Перахаджу да другога пытаньня: як структурны складнік быцьця, дэман, пагаджаецца са сваёй пазыцыяй у сьветабудове?
Мне лёгка адказваць на гэтае пытаньне, аднак я ня пэўны, ці здолееце вы так лёгка сьцяміць сэнс майго адказу. Бо прырода дэмана прадугледжвае станаўкое і безумоўнае прыняцьцё свайго месца і адначасна супраціў яму. Дэман прагне зла, і таму зьніштажальную сваю працу ён прагне зьдзяйсьняць і надалей, ня хочучы зьмяняць свайго знаходжаньня ў парадку або беспарадку сьвету і, пагатоў, свайго знаходжаньня як нэгацыі парадку ў сярэдзіне парадку. Тым самым ён згаджаецца быць тым, кім ён ёсьць. Адначасна, якраз таму, што ён ёсьць тым, чым ёсьць, ён ёсьць адмаўленьнем таго самага парадку, які вызначае яго месца як свайго нэгатыўнага складніка. Жывучы з нэгацыі ладу, ён жыве тым самым з таго самага ладу, якому пярэчыць і які, са свайго боку, суакрэсьлены ў сваім існаваньні прысутнасьцю той нэгатыўнай сілы, якой ёсьць дэман. Сьвет, у якім бы справа дэмана атрымала першапачатковае завяршэньне, быў бы сьветам бяз дэмана, і таму ён быў бы адмаўленьнем дэмана, да таго ж дэман ня можа існаваць інакш, як у руху, арыентацыйным матывам якога зьяўляецца зьдзейсьненьне зьніштажальнай справы канчатковым чынам. Паколькі тады сам дэструкцыйны голад стварае дэмана, заспакаеньне гэтага голаду патрабуе прысутнасьці вынішчальнага ладу, і тым самым пэўнага ўраўнаважаньня абедзьвюх формаў быцьця, зь якіх складаецца сьвет; таму для мяне няма нічога больш ненавіснага, як ураўнаважаньне. Загэтым трэба прызнаць, што дэман — гэта не галодны суб’ект дэструкцыі, а сам голад, бо галодны суб’ект можа дасягчы заспакаеньня, але для самога голаду заспакаеньне суб’екта азначае згасаньне. У гэтым сэнсе дэман насамрэч паклаў сваю прысутнасьць на пэўнай шалі, якой ён надае стан раўнавагі што да іншай, імкнучыся адначасна да парушэньня гэтай раўнавагі ў немагчымай і супярэчлівай празе застацца самім сабой пасьля зьніштажэньня свайго антаганіста. Так належыць разумець славуты зварот Гётэ — ein Teil von jener Kraft etc., — які паказвае на непрадухільную супярэчнасьць, закладзеную ў самой экзыстэнцыі дэмана, а не, як тлумачаць недалёкія законьнікі, на тое, што нібыта з боскай волі ўчынкі дэмана так ці іначай абяртаюцца ў сваю адваротнасьць, гэта значыць, у будаваньне замест ніштажэньня. Зрэшты, гэтую ж самую супярэчнасьць, дадам, можна выкрыць і ў Бога, калі трактаваць яго як быцьцё, якое зьяўляецца першапачатковым у адносінах да дэмана, але не зьяўляецца абсалютным тварэньнем; пры прызнаньні гэтай першапачатковасьці ўсё роўна, ці будзем мы трактаваць дэмана як адмаўленьне суладзьдзя, ці хутчэй суладзьдзе як адмаўленьне дэмана, або адмаўленьне адмаўленьня, але тады супярэчнасьць, аб якой я казаў, аўтаматычна стаецца супярэчнасьцю Бога. Аднак я ўсьведамляю пэўныя пярэчаньні супраць такой інтэрпрэтацыі і ня буду ўдавацца ў справу, грунтаўнейшае вырашэньне якой змусіла б мяне да адмысловага роздуму над самой прыродай боскай творчасьці і над яе нэгатыўным па сутнасьці характарам.
Таму пераходжу да трэцяга пытаньня, якое, зрэшты, ёсьць толькі фрагмэнтам папярэдняга: ці гэта абсалютна пэўна, што дэман ня можа разьлічваць на збаўленьне?
Мне здаецца, што я разумею інтэнцыю таго, хто спытаўся пра гэта. Стаўленьне Бога да ўпалых анёлаў па сутнасьці падаецца надзвычай несправядлівым, калі параўнаць гэта зь яго стаўленьнем да людзей. Бо анёлаў — што, зрэшты, бясспрэчны факт сярод ангелалягаў — неабходна лічыць творамі больш дасканалымі за чалавека, ужо хаця б з увагі на прынцыповую адсутнасьць зьніштажальных субстанцыяў у іх будове; гэта даведзеная рэч. Чаму ж тады Бог збавіў людзей коштам пакутаў і сьмерці ўласнага сына, але не зрабіў таго ж самага ў дачыненьні да ўпалых анёлаў, паколькі ў абодвух выпадках грэх палягаў у непаслушэнстве, якое, з пункту гледжаньня Бога, заўсёды грэшнае ў аднолькавай ступені, не зважаючы на акалічнасьці і памер насьледкаў, і заўсёды зьневажае яго таксама ў аднолькавай ступені. Corruptio optimi pessima? Гэта толькі выслоўе, якое ня мае аргумэнтацыйнай сілы і якое, зрэшты, калі б яно было праўдзівым, не змагло б нічога вытлумачыць, паколькі, паўтараю, непаслушэнства як грэх не падлягае градацыі і, больш за тое, заўсёды зьяўляецца таксама няскончанай віной. Ну і што? Адказ можа быць толькі адзін: Бог ня збавіў дэмана, паколькі ня быў у стане гэтага зрабіць. Наколькі гэта відавочна, відаць, калі задумацца над боскай прыродай: Бог мусіць прагнуць збаўленьня дэманаў, гэта значыць, папросту зьніштажэньня іх як дэманаў. Калі яго жаданьне аказалася безвыніковым і бясплённым, то якраз таму, што падзеньне анёлаў было ня фактам, ня чымсь выпадковым, а выяўленьнем абавязковай структуры сьвету, а яго насьледкі тады незваротныя, бо яны закладзеныя ў прыродзе быцьця. Немагчымасьць збаўленьня дэманаў — гэта найбольш моцны аргумэнт на карысьць згаданага тэзысу, які інтэрпрэтуе падзеньне анёлаў як актуалізацыю пэўнай неўнікнёнай якасьці быцьця, адвечнай у дачыненьні да Бога. Я мяркую, гэта той аргумэнт, які з вашага пункту гледжаньня можа мець вартасьць.
Чую, у сувязі з гэтым, чацьвертае пытаньне: ці варта дзеля гэтага ўважаць, што фундамэнтальная структура быцьця ня ёсьць вынікам свабоднага рашэньня Бога, але што ён сам ублытаны ў пэўную сыстэму, незалежную ад яго волі?
Адказваю: гэтак, якраз гэтак неабходна меркаваць.
Пятае пытаньне: тады нашы катэхізмы, якія навучаюць, што Бог ёсьць першатворцам, былі непраўдзівымі?
Адказваю: я ня бачу патрэбы перагледжваць вашыя катэхізмы. Яны праўдзівыя пры пэўнай інтэрпрэтацыі, а менавіта калі выходзіць з таго, што творчасьць Бога ахоплівае ўвесь эмпірычны сьвет, і таму ўсе бяз вынятку паасобныя існаваньні, адрозныя ад яго. Што да самога Быцьця, якое ня тоеснае з усімі тымі паасобнымі існаваньнямі і выходзіць за супрацьстаўленьне дабра і зла, тут вашыя катэхізмы не выказваюцца выразна, на маю думку. Я бачу, аднак, патрэбу ўвесьці ў іх склад абмежавальныя засьцярогі, паколькі праблема Быцьця як такога не павінна ўвогуле належаць да вашых зацікаўленьняў, бо яна выходзіць за эмпірычны сьвет — адзіны прасьцяг пытаньняў, якія можна належным чынам сфармуляваць у вашых мовах. Паразы Пармэніда, Гегеля і Гайдэгера вельмі павучальныя ў гэтым сэнсе.
Пытаньне шостае: ці зьяўляецца для самога дэмана ясным, калі яно ня можа быць ясным нават для людзей, пытаньне пра эківалентнасьць ладу і яго адмаўленьня, бо яно прадугледжвае Быцьцё, якое перасягае гэтыя абодва складнікі і папярэднічае абодвум; і таму, ці спасьцігальная ягоная напаўпрысутнасьць у сваёй рэлятыўнасьці для дэмана? Іншымі словамі: да якой ступені не-рэлятыўнае быцьцё даступнае дэману?
Адказваю: яно даступнае толькі як інтэлектуальная непазьбежнасьць, як, збольшага, ідэя ў кантаўскім сэнсе, як чыста гранічная пазытыўная рэальнасьць разумовага высілку. Пазытыўнае яе спасьціжэньне немагчымае для дэмана — як, думаецца, і для Бога. Дэман ведае вельмі шмат, але ён ня ёсьць усёведаючым, і гэта вы знаеце з Гётэ. Я б хацеў, каб мне больш не задавалі пытаньняў па гэтай справе.
Сёмае пытаньне я ўважаю за дзіцячае: ці можа дэман чыніць цуды?
Гэтае пытаньне лішні раз паказвае мне, як блага вы, спадары, арыентуецеся ў спосабе паводзінаў дэмана. Дэман дзейнічае праз чалавечыя паводзіны, а не праз ашаламляльныя прыродныя эфэкты, пачварнасьці або штукарствы. Такія рэчы зьяўляюцца аказіяй для забавы, але дэман не займаецца штукарствам. Ён, бясспрэчна, можа, як гіпатэтычны дэман Дэкарта, стварыць ілюзорную відавочнасьць і нерэальным па сутнасьці фактам надаць выгляд безумоўнай рэальнасьці, а таксама можа, як гіпатэтычны дэман Максвэла, эфэктыўна рэалізаваць пэўны абсалютна нерэальны стан, хаця ён надзвычай малапраўдападобны. Гэта ён можа рабіць настолькі, наколькі мэтай яго дзеяньня ёсьць аблуда, параза розуму. Аднак аблуда, якая ўзьнікае на подзе яўнай відавочнасьці, не супадае з генэральнай арыентацыяй маёй працы; таму што такая аблуда не прысарамаціць нікога і тады, калі будзе прызнана аблудай. Бо ніхто не высьмейвае дакапэрнікаўскіх пакаленьняў з той прычыны, што яны верылі ў нерухомасьць зямлі, іх спантанная і натуральная вера для вас ёсьць хутчэй толькі фонам, на якім у поўнай велічы вымалёўваецца гені Капэрніка. Калі аблуда і ёсьць мэтай дэмана, то аблуда зьнеслаўляючая, аблуда нікчэмная, аблуда, якой трэба саромецца, іншымі словамі, аблуда — зважайце добра, — якая прышчапляе людзям пачуцьцё віны, калі ім даводзіцца прызнаць, што яна зьдзейсьнена дзякуючы ім і што яна накладае на іх адбітак сораму. Чарадзейскія фокусы або спакушэньне аблуднымі відавочнасьцямі не належаць да істотных сродкаў у працы дэмана, Гэта, як я ўжо казаў, шэрая і манатонная праца, бяз моманту гульні, бяз гумару і без таго, што цікавіць людзей. Зьніштажэньне дэмана агортвае абсягі, за якія нясуць адказнасьць людзі, і таму зло, якое я прыношу, мусіць спавіваць людзей ганьбай, каб дасягчы сваёй мэты. З адным выняткам. Гэтым выняткам ёсьць сьмерць — не паасобны акт сьмерці, але ўнівэрсальны факт яе непазьбежнасьці.