— Аднаго разу ўсю ноч праз яе не спаў. Успомніў, што ў мяне таксама была жанчына, якая мяне моцна кахала…
— Гэта ейны крыж. Яна ўзяла яго і нясе. Сапраўдная руская баба!
— Ведаю я Валодзьку… Жаніха! Такі ж вырадак, як і я. Мне страшна за яе. Яна не той чалавек, які распісаўся і ўсё, а ты там жыві, як хочаш, яна будзе старацца быць жонкай. А што ён можа ёй даць? У нас няма магчымасці штосьці даць. Крывавыя хлопчыкі ў вачах. У нас адзіная магчымасць ёсць — не браць, не прымаць ніякай ахвяры. Увесь сэнс жыцця ў нас цяпер — не браць. Ну а калі ты бярэш, то ты зноў некага рабуеш…
— Ды яна шчаслівы чалавек. І яна не баіцца быць шчаслівай.
— Вось у Бібліі… Бог не названы ні дабрынёй, ні справядлівасцю… Ён названы любоўю…
— Нават бацюшка… Прыходзіць, падае мне руку праз краты і як мага хутчэй яе прыбірае, ён не заўважае, а я гэта бачу. Усё зразумела — на маіх руках кроў… А яна стала жонкай забойцы, даверылася яму, хоча падзяліць з ім усё. І кожны з нас цяпер думае: значыць, не ўсё скончана. Калі б я пра яе не даведаўся, наколькі б мне было цяжэй тут.
— Якая іх чакае будучыня? Ніводная варажбітка не скажа…
— Вырадкі! Якія могуць быць цуды? Жыццё — гэта не белы карабель з белымі ветразямі. Гэта гара гаўна ў шакаладзе.
— Тое, што яна шукае, што ёй трэба, ніводны чалавек на зямлі не дасць — толькі Бог.
Іх вянчалі ў турме. Усё было, як Лена сабе і ўяўляла: бляск свечак, залатыя пярсцёнкі… Царкоўны хор спяваў: «Ісая радуйся…»
Святар: «Ці маеш ты, Уладзімір, свабоднае і добрае жаданне і цвёрды намер узяць сабе за жонку гэтую Алену, якую тут бачыш перад сабой?»
Жаніх: «Маю, шчыры ойча».
Святар: «Ці не абяцаўся іншай нявесце?»
Жаніх: «Не абяцаўся, шчыры ойча».
Святар: «Ці маеш ты, Алена, свабоднае і добрае жаданне і цвёрды намер узяць сабе за мужа гэтага Уладзіміра, якога бачыш перад сабой?»
Нявеста: «Маю, шчыры ойча».
Святар: «Не абяцалася ты іншаму мужу?»
Нявеста: «Не абяцалася, шчыры ойча». Госпадзе, памілуй…
Праз год мы з Ірай Васільевай зноў сустрэліся.
Яе аповед
— Наш фільм паказалі па цэнтральным тэлебачанні… Прыйшлі лісты ад гледачоў. Я ўзрадавалася, але… Нешта не так у свеце, у якім мы жывём. Як у тым анекдоце: людзі ў нас добрыя, толькі народ злосны. Запомнілася: «Я — за смяротнае пакаранне, за ўтылізацыю чалавечых адкідаў», «Такіх вырадкаў, як ваш герой, супермен-забойца, публічна чвартаваць трэба на Чырвонай плошчы, а ў перапынках рэкламу снікерсаў устаўляць», «На органы іх… хай на іх новыя лекі і хімію выпрабоўваюць…» Калі зазірнуць у слоўнік Даля, слова «дабрыня» ад слова «дабраваць» — жыць у багацці, дабры… гэта калі ёсць трываласць і годнасць… А ўсяго гэтага ў нас няма. Злое не ад Бога. Словы святога Антонія Вялікага: «Бог не спараджае злога. Ён падарыў чалавеку розум, здольнасць адрозніваць дабро і зло…» Праўда, былі… памятаю і выдатныя лісты, як гэты: «Пасля вашага фільма я паверыла ў каханне. Здаецца, Бог усё ж такі ёсць…»
Дакумент — гэта інтрыга… і пастка… Для мяне ў дакументальным жанры ёсць адзін, я б сказала, адмысловы недахоп: фільм знялі, а жыццё працягваецца. Мае героі не выдуманыя, яны жывыя, рэальныя людзі, і яны не залежаць ад мяне — ад маёй волі, маіх уяўленняў або майго прафесіяналізму, мая прысутнасць у іх жыцці выпадковая і часовая. Я не вольная так, як яны. Калі б магла… Я б усё жыццё здымала аднаго чалавека. Ці адну сям’ю. Дзень пры дні. Вось вядуць дзіця за руку… едуць на лецішча… п’юць гарбату і размаўляюць, сёння пра адно, а заўтра пра іншае… пасварыліся… купілі газеты… зламалася машына… скончылася лета… хтосьці плача… Мы ў гэтым знаходзімся, але шмат што адбываецца без нас. Без нашага ўдзелу. Злавіць момант ці прасачыць пэўны адрэзак часу — мне гэтага мала. Мала! Я не магу… не ўмею развітвацца… Сябрую са сваімі героямі, пішу ім, тэлефаную. Сустракаемся. Яшчэ доўга я «даздымваю» матэрыял, перад маімі вачыма пракручваюцца новыя карцінкі. Так у мяне «знятыя» дзясяткі фільмаў.
Адзін з гэтых фільмаў пра Лену Раздуеву. Ёсць у мяне нататнік з запісамі. Нешта накшталт сцэнарыя фільма, якога не будзе…
…Яна пакутуе з-за таго, што гэта робіць, але не рабіць не можа.
…Прайшло некалькі гадоў, перш чым яна наважылася ўзяць і прачытаць ягоную справу. Але яна не спалохалася: «Гэта нічога не адмяняе, усё роўна я яго кахаю. Цяпер я ягоная жонка перад Богам. Ён забіў чалавека, бо тады мяне не было побач з ім. Мне трэба ўзяць яго за руку і вывесці адтуль…»
…Там жа, на Агнявым востраве, сядзіць былы раённы пракурор, які засек разам з братам сякерай дзвюх жанчын — бухгалтара і касіра. Піша кнігу пра сябе. Нават на шпацыр не выходзіць, шкада часу. Укралі яны зусім невялікую суму грошай. Навошта? Не ведае… Ці слесар, які забіў жонку і дваіх дзяцей… Нічога, акрамя гаечнага ключа, у руках да гэтага не трымаў, а цяпер уся турма абвешаная яго карцінамі. Кожны з іх абцяжараны сваімі дэманамі, хоча выгаварыцца. Забойства для катаў такая ж таямніца, як і для ахвяраў…
…Падслуханая там размова… «Ты думаеш, што Бог ёсць?» — «Калі Ён ёсць, то смерць — гэта яшчэ не канец. Я не хачу, каб Ён быў».
…Што гэта — каханне? Валодзя — высокі, прыгожы, а Юра — карлік… Прызналася мне, што як мужчына Юра нават больш яе задавальняе… Толькі яна павінна… Вось муж у яе такі, з ім бяда здарылася. Трэба трымаць яго за руку…
…Па першым часе яна жыла ў вёсцы з дзецьмі. Два разы на год ездзіла на спатканне. Ён стаў патрабаваць, каб яна кінула ўсіх і паехала да яго: «Ты мне здраджваеш, я адчуваю, што ты мне здраджваеш». — «Валодзечка, як я пайду ад дзяцей? Мацвейка зусім маленькі, я яшчэ фізічна яму патрэбна». — «Ты хрысціянка… Ты павінна быць пакорлівай, слухацца мужа». Завязала чорную хустку і жыве побач з турмой. Працы няма, але бацюшка ў мясцовай царкве даў прытулак. Прыбірае там. «А Валодзя побач… Я чую… чую, што ён побач… «Ты не бойся, — пішу яму, — я з табой…» Ужо сем гадоў яна піша яму кожны дзень…
…Як толькі пабраліся шлюбам, Валодзя стаў патрабаваць, каб яна пісала ва ўсе інстанцыі: ён шматдзетны бацька, яму трэба клапаціцца пра дзяцей. Гэта ягоны шанец вырвацца на волю. А Лена чыстая… Сядзе пісаць, і не можа: «Ён жа чалавека забіў. Цяжэйшага граху няма». Тады ён учыняе ёй дзікія скандалы. Яму іншая жанчына патрэбна. Багацейшая і з сувязямі. Гэтая прыдуркаватая яму ўжо надакучыла…
…Сеў ён у васямнаццаць гадоў… Тады яшчэ быў Савецкі Саюз і савецкае жыццё. І савецкія людзі. Быў сацыялізм. Ён уяўлення не мае, што за краіна цяпер. Калі ён выйдзе, як ён грымнецца аб гэтае новае жыццё! Як яно яго ўдарыць — прафесіі няма, родныя адвярнуліся. А ён — злосны. Аднойчы ў турме паспрачаўся з напарнікам і ледзь горла яму не перагрыз. Лена разумее, што ёй трэба будзе павезці яго куды-небудзь далей ад людзей. Яна марыць, што яны будуць працаваць у лясгасе. Жыць у лесе. Як яна кажа, сярод дрэваў і маўклівых звяроў…
…Не раз яна мне казала: «Вочы ў яго сталі такія халодныя, такія пустыя. Калі-небудзь ён мяне заб’е. Я ведаю, з якімі вачыма ён будзе мяне забіваць». Але яе цягне туды, яе бездань гэтая прыцягвае. Чаму? Хіба я сама не заўважала ў сабе гэтых праяваў? Да цемры цягне…
…У апошні раз, калі мы сустрэліся, я пачула ад яе: «Не хачу жыць! Больш не магу!» Яна была нібы ў коме — ні жывая, ні мёртвая…
Вырашаем паехаць да Лены разам. Але яна раптам знікла. Не адгукаецца. Ходзяць чуткі, што цяпер яна жыве ў глухім манаскім скіце. З наркаманамі, хворымі на СНІД… Шмат хто там дае зарок маўчання.
ПРА МУЖНАСЦЬ І ПАСЛЯ ЯЕ
Таня Куляшова — студэнтка, 21 год
хроніка падзей
19 снежня ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Сумленных выбараў ніхто не чакаў, вынік быў загадзя вядомы: пераможа прэзідэнт Лукашэнка, які кіруе краінай ужо шаснаццаць гадоў. У сусветнай прэсе з яго смяюцца: «бульбяны дыктатар», «сусветны моська», але ўласны народ апынуўся ў яго ў закладніках. Апошні дыктатар Еўропы… Ён не хавае сваіх сімпатый да Гітлера, таго таксама доўга не ўспрымалі сур’ёзна і называлі «капральчыкам» і «багемскім яфрэйтарам».
Увечары на Кастрычніцкую плошчу (галоўная плошча Мінска) выйшлі дзясяткі тысяч людзей, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстранты патрабавалі прызнаць несапраўднымі абвешчаныя вынікі і правесці новыя выбары без Лукашэнкі. Мірная акцыя пратэсту была жорстка разагнаная спецназам і АМАПам. У лясах каля сталіцы стаялі напагатове войскі…
Усяго было арыштавана 700 дэманстрантаў, сярод іх — сем экскандыдатаў у прэзідэнты, на якіх яшчэ распаўсюджвалася недатыкальнасць…
Пасля выбараў беларускія спецслужбы працуюць дзень і ноч. Па ўсёй краіне пачаліся палітычныя рэпрэсіі: арышты, допыты, ператрусы на кватэрах, у рэдакцыях апазіцыйных газет і офісах праваабарончых арганізацый, канфіскацыя камп’ютараў і іншай аргтэхнікі. Шмат каму з тых, хто сядзіць у ізалятары на Акрэсціна і ў турме КДБ, пагражае ад 4 да 15 гадоў турмы за «арганізацыю масавых беспарадкаў» і «спробу дзяржаўнага перавароту» — так сёння беларуская ўлада класіфікуе ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Баючыся пераследу і ўмацавання дыктатуры, сотні людзей бягуць з краіны…
Паводле газетных публікацый. Снежань–сакавік 2010–2011 гг.