"Пра што гаварылi цяпер тэлефонныя правады? Якiя гукi й куды несьлi? Пэўне-ж iншыя чым пры панох", — разважаў Янук, вуха ля слупа трымаючы. — "I што рабiць цяпер з чашкамi, зьбiваць iх, цi не?"
Ад часу, як "народная ўлада" прыйшла, ня бралiся дзецi за каменьне. Можа ня вырашылi яшчэ, цi цяпер чашкi былi «нашыя» цi iншым «псякрэвам» належылi. Ня ведаў Янук якi вялiкi сымбалiзм мелi ягоныя думкi.
Прасторны будынак зь нiзкiм плоскiм, гонтавым дахам — абвiслая па бакох шапка рослай мухаморы — сьвятлом вокнаў i гоманам вечарыны ажыўляў навакольле. Кагадзе пабудаваў яго лiпавiцкi пан у лагчыне, непадалёк гонкiх лiпаў вялiкага саду. Не маглi дайсьцi клёку навакольныя сяляне, навошта той будынак пану спатрэбiўся. Быў-жа ў маёнтку абшырны так званы палац, у каторым цi пералiчыш розныя, памоднаму называныя каморы. Пан меў не адзiн маёнтак. Казалi людзi, што будынак гэты, прастораю мо на пяць вясковых хатаў, калi ня больш, пабудаваў пан для баляў i летнiм павiлёнам назваў. I запраўды, ўжо на зыходзе салодкiх часоў «жэчпаспалiтай» цi раз поўнiўся будынак музыкай, гоманам маладых i старэйшых панкоў. Сяляне-ж, бачачы такое багацьце будаўляных матар'ялаў на роскаш ужытае, словамi й думкамi ў розныя цiкавыя месцы пана пасылалi.
Лiпавiцкi бальшавiцкi гарнiзон меў электрычны генэратар i фiльмовы пражэктар. Часта зыходзiлiся навакольныя сяляне таго цуда на белым палатне паглядзець. Калi трымала пагода, Ленiн ладзiў сваю рэвалюцыю на адкрытым полi або вялiкiм дварэ. Калi-ж капрысiла неба, той самы Iльiч цi Чапаеў грамiў-разьбiваў усялякую «контру» ў новым прасторным будынку, каторы сяляне лiпавiцкай пуняй назвалi.
Пра назоў гэты якраз цяпер думаў Янук. "Гэта ня пуня, а цэлы вялiзны вуль цяперака", — пастанавiў Бахмач, згадваючы гул пчол у каторым вульлi бацькавай пчалiнай гаспадаркi ў летнi вечар. Шырака зьзялi адчыненыя дзьверы пунi. Недзе ў гэным вялiкiм вульлi была адна мiлая пчолка з выклiкам у вачох, што Янукова сэрца казыталi.
Пад шырокай стольлю вiселi чатыры лямпы. Смурод карашкоў, задуха й пот забiралi дыханьне. Два вайсковыя баянiсты гралi «рускага». Цяжка было разгледзець, хто хадзiў упрысядкi ў шчыльным коле людзей. Янук затрымаўся ля парогу. Непадалёк, за дзьвярмi нейкi незнаёмы сiвавалосы дзядзька слухаў двух жаўнераў, што ператрасалi абрыдзелую ўжо трасянку пра дабро калгасаў. Кемлiвы селянiн стаўляў пытаньнi як шпiлькi, уводзiў у азарт чырвонаармейцаў. Дзядзькi й цёткi таўклiся ля дзьвярэй, былi й дзецi.
Янук падыйшоў да кола й праз шчылiну ў цесным вязьме спасьцярог як ёмка хадзiлi ногi двух байцоў. Быццам лёгкiя пеўнiкi кружылi яны навокал дзеўкi. Тая-ж больш павольна, але зусiм зграбна перабiрала нагамi. Час ад часу рукi намагалiся абцягнуць заголеную сукенку. Янук распазнаў Хвядосаву Маньку. Казалi людзi, што каб танцаваць «рускага» дык трэба ў чорта i вытрыманьня пазычыць. Чырвонаармейцы й мясцовая моладзь плёскалi ў такт рукамi, некаторыя-ж, падвыпiўшы добра, на нагах хiсталiся.
Баяны сьпяшылi тэмпа. Плёсканьне й заахвочаньне гледачоў павялiчылi азарт танцораў. З твараў iх цёк сакавiты пот. Вось, здавалася, змогуцца, здадуцца. I ў меру павялiчэньня тэмпа, ацiхала плёсканьне, разяўлялiся ад зьдзiўленьня раты. Калi здавалася, што пырсьне да адказу нацягнутая струна, голсаным заключным скрыпам змоўклi баяны. Шчыльнае кола людзей выгнулася мускуламi, завiхрыла i неўзабаве з моцных вайсковых глотак усплыло гулкае «ура». Два чырвонаармейцы й дзеўка апынулiся на руках пад стольлю. У тым падкiданьнi высака загалiлася Манькiна сукенка. Няведамае жаданьне, наводля таго, што наплыло некалi з Дуняў у канюшыне, млоснасьцю прабегла па целе. Перапоўненая заля забушавала. Нехта аберуч схапiў Янукову левую руку.
— Прышоў, Янучок?
Васiлёк разбуйнеў у новай блакiтнай сукенцы, каторую некалi, выставiўшы тугiя пупушкi грудзей, што так засаромiлi Янука, прымярала перад зубам люстэрка на сьцяне. Янук разгубiўся. Здавалася, што ўсе прысутныя прыглядалiся толькi iм. I ўжо дзе як дзе, але гэтта на публiчнай вечарыне так проста й бясцырымонна ей ня трэба было-б да яго прылiпаць.
— Ну што-ж, Янучок, авечкi табе язык адкусiлi, цi што? Скажы-ж хоць слова.
— Я… гэта-ж самае… ну прышоў…
Янук чуў як нешта сказаў ягоны язык.
— Алi-ж ты i дзiця, стыдлiвы якi!
— Дуня, ты так прытулiлася… можа й стыдлiвы…
— Мяне стыдаiсься?
Зноў расплылiся звукi баянаў. Гралi вальса.
— Iзвольте, барышня.
Перад Дуняўй стаяў афiцэр i, не чаклаючы адказу, закiнуў за плячо дзяўчыне руку.
— Янучок, я посьля…
Дунiны словы Бахмач прыгадаў пазьней, калi апынуўся на лаве ля сьцяны. Заля гойдалася пад мэлёдыю нейкага прыгожага, раней нячутага вальсу. Адно куды пазьней даведаўся Бахмач што гэта быў за танец i што людзi ў маскоўскiх катоўнях пад тыя гукi на другi сьвет адыходзiлi.
— Ну й што, забраў баец тваю дзеўку?
Шырокай усьмешкай дыхаў рабацiнны твар i пад носам ня вiсела неадлучная «бiрубалка».
— Забраў, цi не… а табе што?
Янук пашкадаваў, што гаркнуў. Крыўдна было, што ў такi нязручны момант гэты сапляк пад бокам.
— Алi-ж ты, халерачка, зласьлiвы якi! Што гэта, Дуня цябе ўкусiла? насядаў Стась.
— Нiхай во цябе, такога зуха, каторая ўкусiць!
— Ну ўжо нi крычы так! Калi яна нi твая, дык чаго да цябе так тулiцца?
Гэта быў апошнi чалавек, катораму Янук даверыў-бы свае тайны сэрца. Скажы яму што, дык гэта тое самае, што ў чацьвер на глыбоцкiм ранку разгарлапань.
— Ну а твая дзе? — адсек Янук.
— Нiма ў мяне.
— Як нiма дык знайдзi сабе. Паглядзi вунь колька напаўзло. Цягнi Брунiську найменшую, аж пiшчаць вунь усе тры.
Янук перасалiў. Мо пiшчэлi iншым разам, але ня сяньня. Усе дзеўкi ў вялiкiм спросе былi, а найстарэйшая Мальвiна, што даўно спадзяваньнi на замужжа страцiла, прамянiлася ад радасьцi, што моцна гарнула яе да сябе жаўнерская рука. Плёткi нарадзiлiся раней, а з прыходам "вызвольнiкаў"яшчэ больш iх нарасло. Некаторыя жанчыны яе "салдацкай крутухай" называлi. Хто ведаў, коплькi было ў тым праўды.
Вальс скончыўся. Зручна высьлiзнуўшы ад свайго партнёра, Дуня побач Янука на лаўцы села. На лбе ейным выступiлi кропелькi поту, зьзялi з задавальненьня вочы й шпарка гойдалiся пад мяккай, блакiтнай тканiнай грудзi.
— Засаплася, мусiць? — спытаў Янук, крадком пазiраючы ў ейныя вочы.
— А нiхай iх, Янучок, як накруцяць! — адказала хутка, насаткай выцiраючы з твару пот. — Ды яшчо якая зь мяне там танцорка… Пойдзiм з табой танцаваць. Добра?
Янук баяўся зiрнуць дзяўчыне ў вочы, каб у ягоных трусьлiвасьць ня вычытала. А воддаль, — ён быў пэўны таго, — пазiраў на iх з дурной усьмешкай на твары Стась.
— Ну, Янук, пойдзiш?
— Ты-ж знаiш, што танцаваць я нiколi нi танцаваў.
— Бiда вялiкая! — усьмiхнулася дзяўчына. — Навучышся. Я табе памагу. Ну?
Януку душна зрабiлася.
— Кажу-ж табе, што танцаваць я анi ў зуб! — апраўдваўся Бахмач.
— Нi бядуй, некалi-ж пачынаць трэба. Як ня будзiць першага разу дык ня будзiць i пачатку.
— Алi-ж як гэта асьмелiцца?
— От я табе пакажу, памагу.
Дуня прыхiнулася яшчэ блiжэй i проста ў вочы ягоныя зiрнуць намагалася. Нiзка выразаны трохкутнiкам верх сукенкi цяпер адхiлiўся i на хлапца ў цэлай поўнi пазiралi тугiя, голыя закончаныя румянымi пупушкамi грудзi. Разьлiлася па целе млявасьць.
— Ну як гуляiш, Дунiчка? Глядзiш, каб дзяцюк твой самапасам ня бегаў? Ха-ха-ха!
Дунiна сяброўка, Юшкевiчава Клава, паехала дробненькiм сьмехам. Высокi здаравяка ў вайсковым мундзiры гарнуў яе да сябе. Яго правая рука бессаромна цiснула сьпераду вялiкiя дзяўчынiны грудзi. Клава перарасла Дуню, хаця дзяўчаты аднагодкамi былi. Не падабаўся Януку Клавiн войстры язык, што часам i матам не ганьбаваў. Прыгожая з выгляду, гнуткая ў рухах, цяпер вольнай была. Дзяцюка ейнага «моцарствовую» баранiць пагналi.
— Пiрастань, кажу! — сыкнула дзяўчына на бальшавiка й плёснула па дакучлiвай руцэ.
— Ну да ты чаво эта, — не адставаў жаўнер, — я люблю тебя.