і яму адмовілі. Апошняя кропля. Выйшаў на ганак і разануў сябе нажом па горле. Мне патэлефанавалі… Я прыехала ў морг… Вось гэты настолькі прыгожы твар… Немагчыма забыцца. Ягоны твар… Сабралі грошы. Для мяне дагэтуль загадка, як спрацоўвае гэты ўнутраны механізм: капейкі ні ў кога няма, але калі чалавек памёр, умомант збяруць патрэбную суму, аддадуць апошняе, каб ён быў пахаваны дома, у сваёй зямлі ляжаў. Не застаўся на чужыне. Адзіная старублёўка ў кішэні — і яе аддадуць. Скажаш, што дадому трэба ехаць, — не дадуць, дзіця хворае — не дадуць, а на смерць — на, бяры. Прынеслі і паклалі мне на стол цэлафанавы пакет гэтых змятых старублёвак. І я пайшла з імі ў касу Аэрафлоту. Да начальніка. Душа сама паляціць дадому, а труну адправіць самалётам вельмі дорага.

81
{"b":"285466","o":1}