Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Павярнуўшы вулiцай направа, дзяцюк прадаўжаў iсьцi абсаджанай лiпамi брукаванай дарогай. Па бакох яе, у зеленi садовых дрэваў, плянава выраўнялiся два шэрагi чырвоначарапiчных мураваных дамоў. Некалi тут жылi сыцейшыя панкi-ўраднiкi, такiя, якiм сялянкi насiлi на продаж пад дзьверы яйкi, масла й сыры, бо панюськi iхныя лянiлiся на рынак хадзiць.

Пры адным доме Дзяркач убачыў зялёна-шэрую вайсковую аўтамашыну i чалавека ў мундзiры за рулём. Яшчэ за хвiлiнаў пяць дзяцюк апынуўся ў шырокай адчыненай браме. Зь левага боку наўскасяк усьмiхаўся на сонцы вялiкi добра дагледжаны сад. У куце, мiж рослага малiньнiку роiлiся пры вульлях пчолы. Парнiк аранжэрэi дыхаў шыракаадчыненымi сэкцыямi шклянога даху. Спрэчку вялi вераб'i.

Антось пастаяў, разгледзеўся. Аўтавыя шыны дугой вярнулi ў правы бок, дзе воддаль мiж кветак, язьмiну, бэзу й рабiнаў прысеў нiзкаваты, чырвонай бляхай крыты, мураваны дом. Там жыў гаспадар саду, парнiкаў, аграмаднага гароду з рознымi сэкцыямi гароднiны й садовых прышчэпаў, прыпадкова ведамы нашаму чытачу аграном, дзядзька Януковага сябры Лявона Загорнага Кастусь Падгайскi.

Гэтага цiкавага й даволi адукаванага чалавека пазнаў Антось даўно, яшчэ ў раньнiх дваццатых гадох, калi разам адбывалi «чынную» службу. Асьцярожны, памяркоўны, вызначаўся ён надзвычайнай працавiтасьцю й ашчаднасьцю. Скончыўшы сельскагаспадарчую школу, даўжэйшы час практыкаваўся на працы ў iншых, а яшчэ далёка ад часу «вызваленьня» з усходу купiў нядрэнна дагледжаную, зь вялiкiм кавалкам гароднае зямлi, гаспадарку на краю Гацяў. Гэтта ён запраўды паказаў сваю напорную працавiтасьць. За колькi год узорная гаспадарка пачала даваць шчодры прыбытак. Падгайскi змог з большага сплацiць даўгi й агулам палажыў трывалкiя асновы на будучыню. Позная жанiцьба не прынясла яму ўцехi. За два гады астаўся бязьдзетным удаўцом.

Ад Кастуся Падгайскага Антось пра беларушчыну спанатрыў. Аграном належаў некалi да Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады, трымаў кантакт зь беларускай Вiльняй, пiсаў на сельскагаспадарчыя тэмы ў беларускiя календары й часопiсы. Ведама, за гэткую актыўнасьць меў розныя няпрыемнасьцi ад польскiх прыдзiраў. Цi раз намагалiся яго завэрбаваць, а пасьля, калi не ўдалося, шантажавалi ў вачох уладаў мясцовыя камунiстычныя элемэнты. Кастусь, вiдаць, трымаўся надзвычайна асьцярожна, бо з прыходам бальшавiкоў, хоць ня спынялiся розныя шыканы й прычэпкi, усё-ж пакiнулi яго на сваiм месцы. Праўда, узорную гаспадарку ягоную далучылi да суседняга саўгасу. Як ведамы й спрактыкаваны аграном, што рэдка калi трапаў языком, а больш выказваўся ўзорнай працай, ён стаўся неабходным для саўгасу й так, вiдаць, у бальшавiцкiх вачох «iдэйна ненадзейны» чалавек утрымаўся ў родным куце. Хоць ягоныя парнiкi, дбайна дагледжаны гарод, сад i ўсю маёмасьць зрабаваў саўгас, мясцовыя сяляне — бальшавiцкiя прыгоньнiкi, пад кiраўнiцтвам быўшага ўласьнiка й цяперашняга галоўнага агранома саўгасу, даглядалi за «народнай маёмасьцю». Гаспадарка Падгайскага не пайшла на глум наводля iншых, што сталiся «нашымi», «народнымi», а значыцца мала хто пра iх дбаў.

Антось спынiўся. Перад шырокай, на цэлую сьцяну, вэрандай стаяла вайсковае аўта. Асьцярожна, каб, баранi Божа, не сьцягнуць на сябе якога лiха, Антось узыйшоў на ступенькi й прыслухаўся праз прачыненыя дзьверы. Памяркоўны й зроўнаважаны Кастусёў голас штосьцi даволi доўга гаварыў панямецку. Пасьля хутчэйшым тэмпам адазваўся другi голас, што належаў, вiдаць, прыехаўшаму аўта. Воддаль на чыгунцы прагрукатаў цягнiк i Антось, выкарыстаўшы гэта, каб не пачулi крокi зьбег зь вэранды, абыйшоў вакол хаты й пачаў разглядаць што рабiлася ў парнiках. Яму ўсьмiхалiся пышныя розы, iншыя вазонныя кветкi, дасьпяваючыя памiдоры. Антось пачуў гул матору й бачыў як на дарогу, абсаджаную лiпамi, шмыгнула вайсковае аўта. Ён выйшаў з парнiка й накiраваўся ў аграномаву хату. Пастукаў у дзьверы. Крокi наблiзiлiся i ў адчыненых дзьвярох зьявiўся аграном.

— Антось, братка, здароў. Заходзь, — запрасiў ён. — От добра, што гэта ты, браток, ато я баяўся, што зноў з гэтай нямчуры… Спакою не даюць, то адзiн то другi, каб iх халера… Але-ж чакай, чаго гэта мы стаiм? Хадзi ў кухню.

У гэтым доме ўсюды было прасторна. З правага боку ад уваходу праз адчыненыя дзьверы вiдаць быў стол, завалены кнiгамi й паперамi, полкi з кнiгамi ля сьцен, а апроч крэсла ля стала, воддаль стаяла скураная канапа. Гэты пакой аграном называў бiблiятэкай. Цяпер адчынiў ён дзьверы ў абшырную кухню. У куце стаяла печка зь белых кафляў, ля сьцяны — шафы на пасуду й харчы, пры вакне — стол з чатырма крэсламi. У кухнi навет быў кран з вадой, люксус запраўды ў гэны час у тых ваколiцах рэдкi. Адны дзьверы з кухнi вялi на двор. Ведаў Антось, што гэты здольны й руплiвы чалавек меў ззаду выкапаны склеп, дзе трымаў разнае варыва. Функцыю такога склепу Падгайскага па вёсках поўнiлi, хоць i ня поўнасьцю, варыўнi.

— Дык от, прысядзь, браток, а я тут што-небудзь на скорую руку падгатоўлю, бо й сам галодны як бяздомны сабака, ад раньня заняты быў. Гэты Немiц мне многа часу забраў.

Гэтак гаворачы, Кастусь стаўляў пасуду на стол, браўся чорны хлеб рэзаць. Сярэдняга росту, моцнага складу, хуткi ў рухах, апрануты ў кароткiя летнiя трусы й кашулю бязрукаўку, Кастусь меў густыя рыжыя валосы — зьява мiж Беларусаў даволi рэдкая. Шырокi твар з простымi рысамi, павольнымi й дапытлiвымi вачмi адразу будзiў да сябе давер. Загар на целе сьветчыў пра тое, што бальшыню часу праводзiў у полi цi ў гародзе.

— А хто гэта такi быў? — спытаў Антось.

— Iхны-ж ваенны аграном. Прыджгаў гадзiны дзьве таму назад з загадам ад каманданта, ну й давай аглядаць гаспадарку, распытваць ды казаць мне якi парадак новы трэба рабiць. Знаеш, от такое наша прафэсыянальнае… Але-ж ты, братка, пачакай, можа па чарцы зробiм? Ты-ж рэдкi госьць у мяне. Шнапсу паспрабуеш.

— Што за шнапс?

— Нямецкая гарэлка. Ты пасядзi тут, я зараз вярнуся.

За колькi хвiлiн Падгайскi прынёс сьпелыя памiдоры, радыску, зялёную цыбульку, парэзаў памiдоры i хлеб, палажыў на талеркi, выняў з шафы каўбасу й пляшку рудой нямецкай гарэлкi.

— Бяры, братка, хлеб, каўбасу, гароднiну Ты-ж, пэўне, ад раньня ня еў.

— Ды не.

— Дык вось, бяры, за нашае здароўе, — спанукаў Кастусь, налiўшы чаркi й даючы адну Антосю.

— За наша здароўе, дай Божа, — згадзiўся Дзяркач.

Выпiлi й пачалi закусваць. Сьвежы чорны, з баханкi ў хворме вялiкай цаглiны, хлеб смакаваў добра з вандзонай каўбасой.

— Цiкавы й хлеб, дый гарэлка нiшто сабе. Дзе бярэш?

Падгайскi сажваў i праглынуў уложанае ў рот.

— Ды ад Немцаў, адкуль-жа… Яны-ж маё во забiраюць. Каб ты вiдзiў, дня ня пройдзiць, каб iх ня было. Выбралi во ўжо колькi гароднiны, каб iх халера!

— I як яны, нiчога ня плацаць, так сабе бяруць?

— Камандант дае цэтлiк дзе напiсана, колькi забраў дый кажа што некалi цывiльныя ўлады заплацяць.

— Што гэта цэтлiк?

— Ну як квiт панашаму. А я яму, чорту, веру, што мне заплацяць? Ну але што рабiць буду? Кажыць, — вiдзiш, ужо, сабакi, даведалiся, — што гэта саўгасная зiмля, нi мая значыцца. Я кажу, што ўсю маю гаспадарку бальшавiкi зрабавалi ды ў саўгас пiрадалi.

— Ну й што ён на гэта?

— Чакай, кажыць, цывiльная ўлада прыйдзiць, тады разьбяруцца. Ну пагляджу, буду свайго дабiвацца.

— А якая гэта цывiльная ўлада, чыя?

— Давай яшчо па аднэй чарцы вып'ем, — казаў Падгайскi, налiваючы. — Дык вось, прапаную за лепшую будучыню, каб ня было так блага як пры гэнай нячыстай сiле.

— Я за гэта заўсягды гатоў! Дай Божа! — згадзiўся Антось.

— Дык вось пра гэту цывiльную ўладу, — прадаўжаў аграном, калi выпiлi. — Гэтыя-ж, ведаеш, браток, што цяперака тут во, гэта ваенныя. Фронт сунецца на ўсход. Ваенныя выбяруцца з фронтам, а на iх месца прыйдзiць цывiльная нямчура. От пра iх камандант гаворыць.

— Ну й што ты думаеш, будзiць? Табе-ж лепi тутака вiдаць, бо я сяджу ў вёсцы, як у мяшку завязаны.

— Цяжка, Антось, сказаць што будзiць. Цяперака во, вiдзiш, мы ад сьвету саўсiм адарваныя. Гэта я пра сваiх людзей зь Вiльнi думаю. Трэба будзiць зь iмi зьвязацца. Будуць-жа камiтэты нейкiя цi што, газэты свае будуць. Новыя парадкi пачнуцца. Цяперака-ж, пакуль гэтыя вайсковыя хапуны тутака гаспадаруць дык нiма нiчога нармальнага. Калi тая цывiльная ўлада прыйдзiць дык Немiц будзiць памочнiкаў патрабаваць. Гавару пра нiжэйшую адмiнiстрацыю, такую як воласьцi, паветы ну й школьнiцтва. Немцу-ж ня хопiць сваiх людзей, каб за ўсiм гэтым глядзець, яму-ж ваяваць трэба. Дык вось, братка, калi гаварыць пра цывiльную ўладу дык яна, на маю думку, будзiць двайная, нямецкая й бiларуская… Таму нам цяперака трэба разглядацца й прыглядацца, ды калi настанiць час — нi спаць у шапку!

9
{"b":"103053","o":1}