Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну а як каторы нi маiць каня?

— Дык дадуць…

— Толька-ж i глядзi, рот настаўляй, каб нi праваронiў як будуць даваць.

— Усё дадуць, усiм хопiць. Вунь дзе колька ўсякага дабра на маёнтках i хвальварках…

— Ну паглядзiм.

— Што тамака глядзець… ужо вiдаць.

Бадзёра сьлядзiлi прысыпаны сьвежым белым пухам гасьцiнец сялянскiя ногi. Грамада кiравалася на прасторныя, урадлiвыя гонi, што за чыгункай суседзiлi зь лiтоўскiмi начоўкамi, а з захаду канчалiся сьцяной гонкага гаю. Пракоп з Алесям маўклiва ў хвасьце валаклiся. Новы грамадзкi тэрмамэтар выпхнуў iх цi не на самае чало "прыгнечаных i эксплуацiруемых" масаў, значыцца тых, пра каторых найбольш барабанiла й быццам клапацiлася "народная ўлада". I будучыня перад iмi можа прасьцерлася проста й прывабна, як тыя ўрадлiвыя гонi, калi-б не мясцовыя "косткi ў горле". А косткi гэныя — Бурак Косьцiк i Шпунт Лявон — дзесьцi ўрачыста й фанабэрыста крочылi на самым перадзе грамады.

Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку — вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.

I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?

Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве «косткi» пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, — насамперш Маршалкаў — i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.

Затуканаму-загуканаму мужыку, якога чужыя й свае паны стагодзьдзямi абскубалi, можыш нагаварыць мiльёны прыгожых слоў i яны нiчога ня будуць значыць у параўнаньнi з прыгоршчамi ягонай уласнай урадлiвай зямлi. Няхай яго сабе зь няверным Тамашам побач паставяць: не дакранецца рука зямлi дык i не паверыць.

Лёгка пераплюнеш бiблiйнага недаверка, калi брату твайму сярмяжнаму зь няпамятных гадоў розныя прыблуды сёмае неба абяцалi, а ўсё да гвалтаў i рабункаў зводзiлi. Дзiва няма, што й абяцаньнi "улады народнай" сяляне адразу пад абстрэл узялi. Вывялася-ж яна з таго самага кодла, дзе некалi спачатку ўзбуйнеў i растучнеў, а пасьля прадзедаў iхных у прыгон загнаў сама ненажэрны й прагавiты «самадзержац». Праўда, тупее гадамi памяць людзкая й мала дзе ў краiне пагвалчанай жылi яшчэ сьветкi таго найбольшага й найжахлiвейшага народнага паўстаньня. Лiтоўскi-ж патрыярх Якуб — атожалак часоў сiвых-бурлiвых, звычайна маўчаў, але пры нагодзе патрапiў раскалупаць балючую рану народную. I за што тады змагалiся? За волю, за кавалак зямлi свае, за тое, каб маскаля пазбыцца… Колькi яшчэ песьняў з тых часоў датрывала…

Мо й прыйшоў нарэшце зьдзекам канец? Мо й запраўды перамянiлася на лепшае? Мо й сам згрыбелы дзед лiтоўскi дачакаўся адплаты за ахвяры паўстанцаў Калiноўскага, мо й нарадзiлася тое вечна чаканае, нiколi неасягальнае "сьветлае заўтра"? А можа гэта ўсё — стары хвальш i абман у новай хворме?

Разважаючы такую магчымасьць, — а была яна надзiва рэальная, — аблiваў Пракопа пот сьцюдзёны, цяжка валачылiся наперад ногi i ў вачох цямнела. Кволае здароўе ледзь давала вытрымку такiм духовым выпрабаваньням. Калi-б не насеў Алесь, не пайшоў-бы, мусiць, на падзел зямлi.

— Плюнь ты, швагрок, на басякоў гэтых. Яны-ж толька тое робяць, што iм зьверху загадаюць, — тлумачыў Алесь. — Гэта-ж ня Косьцiкава й Лявонава ўласьць, а новая, савецкая, каторая ўсiм чысьцiнька, што працуюць зямлю во даць хочыць. Ну а як даюць, казаў той, дык бяры…

Пракоп уважна зiрнуў на швагру. Гаварыў той самы чалавек, каторы нядаўна яшчэ так камплетна й згодна патакiваў яму, што басякi свае й чужыя да ўлады дабралiся. Неадступна назаляў вочы пабiты напокуцi абраз Прадславы й аж цяпер трасло жыватом пры згадцы сьмярдзючай самагонкi, каторую сiлай лiлi.

"Калi даюць, дык бяры, а як б'юць, уцякай". Разумная, цi нi адвечная, ад калыскi прыжытая праўда. Адно-ж — процiлежнасьцi.

Уверх дном нейкую вялiкую жыцьцёвую пасудзiну перакулiлi. Вазьмi хаця млын той. Жорны бакамi вылазяць. Гэтта ў памяцi шматразовыя вандраваньнi на млын у Гацi i ў Докшыцы, гэтта й сьлязьлiвы, змораны Сявенька, гэтта й шчодрыя дакоры й балючыя пытаньнi. А прыгадай бясконцыя чэргi за нафтай, хлебам, сольлю, цукрам, не гаворачы ўжо пра якi трант, каб цела прыкрыць. Што гэта? Парадак цi арганiзаваны хаос? I як знайсьцi цэлы корань ладу нейкага, калi з аднаго боку няспынны паток абяцаньняў бурлiць, а з другога галеча й безгаспадарлiвасьць.

Лягчэй было-б Алесю ў новыя парадкi цi беспарадкi ўжыцца. Нiдзе далёка ад вёскi нагой ня ступаў, а хоць i кемлiвы быў мужчына, вока ягонае так далёка як Пракопава, не сягала. Ня быў Алесь на працы ў Петраградзе, ня зьведаў нiякага далёкага сьвету й не пацярпеў ад мясцовых двух злыдняў. Пракопу-ж абрыдзеў i вялiкi, чужы горад i куды больш дапяклi, чаго ў магiлу не загналi басякi гэтыя.

Пакiдаючы збоку пытаньне пра сваю й Алесяву жыцьцёвую дасьветчанасьць, адзiн факт, можа асноўны ключ, усiх ягоных турботаў, трымаў у галаве Бахмач. А факт гэты, як сьвет абжыты i ўсiм вядомы, сьветчыў, што не магла iснаваць нiякая, ня толькi вялiкая й магутная дзяржава, калi ня было ў ёй парадку, устаноўленай заканамернасьцi. Як нi ганьбавалi ўжо цара калiшняга, ды ўсё-ж пад панаваньнем ягоным кажны бачыў нейкую заканамернасьць, дысцыплiну й парадак. Гэтта-ж гавораць i абяцаюць адно, а робяць iншае. Трацiўся давер i да гэных, што наверсе, не гаворачы ўжо пра злыдняў, што на сваiм сялянскiм хлебе вырасьлi. А мо ўвесь гэты беспарадак i быў новым парадкам?

Пракоп жахнуўся пры такой новай думцы. Калi-б так было, дык навошта й каму гэта патрэбна? Дзяржава-ж мусiць жыць, усе часьцi ейнага арганiзму мусяць пасьлядоўна сваё рабiць. Глядзi во што будзе навет у тваей собскай гаспадарцы калi, скажам, ладу ў сям'i няма…

— Нешта-ж ты надта надуўся, — пачуўся голас збоку.

— Га?

— Кажу, што з табой? — спытаў Пракопа Алесь. — Цi табе яшчо нiздаровiцца?

— Ды нiчога, так сказаць… от думкi…

I яны йшлi далей.

— Казаў табе раней, — прадаўжаў Алесь, — што нiма чаго надта думаць. Даюць дык бяры.

Трымаў прымаразак i скрыпеў пад нагамi тонкi сьнег. Пракоп не азiраўся па бакох, не заглядаў у вочы Алесю адно праз кут вока маячыў шваграў сiлуэт. Разьвярэджаныя думкi выклiкалi больш пытаньняў чымся даходзiла адказаў. Дзесьцi ў глыбi сьведамасьцi загнязьдзiўся закаранелы, небясьпечны страх. Дакараў сябе Бахмач за тое, што цi нi шукае дзiркi ў цэлым, намагаецца лiшняе выдумляць. А мо ранейшы перапалох яшчэ трымае? Гэта-ж нi жарцiкi, так бакi набiлi, гэтак пазьдзеквалiся, што цяпер i бацьку роднаму цяжка паверыць было-б.

А мо бязладзьдзе гэтага новага ладу адно часовае зьявiшча? Самi-ж бальшавiкi нi раз казалi, што "нi адразу Маскву пастроiлi", трэба «абаждаць», усе такiя малыя недарэчнасьцi, як чэргi пры крамах, цi нейкi млын, каторы ня можа зь млiвам справiцца — зьявiшчы пераходныя, спрычыненыя тым, што разбураецца стары й будуецца новы парадак. Вось дзе яно: "новы парадак". Гэты «парадак» на ўсе спосабы скланялi, сялянскiя вушы iм абтрапалi. А ад чаго пачынаецца "новы парадак"? Ад разбурэньня й беспарадку?

"Эх, можа й шукаю дзiркi ў цэлым", — думаў Пракоп. — "Дадуць, дык вазьму, а што пасьля… адбяруць, дык адбяруць…" Гэткiм канчатковым выснавам падбадзёрыўся Пракоп i зiрнуў навокал. Пярэднiя сяляне згрупавалiся ля гасьцiнцу на малым сугры, што да забароненай зоны прымыкаў. Зонай гэнай быў ладны кавалак поля, абгароджаны высокiм плотам з калючым дротам. У вадным куце загарадкi, далекавата аж пад лiпавiцкiм гаем ляжалi стосы мэталёвых бочак. Казаў нехта, што ў бочках бiнзiну трымалi. Ля тога кладу бочак вiдаць было двух жаўнераў у даўгiх шынэлях, з пупаватымi будзёнаўкамi на галовах i штыкамi на стрэльбах, пераз плячо перавешаных. Блiжэй пад лiпавiцкi сад, абкапаныя зямлёй, тарчэлi рулi гарматаў, цi ня зэнiтак. Вартаўнiкi былi й каля гарматаў.

40
{"b":"103054","o":1}