Дачка доўга хварэла. Лячыў яе стары доктар, ён быў даўно на пенсіі. Габрэй. Але ён хадзіў і дапамагаў армянскім сем’ям. «Армян забіваюць за тое, што яны армяне, як калісьці забівалі габрэяў за тое, што яны габрэі», — казаў ён. Быў вельмі-вельмі стары. Дачцэ далі імя Іра… Ірынка… Вырашылі: хай будзе рускае імя, яно абараняе. Абульфаз першы раз узяў дзіця на рукі і заплакаў. Рыдаў… Ад шчасця… яно таксама тады было — шчасце… Нашае шчасце! У гэты час захварэла ягоная мама… Ён стаў часта сыходзіць да сваіх сваякоў. Вяртаўся ад іх… я не знайду слоў… якім ён вяртаўся. Вяртаўся да нас чужым, з незнаёмым тварам. Я, вядома, палохалася. У горадзе ўжо было поўна ўцекачоў, гэта тыя азербайджанскія сем’і, якія беглі з Арменіі. Уцяклі яны з пустымі рукамі, без рэчаў, беглі сапраўды гэтаксама, як армяне з Баку. І расказвалі ўсё тое ж самае. Ой! ой, усё тое ж самае. Пра Хаджалу, дзе быў азербайджанскі пагром… Як там армяне забівалі азербайджанцаў — выкідвалі жанчын з вокнаў… адразалі галовы… мачыліся на мёртвых… Мне ніводны фільм жахаў цяпер не страшны! Я столькі ўсяго бачыла і чула… столькі ўсяго! Я не спала па начах, думала-перадумала — трэба з’язджаць. З’язджаць трэба! Ну так жа нельга, я не магу так. Бегчы… бегчы, каб забыцца… А калі б неяк стрывала — памерла… я ведаю, што памерла б…
Першай з’ехала мама… За ёй — тата са сваёй другой сям’ёй. За імі — мы з дачкой. З’язджалі па падробленых дакументах… з пашпартамі на азербайджанскія прозвішчы… Тры месяцы не маглі купіць квіткі. Такія былі чэргі! А зайшлі ў самалёт — скрынак з садавінай і кардонных каробак з кветкамі там было больш за пасажыраў. Бізнес! Бізнес квітнеў. Паперадзе нас сядзелі маладыя азербайджанцы, яны ўсю дарогу пілі віно і гаварылі, што з’язджаюць, бо не жадаюць забіваць. Не хочуць ісці на вайну і паміраць. Дзевяноста першы год… На ўсю моц палала вайна ў Нагорным Карабаху… Гэтыя хлопцы адкрыта прызнаваліся: «Мы не хочам класціся пад танкі. Мы не гатовыя». У Маскве нас сустрэў стрыечны брат… «А дзе Абульфаз?» — «Прыляціць праз месяц». Сабраліся ўвечары сваякі… Усе мяне прасілі: «Ты гавары, гавары — не бойся. Тыя, хто маўчаць, пачынаюць хварэць». Праз месяц я пачала размаўляць, а думала, што ўжо не буду. Змоўкну — і ўсё.
Я чакала… і чакала… і чакала… Абульфаз прыехаў да нас не праз месяц… і не праз паўгода, а праз сем гадоў. Праз сем гадоў… Сем… А-а-а-а… Калі б не дачка… я не выжыла б… Дачка мяне выратавала. Дзеля яе я трымалася з усяе моцы. Каб выжыць, трэба хоць бы танюткую нітачку знайсці… Каб выжыць… і чакаць… Проста раніца… яшчэ адна раніца… Ён увайшоў у кватэру, абняў нас з дачкой. Стаіць. Ён стаіць… яшчэ стаіць у вітальні… і я бачу, як ён павольна-павольна, на маіх вачах падае. Праз нейкую хвіліну ён ужо ляжаў на падлозе, у паліто і шапцы. Дацягнулі яго да канапы, паклалі. Перапалохаліся: трэба выклікаць доктара — а як? У нас няма маскоўскай прапіскі, няма медыцынскай страхоўкі. Мы — уцекачы. Пакуль мы так меркавалі, мама плакала… дачка з вось такімі вачыма сядзела ў куце… Чакалі тату — а тата прыехаў і памірае. У гэты час ён расплюшчыў вочы: «Не трэба доктара. Не бойцеся. Усё! Я — дома». Тут буду плакаць… Тут буду… (Першы раз за ўвесь час нашай размовы заплакала.) Як тут без слёз… Месяц ён хадзіў за мной па кватэры на каленях, цалаваў і цалаваў рукі: «Што ты хочаш сказаць?» — «Я кахаю цябе». — «Дзе ты быў столькі гадоў?»
…У яго выкралі адзін пашпарт… Другі… Усё гэта ягоныя сваякі… …Прыехалі ў Баку яго стрыечныя браты… Іх выгналі з Ерэвана, дзе жылі яшчэ іх дзяды і бацькі. Кожны вечар расповеды… абавязкова, каб ён чуў… Як злупілі скуру з хлопчыка і павесілі на дрэве. А суседу кляйно на лбе паставілі гарачай падковай… Як… Як… «А ты куды сабраўся?» — «Да жонкі». — «Ты едзеш да ворага нашага. Ты нам не брат. Не сын».
…Я яму тэлефанавала… Мне адказвалі: «Дома няма». А яму перадавалі, як быццам я тэлефаную і кажу, што выходжу замуж. Я тэлефанавала і тэлефанавала. Трубку брала яго родная сястра: «Забудзь нумар гэтага тэлефона. У яго іншая жанчына. Мусульманка».
…Мой тата… Хацеў мне шчасця… Забраў мой пашпарт і аддаў яго нейкім хлопцам, каб мне паставілі пячатку пра развод. Фальшывую. Нешта яны фарбавалі, мылі і выпраўлялі, і там цяпер — дзірка. «Тата! Навошта ты гэта зрабіў? Ты ж ведаеш — я кахаю!» — «Ты кахаеш нашага ворага». Пашпарт у мяне сапсаваны… цяпер несапраўдны… …Чытала «Рамэа і Джульета» Шэкспіра… Пра варожасць двух сямейных кланаў — Мантэкі і Капулеці. Гэта ўсё пра мяне… я кожнае слова там разумела…
Я не пазнавала дачку. Яна стала ўсміхацца… З першай хвіліны, калі яго ўбачыла: «Тата! Та-тачка!» Маленькая… яна даставала з чамадана яго фотаздымкі і цалавала. Але так, каб я не бачыла… І не плакала… І гэта не канец… Вы думаеце гэта ўсё? Канец? Ой, канца яшчэ няма…
…І тут жывем як на вайне… Усюды чужыя. Мяне вылечыла б мора.
Маё мора! А мора побач няма… …Я метро мыла, прыбіральні чысціла. На будоўлі цэглу цягала і мяшкі з цэментам. Цяпер у рэстаране прыбіраю. Абульфаз еўрарамонты робіць у багатых кватэрах. Добрыя людзі плацяць, дрэнныя падманваюць: «Валі адсюль, чучмэк! Зараз у міліцыю патэлефануем». У нас няма прапіскі… няма ніякіх правоў… Такіх, як мы, тут як пяску ў пустыні. Сотні тысяч людзей беглі з дому: таджыкі, армяне, азербайджанцы, грузіны, чачэнцы… Беглі ў Маскву — у сталіцу СССР, а гэта ўжо сталіца іншай дзяржавы. А нашай дзяржавы цяпер на карце не знайсці… …Дачка год таму скончыла школу… «Мама… тата… Я вучыцца хачу!» Пашпарта ў яе няма… Жывём транзітам. Жывём у адной бабулі, яна пераехала да сына, а нам здала сваю аднапакаёвую кватэру. Міліцыя стукае з праверкай дакументаў… Мы — як мышы, стаіўшыся. Зноў як мышы. Выкінуць назад… А куды назад? Куды нам ехаць? Выкінуць за дваццаць чатыры гадзіны! Грошай, каб адкупіцца, у нас няма… І іншую кватэру ўжо не знайсці. Усюды вісяць аб’явы: «Здадзім кватэру славянскай сям’і…», «здадзім… праваслаўнай рускай сям’і. Іншых просім не турбаваць…»
…З дому вечарам — ніколі! Муж або дачка затрымаюцца дзе-небудзь — я валяр’янку п’ю. Прашу дачку: не фарбуй бровы, не насі яркія сукенкі. Там забілі армянскага хлопчыка, там зарэзалі таджыкскую дзяўчынку… азербайджанца калолі нажом… Раней мы ўсе савецкія былі, а цяпер у нас новая нацыянальнасць — «асоба каўказскай нацыянальнасці». Я бягу раніцай на працу і ніколі не гляджу маладым хлопцам у твар — у мяне чорныя вочы, чорныя валасы. У нядзелю, калі выйдзем з сям’ёй на вуліцу, то прагуляемся ў сваім раёне, каля свайго дома: «Мама, я хачу на Арбат. Хачу пахадзіць па Чырвонай плошчы». — «Туды не пойдзем, дачушка. Там — скінхеды. Са свастыкай. Іх Расія — для рускіх. Без нас». (Маўчыць.) Ніхто не ведае, колькі разоў я хацела памерці.
…Мая дзяўчынка… яна з дзяцінства чуе: «чучмэчка»… «чурка»… Малая нічога не разумела. Вернецца са школы, я яе цалую, цалую, каб яна ўсё гэтыя словы забыла.
Усе армяне з Баку з’ехалі ў Амерыку… чужая краіна іх прыняла… І мама з’ехала, і тата, і шмат нашых сваякоў. Я таксама пайшла ў амерыканскую амбасаду. «Раскажыце вашу гісторыю», — папрасілі мяне. Я расказала ім пра сваё каханне… Маўчалі, яны доўга маўчалі.
Маладыя амерыканцы, зусім маладыя. Пасля пачалі гаварыць паміж сабой: і пашпарт, маўляў, у яе сапсаваны, і дзіўна ўсё-такі, чаму муж сем гадоў не прыязджаў? Муж гэта ці не муж? Занадта прыгожая і страшная гісторыя, каб паверыць. Так яны гаварылі. Я трошкі ведаю ангельскую… Я зразумела, што яны мне не вераць. А ў мяне няма іншых доказаў, акрамя таго, што я кахаю… Вы мне верыце?
— Я веру… — кажу я. — Я вырасла ў той самай краіне, што і вы. Я веру! (І мы абедзве плачам.)
ПРА ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ АДРАЗУ СТАЛІ ІНШЫМІ ПАСЛЯ КАМУНІЗМУ
Людміла Малікава — тэхнолаг, 47 гадоў
з расказу дачкі
ПРА ЧАС, КАЛІ ЎСЕ ЖЫЛІ АДНОЛЬКАВА
— Вы Маскву добра ведаеце? Кунцаўскі раён… Там мы жылі ў пяціпавярхоўцы, там у нас была кватэра, трохпакаёвая кватэра, яна ў нас з’явілася, калі мы з бабуляй з’ехаліся. Дзядуля памёр, яна доўга жыла адна, але пачала слабець, і мы вырашылі, што нам трэба жыць разам. Я ўзрадавалася, я любіла бабулю. Мы хадзілі з ёй на лыжах, гулялі ў шахматы. Выдатнейшая была бабуля! Тата… Тата быў, але тата жыў з намі нядоўга, ён зблажэў, стаў моцна выпіваць з сябрукамі, і мама папрасіла яго сысці… ён працаваў на закрытым ваенным заводзе… З дзяцінства памятаю, як тата прыходзіў да нас па выхадных, прыносіў мне падарункі, цукеркі і садавіну — заўсёды стараўся, каб гэта была вельмі вялікая груша, вельмі вялікі яблык. Хацеў мяне здзівіць: «Заплюшчы вочы, Юлечка — вось!!» Прыгожа так смяяўся… А потым тата кудысьці знік… Жанчына, з якой ён жыў пасля нас, — гэта маміна сяброўка — таксама яго прагнала, надакучылі ягоныя п’янкі. І я не ведаю, ці жывы ён, але калі б ён быў жывы, ён бы мяне шукаў…