Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— А мы здолеем яго зрабіць?

— Гэта ўжо на зыхер[18]… Я ўсё абставіў — першы клас. Стапрацэнтна. Ты толькі не асаромся, — сказаў Ігнат.

Яны збочылі з шашы на палявую дарогу і каля дзясятай гадзіны вечара падышлі да комплексу пабудоваў. Іх сустрэў зацяты сабачы брэх. Прыяцелі падышлі да ўваходу на шырокі двор фальварка. З ганка адгукнуўся злосны, крыху ўстрывожаны голас:

— А хто там лазіць!!

— Свае. Янэк Нацэвіч з сябручком. Вітаем пана Баніфацыя.

— Ага! Зараз… Пачакайце!

Неўзабаве да веснічак наблізіўся высокі плячысты мужчына. На шворцы ён вёў сабаку. Ясь і Ігнат зайшлі на падворак і скіраваліся да дома. Іх суправаджаў канцэрт злых дварнякоў, што сядзелі на ланцугах у розных кутах пляцоўкі.

Яны ўвайшлі ў вялікі пануры дом. З сенцаў, якія дзялілі хату на дзве часткі, гаспадар правёў іх у чыстую палову, дзе ён жыў з жонкай. Служкі жылі ў чорнай палове. Прыяцелі апынуліся ў вялікім памяшканні, з якога ў іншыя пакоі вялі дзверы.

У святле газавай лямпы Ясь убачыў высокага, крыху згорбленага мужчыну. У яго была жорсткая рудая шчэць і маленькія шпаркія вочкі. Апрануты ён быў у саматканы суконны гарнітур.

Гаспадар з цікаўнасцю прыглядаўся да Яся.

— Дык гэта і ёсць той майстар? — спытаў ён, крызу здзіўлены хлопцавай маладосцю.

— Ён і ёсць. Нічога, што малады. Затое разумны за нас абодвух. Я ўжо паказваў вам яго работу. Лепш і ў Амерыцы не зробяць. А заўтра ён махане ўзорчык. Каб вы, пане, самі ўбачылі, што гэта за інтэрас. Мільёны можна зарабіць!

— Ну, добра, — пацёр рукі гаспадар. — Вы, напэўна, без вячэры. Але што я вам дам есці?

— Вы за гэта не перажывайце, — супакоіў яго Ігнат. — У нас з сабою і кілбаса, і тры бляшанкі шпротаў і кмінаўкі пляшка ёсць. У нас не тое, што ў вас: дзень папрацуем — і тысяча даляраў у кішэні. Пачатак ужо ёсць, а што далей — ад вас залежыць. Можам супольна папрацаваць, усім хопіць. Месца ў вас пэўнае, гэта дакладна.

Мінулым разам Ігнась, робячы папярэднія захады да інтарэсу, прадставіў справу так: у Менск прыехаў малады хімік, які працаваў у Пецярбургу на «Монетном Дворе» і дасканала ведае тэхніку друкавання грошай. Уцякаючы ад бальшавікоў, ён апынуўся тут ні з чым. Ігнат з ім пазнаёміўся, і хімік прапанаваў яму выраб фальшывых, а так насамрэч сапраўдных грошай, бо справа тут у тым, што кожная банкнота настолькі насычаная фарбамі, што з яе можна зрабіць — адцягнуўшы частку фарбаў — яшчэ адну банкноту. Такім чынам са старублёўкі можна мець яшчэ адну старублёўку, выкарыстоўваючы адпаведныя хімічныя сродкі. Паколькі курс царскіх грошай цяпер быў нізкі, планавалася рабіць адбіткі даляравых банкнот. Цяжкасць была ў тым, што малатыражная вытворчасць не аплачвалася, а для вялікага тыражу патрэбна было шмат аўтэнтычных купюр. Ігнат ужо папярэдне даў пану Баніфацыю новенькую двухдаляравую банкноту як узор працы пецярбургскага тэхніка. Яе злёгку прамачылі гваздзіковым маслам.

Пан Баніфацый уважліва агледзеў банкноту і, хаваючы раздражненне, сказаў:

— Гэта ж, пане Ігнацый, вялікія грошы зрабіць можна.

— Вядома, — адказаў ігнат. — Толькі нельга справу расцягваць, бо хімікаты рэдкія. Іх тут цяжка знайсці. Таму трэба адным разам махануць вялікую колькасць банкнот. З гэтай мэтай трэба купіць на чорным рынку як мага больш амерыканскіх купюр вялікага наміналу, мінімум пяцідаляравых, а пажадана большых. На гэта трэба шмат грошай, таму я акурат шукаю чалавека, які мог бы гэта фінансаваць. Прыбытак мы б падзялілі так: хіміку за работу 40 адсоткаў, я за пасярэдніцтва і дапамогу ў працы — 20 адсоткаў, а той, хто дастане сапраўдныя купюры, таксама атрымае 40 адсоткаў прыбытку.

Пан Баніфацый, сквапна гледзячы на банкноту перад сабой, сказаў:

— А па іх не пазнаюць, што яны фальшывыя?

— Ды дзе там! Зрэшты, вазьміце самі гэтую купюру і абмяняйце ў банку або ў мянялаў. Без праблем. Такія банкноты зусім не фальшывыя. Хіба толькі ў будучым выявіцца, што пад адным нумарам дзве купюры. Але калі тое будзе?.. Праз шмат гадоў а можа, і ніколі.

Пан Баніфацый на момант задумаўся.

— А гэты ваш хімік не падмане?

Ігнат рассмяяўся.

— Бачу, што вы ўсур’ёз задумаліся. Купюра ляжыць на стале, што той бык. У нас было няшмат грошай, таму я купіў дзве па два даляры і дзве па пяць. Вы, пане, думаеце, што я дурны? Мяне б ён не правёў. Я сам прысутнічаў на праверачным запуску. Гэта доўгая і цяжкая праца. Я бачыў кожную драбніцу. З усім дапамагаў. Пасля размяняў у адным банку двухдаляравую, у іншым — пяцідаляравую. Якія могуць быць сумневы. У мяне засталіся гэтыя два даляры, якія вы тут бачыце, ды яшчэ пяць ёсць.

Ігнась выцягнуў партманэ і паклаў на стол яшчэ пяць даляраў. Навюткая купюра пахла, як і тая, гваздзіковым маслам. Пан Баніфацый уважліва агледзеў і яе таксама.

— А нічога, што яна смярдзіць?

— Глупства. Пакласці на некалькі гадзін у цёплую духоўку — і выпарыцца, — адказаў Ігнат. — 3 тымі я так і зрабіў.

Пан Баніфацый прыглядаўся то да Ігната, то да банкнот і штосьці абдумваў. Урэшце ён прымружыў левае вока і хітра сказаў:

— А што калі мы таго тэхніка ці хіміка ў лапці абуем? Тады можна яго долю між намі падзяліць. Вам было б ажно шэсцьдзесят адсоткаў, а рэшта — мая.

— Я не разумею, што вы маеце на ўвазе, — Ігнат прыкінуўся здзіўленым.

— Ну, вы яму дапамагалі і, як вы гаворыце, бачылі, як усё гэта робіцца, дык нашто ён нам?

Гэтым разам Ігнат удаў абурэнне:

— Але гэта ж не ганарова! Як так можна!

— Не ганарова, затое здарова! Хе-хе-хе! — прарыпеў пан Баніфацый.

— Я на такое не згодны, — урачыста абвясціў Ігнат. — Калі вы, пане, інакш не жадаеце, то я буду вымушаны пашукаць іншага кампаньёна.

Пан Баніфацый няшчыра рассмяяўся:

— Я проста жартаваў… Хацеў паглядзець, як вы да гэтага паставіцеся.

— Хай сабе і пажартавалі, — сказаў Ігнат, — Зрэшты, без яго не абыдзешся, бо я ведаю толькі ход працы. А што за растворы і куды там што мазаць, то я ўяўлення не маю… Я хацеў спачатку знайсці кампаньёна ў горадзе. А пасля згадаў вас. Вы маеце знаёмствы сярод купцоў. Вам лёгка сабраць ці пазычыць любую суму. Чым больш, тым лепш. Пасля работы ім можна вярнуць тыя самыя грошы.

Спыніліся на тым, што Ігнат павінен быў запрасіць хіміка з усімі прыладамі, каб супольна параіцца аб правядзенні работы.

Цяпер акурат яны прыйшлі да пана Баніфацыя, каб усё вырашыць. Калегі дасталі з заплечніка пляшку гарэлкі, шпроты і кілбасу.

— Хлеба ж вы нам ужо дасце, — сказаў Ігнат.

Пан Баніфацый, якога распаліла перспектыва вялікіх прыбыткаў, прыдушыў у сабе скупасць і вырашыў накрыць урачыстую вячэру. З суседняга пакоя ён паклікаў жонку:

— Марыся!

У пакой увайшла маладая, прыгожая, фігурыстая жанчына. Ігнат перабольшыў з яе маладосцю. Ёй магло быць каля дваццаці гадоў. Яна была вельмі нясмелая. Не падымаючы вачэй, яна прывіталася з гасцямі.

— Марыся! Зробіш нам вячэру. Да гарэлачкі перш за ўсё яечню. Яек не шкадуй, сала таксама. Дасі гуркоў і грыбоў. Там ёсць рыжыкі салёныя. І не марудзь.

— А мы тым часам вып’ем пад шпроты, — сказаў Ігнат, выбіваючы рукой корак з пляшкі.

Неўзабаве бутэлька была пустая. Пан Баніфацый разахвоціўся і дастаў з кішэні звязку ключоў.

— Пачастую вас гарэліцай уласнага вырабу. Пярцоўкай.

У хуткім часе ён прынёс літровую пляшку самагону і закрасіў яго вішнёвым сокам. Яны пілі далей. Неўзабаве Марыся падала на стол яечню і закускі. Ясь, якому кабета вельмі спадабалася, запрасіў яе за стол.

— Нядобра, пане Баніфацый, каб мы пілі, а ваша жонка нам прыслужвала, як кухарка.

І ён стаў зацята піць за яе здароўе, заахвочваючы жанчыну ўздымаць кілішак. Настрой паляпшаўся, Пан Баніфацый прынёс яшчэ літр самагону. Ён хутка напіўся і недарэчна балбатаў. Ясь разышоўся і пачаў пад сталом штурхаць Марысю нагой. А пасля злавіў на сабе яе шальмоўскі позірк і ўсмешку. Гэта зусім вывела яго з раўнавагі. Ён пачаў сачыць за жанчынай. Знайшоў зручны выпадак, калі яна выйшла ў кухню, каб схапіць яе ў сенцах. Ён моцна абхапіў яе і прагна цалаваў. Марыся палала.

вернуться

18

Зыхер — пэўна, дакладна.

4
{"b":"649013","o":1}