Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I як на працягу стагодзьдзяў даўгiх, гэта i цяпер слова магутнае сэрцы й галовы iх паланiла, уяўленьне дурманiла. Галодны на веру бярэ, а прагны й чорту душу з глыток вады прадасьць. Гэтак i ў той дзень. Над нiвамi й сенажацямi прагучэла слова. Палымянае, зманлiвае, валадарнае. Новымi спадзяваньнямi пакрыўджаных людзей падбадзёрыла.

Мала хто ў гэны дзень на сонца глядзеў. Як тут зiрнеш уверх, калi замiнала тое, што пад нагамi паўзло. Шкада. Калi хто прыгледзеўся-б сонцу, спасьцярог-бы, што зацьменiлася яно таўстой павалокай пылу. Магутныя машыны растаўклi на дробны парашок рудую глiну на гасьцiнцы. Пыл сьляпiў вочы, таймаваў дыханьне, асядаў на цела й вопратку, дрэвы й расьлiны, рудой дзяругай узвышаўся над iмклiвай армiяй. На схiле з паўдня сонца налiлося чырвонай медзьдзю.

Закрываўленае сонца…

Адылi з гасьцiнцу й зь лесу, з танкаў i аўтамашынаў гучэла разьлiвалася па прасторы магутнае слова: вызваленьне.

Як бура ўсьпенiць гладкiя хвалi, гэтак чужая навала страсанула, ўзбурыла нетры сялянскага жыцьця. Усё, што жывое, што рэдка калi з-пад стрэх трухлявых у гурт зыходзiлася, цяпер павылазiла на вулiцы й дарогi. Прыглядалася, прыслухоўвалася, хвалявалася, разважала, хоць i ня вiтала чужынцаў з такiм палымяным энтузiязмам, як чаўплi пасьля пра гэта пiсакi-наймiты на бачынах партыйнае прэсы.

Людзi сачылi буйныя хвалi, намагалiся ў iх нетры заглянуць. Адно зьверху над вiхром i пенай панаваў i буйнеў магутны клiча: вызваленьне.

Дужае, прыгожае, прынаднае й чыстае як крынiчная вада гэта слова. З адлегласьцi спанатрыць льга было прыемны водар яго. Валаклiся здалёку й зблiзку сасмаглыя, адчынялi парэпаныя вусны, каб ад жыватворчай крынiцы перасохлы арганiзм асьвяжыць. Iшлi калекi са сваiмi ранамi, бо верылi, што прыйшла пара гаеньня. I адно сьветлае й шматабяцальнае бачылi. Гэта — унiзе, пад нагамi. Бо мала хто ў дзень гэны на сонца вочы падняў.

Рух на гасьцiнцы парадзеў, магутны хрыбет перапоўз у Гацi, Глыбокае цi мо далей. Ля гасьцiнцу лiпелi яшчэ самыя заўзятыя разявякi, што на бурчэньне жыватоў не зважалi. Людзi-ж таўклiлся цяпер на вясковай вулiцы. Ля старэйшага Пятуха клецi найбольшая грамада сабралася. Разьвязаўся мех: горача спрачалiся й многа курылi. Уцёкi Антося Дзеркача на заднi плян адыйшлi. Намагалiся ўстанавiць, як далёка «бальшавiкi» пойдуць, цi немцаў назад папхнуць. Мала хто разважаў цьвяроза, бо бальшыню ў палоне трымала гэта магутнае слова — вызваленьне. Яно прынесьцi мела зямлю й волю.

Па маёнтках i асадах дрыжэлi ў перапалоху чужыя паны, асаднiкi й службоўцы. Абухам аглушыла iх чырвонае «вызваленьне». Шматлiкiя спрабавалi ўцякаць, але палавiлi iх на дарогах. Iншыя-ж рукi на сябе налажылi. Дый куды-ж ўцякаць, калi ня хочаш трапiць да тых, што за Бугам загаспадарылi?

Ля Макатунiшынай хаты сабралася група людзей. У хаце — прыглушаныя ўсхлiпы. Як ачмураная, лындала па каморы, цягала носам Алена. Юшкевiчава Клава, каторую Дуня папрасiла дзетак забавiць, старалася малых спатолiць. Зьбянтэжаныя нештодзённай зьявай, дзеткi замiналi пад рукамi, голасна плакаў Парасчын сынок.

Напокуцi дзяругамi завесiлi пол. Жанчыны мылi й прыбiралi нябожчыцу. Загадвала Пiлiпава Аксеня. У печы грэлi ваду. Дуня пайшла наказаць дзядзьку Андрэю й цётцы Тацьцяне. Рупiла ей пабачыцца зь Верачкай. Старая-ж Макатунiха, стомленая ўчарашняй бяссоньнiцай, сьпяшыла рэдка ходжанымi сьцежкамi ў далёкую вёску, каб папрасiць на паховiны сьвятара. Куды блiжэй было ў Дубовiчы, але сьвежымi яшчэ былi ў памяцi выпадкi з паховiнаў Пракопавай Алены. Слабодзкi-ж сьвятар бедным людзям пасабляў, супрацьлежнасьцю маскаля Абухава людзi яго ўважалi. Макатунiха меркавала, што калi зусiм задарма не паслужыць, дык пэўне-ж i на апошнюю скарынку хлеба не паквапiцца. Сьлёзы сьляпiлi жанчыне вочы, замiналi на сьцежку глядзець.

На дварэ Шпунтовага бацькi марудна, часта зяваючы, гаманiлi ўчарашнiя падпольнiкi. Гаспадарка на схiле Гараваткi ляжала. Адсюль, як на даланi, вiдаць быў гацкi гасьцiнец i вёска Лiтоўцы. Дзяцюкi ператрасалi пытаньне паховiнаў Макатунiшкi. Наадрэз адмовiўся памагаць Лявон. Прычыну меў добрую: вёска бачыла яго коранем шматлiкiх Макатунiшыных утрапеньняў, Пакажыся тут лiтоўскiм на вочы. Франт-фанабэра надта любiў гэроям выстаўляцца, а гэтта ў кажнай амаль пары сялянскiх вачэй дакор спаткаеш. Аднекваўся й Павалiцкi Хвёдар. Ужо каторы раз паўтараў, што ён гэтта адно з боку-прыпёку. Жыў разам з бацькам-чыгуначнiкам у казённай хаце ля чыгункi ля самых Павалiч, што ляжалi на ўсход ад Лiтоўцаў.

Увесь цяжар наладжаньня паховiнаў падаў на Косьцiка Сабакевiча, каторы пасьля такой нефартуннай ранiцы ля брамы не хацеў у хаўтурную грамаду паказвацца, ды сам за ўсiх камунiстаў вачмi сьвяцiць. Ён настойваў, каб сваiх верхаводаў параiцца, ды рабiць што загадаюць.

— Знаеце што, дзяцюкi? Давайце пойдзiм па чарцы пiракулiм, а там можа праясьнiцца трохi, — запрапанаваў Лявон.

— Добрая думка, — згадзiўся Хвёдар.

— Чаму-ж не, — падтрымаў Косьцiк.

— Матка, яечню пячы! — гукнуў Лявон, дзьвярмi скрыпнуўшы. Руплiвай Шпуньцiсе паўтараць ня трэба было. Дзяцюкi раскашэлiлiся на ўслонах ля стала. Неўзабаве прыемна засквiрчэлi на патэльнi скваркi. Лявон нарэзаў хлеба й выцягнуў пляшку першаку. Сiвуха прыемна забулькала ў вялiкiх чарках. Паднялi за вызваленьне, за сьветлую будучыню. Адно пасьля трэцяй чаркi пасьмялелi языкi, а пасьля чацьвертай да няскончанай тэмы вярнулiся. Ранейшыя розьнiцы поглядаў цяпер больш ёмкiмi словамi выказвалiся, Быццам змовiўшыся, Косьцiк i Хвёдар на Лявона насядалi.

— Сынок, а чаму-ж-бы не памагчы табе? — ўбiлася ў гутарку Шпуньцiха. Бабы-ж самыя, радачкi нi дадуць…

— А ты, мацi, маўчы! Нi касаiцца цябе тутака! — гаркнуў пачырванелы Лявон i на падмацаваньне свайго аргуманту кулаком па стале трахнуў.

— Добра, пушчай так i будзiць, — фiнальным тонам заключыў Косьцiк. Мутнымi вачмi ўважна сваiх субяседнiкаў зьмерыў: уважайце, маўляў, цяпер «уласьць» прамаўляе.

— Калi на тое пашло, дык так i зробiм, — пачаў Сабакевiчаў аўтарытэтны голас. — Вы падскочце ў Гацi i ўсё дзела Саладуху расталкуйце. Што ён скажыць, тоя й будзiць. Я-ж сам да Макатуноў падамся. Бабы, верна, нi маюць з чаго дамавiны зрабiць. Дык от, значыцца… у бацькi дошак папрашу. Дзяўчына-ж на харошую дамавiну заслужыла, хэ-хэ, — спрабаваў Косьцiк гаворку жартам закончыць i твар ягоны грымасай скрывiўся.

— Цяперака ты, братка, падзелавому гаворыш. Адразу-бы так, — апрабаваў Косьцiкаву пастанову Павалiцкi Хвёдар. Вялiкiм размахам рукi выцер засаленыя вусны й вусiкi.

Калi апусьцела патэльня й лiтроўка. дзяцюкi ўсталi з-за стала й навет Шпуньцiсе не падзякаваўшы, за дзьверы накiравалiся. Лявон з Хвёдарам на самакатах у Гацi выехалi, а Косьцiк праз хрыбет Гараваткi йшоў да Макатунiшынай хаты. Ступаў паволi, на свае зьбiтыя хромавыя боцiкi пазiраў. Даўно-даўненька халявы скрыпець перасталi, гэтак наскрыпелi-абрыдлi iм швэнданьнi пад уладай панскай. Прыгадаў, што пры першай нагодзе трэба было-б бацьку падаiць, каб даў тавару на новыя боты, якiя, як вядома-ж, шавец Пiлiп яму, начальнiку паважнаму, хутка й хлёстка пашые.

Ацяжэла адурманеная самагонкай i бяссоньнiцай галава. Цягнула прылегчы, пару гадзiнаў добрага сну адкацiць. Адылi розныя думкi назойлiвым роем у галаве гудзелi, вайстрылi падношаную дзяцюкову энэргiю. Спасьцярог, што ногi ягоныя на Архiпа накiрунак трымалi. Спынiўся, працёр заспаныя вочы. У iх засьвяцiлi злыя самалюбныя аганькi.

Ня чуў нiколi Косьцiк пра Бальзаковага студэнта Растыньяка, што з пажадальным уздыханьнем мерыў з узвышша Сталiцу Сьвятла й мяркаваў як пакарыць яе. У студэнтавых думках маячылася неасягальнае багацьце й прынадныя прыгажунi ў раскошных спальнях, а ў Сабакевiчавых — улада, помста й собская нажыва. Ласкi прыгажунь былi далёка ззаду. Адылi й Растыньяковы й Косьцiкавы пажаданьнi вырасьлi з аднаго карэньня. Розьнiца была ў этапе працэсу самаго пакарэньня, ды ў абыймах мэтаў. Малады студэнтадно марыў i плянаваў, а Ромлкаў гаспадар ужо на вяршынi з усей сiлы пялiўся.

9
{"b":"103054","o":1}