Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Упершыню Лена прыехала туды, не думаючы пра тое, што спатканне могуць не дазволіць. Пастукала ў акенца, ніхто нават слухаць яе не стаў: «Вунь начальнік турмы ідзе. Размаўляйце з ім». Яна кінулася да начальніка: «Дазвольце мне спатканне» — «З кім?» — «Я да Валодзі Падбуцкага прыехала». — «Хіба вам невядома, што тут сядзяць вельмі небяспечныя злачынцы? У іх вельмі суровы рэжым: два спатканні ў год па тры дні і тры кароткачасовыя — па дзве гадзіны. Пускаем толькі бліжэйшых сваякоў: маці, жонку, сястру. А вы — хто яму?» — «Я яго кахаю». Ну ўсё зразумела, клініка. Начальнік хоча сысці, а яна трымае яго за гузік: «Разумееце, я яго кахаю». — «Вы абсалютна чужы яму чалавек». — «Тады дайце мне проста зірнуць на яго». — «А вы што, яго не бачылі?» Ужо ўсім смешна, тут і ахоўнікі падышлі, што за дурніца такая? Ха-ха… А яна давай ім распавядаць пра сон, які ёй прысніўся ў васямнаццаць гадоў, пра мужа і траіх дзяцей і пра тое, што яна ўсё жыццё кахае гэтага чалавека. Яе шчырасць і чысціня кожную сцяну прабіваюць. Побач з ёй чалавек усведамляе, што нешта не так у ягоным правільным жыцці — ён грубы, і слых яго не тонкі. Начальнік турмы не малады мужчына, праца ў яго такая… усяго пабачыў… І ён спачувае: «Калі вы прыехалі з такой далечыні, я дам вам шэсць гадзін на сустрэчу, але з вамі будзе ахоўнік». — «Хоць два! Я ўсё роўна нікога апроч яго бачыць не буду…» Усё, што ёсць у ёй празмернага, максімалісцкага, яна выліла на гэтага Валодзю: «Ты разумееш, якая я шчаслівая… Я ўсё жыццё цябе чакала, і нарэшце мы разам». Той, вядома, быў да гэтага не падрыхтаваны. Да яго ўжо ездзіць нейкая баптыстка, у яго з ёй раман. Там усё зразумела — звычайная маладая баба з няўдалым лёсам. Ёй мужык патрэбны, штамп у пашпарце, што яна замужам. Тут жа такі напор, такі парыў! Калі цябе вось так хочуць захапіць, кожны спалохаецца. У яго ў мазгах зашкальвала… «Я прашу цябе, — кажа Лена, — дазволь мне выйсці за цябе замуж. Каб мяне да цябе пускалі, і я магла цябе бачыць. Больш мне нічога не трэба». — «Дык ты ж замужам?» — «А я развядуся. Я аднаго цябе кахаю». У яе з сабой была сумка ягоных лістоў, размаляваных верталёцікамі, кветачкамі. Яна ні на хвіліну не магла з імі разлучыцца. Гэта апагей ейнага

шчасця, бо яна ўсё жыццё хацела абсалюту, а абсалют можа існаваць толькі ў пісьмовым выглядзе, толькі на паперы можа быць поўная рэалізацыя. На зямлі, у ложку гэтага няма. Там абсалюту не знайсці. Усё, што звязана з іншымі людзьмі: сям’я, дзеці — гэта кампраміс… Як быццам нехта ёю кіруе… Што за сіла? Якая прырода гэтага сну?

…Мы таксама наведалі Агнявы востраў. Для гэтага спатрэбілася шмат папераў і дазволаў з круглымі пячаткамі. Тэлефанаванняў. Прыехалі… А Валодзя сустрэў нас варожа: «Навошта гэтае шоу?» Шмат гадоў ён пражыў у адзіноце, адвык ад людзей. Стаў падазроным, не давяраў нікому. Добра, што з намі была Лена, яна брала яго за руку: «Валодзечка». І ён рабіўся паслухмяным. Разам мы яго ўгаварылі, а можа, ён сам падумаў, хлопец кемлівы: праз дваццаць пяць гадоў у выключных выпадках бывае амністыя; калі здымуць фільм, ён будзе мясцовай знакамітасцю, гэта яму потым дапаможа… Там усе яны хочуць жыць… там не любяць размаўляць пра смерць…

З гэтага і пачалі…

пра Бога

— Я сядзеў у адзіночцы, чакаў расстрэлу. Шмат думаў… Ну хто табе дапаможа ў чатырох сценах? Час не існаваў, нейкая абстракцыя. Я адчуў такую пустату… І аднойчы ў мяне вырвалася: «Калі ты ёсць, Госпадзе, дапамажы! Не пакінь мяне! Я не прашу цудаў, дапамажы разабрацца ва ўсім, што са мной адбылося». Упаў на калені. Маліўся. Гасподзь не прымушае доўга чакаць тых, хто да Яго звяртаецца…

Пачытайце маю справу — я забіў чалавека. Мне было васямнаццаць гадоў. Я толькі скончыў школу, пісаў вершы. Хацеў паехаць у Маскву вучыцца. Вучыцца на паэта. Мы жылі з мамкай удваіх. Грошай у доме не было, на вучобу я мусіў зарабіць. Уладкаваўся ў аўтамайстэрню. Увечары ў вёсцы танцы… Ну і закахаўся ў адну прыгожую дзяўчыну. Без памяці. Вяртаемся з танцаў… Зіма… снег… Ужо ялінкі ў вокнах міргаюць, неўзабаве Новы год. П’яны я не быў. Ідзём, размаўляем. Ха-ха… хі-хі… Яна пытаецца: «Ты мяне і сапраўды кахаеш?» — «Кахаю болей за жыццё». — «А што ты можаш дзеля мяне зрабіць?» — «Я магу сябе забіць». — «Сябе, зразумела. А ці можаш ты забіць дзеля мяне першага сустрэчнага чалавека?» Ці гэта жарт у яе быў такі… ці сцерва трапілася… Я яе ўжо не памятаю, нават твар забыў, яна ні разу мне ў турму не напісала. Можаш забіць?

Сказала так — і смяецца. А я ж герой! Мне трэба даказаць сваё каханне. Выцягнуў з плота кол… Ноч. Змрок. Стаю і чакаю. І яна чакае. Доўга ніхто не з’яўляўся, нарэшце нейкі чалавек ідзе нам насустрач. І я яму — па галаве. Трэсь! Адзін раз ударыў, другі… Ён упаў. Я яго яшчэ дабіў на зямлі… калом… А гэта быў наш настаўнік…

Спачатку мяне асудзілі да расстрэлу… Праз паўгода расстрэльны артыкул замянілі на пажыццёвае зняволенне. Маці ад мяне адмовілася. Сястра спачатку пісала, пасля кінула. Я даўно адзін… Вось у гэтай камеры пад замком я адседзеў ужо сямнаццаць гадоў. Сямнаццаць гадоў! Дрэва ўзяць або якую жывёліну — яны нічога пра час не ведаюць. За іх Гасподзь думае. Так і я… Паспаў, паеў, вывелі на шпацыр… Неба бачыш толькі праз краты. У камеры — ложак, зэдлік, конаўка, лыжка… Іншыя жывуць успамінамі… А што мне ўспамінаць? У мяне нічога не было, я і пажыць не паспеў. Азірнуся назад — там вечная цемра, часам дзесьці лямпачка запаліцца. Часцей за ўсё мамку бачу… то яна ля пліты, то на кухні каля акна… А далей паўсюль цемра…

Пачаў чытаць Біблію… не мог адарвацца… Мяне ўсяго калаціла. Я з Ім размаўляў: «За што Ты мяне так пакараў?» Чалавек дзякуе Госпаду за радасць, а калі бяда, ён крычыць: «За што?» Няма таго, каб імкнуцца зразумець сэнс пасланага цяжару. Даручыць сваё жыццё Яму… І раптам прыехала Лена… Прыехала і кажа: «Я цябе кахаю». Для мяне адкрыўся свет… Я мог уявіць сабе ўсё што хочаш… Сям’ю, дзяцей… З поўнай цемры я трапіў у найярчэйшы свет… я быў ахінуты святлом… Сітуацыя, праўда, ненармальная: у яе муж, трое дзяцей, а яна прызнаецца чужому мужчыну ў каханні, піша лісты. Калі б я быў на месцы ейнага мужа… Ды я б! «Ты што — блазнаватая?» — «Кахання без самаахвярнасці няма. Якое ж гэта каханне?» Я не ведаў…. Адкуль я мог ведаць, што такія жанчыны бываюць? У турме — як? Ёсць людзі, ёсць сукі — і ўсё. А тут трапіўся чалавек, праз якога ноччу не можаш заплюшчыць вачэй… Прыедзе — і плача, і смяецца. І заўсёды прыгожая.

Хутка мы распісаліся. А потым вырашылі павянчацца… у турме ёсць малельня… А раптам анёл-ахоўнік паглядзіць у наш бок…

Да сустрэчы з Ленай я ненавідзеў усіх жанчын, я думаў, што каханне — толькі гармоны. Жаданне цела… А яна не баіцца гэтага слова, часта яго ўжывае: «Кахаю! Кахаю!». Я тады сяджу, не варушуся. А ўсё гэта… як вам сказаць… Я не прывык да шчасця. Часам я ёй веру. Хачу верыць, што гэта праўда — мяне можна пакахаць, розніца паміж мною і астатнімі людзьмі толькі ў тым, што яны лічаць сябе добрымі, але чалавек сябе не ведае, спазнаў бы — спалохаўся. Хіба я думаў пра сябе, што я магу… Што з мяне звер можа выскачыць… Ніколі! Я думаў, што я добры. Дзесьці ў мамкі захоўваюцца сшыткі з маімі вершамі, калі не спаліла. Іншым разам… Мне страшна… Занадта доўга я жыў адзін, захраснуў у гэтым стане. Далёка ад мяне нармальнае жыццё. Я стаў злосны і дзікі… Чаго я баюся? Баюся, што нашая гісторыя — гэта кіно, а кіно не патрэбна мне. Я, можа, толькі жыць пачаў… Хацелі дзіцятка… Яна зацяжарала. І быў выкідыш. Гасподзь нагадаў мне пра мае грахі…

Страшна… Так страшна, што я хачу то сябе забіць, то… «Я баюся цябе», — кажа яна. І не сыходзіць… Вось вам кіно! Вось вам…

з турэмных размоваў

— Трызненне! Недарэчнасць! Кабетку да псіхолага трэба…

— Я пра такіх жанчын раней толькі ў кніжках чытаў, пра жонак дзекабрыстаў… Літаратура! А ў жыцці… Лена адзіны такі чалавек, якога я сустрэў. І натуральна, спачатку і я не верыў: «Можа, яна ненармальная?». А потым вось нешта ўва мне перавярнулася… Ісуса таксама лічылі вар’ятам. Ды яна самая нармальная з усіх нармальных!

94
{"b":"285466","o":1}