Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я вiджу, што ты, Кастусь, ужо многа чаго пiрадумаў. Калi так, дык можа скажаш i мне, што рабiць?

— Ты што, сьмяешся? Я ведаю, Антось, што ты добры жартаўнiк. Нi ад учарашняга знаемся. Але як ты гэта хочаш, каб я табе сказаў што рабiць?

Антось памаўчаў, узяў скрылёк памiдоры на вiдэлец.

— Не, Кастусь, жартаў тут нiма. Паслухай. З нашай вёскi Палякi змабiлiзавалi вунь колькi дзяцюкоў у войска. Ну й дзе яны? Толькi адзiн гультай, самы найбольшы недалуга вярнуўся. А дзе рэшта? Я, як сам знаеш, вышмыгнуў iм з рук. Гэта раз. Бальшавiкi мяне арыштавалi па даносу Лявона Шпунта. Блiзу галавой не налажыў у дарозе. А ты чуў, што яны ў Бярэзьвiчах нарабiлi, колькi людзей вымардавалi?

— Ага, чуў. Жахлiва!

— Ну дык во. Вiдзiш, я два разы з пасткi ўцёк. I от, дзякуй Богу, вярнуўся я дамоў, сяджу й думаю: а чаго-ж ад Немца чакаць? Ты думаеш, што ён аставiць мяне й такiх, як я, ды нi зачэпiць? Нiвядома як вайна пойдзiць. Можа ён ужо бальшавiком сьпiну зламаў, а можа й не. Ты кумекаеш што?

— Дык чаму-ж не, чую ад Немцаў. Кажуць, што гоняць па ўсiх франтох. Вiцебск, кажуць, ужо забраны, Кiеў абкружаны, а там на Ленiнград сьпяшаць. Ну але гэта толькi пачатак. Ты гэта самае, Антось, пытаешся, цi такiх як ты зачэпяць, цi не. Але-ж тут ня трэба быць надта мудрым, каб ведаць, што для вайны патрэбна й войска й сiла рабочая. Як нi пападзеш у вадно дык у другое. Пасядзець дома яны табе нi дадуць. Праўда, цяпер, кажу табе, зарана ведаць што й як будзiць, але яно скора праясьнiцца. Трэба быць гатовым. Я нi пра сябе гавару, бо я маю работу, магу iм быць патрэбным. Гавару пра такiх як ты, дзяцюкоў, моладзь…

Памаўчалi.

— Знаеш што, Антось, я пагавару тут з тым i сiм, буду вушы й вочы адкрытымi дзiржаць. Як што цiкавае, дык табе пiрадам. Добра?

— Чаму-ж не? Ты тут збоку, казаў той. Буду на цябе й лiчыць.

— От яшчо адно што цiкавае: Саладуху Немцы забралi й расстралялi, чуў? Трэба быць асьцярожным…

— Так? Не, ня чуў.

— Дык от цяперака чуеш. Ну Саладуха быў камунiст, а мы ня ёсьцiка. Але, знаеш, чаго я нi разумею? Немцы-ж самi ня ведаюць мясцовых камунiстаў, iм-жа нехта даносiць. Ну як ты думаеш?

— Вядома свае пальцам пакажуць.

Аграном усьмiхнуўся.

— Што пакажуць пальцам — гэта праўда. Але свае цi чужыя?

На такое загадкавае пытаньне Антось ня ведаў як адказаць. Ён упарта глядзеў Падгайскаму ў вочы. Абое маўчалi.

— Чорт iх знаiць якiя чужыя…

— А вось давай, Антось, разам падумаем. Цi мала ў нас тут чужых, каторым многiя з нашых людзей нявыгадныя? Пра камунiстаў я цяпер нi гавару, бо яны ў норы пазалазiлi, або зьбянтэжаныя, ня ведаюць што рабiць… Але вазьмi паляч'ё. Ты думаў пра iх?

— Ды не. А што такое яны робяць? Яны-ж цэлы час крычалi, што Немцы найбольшыя iхныя ўрагi. Я думаю, што яны цяперака Немца баяцца, каб ня выдушыў iх.

— Наiўнасьць, наiўнасьць, Антось. Крычаць на немцаў яны маглi. Але нi забывайся, што паляч'ё ня будзiць спаць, а нешта рабiць возьмiцца. Ну й цяпер уявi, што Немiц дасьць нам, Бiларусам, як i належыцца, — бо гэта-ж наша зiмля, — дасьць, значыцца, нам школы й адмiнiстрацыю. I што Палякi будуць рабiць, падумай. Вып'ем яшчо?

— Давай яшчо па аднэй. Бог тройцу, казаў той, любiць.

Падгайскi налiваў гарэлку, а Антось задумаўся. Аграном назваў яго наiўным. А ён-жа думаў, што меў ненайгоршую галаву на плячох.

— Ну, знаеш Кастусь, з гэтымi Палякамi ты мяне ў тупiк паставiў. Чакай, абажджы… Няўжо-ж ты думаiш, што яны маглi-б разам зь Немцам пайсьцi, каб нас iзноў душыць? Страшна падумаць…

— Яно-ж сабе страшна, але падумаць трэба. Бо калi мы нi падумаем, Антось, дык хто будзiць за нас думаць? Праўда? Я табе зараз раскажу чаму я так мяркую, што можа здарыцца. Але раней прыпомню табе вось што: ты ведаеш, што я звычайна негаваркi, язык за зубамi ўмею дзiржаць. Праўда?

— А як-жа…

— Але я знаю дзе й калi язык трэба за зубамi дзiржаць. Пiрад табой магу быць адкрытым i таму я так усьцешыўся, што ты да мяне прыйшоў. Трэба пагаварыць i падумаць разам. Але цi ты знаеш, што я агульна пра жыцьцё думаю, чаму я такi а ня iншы?

— Ды не, нi саўсiм.

— Я заўсягды стараюся бяду прадбачыць. Гляджу на самыя чорныя колеры, рыхтуюся да найгоршага. От што мне памагаiць. Усё гэта, вiдзiш, што я меў, пакуль гэтыя нячысьцiкi, бальшавiкi, прыйшлi ды забралi, я здабыў цяжкай працай i навукай. А гэта таму, што на нiкога нi спадзяваўся. От, Антось… Каб нi расьцягваць, скажу табе проста, што трэба прадугледзiць самае горшае й цяпер, дый асаблiва цяпер. Я прыслухоўваюся што Палякi мiж сабой сюсюкаюць i пшэкаюць… Знаеш, ацiраюцца тутака каля мяне… Ну, ведаеш, свой, местачковы ну й гэтак далей. Вось-жа й чую сёе-тое. Скажу табе проста: ужо Палякi думаюць як прыспасобiцца, каб неяк уладу ў свае рукi пры Немцах узяць. Вядома, яны асьцярожна, бо ваенная ўлада яшчэ тут. Але паночкi ўжо адзiн аднаму на вуха, як, маўляў, уладзiцца, каб цэлымi быць дый сякую-такую ўладу мець. А ты падумай, ну, прашу цябе, падумай, што добрага для нас, калi паляч'ё тутака над намi верх возьмiць, га?

— Вядома што будзiць…

— Во, во, вядома, а як-жа. I ты знаеш, што трэба толька, каб мiж iх адзiн цi другi адважны ды з галавой найшоўся, сказаў, павёў, як яны ўсе на падтрымку яму. Што-ж, нi праўда?

— Праўда, мы iх знаем.

— От, Антось, чаго я баюся. Нашыя людзi, ведаеш, спакойныя, асьцярожныя, даўно пры ўладзе ня былi. Пакуль яны куды, дык гэтыя ўжо пазалазяць. Ну, скажам, Немiц будзiць палiцыю арганiзоўваць, на дапамогу сабе. Ну й пазалазяць туды Палякi… Значыцца яны будуць мець у сваiх руках стрэльбы. Ну й вядома, нi над Немцам-жа яны будуць начальнiкамi, а над намi…

— Гэта як ты, Кастусь, кажаш, так яно можыць i быць…

— А чаму-ж не? Знаеш, я ня ведаю i ты ня ведаеш, як яно запраўды будзiць, але-ж мы Палякаў знаем. Трэба прыглядацца, дзiржаць кантакт мiж сабой, каб у выпадку чаго адпор даць. Як ты думаеш?

— Табе, братка, вiдней. Я спадзяюся, што калi што важнае будзiць дык мне пiрадасi, каб мы сабе памагалi. Добра?

— А як-жа. Так мы i ўмовiмся. Ну дык на здароўе.

Выпiлi па трэцяй чарцы.

— А во, — сказаў Кастусь, — чуць нi забыўся, у мяне два вараныя яйкi ёсьць. Хочаш? Добра закусiць.

Ён падаў iх з шафы на стол. Антось узяў адно, пачаў абiраць.

— А што з Жыдамi будзiць, ты чуў? — спытаў гаспадара.

— Немцы ўсё кажуць, што «юдэ капут». Ну але як яны й што будуць рабiць, дык гэта ўвiдзiм. Цяперака нашыя мясцовыя бедныя жыдкi сiдзяць, як мышы пад мятлой. Надта-ж баяцца. Багацейшыя паўцякалi. Ад палячкоў чую, што ў Польшчы Немiц Жыдоў у «гетто» пазаганяў.

— Як гэта ты сказаў? Гет…

— Гетто. Гэта нямецкае слова. Як-бы па-нашаму сказаць — загарадзь; замкнутая цi адгароджаная часьць гораду цi мястэчка. Тамака зьбяруць усiх Жыдоў i дзiржаць пад вартай iх. Ганяюць на работу. Значыцца, волi Жыды нiякай нi маюць, яны саўсiм пад кантроляй.

— Гэта Палякi так расказвалi? Дзе гэта так ёсьць?

— У Варшаве, Лодзi ды ў другiх гарадох. Сюды-ж прыяжджаюць нiкаторыя Палякi, што працуюць на чыгунцы, дык от яны й прывозяць такiя навiны.

— А тутака ў дэпо хто цяпер працуiць?

— А ну тыя, каторыя й раней. Вядома, Немiц гаспадарыць. Кажуць, што нiкчэмныя заработкi. Дый наагул гэта ўсё часовае. Яно поўнасьцю выясьнiцца, як цывiльныя ўлады прыйдуць. А тымчасам вось што: трэба быць асьцярожнаму, каб у нямецкiя рукi нi папасьцiся. От скажуць, што ты камунiст, пакажуць пальцам на цябе. Каторы Немiц схопiць i бяз суду, браток, шлёпнiць цябе. Чакай, можа й табе трэба было-б аўсвайс узяць?

— Што гэта такое?

— Гэта дакумант, пасьветка, выданая Немцамi. Часам, калi зловяць, от, скажам, якi ваенны патруль цябе задзержыць, дык трэба iм аўсвайс паказаць. Але, братка ты мой, ня ведаю, цi табе дадуць яшчо. Даюць толька тым, што для iх працуюць. От мне таксама далi, бо лiчаць мяне як пастаўшчыка гароднiны для iхных кухняў. Я распытаюся й табе пасьля скажу. Ты знаеш, Антось, от што, давай умовiмся: калi ў вас што цiкавага, дык паведамi мне, акалi ў нас нешта важнага дык я вестачку табе пашлю. Добра?

10
{"b":"103053","o":1}