Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Я ведаю лекі… Ксюшы трэба быць шчаслівай. Яе можа ўратаваць толькі шчасце. Трэба нешта такое… Былі мы на канцэрце Алы Пугачовай, якую ўсёй сям’ёй любім. Я хацела да яе падысці або запісачку паслаць: «Паспявайце для маёй дзяўчынкі. Скажыце, што гэта толькі для яе адной». Каб яна адчула сябе каралевай… падняць яе высока-высока… Яна ўбачыла пекла і павінна ўбачыць рай. Каб зноў свет для яе прыйшоў у раўнавагу. Мае ілюзіі… мары… (Маўчыць.) Я нічога не змагла сваёй любоўю зрабіць. Каму мне напісаць ліст? Каго папрасіць? Вы зарабілі на чачэнскай нафце, на рускіх крэдытах, дайце мне куды-небудзь квіток. Хай яна пасядзіць пад пальмай, на чарапаху паглядзіць, каб забылася пра гэтае пекла. У ейных вачах заўсёды стаіць пекла. Святла няма, святла я ў іх не бачу.

Стала хадзіць у царкву… Ці я веру? Не ведаю. Але хочацца з кімсьці пагаварыць. Адзін раз бацюшка казанне чытаў, што, моцна пакутуючы, чалавек ці набліжаецца да Бога, ці аддаляецца, і калі ён аддаляецца ад Бога, нельга яго дакараць, гэта ад абурэння, ад болю. Усё пра мяне.

Гляджу на людзей збоку, я не адчуваю з імі роднаснай сувязі… Я гляджу так, як быццам я ўжо не чалавек… Вы пісьменніца, вы мяне зразумееце: слова мала мае агульнага з тым, што адбываецца ўнутры, раней я рэдка звярталася да таго, што ў мяне ўнутры. Цяпер як на рудніках жыву… Перажываю, думаю… увесь час нешта ў сабе варушу… «Мама, хавай душу!» Не, дарагія дзяўчаткі, я не хачу, каб мае пачуцці, мае слёзы проста так зніклі. Без следу, без знаку. Мяне гэта больш за ўсё турбуе. Усё, што я перажыла — гэта не тое, што хочацца толькі дзецям пакінуць. Я хачу гэта перадаць і іншаму чалавеку, каб яно недзе ляжала, і кожны мог узяць.

3 верасня — Дзень памяці ахвяр тэрарызму. Масква ў жалобе. На вуліцах шмат інвалідаў, маладыя жанчыны ў чорных хустках. Гараць памінальныя свечкі: на Салянцы, на плошчы перад тэатральным цэнтрам на Дуброўцы, каля метро «Парк культуры», «Лубянка»,

«Аўтазаводская», «Рыжская»…

Я таксама ў гэтым натоўпе. Пытаюся — слухаю. Як мы з гэтым жывём?

Тэракты ў Маскве былі ў 2000, 2001, 2002, 2003, 2004, 2006, 2010, 2011 гадах.

— Ехала на працу, вагон, як заўсёды, быў перапоўнены. Выбуху не чула, але чамусьці ўсё раптам стала ў аранжавым колеры, і цела здранцвела, хацела паварушыць рукой — не змагла. Падумала, што ў мяне інсульт, і адразу ж страціла прытомнасць… А калі ачулася, бачу — па мне ходзяць нейкія людзі, ходзяць спакойна, як быццам я мёртвая. Спалохалася, што задушаць, і ўзняла рукі. Мяне нехта падняў. Кроў і мяса — такая была карціна…

— Сыну чатыры гады. Ну, як яму сказаць, што тата загінуў? Ён жа не разумее, што такое смерць. Баюся, каб не падумаў — тата нас кінуў. Пакуль тата ў нас у камандзіроўцы…

— Часта прыгадваю… Каля бальніцы стаялі цэлыя чэргі ахвотнікаў здаць кроў, з сеткамі апельсінаў. Прасілі стомленых нянечак: «Вазьміце ў мяне садавіну і перадайце якому чалавеку. Скажыце, што яшчэ ім прывезці?»

— Да мяне прыязджалі дзяўчынкі з працы, начальнік машыну ім даваў. А нікога бачыць не хацелася…

— Вайна патрэбная, можа, людзі з’явяцца. Мой дзед казаў, што людзей ён сустракаў толькі падчас вайны. Цяпер дабрыні мала.

— Дзве незнаёмыя жанчыны абдымаліся і плакалі ля эскалатараў, твары ў крыві, да мяне не даходзіла, што гэта кроў, я думала: фарба ад слёз размазалася. Увечары ўсё гэта яшчэ раз убачыла па тэлевізары, і вось тады да мяне дайшло. Там, на месцы, не разумела, глядзела на кроў і не верыла.

— Спачатку думаеш, што ты можаш спусціцца ў метро, заходзіш у вагон смела, але праязджаеш адзін-два прыпынкі і выскокваеш у халодным поце. Асабліва страшна, калі цягнік спыніцца на некалькі хвілінаў у тунэлі. Кожная хвіліна расцягваецца, сэрца пачынае матляцца на адной нітачцы…

— У кожным каўказцы бачыш тэрарыста…

— Як вы думаеце: рускія салдаты ў Чачні не ўчынялі злачынстваў? У мяне брат там служыў… Такое распавядаў пра слаўную расійскую армію… Трымалі чачэнскіх мужчынаў у ямах, як звяроў, патрабавалі ў сваякоў выкуп. Катавалі… рабавалі… Цяпер хлопец п’е і п’е.

— Дзярждэпу прадаўся? Правакатар! Хто ператварыў Чачню ў гета для рускіх? Рускіх выганялі з працы, адбіралі кватэры, машыны. Не аддасі — зарэжуць. Рускіх дзяўчат гвалтавалі толькі за тое, што яны рускія.

— Ненавіджу чачэнцаў! Калі б не мы, рускія, яны б і цяпер сядзелі ў гарах, у пячорах. Журналістаў, якія за чачэнцаў, — таксама ненавіджу! Ліберасты! (Глядзіць, поўны нянавісці, у мой бок — я запісваю размову.)

— Хіба судзілі рускіх салдат за забойства нямецкіх салдат у час Айчыннай вайны? А забівалі па-рознаму. Партызаны на кавалачкі палонных паліцаяў рэзалі… Паслухайце ветэранаў…

— Падчас першай чачэнскай вайны, гэта пры Ельцыне, па тэлевізары ўсё па-сапраўднаму паказвалі. Мы бачылі, як плакалі чачэнскія жанчыны. Як рускія маці хадзілі па сёлах і шукалі зніклых без вестак. Іх ніхто не чапаў. Такой нянавісці, як цяпер, яшчэ ні ў каго не было — ні ў іх, ні ў нас.

— Спачатку палымнела адна Чачня, цяпер увесь паўночны Каўказ. Паўсюль будуюць мячэці.

— Геапалітыка завітала ў наш дом. Расія распадаецца… Хутка ад імперыі застанецца адно Маскоўскае княства…

— Ненавіджу!!!

— Каго?

— Усіх!!

— Мой сын быў яшчэ сем гадзін жывы, яго запіхнулі ў цэлафанавы мех і паклалі ў аўтобус з трупамі… Прывезлі нам казённую труну, два вянкі. Труна з нейкага пілавіння, як кардонная, яе паднялі — яна развалілася. Вянкі бедныя, вартыя жалю. Усё куплялі самі. Дзяржаве на нас, смяротных, напляваць, хай і яна прыме мой плявок — хачу з’ехаць з гэтай ё…най краіны. Падалі з мужам дакументы на эміграцыю ў Канаду.

— Раней Сталін забіваў, а цяпер бандыты. Свабода?

— У мяне чорныя валасы, чорныя вочы… Я — руская, праваслаўная. Зайшлі з сяброўкай у метро. Нас спыніла міліцыя, мяне адвялі ўбок: «Здыміце верхнюю вопратку. Пакажыце дакументы». На сяброўку — нуль увагі, яна бландынка. Мама кажа: «Пафарбуй валасы». А мне сорамна.

— Рускі чалавек моцны на трох пблях — «авось», «нябось» і «неяк». Па першым часе ўсе трэсліся ад страху, а праз месяц я заўважыла ў метро пад лавай падазроны скрутак і ледзь прымусіла дзяжурную патэлефанаваць у міліцыю.

— У аэрапорце Дамадзедава таксісты-сукі пасля тэракту ўзнялі кошты. Страшэнна. На ўсім бабло робяць. Б…дзь, выцягваць з машынаў — і галавой аб капот!

— Адны валяліся ў лужынах крыві, а іншыя іх здымалі на мабілы. Пстрыкалі. Тут жа вывесілі фота ў ЖЧ. Офіснаму планктону перчыку не хапае.

— Сёння — яны, заўтра — мы. І ўсе маўчаць, усе з гэтым пагадзіліся.

— Стараемся, як можам, дапамагаць нябожчыкам нашымі малітвамі. Прасіць ласкі Божай…

Тут жа на імправізаванай сцэне школьнікі даюць канцэрт. Іх прывезлі аўтобусамі. Падыходжу бліжэй.

— Мне Бэн Ладэн цікавы… Аль-Каіда — глабальны праект…

— Я за індывідуальны тэрор. Кропкавы. Напрыклад, супраць паліцэйскіх, чыноўнікаў…

— Тэрор — гэта дрэнна ці добра?

— Гэта цяпер дабро.

— Надакучыла, блін, стаяць. Калі нас пусцяць?

— Анекдоцец клёвы… Тэрарысты аглядаюць славутасці ў Італіі. Дайшлі да Пізанскай вежы. Смяюцца: «Дылетанты!»

— Тэрор — гэта бізнес…

ахвярапрынашэнне, як у старажытныя часы…

мэйнстрым…

размінка перад рэвалюцыяй…

нешта асабістае…

ПРА СТАРУЮ З КАСОЙ І ПРЫГОЖУЮ ДЗЯЎЧЫНУ

Аляксандр Ласковіч — салдат, прадпрымальнік, эмігрант — 21–30 гадоў

Смерць падобная да кахання

— У дзяцінстве ў мяне ў двары было дрэва… Стары клён… Я з ім размаўляў, гэта быў мой сябар. Памёр дзядуля, я доўга плакаў. Роў увесь дзень. Мне было пяць гадоў, і я зразумеў, што памру, і ўсе памруць. Мяне ахапіў жах: усе памруць раней за мяне, і я застануся адзін. Дзікая адзінота. Мама мяне шкадавала, а тата падышоў і сказаў: «Вытры слёзы. Ты — мужчына. А мужчыны не плачуць». А я не ведаў яшчэ — хто я? Мне ніколі не падабалася быць хлопчыкам, я не

76
{"b":"285466","o":1}