Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Я зведала каханне… Заўсёды адчуваю: кахаў чалавек ці не, з тым, хто кахаў, у мяне інтуітыўная сувязь. Без слоў. Прыгадала цяпер першага мужа… Кахала? Так. Моцна? — Шалёна. Мне было дваццаць гадоў. У галаве адны мары. Жылі з ягонай прыгожай старой мамай, яна мяне раўнавала: «Ты такая ж прыгожая, як я ў маладосці». Кветкі, якія ён дарыў мне, яна забірала ў свой пакой. Я яе потым зразумела, можа, толькі цяпер я яе зразумела, калі ведаю, як люблю сваіх дзяўчынак, якая цесная сувязь можа быць з дзіцём. Мяне псіхолаг хоча пераканаць: «У вас гіпертрафаваная любоў да дзяцей. Так нельга любіць». Ды нармальная ў мяне любоў… Любоў! Маё жыццё… вось маё-маё… Ніхто не ведае рэцэпту… (Маўчыць.) Муж мяне кахаў, але ў яго была філасофія: нельга жыць усё жыццё з адной жанчынай, трэба спазнаць іншых. Я шмат думала… плакала… Змагла і адпусціла. Засталася з маленькай Ксюшай адна. Другі муж… Быў ён мне як брат, а я заўсёды марыла пра старэйшага брата. Разгубілася. Не ведала, як мы будзем з ім жыць, калі ён зрабіў мне прапанову. Каб нараджаць дзяцей, у доме павінен быць водар кахання. Перавёз ён нас з Ксюшай да сябе: «Давай паспрабуем. Не спадабаецца, я адвязу вас назад». І неяк у нас з ім наладзілася. Каханне бывае рознае: бывае палкае, а бывае падобнае на сяброўства. На сяброўскі саюз. Мне падабаецца так думаць, таму што мой муж вельмі добры чалавек. Хай і не жыла я ў шаўках…

Нарадзіла Дашку… Мы ніколі не расставаліся з нашымі дзецьмі, разам ездзілі летам у вёску да бабулі ў Калужскую вобласць. Там была рэчка. Луг і лес. Бабуля пякла пірагі з вішнямі, дзеці і цяпер іх успамінаюць. Ніколі мы не ездзілі да мора, гэта была нашая мара. Як вядома, сумленнай працай вялікіх грошай не заробіш: я — медсястра, муж — навуковы супрацоўнік у інстытуце радыялагічнай тэхнікі. Але дзяўчынкі ведалі, што мы іх любім.

Многія абагаўляюць перабудову… Усе на нешта спадзяваліся. Мне любіць Гарбачова няма за што. Памятаю размовы ў нас у ардынатарскай: «Скончыцца сацыялізм, а што будзе пасля яго?» — «Скончыцца дрэнны сацыялізм, і будзе добры сацыялізм». Чакалі… чыталі газеты… Неўзабаве муж страціў працу, іх інстытут закрылі. Беспрацоўных — мора, усе з вышэйшай адукацыяй. З’явіліся шапікі, затым супермаркеты, у якіх было ўсё, як у казцы, а купіць няма на што. Зайду — выйду. Купляла два яблыкі і адзін апельсін, калі дзеці хварэлі. Як з гэтым пагадзіцца? Пагадзіцца з тым, што так яно і будзе — як? Стаю ў чарзе ў касу, перада мной мужчына з вазком, там у яго і ананасы, і бананы… Так б’е па самалюбстве. Таму людзі сёння нейкія ўсе стомленыя. Не дай Бог нарадзіцца ў СССР, а жыць у Расіі. (Маўчыць.) Ні адна мая мара ў жыцці не здзейснілася…

Калі дачка выйшла ў іншы пакой, гаворыць са мной паўшэптам. Колькі гадоў? Тры гады ўжо прайшло пасля тэракту… не, больш…

Мая таямніца… Уявіць сабе не магу, што лягу з мужам у ложак, і мужчынская рука да мяне дакранецца. У нас з мужам ніякіх адносін усе гэтыя гады, я жонка і не жонка, ён мяне ўгаворвае: «Табе стане лягчэй». Сяброўка, якая ўсё ведае, яна таксама мяне не разумее: «Ты прывабная, ты сэксуальная. Паглядзі на сябе ў люстэрка, якая ты прыгожая. Якія валасы…»У мяне такія валасы ад нараджэння, я на прыгажосць сваю забылася. Калі чалавек тоне, ён увесь насычаецца вадой, так я ўся пранізаная болем. Як быццам я адрынула сваё цела, і засталася адна душа…

Дачка

…Ляжалі забітыя, у іх у кішэнях бясконца званілі мабільнікі… Ніхто не адважваўся падысці і адказаць.

…Сядзела на падлозе дзяўчына, уся ў крыві, нейкі хлопец прапаноўваў ёй шакаладку… …Куртка мая не згарэла, але яна ўся паплавілася. Урач агледзела мяне і адразу сказала: «Кладзіцеся на насілкі». Я яшчэ супраціўлялася: «Сама падымуся і дайду да «хуткай», яна нават прыкрыкнула на мяне: «Кладзіцеся!» У машыне я страціла прытомнасць, ачомалася ў рэанімацыі… …Чаму я маўчу? Я сябравала з адным хлопцам, мы нават… ён мне пярсцёнак падарыў… І я яму распавяла, што са мной было… Можа, гэта абсалютна не звязана, але мы рассталіся. У мяне гэта адклалася, я зразумела, што не трэба ніякіх адкрыццяў. Цябе ўзарвалі, ты выжыў, ты стаў яшчэ больш уражлівы і далікатны. На табе таўро пацярпелага, я не хачу, каб заўважалася гэтае таўро… …Нашая мама любіць тэатры, часам ёй шчасціць злавіць танны білецік: «Ксюша, мы ідзём у тэатр». Я адмаўляюся, яны ідуць удваіх з татам. На мяне тэатр ужо не дзейнічае…

маці

— Чалавек не ведае, чаму менавіта з ім такое здарылася, таму хочацца быць як усе. Схавацца. Гэта ўсё адразу не адключаецца…

Гэты хлопчык-смертнік… і іншыя… Яны спусціліся з гор і прыйшлі да нас: «Як нас забіваюць, вы не бачыце. Паспрабуем гэта зрабіць у вас». (Маўчыць.)

Я думаю… Хачу ўспомніць, калі я была шчаслівай? Трэба ўспомніць… Я была шчаслівая толькі адзін раз у жыцці, калі дзеці былі маленькія…

Званок у дзверы — Ксюшыны сябры… Пасадзіла іх на кухні. У мяне ад мамы: першае — гэта накарміць гасцей. Пэўны час маладыя не гаварылі пра палітыку, а цяпер зноў гавораць. Сталі спрачацца пра Пуціна… «Пуцін — гэта клон Сталіна…», «Гэта надоўга…», «Гэта дупа ўсёй краіне…», «Гэта газ, гэта нафта…» Пытанне: хто Сталіна зрабіў Сталіным? Праблема віны…

Судзіць трэба толькі тых, хто расстрэльваў, катаваў ці:

- і таго, хто напісаў данос…

- хто забраў у сваякоў дзіця «ворага народа» і здаў яго ў дзіцячы дом…

- шафёра, які перавозіў арыштаваных…

- прыбіральшчыцу, якая мыла падлогу пасля катаванняў…

- начальніка чыгункі, які накіроўваў таварнякі з палітвязнямі на Поўнач…

- краўцоў, што кроілі паўкажушкі, у якіх хадзілі лагерныя ахоўнікі. Дакратоў, якія лячылі ім зубы, якія здымалі кардыяграму, каб яны лепш неслі сваю службу…

- тых, хто маўчаў, калі іншыя на сходах крычалі: «Сабакам — сабачая смерць!»

Са Сталіна перайшлі на Чачню… І зноў усё тое ж самае: хто забівае, узрывае — так, вінаваты, а той, хто робіць бомбы, снарады на заводах, шые вайсковую форму, вучыць салдат страляць… прадстаўляе да ўзнагароды… Хіба яны вінаватыя? (Маўчыць.) Мне хацелася закрыць сабой Ксюшу, кудысьці адвесці яе ад гэтых размоваў. Яна сядзела з вялікімі ад жаху вачыма. Глядзела на мяне… (Паварочваецца да дачкі.) Ксюшанька, я не вінаватая, і наш тата не вінаваты, ён цяпер выкладае матэматыку. Я — медсястра. Да нас у бальніцу прывозілі параненых нашых афіцэраў з Чачні. Мы іх лячылі, потым, вядома, яны з’язджалі назад. На вайну. Сярод іх мала хто хацеў вяртацца, многія наўпрост прызнаваліся: «Не хочам ваяваць». Я — медсястра, я ўсіх ратую…

Ёсць таблеткі ад зубнога болю, ад галаўнога, а ад майго няма. Псіхолаг схему мне намаляваў: раніцай нашча паўшклянкі святаянніку, дваццаць кропель настойкі глогу, трыццаць — півоні… Увесь дзень распісаны. Піла я ўсё гэта. І да нейкага кітайца хадзіла… Не дапамагло… (Маўчыць.) Забіраюць увагу штодзённыя справы, таму не вар’яцею. Аднастайнасць лечыць: памыць, папрасаваць, зашыць… У двары нашага дома стаіць старая ліпа… Я іду — гэта, напэўна, праз пару гадоў было — і адчуваю: ліпа закрасавала. Пах… А да таго ўсё неяк не востра было… не так… Фарбы прыглушаныя, гукі… (Маўчыць.)

Пасябравала ў бальніцы з адной жанчынай, яна ехала не ў другім вагоне, як Ксюша, а ў трэцім. Хадзіла ўжо на працу, і здавалася, усё перажыла. І нешта здарылася — хацела выкінуцца з балкона, лезла ў акно. Бацькі закавалі дом у краты, жылі, як у клетцы. Труцілася газам… Муж ад яе сышоў… Не ведаю, дзе яна цяпер? Нехта бачыў яе на станцыі «Аўтазаводская». Хадзіла па пероне і крычала: «Бяром правай рукой тры жменькі зямлі і кідаем на труну. Бяром… кідаем». Крычала, пакуль санітары па яе не прыехалі…

Думала, што гэта Ксюша мне распавяла… Каля яе стаяў мужчына, і так блізка, што яна нават хацела зрабіць яму заўвагу. Не паспела. Потым атрымалася так, што ён засланіў яе, шмат Ксюшыных аскепкаў патрапіла ў яго. Невядома, ці застаўся ён жывы? Я пра яго часта ўспамінаю… ну проста перад вачыма ён у мяне стаіць… А Ксюша не памятае… Адкуль я гэта ўзяла? Напэўна, я прыдумала яго сабе сама. Але ж нехта мне яе выратаваў…

75
{"b":"285466","o":1}