Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Тады мае сыны былі маленькія, але яны ўжо даўно выраслі. Адзін нават жанаты. Я некалькі разоў… так… рабіў спробы… Хацеў ім расказаць пра дзевяноста першы… пра дзевяноста трэці… Ім гэта ўжо нецікава. Пустыя вочы. У іх толькі адно пытанне: «Тата, чаму ты не пабагацеў у дзевяностыя, тады гэта было лёгка?» Маўляў, толькі бязрукія і дурныя не забагацелі. Дэбільныя продкі… кухонныя імпатэнты… Бегалі па мітынгах. Нюхалі паветра свабоды, калі разумныя людзі нафту і газ дзялілі…

— Рускі чалавек схільны да захапленняў. Калісьці ён быў захоплены ідэямі камунізму, люта, з рэлігійным фанатызмам увасабляў іх у жыццё, потым стаміўся, расчараваўся. І вырашыў адмовіцца ад старога свету, страсянуўшы яго прах са сваіх ног. Дык гэта па-руску — пачынаць з разбітага карыта. І зноў нас дурманяць новыя, як нам здаецца, ідэі. Наперад — да перамогі капіталізму! Хутка будзем жыць, як на Захадзе! Ружовыя мары…

— Жыць стала лепей.

— Але некаторым у тысячу разоў стала лепей.

— Мне пяцьдзясят гадоў… Я стараюся не быць саўком. Гэта ў мяне слаба выходзіць. Працую ў прыватнага прадпрымальніка і ненавіджу яго. Не згодная з дзяльбой тлустага пірага — СССР, з «прыхватызацыяй». Не люблю багатых. Ганарацца па тэлевізары сваімі палацамі, віннымі склепамі… Хай хоць у залатых ваннах, напоўненых грудным малаком, купаюцца. Мне гэта навошта паказваць? Я не ўмею побач з імі жыць. Крыўдна. Сорамна. І я ўжо не змянюся. Я занадта доўга жыла пры сацыялізме. Сёння жыць стала лепш, але гідка.

— Дзіўлюся, як шмат яшчэ пакутнікаў па савецкай уладзе.

— А чаго дыскутаваць з саўкамі? Трэба пачакаць, пакуль яны перамруць, і зрабіць усё па-свойму. Перш за ўсё выкінуць мумію Леніна з маўзалея. Што за азіятчына! Мумія ляжыць, як праклён над намі… Насланнё…

— Спакойна, таварыш. Вы ведаеце, цяпер больш паважна гавораць пра СССР, чым дваццаць гадоў таму. Я нядаўна была на магіле Сталіна, там мора кветак. Чырвоных гваздзікоў.

— Забілі чорт ведае колькі людзей, але ў нас была вялікая эпоха.

— Мне не падабаецца тое, што цяпер, я не ў захапленні. Але і ў «савок» не хачу. Не рвуся ў мінулае. На жаль, добрага нічога не магу ўспомніць.

— А я хачу назад. Мне не патрэбна савецкая каўбаса, мне патрэбна краіна, у якой чалавек быў чалавекам. Раней казалі «простыя людзі», а цяпер «простанароддзе». Адчуваеце розніцу?

— Я вырас у дысідэнцкай сям’і… На дысідэнцкай кухні… Мае бацькі былі знаёмыя з Сахаравым, распаўсюджвалі самвыдат. Разам з імі я прачытаў Васіля Гросмана, Яўгенію Гінзбург, Даўлатава… Слухаў «Свабоду». І ў дзевяноста першым я, вядома, стаяў у ланцугу вакол Белага Дома, гатовы быў ахвяраваць жыццём, каб не вярнуўся камунізм. Сярод маіх сяброў не было камуністаў. Камунізм у нас быў звязаны з тэрорам, з ГУЛАГам. З клеткай. Мы думалі, што ён мёртвы. Назаўжды мёртвы. Прайшло дваццаць гадоў… Заходжу ў пакой сына — і бачу: у яго на стале ляжыць «Капітал» Маркса, на кніжнай паліцы — «Маё жыццё» Троцкага… Не веру сваім вачам! Маркс вяртаецца? Гэта што — жах? Сон ці ява? Сын вучыцца ва ўніверсітэце, у яго шмат сяброў, я стаў прыслухоўвацца да іх гутарак. П’юць гарбату на кухні і спрачаюцца аб «Маніфесце камуністычнай партыі»… Марксізм зноў у законе, у трэндзе, у брэндзе. Яны носяць футболкі з партрэтамі Чэ Гевары і Леніна. (У роспачы.) Нічога не прарасло. Усё было дарэмна.

— Для разрадкі вось вам анекдот… Рэвалюцыя. У адным куце царквы п’юць, балююць чырвонаармейцы, а ў другім — іхнія коні ядуць авёс і мочацца. Дзячок бяжыць да настаяцеля: «Бацюшка, што яны робяць у святым храме?» — «Гэта не страшна. Пастаяць і пойдуць. Страшна будзе, калі іх унукі вырастуць». Вось яны выраслі…

— У нас адно выйсце — вярнуцца да сацыялізму, але толькі да праваслаўнага сацыялізму. Расія не можа жыць без Хрыста. У рускага чалавека шчасце ніколі не было звязана з вялікімі грашыма. Гэтым і адрозніваецца «руская ідэя» ад «амерыканскай мары».

— Расіі патрэбна не дэмакратыя, а манархія. Моцны і справядлівы цар. І першым законным прэтэндэнтам на трон з’яўляецца Кіраўнік Расійскага Імператарскага Дома Вялікая княгіня Марыя Уладзіміраўна, а затым — яе нашчадкі.

— Беразоўскі прынца Гары прапаноўваў…

— Манархія — трызненне! Спарахнелая даўніна!

— Няверуючае сэрца слабое перад абліччам граху. Рускі народ абновіцца пошукам праўды Божай.

— Перабудова мне падабалася толькі тады, калі яна пачыналася. Калі б хто-небудзь нам сказаў тады, што прэзідэнтам краіны стане падпалкоўнік КДБ…

— Мы былі не гатовыя да свабоды…

— Свабода, роўнасць, братэрства… Крыві гэтыя словы пралілі — акіян.

— Дэмакратыя — смешнае слова ў Расіі. Пуцін-дэмакрат — найкарацейшы анекдот.

— За гэтыя дваццаць гадоў мы шмат чаго пра сябе даведаліся. Адкрылі. Даведаліся пра тое, што Сталін — наш таемны герой. Выйшлі дзясяткі кніг і фільмаў пра Сталіна. Людзі чытаюць, глядзяць. Спрачаюцца. Палова краіны марыць пра Сталіна… Калі паўкраіны марыць пра Сталіна, то ён абавязкова з’явіцца, можаце не сумнявацца. Выцягнулі з пекла ўсіх злавесных мерцвякоў: Берыю, Яжова… Пра Берыю сталі пісаць, што ён быў таленавіты адміністратар, хочуць рэабілітаваць, таму што пад яго кіраўніцтвам стварылі рускую атамную бомбу…

— Далоў чэкістаў!

— Хто наступны — новы Гарбачоў ці новы Сталін? Ці свастыка пачнецца? «Зіг Хайль!» Расія паднялася з каленяў. Небяспечны момант, таму што Расію нельга было так доўга зневажаць.

ПРА СУЧАСНАСЦЬ

— Пуцінскія нулявыя… Якія яны? Тоўстыя… шэрыя… брутальныя… чэкісцкія… гламурныя… стабільныя… дзяржаўныя… праваслаўныя…

— Расія заўсёды была, ёсць і будзе імперыяй. Мы не проста вялікая краіна, мы асобная руская цывілізацыя. У нас свой шлях.

— Захад і цяпер баіцца Расіі…

— Вось нашы прыродныя багацці патрэбныя ўсім, і асабліва — Еўропе. Адкрыйце энцыклапедыю: па запасах нафты сёмае, а газу — у нас першае месца ў Еўропе. Адно з першых месцаў па запасах жалезнай руды, уранавай сыравіны, волава, медзі, нікелю, кобальту… І алмазаў, і золата, і срэбра, і плаціны… валодаем усёй табліцай Мендзялеева. Мне адзін француз так і заявіў: а чаму гэта ўсё вам належыць, зямля ж агульная?

— Усё-такі я імперыяліст, так. Я хачу жыць у імперыі. Пуцін — мой прэзідэнт! Лібералам цяпер сорамна быць, як нядаўна сорамна было называцца камуністам. Мужыкі каля піўнухі могуць у галаву даць.

— Ненавіджу Ельцына! Мы яму верылі, а ён павёў нас зусім у невядомым накірунку. Ні ў які дэмакратычны рай мы не трапілі. А трапілі туды, дзе яшчэ страшней, чым было.

— Справа не ў Ельцыне і не ў Пуціне, а ў тым, што мы — рабы. Рабская душа! Рабская кроў! Паглядзіш на «новага рускага»… Ён з «Бэнтлі» вылазіць, у яго грошы з кішэняў сыплюцца, а ён раб. Наверсе сядзіць пахан: «Ідзіце ўсе ў стойла!» І ўсе пойдуць.

— Я чуў па тэлевізары… «У цябе ёсць мільярд? — спытаў спадар Палонскі. — Не?! Тады пайшоў ты ў дупу!» Я з тых, каго спадар алігарх паслаў у дупу. Звычайная сям’я: бацька спіўся, маці ў дзіцячым садку за капейкі працуе. Мы для іх гаўно, угнаенне. Я хаджу на розныя тусоўкі. Да патрыётаў, нацыяналістаў… Слухаю. Прыйдзе час, і хтосьці абавязкова дасць мне ў рукі вінтоўку. І я вазьму.

— Капіталізм у нас не прыжываецца. Чужы нам дух капіталізму. Далей за Маскву ён не распаўсюдзіўся. Клімат не той. І чалавек не той. Рускі чалавек не рацыянальны, не меркантыльны, можа кашулю апошнюю аддаць, але часам украдзе. Ён стыхійны і больш сузіральны, як дзейсны, можа здавольвацца малым. Назапашванне — не ягоны ідэал, яму сумна збіраць. У ім вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці. Народ — бальшавік. А яшчэ рускі чалавек не хоча проста жыць, ён хоча жыць дзеля чагосьці. Ён хоча ўдзельнічаць у вялікай справе. У нас хутчэй знойдзеш святога, чым сумленнага і паспяховага. Чытайце рускую класіку…

— Чаму, калі нашыя людзі з’язджаюць за мяжу, яны там нармальна ўпісваюцца ў капіталістычнае жыццё? А дома ўсе любяць пагаварыць пра «суверэнную дэмакратыю», пра асобную рускую цывілізацыю і пра тое, што «ў рускага жыцця няма асновы для капіталізму».

61
{"b":"285466","o":1}