Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вялiкая ты, воля. I незраўнальна магутны той, хто стварыў цябе. Хораша, прыгожа, цудоўна дыхаецца табой. На нагах бацькавы зношаныя боты, але сын ня крочыць у бацькаў сьлед. Пракладаць трэба сьцежкi новыя. Ад каго чуў Янук такое, цi падобнае? Цi ня ў школе ад Сабалеўскага?

Так, меў Янук нейкую сваю, аднаму яму наканаваную, дарогу. Адчуваў гэта. Калi-б яго, гэнага асаблiвага свайго прызначэньня ня меў, ня клiкаў-бы яго праныра-жартаўнiк на Марылiн Горб. Як ня дзiўна? Усе такiя юнакi, як ён, равесьнiкi й блiзкiх гадоў хлапцы дзесьцi нейкiя бiбiкi зьбiваюць. А ён вось тут, на таямнiчым Марылiным Гарбе, толькi таму, што ёсьць нешта «надта, надта важнае»!

Цiкава, чаму гэткiя нязвычайныя думкi новыя якраз цяпер назойлiва свайго абмяркаваньня жадаюць? Чаму якраз тут, пры гэткiх стройных, быццам на параду прыгажосьцi гатовых, бярозах? Спынiся, зiрнi на гэтыя цацы. Голенькiя, на зiму яны падрыхтавалiся. Чалавек на холад апранаецца, а гэтыя наадварот. Кантраст. I вакол маестатычная цiшыня, адно ледзьве чуваць далёкiя адгалоскi вёскi. Ды павёз некуды прылады вайны пiсклiвы паравоз.

Дамагалася праслуханьня загнеджаная ў неспатольным юнацкiм сэрцы й вiна перад бацькам. Стары, жыцьцём падбiты, часта нямоглы чалавек. Трэба было-б яму больш пры гаспадарцы пасобiць. Кагадзе зноў схапiлiся. Ня першы гэта раз. Надта-ж войстра. Янук сам сябе ледзь пазнаваў. Седзячы на печы, апусьцiўшы на пяколак босыя ногi, гаварыў Пракоп Бахмач.

— Куды цябе нячысьцiк гонiць? Ня вiдзiш во якая нясусьвецiца? Чорт знаiць, што вырабляецца. Прападзеш, скруцiш галаву, кажу…

— Тата, сам ты ня вiдзiш, што робiцца. Бiларусь во расьцець. Яна такiх, як я, патрабуiць. Я малады. Мне другая дарога, чымся табе. Твой сьвет аджыў…

— Калi яна расьцець, гэта такая твая Бiларусь, дык i бiзь цябе вырасьцiць. I якая табе другая дарога? Куды цябе? Чым ты занiмаiшся? Вайной блiжэй свайго кута дзяржыся… ато галаву скруцiш. Нашто табе гэты Дзяркач? Вунь пакуль вы каго, дык яны вас перш…

— Галавы я, тата, нi скручу. Ты сваё жыцьцё жыў, а я сваё ды сваiм розумам жыць буду. Цi ты, тата, гэтага нi разумеiш?

— Жабянё! Цьфу! Яйцо курыцу вучыць узялося. Ня будзеш мець куска хлеба дык з голаду прападзеш. Бiларусь выдумаў… Дзе яна, тая твая Бiларусь?

— Я яе ня выдумаў, тата. Яна была й ёсьцека!

— Дзе хто пра яе чуў, тую Бiларусь? Каму яна трэба?

— Дык вось я табе, тата, скажу: Бiларусь — гэта ты i я, гэта ўсе мы. I гэта наша зямля, а нi Маскалёва, нi Немцава, нi Палякова. Каб некалi нашы продкi не далiся чужынцам абдурыць, дык даўно-б сваю дзяржаву мелi, а чужыя злыднi-кравапiўцы нас жабракамi на сваiх нiвах не парабiлi-б…

— Што ты вярзеш, ёлупень! Каля гаспадаркi во цябе, нябось, нiма. Як во ня будзiць чаго есьцi й голы пуп прыкрыць чым, дык ты, такi разумны, згiнеш!

Апошняе, зь вялiкiм нацiскам выказанае «згiнеш» лягло мяжой. Пасьля гэтага бацька ня выказваў талеранцыi да сынавых разважаньняў, прост-напраст ня меў намеру слухаць. I ўсё гэта трывала дзесьцi да першае гадзiны ночы, пад роўнае дыханьне непрабуднага Мiколы. Адчуваў Янук, навет дакладна разумеў, што магла бацьку iнтрыгаваць ягоная мова. Гэта быў нанос зь лекцыяў гiсторыi, якую ў школе вучыўся й мо недасягальная вышыня для чалавека, якi за жыцьцё сваё сотнi кiлямэтраў за поручнямi плуга й за бараной зрабiў. Але як накш выкажаш свае думкi? I адчуваў Янук, ведаў добра, што ня звычайная была з бацькам спрэчка. Навокал тварылася шмат большае за яго й бацьку. Зьвяруга вайна можа падхапiць i панесьцi яго ў сваей зьнiшчальнай плынi i кiнуць стоць у нейкi небясьпечны вiр.

Янукоў нос пранюхаў гар дыму. Лагодна дзьмухнуў вецер i недзе ўверсе нудна скрыпнула надломанае дрэва. Прыслухоўваючыся, Янук паволi ступаў мiж бярозаў. Неўзабаве густая iх чарада ўступiла месца радзейшым кустом i воддаль мiж галiнаў Янук псасьцярог рэдкi сiняваты дымок. Непадалёк вялiкае, падоўжанае кучы хворасту й ацяробкаў на калодзе ля вогнiшча сядзеў чалавек. Па чырвоным, добра-ткi ўжо падношаным кажушку, кепцы, на правы бок галавы насунутай ды цёмных валосах Янук пазнаў Антося. Неадступным бярозавым кiем пароў ён вогнiшча.

— А, гэта ты! — адвярнуўшыся, усьмiхнуўся дзяцюк. — Добра, што прыйшоў. Я сяджу во й думаю, што ты мог-бы й пабаяцца…

— Во, а чаго? — бадзёра спытаўся Янук.

— Ну дык як гэта чаго… Пра гэты-ж во, пра Марылiн Горб дык цi мала чаго навыдумлялi. Нiбы тутака самыя чэрцi рагатыя. Пэўне-ж i сам наслухаўся!

— Чаму-ж не.

— А ты знай, што чарцей людзi стварылi. Ня веру я ў iх ды людзi, на маю думку, страшнейшыя за чарцей бываюць.

Нiколi не даводзiлася Януку на паважныя жыцьцёвыя тэмы з Антосем гаварыць i ня ведаў ён чаго спадзявацца ад Дзеркача пасьля ўчарашняга.

— Нi стаi. Бяры во якую калоду ды сядай.

Янук азiрнуўся, выцягнуў з кучы чурбан дрэва й сеў на iм ля вогнiшча, насупраць Антося.

— Нехта тут во добра пры бальшавiкох паласаваўся. Бярвеньне сьцягнуў а суччо й ацяробкi пакiнуў.

— Ага, — згадзiўся Янук.

— Ды пачакай, нiхай во балота ўмерзьнiць, от сякеры й пiлы пойдуць у работу.

— Думаеш?

— Людзём трэба дрэва. Пакуль там хто агледзiцца… От увiдзiш…

— Можа быць, — згадзiўся Янук. — Але-ж i прыгожы дзень.

— Дзень нiшто сабе мы выбралi.

Антось упарта ўглядаўся ў вогнiшча, дзе найбольш дымiў смаляк i тлела суччо, аддаючы прыемне цяпло. Дзяцюк пароў смаляк кiем. Дым iшоў амаль стоць уверх.

— Вытрубiлi мы ўчора ў Паўлоўскага бутэльку сiвухi ды яшчо кмiноўкай паправiлi. Дык, халера, галава цяжкая сягоньнiка. Але трэба было.

Гэнае «трэба было» нейкiм вiнаватым голасам сказаў i дзесьцi ўбок зiрнуў.

— Во, я ня думаў, што ты п'янiца. Ды яшчо зь кiм? Зь дзiравым шляхцiцам! — абвiнавальна кiнуў юнак.

— Чакай ты, паволi! — пагарачыўся Антось. — Ужо ты так адразу п'янiцу зь мяне робiш, а нiчога нi знаiш. Калi-б ня трэба было, дык я-б да гэтага самага шляхцюка дзiравага й на парог нагой ня ступiў.

Пры апошнiх словах бразьдзей стукаў па смаляку ў вогнiшчы Антосеў кiй. Iскры падскаквалi ўверх.

— Ты, гэта самае, чуў, што Немцы нашых восем чалавек у Глыбокiм расстралялi? I твайго дырэктара Якаўлева? Ды нашага войта Бабра?

Янук анямеў. Што выпiўка лiтроўкi ў Паўлоўскага з гэтым супольнага мела? Цяпер згадалася ўчарашняе «надта важнае». Дырэктара ў школе некаторы час ня бачыў. Казалi, што захварэў, а ягоныя лекцыi зь геаграфii й матэматыкi вялi iншыя настаўнiкi.

— Як гэта расстралялi? Калi й за што?

Антось адказаў не адразу.

— Найболi гэтых, якiх расстралялi, як кажуць, за камунiзм, дык гэта нашыя добрыя людзi. Некаторыя былi ў Грамадзе й Палякi iх судзiлi. А Немцы ў Гацях як вады ў рот набралi. Ад iх нiчога не даведаешся. Камунiсты капут, ды i ўсё! А было гэта зроблена так шыта-крыта й скора, што пакуль людзi спасьцераглi дык тых, найболi з Гацяў арыштавалi, адвезьлi ў Глыбокае й забiлi. I разам зь iмi надта важнага для нас чалавека, войта Бабра. Бандзiты! I толька таму, што наш Кастусь Падгайскi маiць у Гацях у палiцыi свайго чалавека, таму мы й знаем як i хто гэта зрабiў…

— Паляч'ё? — спытаў Янук.

— Ну а хто-ж…

— От нячыстая сiла!

Настала доўгае маўчаньне. Антось упарта пазiраў у тлеючае вогнiшча. Моцна сьцiснула бярозавую палку рука. Канец яе колькi разоў па смаляку ўдарыў, узьляцелi ўверх iскры.

— От, братка ты мой. Пакуль мы агледзiлiся, дык паляч'ё нашых самых лепшых восем чалавек зьлiквiдавала. I то не сваймi, а нямецкiмi рукамi. Падумаць, падумаць толька! Усё, што нам астаецца, дык гэта сядзець, як старыя кажуць, ды «нiхай хоць сам чорт пануiць, абы добра жыць было». А нас па аднаму, па два, па пяць, па дзесяць так i выдушаць. I чорт панаваць будзiць на касьцях нашых!

Нешта ня зусiм укладалася ў Януковай галаве. Былi складнiкi, але не атрымлiвалася сумы. «Немцы, — думаў ён, — гэта нашыя прыяцелi. А хто-ж гаспадарыў?»

— Дык пры чым тут твая выпiўка зь дзiравым шляхцiцам?

Трэба было бачыць у гэны час Антося, а асаблiва назiраць за ягонай бярозавай палкай. Нiколi Янук Дзеркача ў такiм сьвятле не разглядаў. Зямля ад зямлi. I нешта самабытнае, наскрозь здаровае, любоўю да роднага, жаданьнем справядлiвасьцi да людзей прасякнутае. Вясковы жартаўнiк, такi сабе, быццам просты дзяцюк, што, здавалася, нiкому вока не запарошыў. Людзi, вiдаць, ня зусiм яго разгледзiлi. Цяпер Янук быў упэўнены, што гэта ня хто iншы, а толькi Дзяркач той Шпунтоў лёзунг на вясковай школе спэцкаў ды бальшавiцкага гарлапана як на даланi людзям, ледзь не нагала разьдзетага, паказаў.

30
{"b":"103053","o":1}