— Дык я-ж гэта… хацела сказаць… Ага. Вы нам расказалi якi добры й вялiкi таварышч Сталiн, як ён асвабадзiў нас i другiя, як таварышч Молатаў, тожа добрыя. Дык мы тут, бабы, разгаварылiся, што за iх дабро для нас, за тое, што нас асвабадзiлi, каб iм якi падарак паслаць…
Аксеня выказала гэта адным дыхам. Спынiлася, ня ведала што далей зрабiць.
— Вы, жанчыны, думалi падарак паслаць таварышчу Сталiну? Так вас разумею, цi не?
— Ага, да, таварышч, так…
— Гэта цудоўна вы выдумалi! — захапiўся камiсар. — Так, гэта цудоўна! Ну а якi падарак вы будзеце пасылаць?
Пачуўшы такую пахвалу ад Маршалкава, Аксеня аж змалела. Цяпер ейная першапачатковая думка здалася то дрэннай, то зусiм недарэчнай. Як-жа ты з такiм падаркам ды да самога Сталiна ткнешся? Аксенi было яшчэ нiякавата й таму, што цяпер сталася цэнтрам агульнае ўвагi. Жанчына зiрнула на сябровак. Непаслухмяным зрабiўся язык. У вачох жанчын пабачыла падбадзёрваньне й таму сьмела загаварыла да Маршалкава.
— Мы гэта-ж, таварышч камiсар, гаварылi цi варта толькi асьмелiцца, бо нiчога, ведаеце, дарагога ня можам…
Яна спынiлася, а маскаль чакаў далейшага слова.
— Ну так, прадаўжайце.
— Дык вось-жа, мы нiчога дарагога паслаць ня можам, самi ведаеце, пад польскiм iгам жылi… Можа таварыш Сталiн i каторыя другiя начальнiкi, як ён, нашага падарка ня прымуць?
Аксеня, вiдаць, не асьмелiлася падаркам пахвалiцца. Маршалкаў усьмiхнуўся, зiрнуў на Косьцiка.
— Дык ты-ж, цётка, скажы, што вы надумалi паслаць i я ўверан, што таварышч камiсар пасаветуiць цi варта пасылаць цi не, — растлумачыў Сабакевiч.
— Мы гэтага-ж, свайго дамашняга палатна надумалiся паслаць, ось што, нарэшце прызналася Аксеня. Яна зiрнула на камiсара, сарамяжлiва, быццам дзеўка перад першым прызнаньнем у каханьнi, апусьцiла вейкi. Камiсар зычлiва ўсьмiхнуўся.
— Добра, цудоўна! — усклiкнуў Маршалкаў. — Я думаю, што вы надзвычайна прыдумалi. Бяз сумнiву, таварыш Сталiн вам лiчна падзякуе. Аб вас даведаецца ўвесь народ i вы станеце прыкладам для жанчын усей рэспублiкi.
Цяпер Аксеня ўявiла сябе гэраiняй, гэт далёка за Лiтоўцамi слаўнай. Ды што там Лiтоўцы, унь аж у Маскве пра яе пачуюць. Гэта-ж ня хто iншы, як сам таварыш Сталiн асабiста ей падзяку прышле. Вось будзе што людзям паказаць. Вялiкая слава, ўжо казытала Аксенiна сэрца. Бойкая, наравiстая, агрэсыўная, гэта яна, а ня Пiлiп у хаце гаспадар. Што той Пiлiп: сядзеў вунь над калодай. малатком цюкаў, шылам калоў, фратвай прышываў. Рухавiк — яна, Аксеня. Ласкава зiрнула на сына, што стаяў побач задаволены, што матку хвалiў такi вялiкi маскоўскi начальнiк.
— А як-жа гэта, — гаварыла збоку да маскаля Аўдоля, — як-жа гэта, таварыш камiсар, паслаць падаркi? Пошты-ж цяперака нiма.
— Ды пусьцяк гэта, — махнуў Маршалкаў рукой. — Зьбярыцеся, зрабiце пасылку, напiшыця хто й каму… Вы апроч таварышча Сталiна i другiм членам палiтбюро партыi хочаце падаркi паслаць?
— Ну ўсiм-жа, усiм, — пацьвердзiла Аксеня.
— Дык от, вельмi добра, цудоўна. Падаркi перадайце мне. Я паклапачуся, каб iх адразу адправiлi ў Маскву.
Пачуўшы такую пахвалу ды абяцаньне помачы ад бальшавiцкага камiсара, паднечаныя жанчыны загаварылi ўсе разам. Энтузiязм разьлiўся ў цэлы шэраг прапановаў, каторых адразу нельга было вырашыць. Насамперш трэба была ўстанавiць хто й каму падрыхтуе падарак. Сталiна адразу прысвоiла Аксеня. Думка пра падаркi ў ейнай галiне нарадзiлiся, дый была яна цi нi найлепшай ткальляй кужалю ў вёсцы. Жанчыны згадзiлiся сабрацца на наступны дзень i падзялiць прозьвiшчы бальшавiцкiх палiтбюроўцаў.
У школьнай залi напiнаўся мяхамi й рыгаў баян. У вялiкiм коле пасярод два жаўнеры скакалi «рускага». Калi тым духу не хапiла, зьмянiлi iх iншыя скакуны. Гэткiм чынам «рускi» трываў ладны кавалак часу. Адзiн маскаль прынадзiў да скокаў Хвядосаву Маньку. Пад гул i рогат з бакоў, дзяўчына нядрэнна патрапляла чырвонаармейцу. Ногi да танцаў мела спрытныя, але недахоп практыкi ў такой акрабатыцы хуткаў выгнаў пот на лоб, дзяўчына задыхалася ды неўзабаве, пры агульным рогаце, азадкам села на падлогу.
Ромкаў гаспадар нешта сказаў баянiсту. Той кiўнуў галавой, скончыў «рускага» й пераключыўся на «Кацюшу», Спачатку нясьмела, пасьля байчэй пацягнулi за баянам галасы. Лявон i Косьцiк дзёрлi глоткi, быццам каб пахвалiцца сваiм майстэрствам перад лiтоўскiмi сялянамi. Праз шырока адчыненыя вокны й дзьверы песьня вылятала на двор, рэхам адклiкалася мiж вольхаў i вербаў у блiзкiх аселiсах i далейшым балоце. Навокал школьнага будынку групамi гаманiлi сяляне, нiхто дамоў ня сьпяшаў. Адно Васiль уссадзiў крэкчучага бацьку на каляску ды рушыў з двара. Дзесь улiпавiцкiм маёнтку конаўкай сьвятла разганяючы цемру, грувасткi касалапы гусянучны чалябiнец валок на загадзя раскапаную пазыцыю цяжкую зэнiтку.
Наўздагон «Кацюшы» паплыла "Есьлi заўтра вайна". Гэта была куды баявейшая. Перад кажнай звароткай словы казаў чарнявы гарбаносы чырвонаармеец. — Дружно, все разом! — спанукаў ён прысутных. Адылi апроч бальшавiцкiх жаўнераў мала хто сьпяваў.
Нястомны баянiст пераключыўся на польку-трасуху. Як восеньню лiсьце пад сiльным ветрам, закружылi на залi пары. У гурце старэйшых i падлёткаў ля парогу стаяў i прыглядаўся танцам Янук. Да грамады меншых дзяўчат падыйшоў рыжавалосы бальшавiк. Дзяўчаты сьцiснулiся, пачуўся вiск i сьмех. Маскаль учапiўся за Дунiну руку й выцягнуў дзяўчыну з грамады. Спачатку ногi яе хадзiлi нязграбна, нясуладна з танцорам. Сарамяжлiва азiралiся на бакi. Неўзабаве ўжо добра патрапляла чужнiку. Учэпiстая касматая рука прыгарнула гiбкую дзявочую сярэдзiну. Раз цi два вочы-васiлькi спынiлiся на Януку. Нешта балюча заскрабло яго ў грудзёх.
Алесява дачка Надзя сядзела побач Брунiськавай Мальвiны. Калi спасьцерагла Шпунтовага Лявона, што як таран, не аглядаючыся на бакi, iшоў проста ў ейным кiрунку, падумала, што дзяцюк на Мальвiну зрок меў. Дзеўка аж гарэла. На твары яе паднечанае чаканьне: вось дзяцюк iдзе, паласавацца можна. Мальвiна даўно ў старых дзеўках марнела. Цяпер-жа, акупанты прарэдзiлi лiк дзяцюкоў сваей вайною, Мальвiне пры адных марах даводзiлася астацца. Спагадлiвая да суседкi, Надзя спасьцерагла Лявонаў намер адно тады, як выцягнулася ягоная рука.
— Ну што-ж, золатца разумнае, маж й сiчас нi пойдзiш?
Ужо пасьля сходу мусiць усьпеў сербануць недзе, бо самагонкай ад яго нясло.
Надзя зачырванелася. Як у кажнай вёсцы, гэтак i ў Лiтоўцах, дзеўкам вызначалi шансы замужжа перадавыя клясыфiкатаркi-пахатухi. Паводле характару й выгляду Надзю паставiлi блiзка сьпераду, паводле пасагу — у хвасьце. Надзiн дзяцюк Мiхась ваяваў цi бiбiкi ў палоне зьбiваў недзе. Каму-ж цяпер за яе заступiцца? Дзўчына ведала цану Лявонавага заляцаньня, пазьбягала дзяцюка як магла. Яна зiрнула на бацькоў, што ля дзьвярэй стаялi.
— Патанцуй, Лёнька, са мной, галубок! Ха-ха-ха! Хадзi! — запрашала, устаючы з лавы Мальвiна. Дзеўка аж пабрыдзела ад недарэчнага сьмеху, што трос вялiкiмi, абвiслымi грудзьмi.
Лявон быццам ня чуў яе. Юрлiвы, паднечаны самагонкай зрок распранаў сьцiплую, нясьмелую, чырвоную аж да кончыкаў вушэй Алесяву дачку.
— Што-ж ты, Лёнька, дзевак табе мала? Ты-ж знаiш, што я Мiхасёва. Мальвiну во вазьмi, — адказала Надзя.
— Якая ты такая Мiхасёва? Дзяцюк твой знаiш дзе? От я тут хадзяiн i сiчас мая будзiш! — гаварыў таран i дзьве рукi паднялi дзяўчыну з лавы. Баянiст рыпеў нейкую дагэтуль у Лiтоўцах няведамую мэлёдыю факстроту. Зьбiтая з тропу хамскай нахабнасьцю, Надзя не агледзiлася як апынулася мiж танцуючых i намагалася патрапляць няроўным крокам дзяцюка. Ашчаперыў яе як мядзьведзь, адну лапу ззаду нiжэй паясьнiцы трымаў. Дзяўчыне дух займала. Яна схапiла Лявонаву руку.
— Што ты робiш, нястыднiк? Людзi глядзяць!
— Га? Ну што людзi? I м сваё, а нам сваё…
Ён насядаў яшчэ мацней, басiў дзяўчыне на самае вуха. З роту нясло самагонным гарам.
— Нястыднiк, каб ты згарэў! — сыкнула Надзя, — Ня цiсьнi гэтак, дыхаць нiма чым!
— Я-ж цябе люблю, — дыхнуў юрлiвасьцю дзяцюк.