У гэтым сэнсе пазыцыя, аб якой я гавару, — гэта нешта нашмат важнейшае, нешта такое, што можа стаць дамінантай грамадзкага жыцьця ці нават цэлай цывілізацыі. Безумоўна, імавернасьць гэтага невялікая, паколькі ёй даводзіцца чыніць супраціў усім прошукам злых сілаў, канфліктам, ксэнафобіі і г.д. Мы даходзім цяпер да справы, нязьмерна істотнай, на маю думку, для нашай размовы. Вось у нас, з аднаго боку, пазыцыя талеранцыі, побач зь якой мы заўсёды нясьмела ставім патэнцыяльнае «можа». Але гэта пазыцыя выклікае і выяўляе тут, на паўзьмежжах, сваю бязьлітасную супрацьлежнасьць — пазыцыю ізаляцыі, варажнечы, неталеранцыі. Таму гэта дыхатамія, гэта драма супрацьлежнасьцяў і ёсьць штодзённай рэальнасьцю жыхароў паўзьмежжа, ёсьць неабходнасьцю зьдзяйсьненьня выбару, працы над самім сабой і ў абсягу супольнасьці. Гэтым, калі шчыра, і ёсьць для мяне Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа: драмай, у якой пазыцыя адкрытасьці, пабрацімства і павагі да іншага змагаецца з пазыцыяй вузкага партыкулярызму, нацыянальнага эгаізму і ксэнафобіі. ХХ стагодзьдзе прызвычаіла нас да сытуацый, у якіх перамагала гэтая другая пазыцыя, і ў сувязі з гэтым мы не спрабуем нават сабе рэальна ўявіць рэчаіснасьць, у якой якраз адваротная ёй пазыцыя атрымала б сапраўдны посьпех. Бо яна мусіць атрымаць посьпех. І ніякім чынам нам ад гэтага ня выкруціцца. Мы не дамо рады з сабой, з жыцьцём супольнасьці без выпрацоўкі ў сабе пазыцыі глыбокай талеранцыі. І толькі пасьля гэтага ідзе вялікая сьветапоглядная і духовая праца.
І якраз гэта выклікае тут захапленьне і становіць сабой заруку вялікага культурнага і цывілізацыйнага патэнцыялу. У нас у Польшчы часта існуе ўяўленьне аб летувісах як нацыяналістах, асьлепленых сваёй нацыянальнасьцю і незычлівых да суседзяў. Гэта несправядлівае абагульненьне, а палякам, якія абвяшчаюць гэтую думку, варта было б тады адказаць, што, напрыклад, у Гішпаніі аб каталёнцах гавораць «polacco», маючы на ўвазе іх схільнасьці да нацыяналізму.
Тым ня менш, зазнаёміўшыся колькі гадоў таму зь летувісамі, я назіраў у іх пэўную нацыянальную экзальтацыю і нэрвовую абарону ад усяго, што зьяўлялася хоць нейкай пагрозай для летувіскасьці і што падавалася мне тады зразумелым, беручы пад увагу гісторыю. Але я пішу пра гэта таму, што такі стан у маіх выпадковых знаёмых быў дынамічным станам і падлягаў пераменам. Пры дапамозе перадусім Вільні. Таму былі людзі, для якіх ксэнафобія або неталеранцыя былі нечым абразьлівым. А паколькі жыцьцё ў Вільні штодня змушала іх да канфрантацыі пазыцыяў, да суіснаваньня з адметнасьцю, то цягам гэтых гадоў я назіраў іх эвалюцыю ў бок адкрытасьці і талеранцыі. Вось прыклад незаўважальнай працы, якая несупынна адбываецца на паўзьмежжах. І за гэтым стаіць па сутнасьці не праблема стаўленьня да нацыянальнасьці, рэлігіі ці ўзвычаеньняў, а духовага фармату, якім валодае чалавек.
Я мяркую, што напрыканцы будзе карысна прыгадаць апавяданьне Ежы Стэмпоўскага аб тым, як ён прыбыў з сваёй даліны Днястра ў цэнтральную Польшчу, магчыма, у Варшаву, і якое расчараваньне ён перажыў тады, калі сутыкнуўся там — прыводжу цытату — «з нацыянальнымі пачуцьцямі, якія выяўляліся крыкліва, галасіста, амаль бессаромна. Такія маніфэстацыі падаліся мне вельмі благім густам, свомым невукам і прастаком».
Трымайся ў гэтай Варшаве, Аляксандру!
Кшыштаф Чыжэўскі
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Адкрыты ліст да Аляксандра Яцкоўскага, галоўнага рэдактара польскага часопісу «Konteksty. Polska Sztuka Ludowa» (Зацем перакладніка).
** Маецца на ўвазе перыяд, калі на чале Румыніі стаяў дыктатар Н.Чаўшэску (Зацем перакладніка).
З пэрспэктывы паўзьмежжа
Голас Іншага
З паўзьмежжам клопат — тым, што табе так дорага, ты нiколi ня зможаш завалодаць цалкам, ты заўсёды мусiш гэтым дзялiцца. А калi б так усё ж такi стала — у вынiку гвалту або iншай злыбяды — што нiхто апрача тваiх не прэтэндуе на гэтае месца, тады акажацца, што гэтага, так табе дарагога, ужо няма.
1.
Я ня быў упэўнены, цi гэтыя словы вымавiў сам Вiктар Вiнiкайцiс, зь якiм я стаяў на высокай строме кляштару над Вiграмi, цi гэта таксама быў нейкi iншы голас. Дагасала якраз восень 1990 году. Ён — са жмутом ключэй, якiя ён забраў са сваёй старажоўкi ўнiзе, адчыняючы i зачыняючы дзьверы ў касьцёл, кельлi i катакомбы, запальваючы i гасячы сьвятло, ляпаючы па сходах угару i ўнiз — патрапiў ужо выпытаць у мяне ўсё, да чаго я iмкнуўся, скiроўваючыся на паўзьмежжа. Калi мы затрымалiся на строме, спакойна i доўга паглядаючы на ўсходнi бераг возера, я ўжо толькi слухаў. Чый гэта быў голас? Сёньня ўжо няма сярод нас «апошняга самотнiка», як мы называлi Вiнiкайцiса, а я i дагэтуль вяду дыялёг з голасам, якi я тады пачуў, з голасам Iншага.
Спачатку я быў перакананы, што ён хаваецца ў iншай мове, у iншай нацыянальнасьцi або канфэсii. Гэта не было пазбаўлена сэнсу. Я таксама адчуў, што павялiчылася мая ўражлiвасьць на голас людзей, якiя думаюць iнакш. А пры гэтым я заўважыў, што набываю дыстанцыю да сапраўднасьцi, раблюся алергiчным на маналёг, на iдэалёгiю, на выключнасьць адной пазыцыi...
Я прыгадваю, як у маленстве бег да мамы, каб апавесьцi ёй, што здарылася ў двары i як я быў укрыўджаны сваiмi сябрамi. А потым прыходзiў мой брат i прыгадваў новыя дэталi, якiя я абмiнаў, i да таго ж iнакш iнтэрпрэтаваў хаду ўсяго сутыкненьня. Я злаваўся, што мой расказ ня можа быць канчатковым, што брат супраць мяне, што не магу пераканаць маму толькi ў маёй праўдзе. Цi не прыгадвае гэта сытуацыю лекцыі гiсторыi ў школе ў Сэйнах, калi настаўнiк — дапусьцiм, летувiс — прыступiў бы да абмеркаваньня тэмы польска-летувiскай вайны ў 1918–1920 гадох, маючы ў клясе польскiх i летувiскiх вучняў. Ён хацеў бы мець толькi летувiскiх, бо палякi ведаюць сваё. Таму, напэўна, i адны, i другiя па абодвух баках хочуць мець чыста польскiя i чыста летувiскiя школы. I можа якраз з прычыны такiх клопатаў згаданая лекцыя цалкам выдуманая, бо ў школе ў Сэйнах гавораць аб розных войнах па ўсiм сьвеце, але нiколi аб той, у якой дзядулi вучняў бiлiся памiж сабой, аб якой нагадваюць сямейныя архiвы i магiлы палеглых, цырымонiя наведзiнаў якiх адбываецца штогод.
З голасам Іншага iснуе клопат. У школе яго ўдаецца змоўчыць, але ў жыцьцi нiколi не ўдаецца заглушыць гэтай маўклiнi. Нязносна з гэтым жыць, але тут — на паўзьмежжы — нельга iнакш. Наколькi спакайнейшым горадам быў бы, напрыклад, Беласток, каб жа не такi Сакрат Яновiч. «Пiсьменьнiк ён, канечне, добры, — тлумачыў мне некалi адзiн уцьвелены журналiст, — але тое, што ён вырабляе, выходзiць за межы здаровага розуму». Гаворачы гэта, ён нэрвова гартаў кнiгу ў пошуку аргумэнтаў, якiя б «выявiлi трызьненьнi гэтага беларуса». Ён нешта там знайшоў, але ня быў да канца задаволены, i толькi коратка абагульнiў: але ж гэтыя людзi маюць вольны выбар, нiхто iх не змушае да таго, каб яны адмаўлялiся ад вывучэньня беларускай мовы або перакiдалiся ў палякаў. Самi таго хочуць. Тым часам Сакрат зацiнаўся i сьцьвярджаў, што дакуль гэтым людзям ня будуць створаныя ўмовы для азнаямленьня зь беларускай гiсторыяй i культурай, датуль нельга гаварыць аб iх вольным выбары. Але i сам Сакрат Яновiч не зазнае спакою ў сваiх Крынках, у якiя ён вярнуўся зь Беластоку некалькi гадоў таму. I гаворка ня йдзе ўжо толькi пра мясцовага ксяндза, для якога Госпад Бог разумее адно па-польску, а не па-беларуску. З палякамi яшчэ нiшто сабе, пасьля столькi гадоў спрэчак жыцьцё неяк склалася. У рэшце рэшт усе карты былi ўжо адкрыты i вядомыя, як каза аблупленая. I вось нi стуль, нi сьсюль на яго «беларускiх разлогах» зьявiлiся ўкраiнцы. У Бельску Падляскім выдаецца нават часопіс «Над Бугам і Нарвою». Сацыёлагi, этнолягi i мовазнаўцы пачынаюць пiсаць аб гэтым спаважныя дысэртацыi, заснаваныя на тэрытарыяльных дасьледаваньнях. Сакрат мае свае аргумэнты, бярэ пяро, уступае ў дыспуты. Ён, аднак, усьведамляе, што ня здолее скляпаць сапраўднасьці на свой капыл, што раз прыведзеная ў дзеяньне дынамiка паўзьмежжа кiруецца сваiмi законамi, што яго голас — гэта ледзь чутнае гучаньне жалейкi.