Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

…У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач… набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык:

«Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг»,
Пощады никто не желает…»

Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног — камень. Калі надвор’е ціхае… роўнядзь… доўга відаць было, як яны ішлі да дна… Што глядзіш? Малакасос! Што глядзіш?! Ё…!! Налівай! Работа такая… служба… Я табе расказваю, каб ты зразумеў: дорага нам каштавала савецкая ўлада. Берагчы яе трэба. Захоўваць! Увечары вяртаемся — баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх адна думка: выйдзем на бераг — і нас там… Ё…!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай… Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.

…Пачалася вайна… Я адразу папрасіўся на фронт. У баі памерці не так страшна. Ты ведаеш, што паміраеш за Радзіму. Усё проста і зразумела. Вызваляў Польшчу, Чэхаславакію… Ё…!! Скончыў свой баявы шлях пад Берлінам. Маю два ордэны і медалі. Перамога! А… далей было так… Пасля Перамогі мяне арыштавалі. Спісы ў асабістаў былі напагатове… У чэкіста толькі два шляхі — загінуць ад рукі ворага ці ад рукі НКУС. Далі сем гадоў. Усе сем гадоў я адседзеў. Да гэтага часу… разумееш… прачынаюся па-лагернаму — а шостай. За што сядзеў? За што сядзеў — не сказалі. За што?! Ё…!!»

Нервова скамячыў пусты пачак з-пад цыгарэт.

Можа, хлусіў. Не… не хлусіў… не падобна… Думаю, не хлусіў… Раніцай я знайшоў прычыну, лухту нейкую. Я з’ехаў. Збег! Вяселле разладзілася. Ну так… та-а-ак… Якое вяселле? Я ўжо не мог вярнуцца ў гэты дом. Не мог! З’ехаў у часць. Нявеста… яна не магла зразумець, пісала лісты… пакутавала… Ды і я… Але я не пра гэта зараз… не пра каханне… Гэта асобная гісторыя. Я хачу зразумець… і вы хочаце зразумець, што гэта былі за людзі? Правільна? Усё ж такі… Забойца — гэта цікава, што б там ні казалі, забойца не можа быць звычайным. Да яго цягне… цікава… Зло гіпнатызуе… Сотні кніг пра Гітлера і Сталіна. Якімі яны былі ў дзяцінстве, у сям’і, іх жанчыны… віно і цыгарэты… Нам цікавая кожная дробязь. Хочацца зразумець… Тамерлан, Чынгісхан — хто яны? Хто? І мільёны іх копій… маленькіх копій… яны таксама тварылі жудасныя рэчы, і толькі адзінкі вар’яцелі. А ўсе астатнія нармальна жылі: цалаваліся з жанчынамі і ў шахматы гулялі… цацкі сваім дзецям куплялі… Кожны думаў: гэта не я. Гэта не я яго падвешваў «на дыбкі» і ўбіваў «мазгі ў столь», і не я — завостраным алоўкам у жаночыя смочкі. Гэта не я, а сістэма. Сам Сталін… нават ён казаў: не я вырашаю, а партыя… Вучыў сына: ты думаеш, што гэта я — Сталін. Не! Сталін — гэта ён! І паказваў на свой партрэт на сцяне. Не на сябе, а на свой партрэт! Машына смерці… Машына працавала безупынна… дзясяткі гадоў… Логіка была геніяльная: ахвяра — кат, і напрыканцы кат — таксама ахвяра. Быццам бы не чалавек гэта прыдумаў… Такім чынам цалкам усё бывае толькі ў прыродзе. Рухавік круціцца, а вінаватых няма. Не! Усе хочуць, каб іх пашкадавалі. Усе — ахвяры. У канцы ланцужка — усе! Во-о-сь! Я тады па маладосці спалохаўся, анямеў, сёння я больш бы распытаў… Мне гэта трэба ведаць… Навошта? Я баюся… Пасля ўсяго, што я пра людзей ведаю, я баюся сябе. Баюся. Я — чалавек звычайны… слабы… Я — і чорны, і белы, і жоўты… усякі… У савецкай школе нас вучылі, што сам па сабе чалавек добры, ён выдатны, і мая маці дагэтуль верыць, што жудасныя абставіны робяць яго жахлівым. А чалавек добры! А гэта… не так… не так! Во-о-ось… Усё жыццё чалавек боўтаецца паміж дабром і злом. Ці ты вострым алоўкам у смочкі… ці табе… Выбірай! Выбірай! Колькі гадоў прайшло… не магу забыць… Як ён крычаў: «Я гляджу тэлевізар, слухаю радыё. Ізноў — багатыя і бедныя. Адны ікру жаруць, купляюць выспы і самалёты, а іншым на белы батон не хапае. Доўга ў нас так не будзе! Сталіна яшчэ назавуць вялікім… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Успомніш мае словы… Ты спытаў… (а я пытаўся) ці хутка канчаецца чалавек, наколькі яго хапае? Я табе адкажу: ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку — і няма чалавека. Ха-ха… няма чалавека… Адна фігня! Ха-ха…»

(Ужо развітваючыся.) Ну ператрэслі ўсю гісторыю… Тысячы павыкрывалі, тоны праўды. Мінулае для адных — куфар мяса і бочка крыві, для іншых — вялікая эпоха. На кухнях кожны дзень ваюем. Але неўзабаве падрастуць маладыя… ваўчаняты, як называў іх Сталін… Хутка яны растуць…

Яшчэ раз развітваецца, але тут жа зноў пачынае гаварыць.

Нядаўна ў інтэрнэце ўбачыў аматарскія фатаграфіі… Звычайныя ваенныя фатаграфіі, калі б не ведаць — хто на іх. Каманда СС з Асвенціма… Афіцэры, радавыя. Шмат дзяўчат. Фатаграфаваліся на вечарынках, на шпацырах. Маладыя, вясёлыя. (Паўза.) А фатаграфіі нашых чэкістаў у музеях? Калі-небудзь уважліва прыгледзьцеся: трапляюцца прыгожыя… і ўзнёслыя… Нас доўга вучылі, што гэта святыя…

Я хацеў бы з’ехаць з гэтай краіны ці хаця б дзяцей адсюль выштурхнуць. Мы з’едзем. Сякера гаспадара перажыве… Я запомніў… Праз некалькі дзён ён патэлефануе і не дазволіць друкаваць свой тэкст. Чаму? Тлумачыць не захоча. Потым я даведаюся, што ён эміграваў з сям’ёй у Канаду. Другі раз знайду яго праз дзесяць гадоў, і ён пагодзіцца на публікацыю. Скажа: «Я рады, што своечасова з’ехаў. Пэўны час рускіх усюды любілі, а цяпер зноў баяцца. А вам не страшна?»

ЧАСТКА ДРУГАЯ

ПРЫВАБНАСЦЬ ПУСТАТЫ

З ВУЛІЧНАЙ ГАМАНЫ І РАЗМОВАЎ НА КУХНІ (2002–2012)

ПРА МІНУЛАЕ

— Ельцынскія дзевяностыя… Як мы пра іх гаворым? Гэта: шчаслівы час… шалёнае дзесяцігоддзе… жахлівыя гады… час летуценнай дэмакратыі… згубныя дзевяностыя… час проста залаты… час самавыкрыцця… нядобрыя і подлыя часы… яркі час… агрэсіўны… бурны… мой гэта быў час… не мой!!!

— Прафукалі мы дзевяностыя! Такі шанц, які ў нас быў тады, не канечне паўторыцца. І гэта ж як усё добра пачыналася ў дзевяноста першым! Ніколі не забуду твары людзей, з якімі я стаяў каля Белага дома. Мы перамаглі, мы былі моцныя. Нам хацелася жыць. Мы цешыліся свабодай. Але цяпер… цяпер я інакш пра гэта думаю… Якія мы былі наіўныя, аж брыдка! Адважныя, сумленныя і наіўныя. Мы думалі, што каўбаса вырастае з волі. Ва ўсім, што здарылася потым, і мы вінаватыя… Ельцын, вядома, нясе адказнасць, але мы таксама…

Я думаю, што ўсё пачалося з кастрычніка. З кастрычніка дзевяноста трэцяга… «Крывавы кастрычнік», «чорны кастрычнік», «ГКЧП– 2»… Так яго называюць… Паў-Расіі рвалася наперад, а палова цягнула назад. У шэры сацыялізм. У пракляты савок. Савецкая ўлада не здавалася. «Чырвоны» парламент адмовіўся падпарадкоўвацца прэзідэнту. Я так гэта тады разумеў… Наша дворнічыха, прышлая аднекуль з-пад Цверы, якой мы з жонкай не раз дапамагалі грашыма, аддалі ўсю мэблю, калі рабілі ў кватэры рамонт, — у тую раніцу, калі ўсё пачалося, убачыла ў мяне значок з Ельцыным і замест «Добрай раніцы!» зларадна сказала: «Хутка вам, буржуям, канец будзе», — і адвярнулася. Я не чакаў. Адкуль у яе да мяне такая нянавісць? За што? Атмасфера — як у дзевяноста першым… Па тэлевізары ўбачыў: гарыць Белы Дом, страляюць танкі… Трасіруючыя кулі ў небе… Штурм тэлевізійнага цэнтра «Астанкіна»… Генерал Макашоў у чорным берэце крычаў: «Больш не будзе ні мэраў, ні сэраў, ні хераў». І нянавісць… нянавісць… Запахла грамадзянскай вайной. Крывёю. З Белага дома генерал Руцкі адкрыта заклікаў да вайны: «Лётчыкі! Браты! Падымайце самалёты! Бамбіце Крэмль! Там банда!» Неяк імгненна горад напоўніўся ваеннай тэхнікай. Незразумелымі людзьмі ў камуфляжнай форме. І тады Ягор Гайдар звярнуўся да «масквічоў, усіх расейцаў, якім дарагія дэмакратыя і свабода»… Усё як у дзевяноста першым… Мы прыйшлі… я прыйшоў… Там былі тысячы людзей… Памятаю, што я некуды бег разам з усімі. Спатыкнуўся. Упаў на плакат «За Расію — без буржуяў!» Адразу ўявіў сабе, што нас чакае, калі генерал Макашоў пераможа… Убачыў параненага маладога хлопца, ён не мог ісці, пацягнуў яго на сабе. «Ты за каго, — спытаў ён, — за Ельцына ці за Макашова?» Ён быў за Макашова… Значыць, ворагі. «Ды пайшоў ты!» — паслаў яго матам. А што яшчэ? Хутка мы падзяліліся зноў на «белых» і «чырвоных». Каля «хуткай» ляжалі дзясяткі параненых… Ва ўсіх у іх, гэта чамусьці мне выразна запомнілася, былі стаптаныя чаравікі, усё гэта былі простыя людзі. Бедныя людзі. У мяне там нехта яшчэ раз спытаў: «Каго ты прыцягнуў — ён наш ці не наш?» «Не нашых» бралі ў апошнюю чаргу, яны ляжалі на асфальце і сплывалі крывёй… «Вы што? Вар’яты!» — «Дык гэта ж нашыя ворагі?» Нешта адбылося за гэтыя два дні з людзьмі… наогул, нешта ў паветры змянілася. Побач са мной былі зусім іншыя людзі, мала падобныя да тых, з кім стаяў я ля Белага Дома два гады таму. У руках завостраная арматура… сапраўдныя аўтаматы, іх раздавалі з грузавіка… Вайна! Усё сур’ёзна. Каля тэлефоннай будкі складвалі забітых… І тут стаптаныя чаравікі… А непадалёк ад Белага Дома — працавалі кавярні, там, як звычайна, пілі піва. Разявакі віселі на балконах і назіралі за тым, што адбываецца, як у тэатры. І тут жа… На маіх вачах з Белага Дома двое мужчын выносілі на руках тэлевізар, з кішэняў куртак тырчалі тэлефонныя слухаўкі… Марадзёраў хтосьці весела адстрэльваў зверху. Напэўна, снайперы. Ці ў чалавека трапяць, ці ў тэлевізар… На вуліцах увесь час чуліся стрэлы… (Замаўкае.) Калі ўсё скончылася і я вярнуўся дадому, даведаўся: забілі сына нашай суседкі. Хлопцу дваццаць гадоў. Ён быў па іншы бок барыкадаў… Адна справа, калі мы спрачаліся з імі на кухні, а іншае — страляць… Як гэта атрымалася? Я гэтага не хацеў… Таму што ў натоўпе… Натоўп — гэта пачвара, чалавек у натоўпе — гэта зусім не той чалавек, з якім ты сядзеў на кухні і размаўляў. Піў гарэлку, піў гарбату. Я ўжо больш нікуды не пайду і сыноў не пушчу… (Маўчыць.) Я не ведаю, што гэта было: мы абаранялі свабоду ці ўдзельнічалі ў вайсковым перавароце? Цяпер у мяне сумневы… Сотні людзей загінулі… Іх ніхто не ўспамінае, акрамя родных. «Горе строящему на крови…». (Маўчыць.) А калі б перамог генерал Макашоў? Крыві было б яшчэ болей. Расія развалілася б. Адказаў у мяне няма… Я верыў Ельцыну да дзевяноста трэцяга года…

60
{"b":"285466","o":1}