Афган?» — «Хачу стаць маёрам». — «А генералам?» — «Не, генералам я не стану — у генерала свой сын ёсць». (Паўза.) У Чачню ніхто не прасіўся. Ніводнага добраахвотніка не памятаю… Бацька прыходзіў да мяне ў сне: «Ты прысягу прыняў? Стаяў пад Чырвоным сцягам: «Клянуся свята прытрымлівацца… строга выконваць… мужна абараняць… А калі я парушу гэтую маю ўрачыстую прысягу, дык хай мяне спасцігне суровая кара… усеагульная нянавісць і пагарда…» У сне я ўцякаў кудысьці, ён цэліўся ў мяне… цэліўся…
Стаіш на варце. У руках — зброя. І адна думка: секунда-дзве — і ты вольны. Не бачны нікому. Ужо, сукі, не дастанеце! Ніхто… Ніхто! Калі шукаць прычыну, трэба пачынаць з таго часу, калі мама хацела дзяўчынку, а тата, як заўсёды, аборт. Сяржант сказаў, што ты — мяшок з гаўном… дзірка ў прасторы… (Паўза.) Афіцэры былі розныя: адзін — інтэлігент, які спіўся, гаварыў па-ангельску, а ў асноўным — шэрыя п’яніцы. Напіваліся да глюкаў… Маглі ўначы падняць усю казарму і прымусіць бегаць па пляцы, пакуль салдаты не падалі. Афіцэраў называлі шакаламі. Дрэнны шакал… добры шакал… (Паўза.) Хто вам раскажа, як дзесяць чалавек гвалцяць аднаго… (Злосны смех.) Гэта не цацкі і не літаратура… (Паўза.) На самазвале, як быдла, вазілі на камандзірскае лецішча. Цягалі бетонныя пліты… (Злосны смех.) Барабаншчык! Валі гімн Савецкага Саюза!
Я ніколі не хацеў быць героем. Я ненавіджу герояў! Герой мусіць ці шмат забіваць… ці прыгожа паміраць… Забіць ворага ты мусіш: спачатку выкарыстоўвай боекамплект; калі патроны і гранаты скончацца — змагайся нажом, прыкладам, сапёрнай рыдлёўкай. Рві хоць зубамі. Сяржант Валерыян: «Вучыся працаваць з нажом. Кісць рукі — рэч вельмі добрая, яе лепш не рэзаць, а калоць… зваротным хватам… Так… так… Кантралюйце руку, сыход за спіну… не захапляйся складанымі рухамі… Выдатна! Выдатна! Цяпер выверні нож у праціўніка… Так… так… Ты яго забіў. Малайчына! Забіў! Крычы: «Памры, сука!» Чаго ты маўчыш?» (Спыняецца.) Увесь час табе дзяўбуць: зброя — гэта прыгожа… страляць — сапраўдная мужчынская справа… Практыкаваліся на жывёлах, нам адмыслова завозілі валацужных сабак, катоў, каб потым рука не дрыжэла, калі ўбачыш чалавечую кроў. Мяснікі! Я не вытрымліваў… ноччу плакаў… (Паўза.) У дзяцінстве мы гулялі ў самураяў. Самурай мусіў па-японску памерці, не меў права ўпасці тварам уніз, закрычаць. Я заўсёды крычаў… Мяне не любілі браць у гэтую гульню… (Паўза.) Сяржант Валерыян: «Запомніце… аўтамат працуе так: раз, два, тры — і цябе няма…» А пайшлі вы ўсе!! Раз, два…
Смерць падобная да кахання. У апошнія імгненні — цемра… страшныя і непрыгожыя сутаргі… З смерці нельга вярнуцца, але з кахання мы вяртаемся. І можам успомніць, як было… Вы тапіліся калі-небудзь? Я тапіўся… Чым больш супраціўляешся, тым менш сілаў. Змірыся — і дайдзі да дна. І тады… Хочаш жыць — прабівай неба вады, вяртайся. Але спачатку дайдзі да дна.
А там? Там ніякага святла ў канцы тунэлю… І анёлаў я не бачыў.
Сядзеў бацька каля чырвонай труны. Труна была пустая.
А пра каханне мы ведаем так мала
Праз некалькі гадоў я зноў апынулася ў горадзе N (горад не называю па просьбе майго героя). Мы з ім стэлефанаваліся — і сустрэліся. Ён быў закаханы, ён быў шчаслівы — і гаварыў пра каханне. Я нават не адразу здагадалася ўключыць дыктафон, каб не выпусціць вось гэты момант пераходу жыцця, проста жыцця — у літаратуру, які заўсёды падпільноўваю, выслухоўваю ў любых размовах — прыватных і агульных, але часам губляю пільнасць, а «кавалачак літаратуры» можа бліснуць усюды, часам у самым нечаканым месцы. Як і ў гэты раз. Хацелі пасядзець і выпіць кавы, а жыццё прапанавала развіццё сюжэту. Вось што я паспела запісаць…
— Я сустрэўся з каханнем… я яго зразумеў… Да таго я думаў, што каханне — гэта два дурні з падвышанай тэмпературай. Што гэта проста трызненне… Пра каханне мы ведаем так мала. І калі гэтую нітку выцягнуць… Вайна і каханне — гэта як бы з аднаго вогнішча, то бок, гэта адна тканіна, тая ж матэрыя. Чалавек з аўтаматам ці той, хто на Эльбрус залез, хто ваяваў да перамогі, будаваў сацыялістычны рай, — усё тая ж гісторыя, той самы магніт і тая ж самая электрычнасць. Вам зразумела? Штосьці чалавеку непадуладна, чагосьці нельга купіць ці выйграць у латарэю… А чалавек ведае, што яно ёсць, і ён гэтага хоча… І не разбярэцца, як шукаць. Дзе?
Гэта амаль нараджэнне… Пачынаецца з удару… (Паўза.) А можа, і не трэба гэтыя таямніцы разгадваць? Вы не баіцеся?
Першы дзень…
Прыходжу да свайго знаёмага, у яго кампанія, каля вешалкі ў вітальні здымаю паліто, нехта ідзе з кухні, і трэба прапусціць, азіраюся — яна! У мяне было кароткае замыканне, як быццам ва ўсім доме выключылі святло. І вось — усё. Звычайна спрытны на язык, а тут проста сеў і сядзеў, нават яе не бачыў, гэта значыць, не тое каб я на яе не глядзеў, я доўга-доўга глядзеў праз яе, як у фільмах Таркоўскага: льюць з гарлача ваду, і яна льецца паўз кубак, затым паво-о-ольна паварочваецца разам з гэтым кубкам. Распавядаю доўга, а было не так. Маланка! У гэты дзень нешта такое зведаў, што ўсё астатняе стала неістотным, нават асабліва не разбіраўся… А — навошта? Здарылася — і ўсё. І яно такое трывалае. Яе пайшоў праводзіць жаніх, у іх, як я зразумеў, неўзабаве меркавалася вяселле, але мне было ўсё роўна, я сабраўся дадому і ехаў ужо не адзін, ехаў з ёю, яна ўжо пасялілася ўва мне. Каханне пачынаецца… Усё раптам становіцца іншага колеру, галасоў больш, гукаў больш… Няма ніякіх шанцаў гэта зразумець… (Паўза.) Перадаю прыблізна…
Раніцай прачнуўся з думкай, што мне трэба яе знайсці, а я не ведаю ні імя, ні адраса, ні яе тэлефона, але ўжо гэта здарылася, нешта галоўнае ў жыцці са мною адбылося. Чалавек увайшоў. Як быццам я на нешта забыўся… і вось успомніў… Вам зразумела, пра што я? Не? Ніякай формулы мы не створым… усё будзе сінтэтыкай… Мы звыкліся з думкай: будучыня ад нас схаваная, а тое, што ўжо было, можна растлумачыць. Было ці не было… для мяне — пытанне… А можа, нічога й не было? Проста кінастужка круціцца, вось яна пракруцілася… Ведаю такія моманты ў сваім жыцці, якіх быццам не было. А яны былі. Напрыклад, некалькі разоў я быў закаханы… думаў, што закаханы… Засталося шмат фотаздымкаў. Але ўсё пасыпалася з памяці, змылася. Ёсць такія рэчы, якія не сыплюцца, іх трэба ўзяць з сабой. А астатняе… Ці ўсё чалавек прыгадае, што з ім было?
Другі дзень…
Я купіў ружу. Грошай амаль не было, але паехаў на рынак і купіў самую вялікую ружу, якую там знайшоў. І вось таксама… Як растлумачыць? Падышла да мяне цыганка: «Дай, мілы, паваражу. Па вачах бачу…» Уцёк. Навошта? Я і сам ужо ведаю, што таямніца стаіць на парозе. Таямніца, таемства, пакроў… Першы раз памыліўся кватэрай — адчыніў мужык у абвіслай майцы і пад чаркай, убачыў мяне з ружай, застыў: «Бля-а-а!» Падымаюся на наступны паверх… Праз ланцужок выглядвае дзіўная бабулька ў вязаным капялюшыку: «Лена, да цябе». Потым яна йграла нам на фартэпіяна, распавядала пра тэатр. Старая акторка. У доме жыў вялікі чорны кот, хатні тыран, які чамусьці мяне адразу неўпадабаў, а я намагаўся з ім пасябраваць… Вялікі чорны кот… Калі таямніца адкрываецца, ты нібы адсутнічаеш. Вам зразумела, пра што я? Не трэба быць касманаўтам, алігархам ці героем, ты можаш быць шчаслівым, усё адчуць у звычайнай двухпакаёвай кватэры — пяцьдзясят восем квадратных метраў, агульны санвузел, сярод старых савецкіх рэчаў. Дванаццатая гадзіна ночы, другая гадзіна… Мне трэба сыходзіць, а я не разумею, чаму я мушу сыходзіць з гэтага дома. Найбольшае падабенства гэта мае з успамінам… шукаю словы… Як быццам усё прыгадалася, доўга жыў у няпомнасці, а тады ўсё вярнулася. Я паяднаўся. Нешта падобнае… я так думаю… адчувае чалавек, які шмат дзён правёў у келлі. Свет да яго вярнуўся ў бясконцых дэталях. Абрысах. Гэта значыць, таямніца, яна можа быць даступная, як прадметная рэч, як ваза, напрыклад, але каб нешта зразумець, павінна быць балюча. А як зразумець, калі не баліць? Трэба каб балюча, балюча… …Упершыню пра жанчыну нешта мне распавялі мае сябры, калі мне было сем гадоў… Ім таксама было па сем гадоў. Запомніў іх радасць, што яны ведаюць, а я не, вось зараз мы табе ўсё растлумачым. І пачалі маляваць палачкамі на пяску… …Што жанчына зусім іншая, я адчуў у сямнаццаць гадоў, не праз кніжкі, а скураю адчуў блізка ад сябе нешта бясконца далёкае, велізарную нейкую рознасць, і перажыў узрушэнне ад таго, што гэта іншае. Нешта там, унутры, за жаночым шклом схаванае, мне недаступнае… …уявіце салдацкую казарму… Нядзеля. Няма ніякіх заняткаў. Дзвесце мужыкоў моўчкі сядзяць і глядзяць аэробіку: на экране дзяўчыны ў аблеглых касцюмах… Мужыкі, як балваны з выспы Майя, сядзяць. Калі зламаўся тэлевізар, гэта катастрофа, таго, хто быў вінаваты, маглі забіць. Вы разумееце? Гэта ўсё пра каханне…