Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

…Старых нашых шкада, вядома… Пустыя пляшкі на стадыёнах збіраюць, ноччу ў метро цыгарэтамі гандлююць. На сметніках корпаюцца. Але старыя нашыя не бязвінныя… Страшная думка! Крамольная.

Самому страшна. (Маўчыць.) Але я пра гэта ніколі не змагу пагаварыць са сваёй маці… Я спрабаваў… Істэрыка!

Хоча скончыць размову, але чамусьці перадумвае.

…Калі б я дзесьці гэта прачытаў або ад кагосьці пачуў — не паверыў бы. А ў жыцці здараецца… здараецца, як у дрэнным дэтэктыве… Сустрэча з Іванам Д… Патрэбна прозвішча? Навошта? Яго ўжо няма. А дзеці? Сын за бацьку не адказвае — старая прымаўка… Так, і сыны, яны таксама цяпер старыя. Унукі, праўнукі? Пра ўнукаў не скажу, а праўнукі… яны ўжо не ведаюць, хто такі Ленін… Дзядуля Ленін забыты. Ён ужо помнік. (Паўза.) Дык вось, пра сустрэчу… Я толькі атрымаў лейтэнанта, збіраўся ажаніцца… З яго ўнучкай. Ужо мы заручальныя пярсцёнкі набылі і сукенку для нявесты. Ганна… так яе звалі… прыгожае імя, праўда? (Чарговая цыгарэта.) Яна была ўнучкай… улюбёнай унучкай… Усе ў доме яе жартаўліва звалі «Абажаба». Яго выдумка… Ну гэта значыць што абагаўлялі… І падобная яна была да яго, вонкава — дык нават вельмі. Я з нармальнай савецкай сям’і, дзе ўсё жыццё цягнулі ад заробку да заробку, а ў іх — крыштальныя люстры, кітайскі фарфор, дываны, новенькія «Жыгулі». Усё — шык! Была і старая «Волга», якую ён не хацеў прадаваць. І гэтак далей… Я ўжо жыў у іх, раніцай у сталовай пілі гарбату ў срэбных падстаўках. Сям’я вялікая — зяці, нявесткі… Адзін зяць — прафесар. Калі стары на яго злаваўся, заўсёды прамаўляў адну і тую ж фразу: «Ды я такіх… Яны сваё гаўно ў мяне елі…» Ну так… штрых… Але я тады не разумеў… Не разумеў! Потым успомніў… пасля… Да яго прыходзілі піянеры, запісвалі ўспаміны, узялі ягоныя фотаздымкі для музея. Пры мне ён ужо хварэў, сядзеў дома, а раней выступаў у школах, чырвоныя гальштукі выдатнікам завязваў. Ганаровы ветэран. Кожнае свята ў паштовай скрынцы — вялікая віншавальная паштоўка, кожны месяц — прадуктовы спецпаёк. Аднойчы я паехаў з ім па гэты паёк… У нейкім падвале нам выдалі: палку сервелату, банку марынаваных балгарскіх агуркоў і таматаў, імпартныя рыбныя кансервы, венгерскую вяндліну ў бляшанцы, зялёны гарошак, печань траскі… Па тых часах усё — дэфіцыт! Прывілей! Мяне ён прыняў адразу: «Люблю вайскоўцаў і пагарджаю “пінжакамі”». Паказаў сваю дарагую паляўнічую стрэльбу: «Табе пакіну». На сценах па ўсёй велізарнай кватэры віселі аленевы рогі, на кніжных паліцах стаялі чучалы. Паляўнічыя трафеі. Быў заўзяты паляўнічы, гадоў дзесяць узначальваў гарадское таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Што яшчэ? Распавядаў шмат пра вайну… «Падчас бою па далёкай цэлі страляць — гэта адно… Усе страляюць… А вось так… вывесці чалавека на расстрэл. Чалавек стаіць у трох метрах…» Заўсёды што-небудзь такое выдасць… Сумна з ім не было, стары мне падабаўся.

Я прыехаў у адпачынак… Вяселле вось-вось. Сярэдзіна лета. Жылі ўсе на вялікім лецішчы. Лецішчы са старых… Не казённыя чатыры соткі зямлі, я ўжо дакладна не памятаю, колькі, але там і кавалак лесу быў. Старыя хвоі. Вялікім шышкам такія лецішчы давалі. За асаблівыя заслугі. Акадэмікам і пісьменнікам. І вось яму… Прачнуся — стары ўжо на гародзе: «Душа ў мяне сялянская. Я ў Маскву з Цверы ў лапцях прыйшоў». Увечары часта сядзеў адзін на тэрасе і курыў. Ад мяне не хавалі: яго выпісалі з бальніцы паміраць — неаперабельны рак лёгкіх. Курыць не кінуў. З бальніцы вярнуўся з Бібліяй: «Усё жыццё быў матэрыялістам, а перад смерцю вось да Бога прыйшоў». Біблію падаравалі манашкі, якія даглядалі ў лякарні цяжкіх хворых. Чытаў з лупай. Да абеду чытаў газеты, пасля абедзеннага сну ваенныя мемуары. Сабраў цэлую бібліятэку мемуараў: Жукаў, Ракасоўскі… Сам любіў успамінаць… Як бачыў жывога Горкага і Маякоўскага… чалюскінцаў… Часта паўтараў: «Народ хоча любіць Сталіна і святкаваць Дзявятага мая». Я спрачаўся з ім: пачалася перабудова… вясна рускай дэмакратыі… Птушанём быў я! Засталіся раз з ім удвох — усе з’ехалі ў горад. Двое мужчын на пустым лецішчы. Графін гарэлкі.

«Пляваць мне на дактароў! Я пажыў ужо». — «Наліць?» — «Налівай». І паехала… Да мяне не адразу дайшло… Не адразу я зразумеў, што тут патрэбны святар. Чалавек думае пра смерць… Не адразу… Спачатку ішла звычайная для тых гадоў размова: сацыялізм, Сталін, Бухарын… палітычны запавет Леніна, які Сталін схаваў ад партыі… Пра ўсё, што было на слыху, у газетах. Выпілі. Добр-р-а выпілі! Чамусьці ён завёўся: «Вам лепш было! Молада-зелена… Ты мяне паслухай! Нельга нашаму чалавеку даваць свабоду. Усё прасера!! Зразумеў!» — І мацюкі. Рускі чалавек не можа пераканаць іншага рускага чалавека без мацюкоў. Лаянку я прыбіраю. — «Ты слухай…» Я… вядома… я… У мяне шок! Шок!! А ён разышоўся: «У кайданкі і на лесапавал гэтых гарлапанаў. Кайло — у рукі. Страх патрэбны. Без страху ў нас усё ўмомант разваліцца». (Доўгая паўза.) Мы думаем, што пачвара павінна быць з рагамі і капытамі. А тут быццам бы чалавек перад табой сядзіць… нармальны чалавек… Смаркаецца… хварэе… гарэлку п’е… Я вось думаю… Я тады першы раз пра гэта падумаў… Заўсёды застаюцца і даюць паказанні ахвяры, а кбты маўчаць. Кудысьці правальваюцца, у нейкую нябачную дзірку. У іх няма прозвішчаў, няма галасоў. Яны без следу знікаюць, мы нічога пра іх не ведаем.

У дзевяностыя… Гэта быў час, калі кбты яшчэ былі жывыя… яны спалохаліся… У газетах прамільгнула прозвішча следчага, які катаваў акадэміка Вавілава. Я запомніў — Аляксандр Зух. Надрукавалі яшчэ некалькі імёнаў. І яны запанікавалі, што паадчыняюць архівы, здымуць грыф «сакрэтна». Замітусіліся. Ніхто гэта не адсочваў, спецыяльнай статыстыкі няма, але былі дзясяткі самагубстваў. Па ўсёй краіне. Спісалі ўсё на крушэнне імперыі… на збядненне… але мне распавядалі пра самагубствы цалкам забяспечаных і заслужаных старых. Без відочнай прычыны. Адно ў іх было агульнае — усе работнікі органаў. У кагосьці сумленне загаварыла, хтосьці ад страху, што сям’я даведаецца. Быў у іх момант панікі. Не маглі зразумець, што вакол адбываецца… і чаму вакуум вакол іх утварыўся… Верныя сабакі! Служакі! Не ўсе, вядома, не вытрымалі… У «Правде» або ў «Огоньке», тут мяне памяць можа падвесці, надрукавалі ліст аднаго вохраўца. Гэты не пабаяўся! Апісаў букет сваіх хвароб, набытых на службе ў Сібіры, дзе пятнаццаць гадоў ахоўваў «ворагаў народа». Здароўя не шкадаваў… Служба, скардзіўся, была цяжкая: летам камары заядалі і мучыла спякота, а ўзімку — маразы. Шынялькі, я памятаю, так і пісаў «шынялькі», выдавалі салдатам слабыя, а вялікае начальства хадзіла ў кажухах і валёнках. А цяпер, маўляў, ворагі, якіх не дабілі, галовы падымаюць… Контррэвалюцыя! Ліст злосны… (Паўза.) Тут жа былыя зэкі яму адказалі… Яны ўжо не баяліся. Не маўчалі. Напісалі, як у лагеры маглі зняволенага распрануць дагала і прывязаць да дрэва, мошка яго за суткі так аб’ядала, што адзін шкілет заставаўся. Узімку ў саракаградусны мароз дахадзягу, які не выканаў дзённую норму, аблівалі вадой. Дзясяткі ледзяных статуй стаялі для застрашвання да вясны… (Паўза.) Нікога не судзілі! Нікога! Кбты дажывалі свае дні ганаровымі пенсіянерамі… Што скажу? Не заклікайце да пакаяння. Не прыдумляйце сабе народ: які ён, наш народ, добры. Пакаяцца ніхто не гатовы. Гэта вялікая праца — пакаяцца. Я вось сам заходжу ў царкву, а на споведзь — не магу. Мне цяжка… А па праўдзе, дык чалавеку толькі сябе шкада. Больш нікога. Вось так… Стары бегаў па тэрасе… крычаў… У мяне валасы дыбарам… дыбарам! Ад ягоных слоў. Я ўжо шмат што да таго часу ведаў… Прачытаў Шаламава… А тут — на стале ваза з цукеркамі, букет кветак… Абсалютна мірная абстаноўка. Вось гэты кантраст, ён усё ўзмацняў. Страшна было і цікаўна. Цікаўнасці, шчыра скажу, было больш, чым страху. Хочацца… Заўсёды хочацца зазірнуць у яму. Чаму? Такія мы.

«…Калі мяне ўзялі на працу ў энкавэдэ, я страшэнна ганарыўся.

З першага заробку купіў сабе добры касцюм… …Праца такая… З чым параўнаць? Параўнаць можна з вайной. Але на вайне я адпачываў. Расстрэльвалі немца — ён крычыць па-нямецку. А гэтыя… гэтыя крычалі па-руску… Быццам свае… У літоўцаў і палякаў было лягчэй страляць. А гэтыя — па-руску: «Балваны! Ідыёты! Канчайце хутчэй!» Ё…!! Мы ўсе ў крыві… выціралі далоні аб уласныя валасы… Часам нам выдавалі скураныя фартухі… Праца была такая. Служба. Малады ты… Перабудова! Перабудова! Верыш балбатунам… Хай пакрычаць: свабода! свабода! Пабегаюць па плошчах… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Запомні! Ё..!! Я — салдат! Мне сказалі — я пайшоў. Страляў. Табе скажуць — ты пойдзеш. По-оойдзеш!! Я забіваў ворагаў. Шкоднікаў! Быў дакумент: прыгавораны «да вышэйшай меры сацыяльнай абароны»… Дзяржаўны прысуд… Праца — не дай Бог! Недабіты, ён упадзе і гучна, як свіння… харкае крывёй… Асабліва непрыемна страляць у чалавека, які смяецца. Ён ці звар’яцеў, ці табой пагарджае. Роў і мат стаялі з абодвух бакоў. Есці перад такой працай нельга… Я не мог… Увесь час хочацца піць. Вады! Вады! Як пасля перапою… Ё…!! Да канца змены нам прыносілі два вядры: вядро гарэлкі і вядро адэкалону. Гарэлку прыносілі пасля працы, а не перад працай. Чытаў дзе-небудзь? Ото ж… Пішуць цяпер усякае… шмат хлусяць… адэкалонам мыліся да пояса. Пах крыві з’едлівы, асаблівы пах… на пах спермы крыху падобны… У мяне была аўчарка, дык пасля працы яна да мяне не падыходзіла. Ё…!! Што маўчыш? Зялёны яшчэ… Неабстраляны… Слухай! Рэдка… але трапляўся баец, якому падабалася забіваць…. яго з расстрэльнай каманды пераводзілі ў іншае месца. Такіх недалюблівалі. Шмат было вясковых, як я, вясковыя мацнейшыя за гарадскіх. Мацнейшыя. Да смерці больш прывучаныя: хто калоў дома кабана, хто цяля рэзаў, а курыцу — дык кожны. Да смерці… да яе прывучаць трэба… Першыя дні вадзілі паглядзець… Байцы толькі прысутнічалі пры пакаранні ці канваіравалі асуджаных. Былі выпадкі, што адразу вар’яцелі. Не вытрымлівалі. Справа тонкая… Зайца забіць, і то звычка патрэбная, не кожны можа. Ё…!! Ставіш чалавека на калені — стрэл з нагана амаль ва ўпор у левую патылічную частку галавы… у вобласць левага вуха… Рука да канца змены вісела, як бізун. Асабліва балеў указальны палец. У нас таксама быў план, як і ў любым іншым месцы. Як на заводзе. З планам першы час не спраўляліся. Фізічна — не маглі выканаць. Тады склікалі дактароў. Кансіліум. Рашэнне было такое: два разы на тыдзень усім байцам рабіць масаж. Масаж правай рукі і ўказальнага пальца. Указальны палец масажаваць абавязкова, на яго найвялікшая нагрузка пры стральбе. У мяне засталася толькі глухата на правае вуха, таму што страляеш з правай рукі… …Уручалі нам граматы «за выкананне спецыяльнага задання партыі і ўрада», «справе Леніна-Сталіна адданыя». Гэтых грамат на выдатнай паперы ў мяне — поўная шафа. Адзін раз на год выпраўлялі з сям’ёй у добры санаторый. Выдатнае харчаванне… шмат мяса… лячэнне… Жонка нічога не ведала пра маю працу. Сакрэтная, адказная праца — і ўсё. Ажаніўся я, пакахаўшы.

59
{"b":"285466","o":1}