Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Цяжка было Януку асвоiцца з думкаю, што i ён возьме ўдзел у такiм гiстарычным зборы. Прыгадаў, як калiсьцi зь вялiкай цiкавасьцю даведаўся ад настаўнiкаў пра Першы Ўсебеларускi Кангрэс, як хваляваўся, чуючы, што нарэшце беларускi народ, пасьля пару стагодзьдзяў Гальготы, знайшоў сiлы, палiтычны розум i мудрасьць, каб паслаць сваiх прадстаўнiкоў у Менск, якiя ня гледзячы на розную злыбяду з боку ворагаў, на правакацыi, на збройную сiлу, пасьля доўгiх разважаньняў пра долю свайго народу, палажылi такiя салiдныя асновы для свайго вольнага дому, а пасьля й абвесьцiлi вольную й незалежную дзяржаву — Беларускую Народную Рэспублiку. I прыгадваў далей Янук як, слухаючы таго-ж настаўнiка-патрыёту, — якi й сам з дрыжачым ад хваляваньня голасам апавядаў, як наляцела з усiх бакоў нячыстая хэўра, каб раськiдаць фундамант пачатага беларускага дому, — балела яму сэрца й сьлёзы залiвалi вочы. I вульканам кiпела злосьць. Найбольш нясьцерпным было ўсьведамленьне бясьсiльнасьцi. Яшчэ поўбяды, каб гэта была бясьсiльнасьць адно ягоная, Янукова. Але з гэных лекцыяў гiсторыi ясна вiдаць было, што бясьсiльным быў цэлы народ. Якая ў такой сытуацыi цана адно самой дэклярацыi пра незалежнасьць?

Зь лекцыяў гiсторыi ў школе й чытаньня мастацкае гiстарычнае лiтаратуры Янук ведаў, што незалежнасьць народу й самастойнасьць дзяржавы здабываецца крывёю, ахвярамi, мукамi, цярпеньнямi. Беларусь мусiла-б мець свакго ваеннага волата нейкага Калiноўскага, што згуртавваў-бы ўсе перадавыя сiлы, паставiў-бы на ногi армiю ўзброеных i добра кiраваных людзей. Толька тады льга было-б прагнаць Наскалёў i Палякаў у свае загарадкi, ачысьцiць родную зямлю ад паразiтаў i злыдняў ды аддаць уладу ў рукi разумных i дбайлiвых пра дабро народу людзей, каб зазьзяла на пагвалчаных i прасякнутых прыгонным потам i нявiннай крывёю нiвах так жаданая дый нiколi, здавалася, недасяжная вольнасьць.

I далей Янук разважаў параўнаньнямi. Тыя ў сямнаццатым годзе зьехалiся на кангрэс i хаця разагналi iх бальшавiцкiя цiвуны, пасьля сабралiся ў чыгуначнай майстроўнi, выбралi Раду Беларускае Народнае Рэспублiкi, што пасьля й абвесьцiла незалежную дзяржаву. Езавiтаў, як гаварылi на тых самых лекцыях гiсторыi, спрабаваў арганiзаваць войска, але яму не ўдалося шмат зрабiць, проста часу не хапiла. Усё-ж Беларусы тады змаглi палажыць хоць фармальныя падвалiны пад незалежнасьць. А цяпер? Ведаючы азьвярэлых гiтлераўцаў, што могуць зрабiць на кангрэсе ў Менску цяперашнiя прадстаўнiкi, у тым лiку й ён сам? Беларуская Цэнтральная Рада iснуе з ласкi Немцаў. Нялюдзкi акупант, каторы агнём i зброяй вынiшчыў столькi беларускiх вёсак, жыўцом спалiў так шмат нявiнных людзей, цi-ж гэты акупант будзе лiчыцца зь нейкай свабодна выказанай народнай воляй?

Чым больш Янук разважаў пра тое катастрафальнае становiшча, тым больш турбаваўся. Пабачыўшы многа бяды на кароткiм веку сваiм, цi нi прызвычаiўся шмат чаго бачыць у чорных колерах. Як-бы добра было параiцца цяпер хаця-б з тым самым настаўнiкам Сабалеўскiм. Магчыма ён знайшоў-бы нейкi адказ. Можа яму вiдаць тое цi iншае, чаго ня бачыў Янук? Але побач ня было паважанага настаўнiка, а драмаў Антось.

I раптам Януковы думкi перакiнулiся на Дзеркача. Што за чалавек! Гэты, мусiць, нiколi ня турбаваўся, а калi часам i здаралася тое, дык прынамся не паказваў хваляваньня. Як ён выдатна сябе кантраляваў. Яшчэ працуючы ў Падгайскага, што добра яму плацiў, Янук часта бачыў Дзекача ў Гацях. Пры нагодах апавядаў яму розныя баявыя прыгоды ў змаганьнi з бальшавiцкiмi бандамi. Антось быў два разы ранены, раз у лытку, iншы раз у бок. Вылячыўся й выхадзiў тыя раны i, як-бы нiчога нiякага, з ранейшай адвагай i вынаходлiвасьцю езьдзiў зь сябрамi ў засады на бандытаў, як мог абараняў беларускiх сялян ад Немцаў i Латышоў. Цi адна вакольная вёска пайшла-б яшчэ з дымам, калi-б не гацкая палiцыя, што ачышчала ад бандаў засьмечаныя раёны. I Антось першы зь першых, найбольш руплiвы. Дзе хiтрасьцю, а дзе сiлай. Вось дзе чалавек! I заўсёды спакойны. Што давала яму той спакой?

— Браток, Янук, — цi раз казаў Януку Антось Дзяркач, — кроў за свой народ пралiць трэба, але лепi нi сваю, а чужую.

Гэта Антось мог сам выдумаць, або ад некага пачуць.

Або вось такое: — Калi ўжо й галаву злажыць дзе прыдзецца, дык дзякаваць Богу, за сваiх, а нi чужых.

I цяпер Антось Дзяркач ехаў на кангрэс, апрануты ў цывiльнае, зь нейкiм асаблiвым заданьнем. Зь якiм? Няцяжка было дагадацца. Нешта даручыла яму Беларуская Незалежнiцкая Партыя. Так. Пра тую бээнпэ Яну даведаўся больш. Арганiзацыя цалкам тайная ведаў, што зь мясцовых належалi да яе адно Падгайскi й Дзяркач. Было-ж, пэўне, больш сяброў, прыкладна той чалавек, каторага аграном даўно ўмясьцiў у гацкую палiцыю, калi была яна яшчэ ў Бжончыкавых-Бронхэравых руках. Свае вочы й вушы. Хто гэта такi? Янук так i ня ведаў. А цi ведаў Антось тую асобу? Янук яго нiколi пра гэта ня пытаўся.

Зразумела, што бээнпэ магла мець больш сяброў у Гацях. Янук мяркаваў, што арганiзацыя ня была масавай, бо ў масе расплываецца кансьпiрацыя. Гэткая тайная арганiзацыя часта стварае хвальшывы фронт, значыцца нейкую iншую арганiзацыю, якую выкарыстоўвае як франтавую, каб змылiць працiўнiкаў. Бахмач лiчыў сябе зялёненькiм у нейкай кансьпiрацыйнай дзейнасьцi. Прыйдзе час i практыка. Абы хапiла сiлаў i ахвярнасьцi. Абы было далёказорнае кiраўнiцтва. Дык няхай цяпер Антось i едзе больш для спэцыяльнага заданьня, чымся проста як народны дэпутат. Кiраўнiцтва, пэўне-ж, ведае што робiць. Калi бальшавiцкая навала зноў залiе вынiшчаны гаротны край, тады прыйдзе змаганьне на жыцьцё й сьмерць. Дай, Божа, Беларускай Незалежнiцкай Партыi i ейным кiраўнiком гарту, вытрываласьцi ў змаганьнi аж да канчальнае перамогi над чужой i дзярлiвай нячыстай сiлай. А цяпер тымчасам няхай дрэмле, пад рытмiчнае лякатаньне чыгуначных колаў, заслужаны змагар Антось Дзяркач.

Зiрнеце на гэтага мужчыну: ён не ў кажушку i ня ў сьвiтцы, а ў добрым касьцюме, з гальштукам, у прыгожых ботах. На народнае сьвята едзе, няйнакш. I не ляжыць побач неадлучны бярозавы кiй. Недзе й капялюш прыдбаў. Цiкава, цi паляўнiчы нож за пазухай трымае? Напэўна. А можа й наган пры сабе мае? Ён-жа, як-нiяк, палiцыйны чалавек i можа мае права мець кароткую зброю. Як-бы памацаць, цi мае нож. Зь левага боку грудзей запраўды вiдаць нейкая прадаўгаватая надзьмутасьць, нешта там падоўжнае пад пiнжаком.

Янук пазяхнуў i прыглядаўся людзям у другiм куце. Пад гул цягнiка да яго вушэй даходзiў роўны гоман. Ён узмоцнiўся пад уплывам алькаголю. Янук ведаў, што ён доўга не засьне. Зашмат няперабранага-неўпарадкаванага награмадзiлася ў галаве. Хто ведае, калi гэтыя думкi ўдасца належна зарганiзаваць. Паднечаньне перашкаджала рацыянальна думаць. Забягаў наперад i стараўся ўжо ўявiць як заўтра будзе. Зьберуцца недзе ў вялiзнай залi, магчыма ў тэатры. Асмуьжаныя вятрамi аблiччы з усiх кутоў палаючай у вагнi бацькаўшчыны, задуманыя твары працоўнай iнтэлiгенцыi. З натхненьнем слухаюць прамоваў з трыбуны. А Янук, можа наймалодшы з усiх, разглядаецца па залi, у каторай вось адно пачалося гулкае плёсканьне. Мiж старшых вусатых i барадатых, сям-там вiдаць i моладзь.

Але гэта будзе заўтра. Тымчасам-жа ён, Янук Бахмач, зь вёскi Лiтоўцы, настаўнiк, студэнт, вязень, сябра Беларускай Незалежнiцкай Партыi, павiнен цi раз яшчэ вярнуцца ў мiнулае, дапасаваць-прымерыць да вымаганага сабой максiмуму: цi так паступiў, цi добра зрабiў, якраз ад яго, вялiкага патрыёты, належылася бацькаўшчыне чакаць i вымагаць.

На працягу доўгай i цудоўнай вясны, ад часу вызваленьня зь вязьнiцы, запраўды адпачыў i разгледзеўся, дый сямейны вузел завязаў. Праўда, адпачыў мо й малавата. У Падгайскага ўлегцы не хадзiў. Але якраз тая рэгулярная праца ў вагародзе й на полi ды добрыя харчы вярнулi да поўнага росквiту зьняможаны вязьнiцай арганiзм, праясьнiлi галаву й далi некаторую жыцьцёвую пэрспэктыву. Аграном шчодра аплацiў за помач, а гэта выклiкала не абы-якое адабрэньне бацькi.

Ужо зусiм крытычным вокам, як нiколi раней, прыглядаўся Янук мясцовым людзям, асаблiва старэйшым зь Лiтоўцаў, уважна трымаў руку на пульсе жыцьця. Часта праводзiў гутарку i зь дзедам Якубам, i з Паўлоўскiм, i з Уладзiмерам Пятухом, i Захаруком, i з Вульлянай, дый цi мала яшчэ зь кiм. Уроджаны iнтэлект i ўжо немалая жыцьцёвая практыка памагалi разважаць, ацэньваць, на нейкую мерку дапасоўваць. Згодна старое праўды, — хочаш гаварыць, то ўмей слухаць, — Янук уважна слухаў i даваў сялянам розныя пытаньнi. I тыя самыя людзi, што некалi перад ягоным падарожжам у сьвет з роднае хаты выдавалiся яму нехлямяжымi ў думках, нянадта кемлiвымi, цяпер, быццам асьвечаныя ягонай, Януковай, празорлiвасьцю, зьявiлiся перад iм зусiм накшымi, разумнымi, асьцярожнымi, глыбока практычнымi, наскрозь пранiтаванымi народнай мудрасьцю.

84
{"b":"103053","o":1}