Кім бы я быў, калі б не перабудова? ІТР з убогім заробкам… (Смяецца.) А цяпер у мяне свая вочная клініка. Некалькі сотняў чалавек залежаць ад мяне са сваімі сем’ямі, дзядулямі, бабулямі. Вы корпаецеся ў сабе, рэфлексуеце, а ў мяне гэтай праблемы няма. Я працую дзень і ноч. Закупіў найноўшае абсталяванне, адправіў хірургаў у Францыю на стажыроўку. Але я не альтруіст, я добра зарабляю. Усяго дамогся сам… У мяне было толькі трыста даляраў у кішэні… Пачынаў бізнес з партнёрамі, ад якіх вы прытомнасць страцілі б, калі б яны цяпер зайшлі ў пакой. Гарылы! Люты погляд! Цяпер іх ужо няма, яны зніклі, як дыназаўры. Хадзіў у бронекамізэльцы, у мяне стралялі. Калі хтосьці есць каўбасу горшую за маю, мяне гэта не цікавіць. Вы ж усё хацелі, каб быў капіталізм. Марылі! Не крычыце, што вас падманулі…»
ПРА ТОЕ, ШТО МЫ ВЫРАСЛІ СЯРОД КАТАЎ І АХВЯРАЎ
«Ідзём вечарам з кіно. У лужыне крыві ляжыць мужчына. На спіне ў плашчы дзірка ад кулі. Каля яго стаіць міліцыянер. Так першы раз я ўбачыў забітага чалавека. Неўзабаве прывык да гэтага. Дом наш вялікі, дваццаць пад’ездаў. Кожную раніцу ў двары знаходзілі труп, і ўжо нас не калаціла. Пачынаўся сапраўдны капіталізм. З крывёю. Я чакаў ад сябе ўзрушэнняў, а іх не было. Пасля Сталіна ў нас іншыя адносіны да крыві… Памятаем, як свае забівалі сваіх… І пра масавыя забойствы людзей, якія не ведалі, за што іх забіваюць… Гэта засталося, гэта прысутнічае ў нашым жыцці. Мы выраслі сярод катаў і ахвяраў… Для нас нармальна — жыць разам. Няма мяжы паміж мірным і ваенным становішчам. Заўсёды вайна. Уключыш тэлевізар — усе балбочуць па фені: і палітыкі, і бізнесмены, і прэзідэнт: адкаты, хабары, распілы… Чалавечае жыццё — плюнуць і расцерці. Як у зоне…»
«Чаму мы не асудзілі Сталіна? Я вам адкажу… Каб асудзіць Сталіна, трэба асудзіць сваіх родных, знаёмых. Самых блізкіх людзей. Распавяду пра сваю сям’ю… Тату пасадзілі ў трыццаць сёмым, дзякуй Богу, ён вярнуўся, але адседзеў дзесяць гадоў. Вярнуўся і вельмі хацеў жыць… Сам здзіўляўся, што яму пасля ўсяго, што ён бачыў, хочацца жыць… Так было не з усімі, далёка не з усімі… Маё пакаленне вырасла з татамі, якія вярнуліся або з лагераў, або з вайны. Адзінае, пра што яны маглі нам расказаць, дык гэта пра гвалт. Пра смерць. Яны рэдка смяяліся, шмат маўчалі. І пілі… пілі… У рэшце рэшт співаліся. Другі варыянт… Тыя, каго не пасадзілі, баяліся, што пасадзяць. Усё гэта не месяц ці два, а гадамі доўжылася — гадамі! А калі не пасадзілі, то пытанне: чаму ўсіх пасадзілі, а мяне не? Што я раблю не так? Маглі арыштаваць, а маглі накіраваць на працу ў НКУС… Партыя просіць, партыя загадвае. Выбар непрыемны, але многія павінны былі яго зрабіць… А цяпер пра катаў… Звычайных, не страшных… Данёс на тату наш сусед… дзядзька Юрый… З-за дробязі, як казала мама. Мне было сем гадоў. Дзядзька Юрый браў на рыбалку сваіх дзетак і мяне, катаў на кані. Папраўляў наш плот. Разумееце, зусім іншы партрэт ката атрымліваецца — звычайны чалавек, нават добры… Нармальны… Арыштавалі тату і праз некалькі месяцаў забралі татавага брата. Пры Ельцыне мне далі яго справу, там ляжала некалькі даносаў, адзін напісала цётка Оля… Пляменніца… Прыгожая жанчына, вясёлая… Добра спявала… Яна ўжо была старая, я спытаў: «Цётка Оля, раскажы пра трыццаць сёмы год…» — «Гэта быў самы шчаслівы год у маім жыцці. Я была закаханая», — адказала яна мне… Татаў брат не вярнуўся дадому. Знік. У турме ці ў лагеры — невядома. Мне было цяжка, але я ўсё ж такі задаў пытанне, якое мяне мучыла: «Цётка Оля, навошта ты гэта зрабіла?» — «Дзе ты бачыў сумленнага чалавека ў сталінскі час?» (Маўчыць.) А яшчэ быў дзядзька Павел, які служыў у Сібіры ў войсках НКУС… Разумееце, не існуе хімічна чыстага зла… Гэта не толькі Сталін і Берыя… Гэта і дзядзька Юрый, і прыгожая цётка Оля…»
Першага мая. У гэты дзень камуністы праходзяць па вуліцах Масквы шматтысячным маршам. Сталіца зноў «чырванее»: чырвоныя сцягі, чырвоныя шарыкі, чырвоныя футболкі з сярпом і молатам. Нясуць партрэты Леніна і Сталіна. Партрэтаў Сталіна больш. Плакаты: «У труне мы бачылі ваш капіталізм!», «Чырвоны сцяг — на Крэмль!». Звычайная Масква стаіць на тратуары, «чырвоная» коціць лавінай па праезнай частцы. Паміж імі ўвесь час ідзе сварка, якая месцамі даходзіць да боек. Паліцыя не ў змозе падзяліць гэтыя дзве Масквы. А я не паспяваю запісваць усё, што чую…
— Пахавайце Леніна, прычым без ушанаванняў.
— Амерыканскія лёкаі! За што прадалі краіну?
— Дурні вы, браточкі…
— Ельцын і яго банда скралі ў нас усё. Піце! Багацейце! Калісьці гэта скончыцца…
— Баяцца народу адкрыта сказаць, што будуем капіталізм? Зброю гатовыя ўзяць усе, нават мая мама — хатняя гаспадыня.
— Штыком шмат чаго можна зрабіць, але сядзець на ім нязручна.
— А я буржуінаў праклятых танкамі душыў бы!
— Камунізм прыдумаў габрэй Маркс…
— Выратаваць нас можа толькі адзін чалавек — таварыш Сталін. Яго б нам на два дні… расстралялі б іх усіх і няхай ідзе, кладзецца.
— І слава табе, Госпадзе! Я ўсім святым пакланюся.
— Сталінскія сукі! У вас кроў на руках яшчэ не астыла. Царскую сям’ю навошта забілі? Не пашкадавалі нават дзяцей.
— Вялікую Расію не зробіш без вялікага Сталіна.
— Засралі народу мазгі… Я просты чалавек. Сталін простых людзей не чапаў. У нашым родзе ніхто не пацярпеў — усе рабочыя. Ляцелі галовы начальнікаў, а просты чалавек жыў спакойна.
— Чырвоная гэбня! Хутка дагаворыцеся да таго, што ніякіх лагераў не было, акрамя піянерскіх. Мой дзед быў дворнікам.
— А мой каморнікам.
— Машыністам…
Каля Беларускага вакзала пачаўся мітынг. Натоўп выбухаў то апладысментамі, то крыкамі: «Ура! Ура! Слава!» У канцы ўся плошча грымнула песню на матыў «Варшавянкі» — рускай «Марсельезы», з новым тэкстам:
«Сбросим с себя либеральные цепи,
Сбросим кровавый преступный режим».
Пасля гэтага, згарнуўшы чырвоныя сцягі, адны заспяшаліся да метро, іншыя сталі ў чэргі каля кіёскаў з піражкамі ды півам. Пачаліся народныя гулянні. Скакалі і весяліліся. Старая жанчына ў чырвонай хустцы кружылася і прытупвала вакол гарманіста:
«Мы весело пляшем
У елки большой.
На Родине нашей,
Нам так хорошо.
Мы весело пляшем,
Мы звонко поем,
И песенку нашу
Мы Сталину шлём…»
Каля самага метро мяне дагналі п’яныя прыпеўкі: «Отъебися всё плохое, приебись хорошее».
ПРА ТОЕ, ШТО НАМ ТРЭБА ВЫБІРАЦЬ: ВЯЛІКУЮ ГІСТОРЫЮ ЦІ БАНАЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ?
Каля піўнога кіёска заўсёды шумна. Народ розны. Тут сустрэнеш прафесара, рабацягу, студэнта, бамжа… П’юць і разважаюць. Усё пра тое ж — пра лёс Расіі. Пра камунізм.
— Я — чалавек пітушчы. Чаму п’ю? Мяне маё жыццё не грэе. Хачу зрабіць галавакружны кульбіт з дапамогай алкаголю і нейкім чынам апынуцца ў іншым месцы. І там усё будзе прыгожа і добра.
— Для мяне пытанне стаіць больш канкрэтна: дзе я хачу жыць — у вялікай краіне або ў нармальнай?
— Я любіў імперыю… Мне жыццё пасля імперыі сумнае. Нецікавае.
— Вялікая ідэя патрабуе крыві. Сёння ніхто не хоча паміраць недзе. На нейкай вайне. Як у той песні:
«Всюду деньги, деньги, деньги.
Всюду деньги, господа…»
А калі вы сцвярджаеце, што ў нас ёсць мэта, то якая яна? Кожнаму па «Мерсэдэсу» і пуцёўцы ў Маямі?
— Рускаму чалавеку трэба ў нешта верыць… Верыць у светлае, высокае. У нас у падкорцы закладзена імперыя і камунізм. Гераічнае нам бліжэй.