Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Вы шляхцянка? — хутчэй засведчыў, чым спытаў Ажур.

— Так, — адказала яна.

— Вы добра ведаеце мовы.

— Так.

— Прадаваць вы не ўмееце.

— Не ўмею.

— Вы навучыцеся. Заробак я вам дам у залежнасці ад вашых патрэб. Дамову падпісваць не будзем. Праца з заўтра.

Ён прызначыў ёй час прыходу на працу і развітаўся.

— У вас няма гадзінніка.

— Няма.

— Вазьміце гэты, — ён дастаў з шуфляды новы дамскі гадзіннік з бранзалеткай.

Дзяўчына хацела пратэставаць. Але Ажур не даў ёй і слова сказаць.

— І ў мяне не заўжды гэта было. Без гадзінніка працаваць нельга. Я вылічу гэта з заробку.

Здзіўленая жанчына выйшла на вуліцу. Ажур, седзячы нерухома за сталом, паліў цыгарэту і насвістваў нейкі вальсік. Ён быў упэўнены, што зрабіў добрую інвестыцыю, наняўшы гэтую дзяўчыну прадавачкай. На наступны дзень, як толькі пачаўся гандаль у краме, Ажур дастаў з кішэні партманэ і адлічыў 1000 ост-рублёў. Ён упісаў гэтую суму ў кнігу ў калонку «расход» і пазначыў мэту выдатку — рэклама. Гэтыя грошы ён даў прадавачцы і сказаў:

— Прашу вас прыгожа і модна апрануцца.

Дзяўчына здзівілася, але не пратэставала. Словы проста прыліпалі ёй да горла ў прысутнасці гэтага чалавека. Праз пару дзён яна змяніла сваю адзіную, мазольна зацыраваную, заношаную сукенку на прыгожы, але сціплы касцюм і боцікі. Рэшту грошай і рахункі яна аддала Ажуру. Ажур пачаў штось насвістваць, пасля змоўк і сказаў:

— Прашу вас купіць сабе паліто, бялізну і што там трэба. Гэтая тысяча рублёў — адзінаразовы выдатак, без вылічэнняў.

Беручы яе на працу і цягам наступнага месяца Ажур не пытаў яе пра імя і прозвішча. Толькі потым, калі яму трэба было на тыдзень з’ехаць з горада, ён пацікавіўся ў яе пра гэта.

— Мяне завуць Марыя Антонаўна Запольская.

— Полька.

— Так.

— І я паляк… З Варшавы… Бацькі ў вас ёсць?

— Так, яны памерлі ў Маскве… Тыф і турма…

Ажур насупіўся і доўга маўчаў.

— У Польшчы ў мяне ўжо нікога няма, — дадала дзяўчына.

Праз нейкі момант Ажур быццам апамятаўся ад задумення, падняўся і развітаўся з Запольскай.

— Я з’язджаю на тыдзень.

— Як займацца крамай?

— Так, як вы палічыце патрэбным.

Мінуў тыдзень. Ажур не вяртаўся. Запольская, карыстаючыся свабодай у справах продажу, разам з цацкамі пачала прадаваць таксама канцылярскія тавары. Праз дзесяць дзён Запольская занепакоілася, што яе карміцель не вяртаецца. Калі Ажур быў на месцы, то яго дзіўныя візіты непакоілі і крыху раздражнялі яе. Чаму ён так дзіўна пазірае? Чаму не кіруе ейнай працай? Такое стаўленне было ёй незразумелае. Цяпер ёй не ставала яго халодных, дзіўных вачэй і заўсёднага маўклівага адабрэння. Марыся лавіла сябе на тым, што, калі яе галава была вольная ад штодзённага клопату, думкі самі кіраваліся да Ажура. Праз пятнаццаць дзён у краму прыйшоў нейкі ягамосць ва ўзросце і спытаў Запольскую:

— Гэта крама пана Эдварда?

— Так.

Гэты ягамосць уручыў ёй канвэрт і паклаў на прылавак досыць доўгую, цяжкую і старанна загорнутую пасылку.

— Калі ласка, надзейна схавайце гэта. Тут дарагія тэхнічныя прылады.

— Добра.

Запольская разарвала тоўсты канверт. У ім было пяць тысяч ост-рублёў на закупку тавараў і паведамленне ад працадаўцы, што ён вернецца праз два тыдні. Дзяўчына супакоілася і з імпэтам пачала планаваць далейшыя паляпшэнні ў краме.

Тым часам Ажур дабраўся да Вільні і ў гэтай адвечнай калысцы зладзейскага свету ўсходніх крэсаў Польшчы, вырашаў свае справы. Перш за ўсё яму быў патрэбны камплект інструментаў для адкрывання, або, калі вызначаць гэтае дзеянне яшчэ дакладней, для свідравання і рэзкі сейфаў. Цяжкасцей з гэтым было шмат. Складана было знайсці добрую сталь, свердлы… Урэшце, некаторыя інструменты ён зрабіў сам у блатнога ўладальніка механічнай майстэрні, а рэшту трэба было прывезці з Варшавы. І акурат надарылася добрая аказія. Адзін блатны з каханкай — як муж і жонка — везлі ў Варшаву некалькі тысяч ліпавых даляраў. Гэта былі фальшывыя дваццацідаляравыя купюры, якія фальшывадрукарскае кіраўніцтва прадавала па цане ад 3 да 8 сапраўдных даляраў. Цана залежала ад асобы пакупніка, колькасці набытых «ліп» і часу. Спачатку даражэйшыя, пасля таннейшыя. Па вёсках Віленшчыны і Царства Польскага разышлося многа тысяч такіх ліп, і сяляне зберагалі іх часта ў вельмі істотных сумах, не ведаючы, што збіраюць звычайныя шматкі паперы. Гарады хутка зарыентаваліся ў гэтай справе, а вёска была верным кліентам фальшываманетчыкаў цягам доўгіх гадоў. Можа падавацца дзіўным, што Вільня забяспечвала Варшаву фальшывымі банкнотамі, але на той час гэта была лакальная спецыяльнасць горада. Зрэшты, у працэсе бралі ўдзел і варшавяне… Той блатны павінен быў завезці «ліпу» ў Варшаву і вярнуцца. Менавіта яму Ажур і даручыў прывезці ад знаёмых блатных тэхнікаў адсутныя ў Вільні інструменты.

Хлопцы з Варшавы хутка і грунтоўна ўзяліся за Ажураву справу. У блатных не марудзяць, не цягнуць і не грэбуюць, калі вядзецца пра справу калегі, нават тады, калі ад гэтага не чакаюць прыбытку для сябе. Для іх гэта ані дабрачыннасць, ані заслуга, а абсалютна просты і безумоўны абавязак узаемадапамогі.

Ажур адразу ж адправіў усё ў Менск з адным старым калегам па цэху, што акурат кіраваўся туды легальна. Той калега ўжо даўно не краў, бо добра ўладкаваўся дзякуючы шлюбу з заможнай жанчынай. Аднак для фірмовых злодзеяў ён усё яшчэ заставаўся «сваім хлопцам» і, калі трэба было, бескарысліва ім дапамагаў. Не адвярнула яго ад старых калег і тое, што некалі яго абакралі. Клавішнікі не ведалі, што «зрабілі» колішняга фартовага. Гэта выявілася толькі праз некалькі гадоў. Хлопцы хацелі кампенсаваць яму страты, але ён адмовіўся. Толькі выпілі разам.

Ажур рыхтаваўся да большай работы. Падрыхтоўка ішла ў яго ўмела, у яе ён укладаў увесь досвед, набыты цягам трыццаці гадоў працы прафесійнага злодзея, і ўвесь свой прыродны розум… Блукаючы цягам двух месяцаў па Менску, бязгучна насвістваючы полечку і прасвечваючы людзей і дамы сваімі цудоўнымі вачыма, ён бачыў недаступныя зроку «звычайнага» гараджаніна дзіўныя дэталі горада і жыцця. Збіраючы разам дробныя факты, робячы высновы на падставе неістотных драбніц, з навуковай дакладнасцю і дэталёвасцю ён ставіў зладзейскія дыягназы. Ён рабіў «фантастычныя» заключэнні, якія пасля праверкі выяўляліся слушнымі.

У адным з будынкаў на Губернатарскай вуліцы размяшчаўся Цэнтрхарчзабкам Менскай акругі. Там былі таксама вялізныя таварныя склады, аддзел рахункаводства і… акурат тое, што цікавіла Ажура, — каса. У гадзіны прыёму там было поўна людзей: чыноўнікаў і наведнікаў. Пасля заканчэння працоўнага дня ўсе склады і сейфы пільнавала ўзброеная ахова.

У зале, дзе знаходзіўся незгаральны сейф, былі вялікія вокны з кратамі. Туды вяло двое дзвярэй. Адны — звычайна пасля прыёмнага часу — замыкаліся на засаўку, магутныя навясныя замкі і на замкі ўнутраныя. Звонку і знутры гэтыя дзверы былі абабітыя лістамі двухміліметровай бляхі, трывала замацаванай заклёпкамі. Другія дзверы — унутраныя — былі наглуха забітыя, і за імі знаходзілася вайсковая варта. Склады ахоўвалі пазменна чатыры нямецкія жаўнеры, якія змяняліся кожныя дзве гадзіны. Адзін стаяў у браме будынка, трое пільнавалі два ўнутраныя двары і касу знутры. Такім чынам каса была пад аховай з боку ўнутранага двара, куды выходзілі тры акны, з калідора і з боку суседняй залы — вартоўні.

Ужо пасля кароткага ўступнага агляду Ажур вырашыў: «Браць буду з падвала». І пачаў падрабязна вывучаць і аглядаць дэталі. Неўзабаве і гэты этап быў завершаны. А крыху пазней у «Новарасійскім» гатэлі Ажур сядзеў за сталом і на аркушы паперы алоўкам рабіў накід унутранага двара, будынка, залы, падвалаў і касы Цэнтрхарчзабкама. Дзверы былі замкнёныя на ключы. У паветры лунала ціхая мелодыя полечкі. А з іншага боку стала Баран уважліва сачыў за абрысамі, што з’яўляліся на паперы. Полечка і працэс малявання падышлі да канца. Дзве галавы схіліліся над сталом. Канец алоўка закружыў па малюнку. Ажур ціха тлумачыў гэты танец. Баран час ад часу прытакваў рухам галавы, маўляў, разумею, або ціха задаваў пытанні.

24
{"b":"649013","o":1}