Паказвае свае фотаздымкі. Часам нешта каментуе.
…Прывялі да камандзіра. «Колькі табе гадоў?» — спытаў камандзір. «Сямнаццаць», — схлусіў я. Мне было няпоўных шаснаццаць. Так я стаў чырвонаармейцам. Нам выдалі абмоткі і чырвоныя зорачкі на шапкі. Будзёнавак не было, а чырвоныя зорачкі выдалі. Што за Чырвоная армія без чырвоных зорачак! Далі вінтоўкі. І мы адчувалі сябе абаронцамі рэвалюцыі. Вакол — голад, эпідэміі. Зваротны тыф… брушны тыф… сыпняк… А мы — шчаслівыя… …З разбітага панскага дома нехта выцягнуў піяніна… Стаіць у садзе, мокне пад дажджом. Пастушкі падгоняць кароў бліжэй і граюць на ім палкамі. Сядзібу з п’яных вачэй спалілі. Разрабавалі. А каму з мужыкоў патрэбнае піяніна?
…Узарвалі царкву… Да гэтага часу ў вушах крык бабуль: «Дзетачкі, не рабіце гэтага!» Малілі. Чапляліся за ногі. Дзвесце гадоў царква прастаяла. Намоленае месца, як той казаў. Пабудавалі замест царквы гарадскую прыбіральню. Святароў прымусілі там прыбіраць. Гаўно чысціць. Цяпер… вядома… цяпер я разумею… А тады… весела… …У полі ляжалі нашыя таварышы… На ілбе і на грудзях у іх былі выразаныя зоркі. Чырвоныя зоркі. Распоратыя жываты, туды насыпана зямля: хацелі зямлі — наце! Нашыя пачуцці — смерць альбо перамога! Хай мы памром, але мы ведаем, за што памром.
…Каля рэчкі ўбачылі праколатых штыкамі белых афіцэраў. Пачарнелі на сонцы «іх благароддзі». З жыватоў тырчалі пагоны… жываты нашпігаваныя пагонамі… Не шкада! Мёртвых людзей бачыў столькі, колькі і жывых…
— Сёння шкада ўсіх: і «белых», і «чырвоных». Мне шкада.
— Вам шкада… Шкада? (Мне падалося, што на гэтым наша гутарка можа і скончыцца.) Ну, так… вядома… «Агульначалавечыя каштоўнасці»… «абстрактны гуманізм»… Тэлевізар гляджу, газеты чытаю. А ў нас міласэрнасць было папоўскім словам. Бі белага гада! Даеш рэвалюцыйны парадак! Лозунг першых гадоў рэвалюцыі: загонім жалезнай рукой чалавецтва ў шчасце! Раз партыя сказала — я веру партыі! Я веру.
Горад Орск пад Арэнбургам. Дзень і ноч гоняць таварнякі з кулацкімі сем’ямі. У Сібір. Мы ахоўваем станцыю. Адчыняю адзін вагон: у куце вісіць на папружцы напаўголы мужчына. Маці люляе на руках маленькага, а хлопчык старэйшы сядзіць побач. Рукамі есць сваё гаўно, як кашу. «Зачыняй! — крычыць мне камісар. — Гэта — кулацкая сволач! Яны для новага жыцця не падыходзяць!» Будучыня… яна ж мусіць быць прыгожай… Потым будзе прыгожа… Ну верыў я! (Амаль крычыць.) Мы верылі ў нейкае прыгожае жыццё. Утопія… гэта была ўтопія… А вы? У вас свая ўтопія — рынак. Рынкавы рай. Рынак усіх зробіць шчаслівымі! Хімера! Ходзяць па вуліцах гангстэры ў малінавых пінжаках, залатыя ланцугі да пуза. Капіталізм карыкатурны, як на малюнках у савецкім часопісе «Крокодил». Пародыя! Замест дыктатуры пралетарыяту — закон джунгляў: кусай таго, хто слабейшы за цябе, а таму, хто мацнейшы, — кланяйся. Самы старажытны закон на зямлі… (Прыступ кашлю. Перадышка.) Мой сын насіў будзёнаўку з чырвонай зорачкай… У дзяцінстве гэта быў лепшы падарунак яму на дзень нараджэння. Я даўно не хаджу ў магазіны. Ці прадаюць там будзёнаўкі? Іх доўга насілі. Пры Хрушчове яшчэ насілі. Якая цяпер мода? (Спрабуе ўсміхнуцца.) Я адстаў… вядома… Я ўжо зусім стары… Мой адзіны сын… ён памёр… дажываю з нявесткай і ўнукамі. Сын быў гісторык і перакананы камуніст. А ўнукі? (З насмешкай.) Унукі чытаюць Далай-ламу. Замест «Капіталу» ў іх «Махабхарата». «Кабала»… Сёння ўсе вераць у рознае. Ага… цяпер так… Чалавек заўсёды хоча ў нешта верыць. У Бога ці ў тэхнічны прагрэс. У хімію, у палімеры, у касмічны розум. Цяпер — у рынак. Ну, дапусцім, наямося, а далей што? Я заходжу ў пакой да сваіх унукаў — там усё чужое: кашулі, джынсы, кнігі, музыка, зубная шчотка — і тая не наша. На паліцах стаяць пустыя бляшанкі з-пад «Пэпсі», «Кока-колы»… папуасы! У супермаркеты ходзяць як у музей. Адсвяткаваць дзень нараджэння ў «Макдональдсе» — крута! «Дзед, мы хадзілі ў “Піца-хат”!» Мека! Пытаюцца ў мяне: «Ты на самай справе верыў у камунізм, а чаму не ў гуманоідаў?» Я марыў: мір — хацінам, вайна — палацам, а яны хочуць стаць мільянерамі. Прыходзяць іх сябры. Чую размовы: «Я лепей буду жыць у слабой краіне, але з ёгуртам і добрым півам», «Камунізм — адстой!», «Шлях Расіі — манархія. Божа, Цара беражы!» Круцяць песні:
«Всё будет прекрасно, поручик Голицын,
За всё комиссары получат сполна…»
А я жывы… я яшчэ тут… На самай справе… Я ж не звар’яцеў… (Глядзіць на ўнука. Той маўчыць.) У крамах поўна каўбасы, а людзей шчаслівых няма. Я не бачу людзей з палымянымі вачыма.
з анекдотаў, расказаных унукам
Спірытычны сеанс. Размаўляюць прафесар і стары бальшавік. Прафесар: «У ідэю камунізму першапачаткова забралася памылка. Памятаеце песню: «Наш паровоз, вперед лети, / В коммуне остановка…» Стары бальшавік: «Вядома, памятаю. А памылка якая?» Прафесар: «Паравозы не лётаюць».
Спачатку арыштавалі жонку… Пайшла ў тэатр і дадому не вярнулася. Вяртаюся з працы: сын разам з катом спіць на дыванку ў вітальні. Чакаў-чакаў маму і заснуў. Жонка працавала на абутковай фабрыцы. Чырвоны інжынер. «Нешта незразумелае робіцца, — казала яна. — Забралі ўсіх маіх сяброў. Гэта нейкая здрада…» — «Вось мы з табой не вінаватыя, і нас не бяруць». Быў у гэтым перакананы… Абсалютна перакананы… шчыра! Спачатку я быў ленінцам, пасля сталінцам. Да трыццаць сёмага года я быў сталінцам. Верыў усяму, што казаў і рабіў Сталін. Так… найвялікшы… геніяльны… правадыр усіх часоў і народаў. Нават калі ворагамі народа абвясцілі Бухарына, Тухачэўскага, Блюхера, я яму верыў. Выратавальная думка… дурная… Я думаў так: Сталіна падманваюць, наверх прабраліся здраднікі. Партыя разбярэцца. І вось арыштавалі маю жонку, сумленнага і адданага байца партыі.
Праз тры дні прыйшлі па мяне… Перш за ўсё панюхалі ў печы: ці не пахне дымам, ці не спаліў я што-небудзь. Іх было трое. Адзін хадзіў і выбіраў сабе рэчы: «Гэта вам ужо не патрэбна». Насценны гадзіннік зняў. Мяне ўразіла… я не чакаў… І ў той жа час нешта ў гэтым было чалавечае, давала надзею. Вось гэтая чалавечая брыдота… Та-а-ак… Значыць, у гэтых людзей ёсць пачуцці… Ператрус працягваўся з другой гадзіны ночы да ранку. У доме было вельмі шмат кніг, кожную кнігу перагарталі. Прамацалі вопратку. Распаролі падушкі… Часу падумаць у мяне было дастаткова. Успамінаў… ліхаманкава… Пасадкі ўжо йшлі масавыя. Кожны дзень кагосьці бралі. Становішча страшнаватае. Чалавека ўзялі, усе вакол маўчаць. Пытацца — марная справа. Следчы на першым допыце мне патлумачыў: «Вы вінаватыя ўжо ў тым, што не данеслі на сваю жонку». Але гэта ўжо ў турме… А тады ўсё ў памяці перабраў. Усё… Адно толькі ўспомніў… Успомніў апошнюю гарадскую партканферэнцыю… Зачыталі прывітанне таварышу Сталіну, і ўся зала ўстала. Шквал авацый: «Дзякуй таварышу Сталіну — арганізатару і натхняльніку нашых перамог!», «Сталіну — слава!», «Слава правадыру!» Пятнаццаць хвілін… паўгадзіны… Усе азіраюцца адзін на аднаго, пераглядваюцца, але ніхто першы не сядае. Усе стаяць. Я чамусьці сеў. Машынальна. Падыходзяць да мяне двое ў цывільным: «Таварыш, чаму седзіцё?» Я падскочыў! Падскочыў як абварыўшыся. Падчас перапынку ўвесь час азіраўся. Чакаў, што цяпер падыдуць і арыштуюць… (Паўза.)
Да раніцы ператрус скончыўся. Каманда: «Збірайцеся». Няня пабудзіла сына… Перад адыходам я паспеў шапнуць яму: «Нікому не кажы пра тату і маму». Так ён выжыў. (Падсоўвае дыктафон бліжэй да сябе.) Запісвайце, пакуль жывы… «П. ж.»… «пакуль жывы…» пішу на віншавальных паштоўках. Няма каму ўжо, праўда, дасылаць… У мяне часта пытаюцца: «Чаму вы ўсе маўчалі?» — «Час такі быў». Я быў перакананы, што вінаватыя здраднікі — Ягода, Яжоў, — але не партыя. Праз пяцьдзясят гадоў лёгка судзіць. Гігікаць… са старых дурняў… У той час я крочыў разам з усімі, а цяпер іх нікога няма… …Месяц праседзеў у адзіночцы. Такая каменная труна — да галавы шырэй, да ног вузей. Крумкача да свайго акна прыручыў, карміў пярлоўкай з баланды. З таго часу крумкач — мая ўлюбёная птушка. На вайне… Бой скончаны. Цішыня. Параненых падабралі, адны мёртвыя ляжаць. Іншых птушак няма, а крумкач лётае.