<...>
Часам кажуць, што сучасныя інтэлектуалы маюць тэндэнцыю да разьмеркаваньня роляў і таму іх падазраюць у кан’юнктурніцтве. Апанэнты гэтага сьцьвярджаюць, што вызнаваньне поглядаў зьяўляецца пэўным фактам жыцьця, а не акторскай крэацыяй, і што за іх трэба несьці іншую адказнасьць. Ня думаю, каб гэта датычылася Калакоўскага, які ніколі не ўхіляўся ад адказнасьці за тое, што абвяшчаў «яго пратаганіст» у кожнай з фазаў творчасьці. Трэба выразна ўявіць сабе розьніцу паміж апартунісцкім кан’юнктурніцтвам і тэатрам дыскурсу. Гэты другі таксама жыве сваім часам, але не ўнікае рызыкі прадказаньня і выяўленьня багацьця магчымых альтэрнатываў. Пра назоў нямецкамоўнага зборніку твораў з фазы марксісцкай філязофіі свабоды — «Der Mensch ohne Alternative» — Калакоўскі некалі сказаў, што ён памылковы, бо чалавек заўсёды мае выбар. Творчасьць яго ўвогуле ёсьць безупынным прышчапленьнем чытачом множнасьці альтэрнатываў, ёсьць крэацыяй альтэрнатываў. У ёй ёсьць месца для ролі публічнага абвінавальніка, тут таксама зьяўляецца advocatus diaboli, ёсьць зьдзеклівае перакручваньне любой пазыцыі, тэндэнцыя расстаўляць пасткі для іншых філёзафаў, фантастычная проста здольнасьць пісаць тэалягічныя, філязофскія апокрыфы, добрае пачуцьцё стыхіі моўных гульняў.
Усё гэта стварае своеасаблівую філёзафа-драму, спалучаную з Entfremdungseffekt. Ёсьць філёзафы, якія схіляюцца да таго, каб быць яго пасьлядоўнікамі. Калакоўскага перадусім займае філязофская развага. Для гэтай мэты непатрэбна нават пэўнасьць, што філёзаф да канца верыць у тое, што піша. Ён прыступае да мысьленьня... Пратаганіст Калакоўскага, які ўвасабляецца ў новы цэльны сьветагляд, — гэта той, хто і надалей застаецца пад уціскам гісторыі; той, хто шукае ў гісторыі дзейснай сілы. Ён дае выражэньне прэтэнзіі ці расчараваньню, што філязофія збаўляе ці не збаўляе сьвет у грамадзкім маштабе. З такой пэрспэктывы гэта і надалей філязофія інтэрвэнцыі з палітычнымі падтэкстамі.
Мэтад Калакоўскага вымагаць праверкі ўсіх сьветаглядных тэзысаў, рабіць зь іх высновы, дасьледаваць іх кагерэнтнасьць зьяўляецца старым мэтадам, як старымі зьяўляюцца плятонаўскія дыялёгі, прысьвечаныя Сакрату. Гэта рацыяналісцкі сакратаўскі мэтад, безупынная дыскусія з патэнцыйнымі суразмоўцамі, якія ёсьць пасьлядоўнікамі той ці іншай дактрыны, але — як гэта зазвычай бывае — не прадуманай зусім да канца. Таму трэба паказаць людзям, што іх «пэўная веда» ня мае дастатковых падставаў, што яна зьяўляецца верай. Калакоўскі з уласьцівай сабе скептычнай двусэнсоўнасьцю зандуе правамоцнасьць разнастайных катэгарычных цьверджаньняў. Ці ідзе гаворка пра пазбаўленьне людзей веры? Гаворка ідзе аб прымяншэньні фанатызму веры; розных вераў у гісторыі чалавецтва было шмат, няшмат было разуменьня чужой праўды, няшмат было паразуменьня. Каб паразумецца, трэба ўмець зьдзейсьніць мысьліцельны экспэрымэнт, трэба ўмець даакрэсьліваць свой сьветагляд і ўмець сумнявацца ў абсалютысцкім характары яго складнікаў.
<...>
Калакоўскі выдатна ўсьведамляў двузначнасьць тэатралізацыі дыскурсу. У трактаце «Праўда і праўдзівасьць як вартасьці культуры» ён канстатаваў, што «філёзаф ёсьць тэатральным наратарам, які прэзэнтуе спэктакль, засьцерагаючыся, што ўся дзея поўніцца ўмоўнасьцю». Сам Калакоўскі часам лучаў у гэтую «сцэнічную» сытуацыю міжволі. Бо ён усьведамляў неспаважнасьць філязафаваньня «калі б», дарма што ў кожную фазу сваёй творчасьці ён быў шчыры, пісаў тое, што ён уважаў за слушнае ў дадзены момант, але сума гэтых фазаў «тэатралізуе» ягоную думку, нават насуперак яго інтэнцыям.
Зьмена роляў спараджае, аднак, важную выснову, што нечае суб’ектыўнае пачуцьцё абсалютнай пэўнасьці ня можа абавязваць усіх; што сугестыўная аргумэнтацыя пратаганіста можа сустрэцца з такімі ж сугестыўнымі контрааргумэнтамі. Зьмена роляў у тэатры дыскурсу прыводзіць да таго, што ацэнка, напрыклад, марксізму або сярэднявечнай філязофіі (пры параўнаньні «Галоўных плыняў марксізму» і «Лекцыяў зь сярэднявечнай філязофіі») станаўко зьмяняецца... Стаўленьне Калакоўскага да марксізму пацьвярджае «тэатральны» характар яго інтэрпрэтацыі. Тут ніколі няма бесстароньняга, падрабязнага вылучэньня «за» і «супраць». Як у пэрыяд сталінізму, так і ў фазу марксісцкай філязофіі свабоды, а таксама і ў момант прызнаньня марксізму шкодным мітам — «крэацыя» марксізму ёсьць глябальнай, выразьлівай, эмацыйна акрэсьленай і вытрыманай, хаця ў кожны раз іншай. Адметнасьць гэтых «інтэрпрэтацыйных крэацыяў» прыводзіць да таго, што чытачы Калакоўскага чуюцца разгубленымі, дэзарыентаванымі, калі імі параўноўваюцца тэзысы, што паходзяць зь дзьвюх розных фазаў.
<...>
Адной з характэрных рысаў тэатралізацыі дыскурсу ў Калакоўскага ёсьць яго стыль, месцамі іранічны, архаізаваны (гэтыя розныя «jakoї», «jeno» і г.д.), спэцыфічнае пачуцьцё чорнага гумару, якое праяўляецца, напрыклад, у прывядзеньні да абсурду нейкага пункту гледжаньня. Гэта прыводзіць да таго, што Калакоўскага часам нельга цытаваць літаральна, у адрыве ад кантэксту, так, як цытуюцца іншыя стылёва аднародныя гістарычна-філязофскія працы, што пэдантычна насьлядуюць канвэнцыям, уласьцівым навуковым трактатам.
Улюблёнае (можа, нават троху зацяганае) мысьленьне паводле дыхатамічнай схемы (напрыклад, містыцызм-скептыцызм) таксама зьяўляецца вельмі функцыянальным з пункту гледжаньня дыялягічнай структуры дыскурсу. Адсюль таксама любасьць Калакоўскага да маніхейства, якое, бясспрэчна, зьяўляецца адной з найбольш прывабных драматургічна візіяў сьвету, а таксама адыход ад пантэізму, ад веры ў тое, што ў сьвеце можна адшукаць элемэнты боскасьці, ды востры крытыцызм да ўсялякіх манізмаў. Ужо аўтар перадмовы да зборніку «Leben trotz Geschichte», Леанард Райніш, зважаў на гэтую дыхатамічнасьць як на важны элемэнт — як ён пісаў — «in Koіakowski’s tragischem Welttheater».
Мне даспадобы больш двусэнсоўнасьць аўтара «Пахвалы непасьлядоўнасьці», чымся набожнасьць ці духоўнае сыбарыцтва шмат каго іншага. Мне быў бліжэйшым гэты горкі па сваім гучаньні крытыцызм і скептыцызм, чымся шэраг натхнёных, ці прагматычных, ці зусім інэртных сьветаглядных праграмаў (менавіта як праграм), хоць згаданы ўжо «сьвятарскі» вымер гэтай філязофіі пакінуў пэўную нездаволенасьць. Ён ня мог поўніцай замяніць больш «арганічных», зычлівых пошукаў разуменьня сьвету, засяроджаных вакол нейкай цэнтральнай інтуіцыі. Тым больш філязофія «блазна», якая высьмеяла гэты «сьвятарскі» вымер. Цяжка, аднак, не згадзіцца, што вялікі філёзаф жыве такой інтуіцыяй і дзякуючы яе выяўленьню трывала ўваходзіць у гісторыю. Спробы даакрэсьліць філязофскія сьветагляды, зробленыя са скептычнай інтэнцыяй, нікуды не прыводзяць. Бо заўсёды пасьля такога аналізу застаецца тое, што выкоўзваецца з дыскурсу. Калакоўскі, імкнучыся ў любой ролі сьветаглядна даакрэсьліцца, быццам забываецца, што вялікі філёзаф можа існаваць дзякуючы якраз пэўнай сытуацыі недаакрэсьленасьці і настойваньні на сваім выточным пытаньні.
Я некалі пачуў у радыёвым інтэрвію, што Калакоўскі зноў працуе над філязофіяй Яспэрса, таго, хто быў, бадай, апошнім абароньнікам катэгорыі «вялікі філёзаф». Гэтая канфрантацыя двух выбітных мысьліцеляў можа прынесьці дадатныя вынікі, пры ўмове, аднак, што Калакоўскі сапраўды ўнікне ў інтэнцыі Яспэрса і не здаволіцца гульнёй па выпрабоўваньні дыскурсіўнай правільнасці «сыстэмы». Некалі, пішучы аб Яспэрсавай канцэпцыі «вялікага філёзафа», ён даў ёй адэкватную характарыстыку: «Для Яспэрса чалавечая веліч акрэсьліваецца адмысловай лучнасьцю з тым, што ён называе das Umgreifende, і таму з быцьцём, якое трансцэндуе кожнае паасобнае існаваньне, не даючы пазытыўна асэнсаваць яго як прадмет рэфлексіі, аднак для любой экзыстэнцыі яна ўяўляе сабой абсалютны антыпод, да якога імкнецца, хаця б нясьвядома, усялякі рух, прагны аўтэнтычнасьці». Такім чынам, Калакоўскі выдатна ведае, у чым гэта палягае, але высоўвае засьцярогу, што такая думка спалучаецца з пэўнай канцэпцыяй філязофіі і далёка ня ўсе зьяўляюцца яе пасьлядоўнікамі. Катэгорыю «вялікі філёзаф», на яго думку, ставіць пад сумнеў як гістарызм, так і ўсе канцэпцыі «навуковай філязофіі» (рэдукуючыя філязофію да правільна пабудаванай тэорыі).