Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Бацькавы словы вялiкую вагу мелi. Дуня прынадай была. Тужыў па ёй хлапец. Як-жа было-б добра працаваць дзесьцi пабач яе. Ды ўсё-ж шкада было пакiдаць распачатую сярэднюю асьвету. Пры школе Дуня атрымала паўгактара зямлi. Апроч сьцiплае грашовае платы за працу, воласьць гэткiм чынам памагала настаўнiкам. Дунiну дзялку Макатуны засадзiлi гароднiнай i бульбай. А пасьля «навукi» Плясьневiчыхi, Дуня сталася мясцовай зоркай-настаўнiцай. Першы недавер да «жабоцькi» ў бацькоў вучняў хутка зьнiк i замянiўся пашанай яе.

Часта цяпер бачыўся з Дуняй Янук. Скупавата было часу на паэзiю, але юнацкая любоў трывала й мацнела. Вёска даўно абжылася з тым, што два новасьпечаных iнтэлiгенты трымалiся разам. Навет рыжавусы Захарук, кагадзе сустрэўшы Янука, ня вытрымаў:

— Iш ты, якi зь цябе дзяцюк, як за Макатунiшкай бегаеш! А цi забыўся ты, як некалi камшыў яе, га?

Тыя часы даўно-даўненька ў нябыт адыйшлi. Як нiхто iншы зь юнакоў у вёсцы, Янук дасьпяваў вельмi хутка. Падарожжа ў Менск, навука й нялёгкае жыцьцё ў далёкiм горадзе далi яму куды шырэйшую практыку, расшырылi гарызонт розуму. Пэўне-ж, нейкi там доктараў Сатась, цi Ўладзiк, цi кавалёў Лёнька яму цяпер раўнёй ня былi. Асаблiва пасьля настаўнiцкiх курсаў i Вiльнi нiхто ня сумляваўся, што Янук Бахмач ужо «ў людзi» пайшоў. Задаволены такой сваей новай пазыцыяй у вёсцы, дзе яшчэ некаторыя называлi яго паэтам, Янук спадазяваўся спакойна пражыць i плённа папрацаваць аж да першага школьнага дня. Але…

Навала нахлынула ранiцай. Гул пачуўся здалёку, ужо як чыгунку бальшаком пераяжджалi. Людзi ў зялёным, шмат наладаваных розным дабром хурманак, коньнiкi, пешыя. Час ад часу стрэлы ўверх, цi не для постраху. Цi гэта ўжо на раньнi каторыя панапiвалiся, або стралялi здуру. На некаторых вазох сядзелi «трафейныя» дзяўчаты. Зброя пераважна лёгкая, вiдаць былi й кулямёты. Шматлiкiя ваякi паабчэплiвалiся нямецкiмi гранатамi «балдавешкамi». Даўгая, здавалася, бясконцая калёна нечым нагадвала цыганскi абоз. Нехта жартам празваў iх цыганскiм войскам.

Завiталi… Не, хiба гэта неадпаведнае слова. Уварвалiся ў Лiтоўцы з бальшака й пакуль сяляне вымяркавалi хто, што й чаго, навала пачала распаўзацца па хатах, сьвiранах, хлявох. Чулiся крыкi, лаянка, стралянiна. Людзi ў зялёным гаварылi парасейску i адразу пачалi шукаць нажывы. Вiдаць, што мелi ў гэтым набiтыя рукi, бо ведалi ў якiя куткi заглядаць. Ламалi дзьверы, страляньнем нiшчылi замкi. Вёска цi раз ужо рабавалася бальшавiцкiмi бандамi, рук тут надта не пагрэеш. Нойбольшы быў спрос на самагонку. Кмiтаваму Тодару давялося расстацца iз сваiм запасам. Не памаглi ягоныя праклёны й Аўдолiны заклiнаньнi. Другiм ходкiм таварам аказалiся конi й сяляне, хутка спанатрыўшы, хавалi iх у лесе.

Антось Дзяркач загадаў Нiне мiгам завесьцi каня ў балота, туды на Марылiн горб, а сам, што лепшае, як сала, хлеб, мяса, яйкi й масла схаваў у сваю нару, якую апошнiм часам ладна пашырыў i ўмацаваў. Ён-жа наказаў i бацьком, каб пахавалi харчы. Такiм чынам, калi тры «цыганы» прыйшлi да яго на двор, Антось стараўся спатолiць заядлага Ромку. Згорбiўшыся, казырок на лоб, сядзеў на прызьбе й гладзiў сабаку.

— Хадзяiн дома? — спытаўся старэйшы, з двумя паскамi на пагонах.

— Я хазяiн, — спакойна, прыглядаючыся яму, адказаў Антось.

— Лошадзь iмееш?

— Нiма.

— Как то на хадзяйстве i лошадзi ня iмееш?

— Учора парцiзаны забралi.

— Анi зьдзесь былi?

— Ага, былi. Паласавалiся.

«Ваяка» стаяў на нагах няроўна, але трымаўся зухавата. З кiшэнi портак тарчэла ручка нагана. Ягоныя сябры наперавес трымалi савецкiя стрэльбы.

— Что значыт паласавалiся?

— Значыць усю вёску абабралi.

«Ваякi» пераглянулiся.

— А водку iмееш? — пытаўся старэйшы.

— Ды не, нiма. Адкуль яе мець, тую водку.

— Будзем iскаць.

— Шукайце.

Аббегалi хату сьвiран, кладоўку й нiдзе не палакамiлiся нiчым.

— А ты пачаму нi ў парцiзанах? — спытаўся зноў старэйшы Антося.

— А чаму мне там быць? Вы-ж зь iмi ваюеце?

— Ну эта наша дзела.

Ромак вурчэў. Антось стрымлiваў сабаку. Адно адшпiлi яму зашчапку ад скуранага каўняра, адразу кiнецца на чалавека, саб'е яго з ног. Пры помачы Ромка мог-бы Антось iз трымя справiцца, але што будзе, калi iншыя налятуць? Лепш не.

Бацька загадаў Януку ўцякаць iз кабылай у лiпавiцкi лес.

— Не марудзь, жыва!

— А нашага здыхляка таксама забiраць?

— Якому чорту ён трэба? Жыва, уцякай!

Янука не давялося спанукаць. «Здыхляком» называлi недалужнага каня, якога зацяганая й зьняможаная кабыла перадчасна прывяла на сьвет незадоўга пасьля вывазу лесу «па трыццаць кубаметраў ад лошадзi». Конь i еў неахвотна, рос худы, ледзь валюхаўся з нагi на нагу. Калi хто стараўся падганяць яго да працы, пазiраў на яго крыўднымi вачмi. I запраўды жаль яго, недалужнага, было.

Янук з кабылай прабыў у калiшнiм панскiм ляску, на самым краю яго, можа пару гадзiнаў, назiраючы што ў вёсцы робiцца. Гэтак, як ён, апынуўся тут i Стась доктараў iз бацькавым канём. Стась малоў усякую нясуладзiцу, якую Януку надакучыла слухаць. Таксама тут-жа, у лiку некаторых iншых гаспадароў, апынуўся й сам солтыс Паўлоўскi з канём. Лясок гэты ляжаў з боку вёскi супрацьлеглага ад бальшаку, таму людзi мелi час уцячы сюды з коньмi.

Калi Янук вярнуўся дадому, задаволена зiрнуў на бацьку, але адразу вымяркаваў, што нешта дрэннае сталася.

— Што такое, тата?

Бацька адказаў не адразу. У яго дрыжэла нiжняя вусьнiна.

— Ты-ж падумай, сынок, што за зладзюгi! Забралi здыхляка й Мiколу. Ну й навошта iм два калекi?

— Iз возам?

— Няўжо-ж…

— Дык што на воз нагрузiлi?

— Ды нiхай iх трасца, нiхай яны тым падавяцца. Нагрузiлi што награбiлi.

— Людзi, мусiць, конi пахавалi, дык нашага, нядошлага, забралi.

— Алi што зь iх, з двух калекаў.

— Нi пацягнiць, дык прыстрэляць. А куды яны паехалi?

— У Гаравацкую пушчу. Няўжо-ж яны на гэтых бандытаў?

На падходах да Докшыцаў, у лясной паласе, што была пад кантроляй «начных уладаў», якiя гэтта панавалi i ўдзень, адбылося злучэньне «цыганоў» Гiль-Радыёнава з бальшавiцкiмi бандамi Жалязьняка. I наступнага дня ранiцай яны заатакавалi Докшыцы. Калi выразiцца дакладней, гэта ня была нiякая атака, а паглынаньне малога й слаба ўмацаванага раённага мястэчка вялiкiмi масамi зьдзiчэлых людзей, што нарэшце набралiся адвагi, каб вырвацца зь лесу. Докшыцкi гарнiзон палiцыi й Немцаў доўга ня вытрымаў цiску навалы й мала каму зь iх пашанцавала выратавацца. У гэны дзень пачынаючы ад старшынi раёну Пархвяновiча й школьнага iнспэктара Ворана, загiнула ўся беларуская адмiнiстрацыя. Зьдзiчэлая «армiя», пасьля лiквiдацыi ўраднiкаў, налётам рабавала ўсiх мясцовых жыхароў. Хто супрацiўляўся, таму прыпiсвалася супрацоўнiцтва з фашыстамi. Тут-жа й кара.

Пасьля захопу Докшыцаў, гэтае «гэройскае» войска накiравалася ў Гацi. Падарозе нагала абчысьцiлi колькi вёсак, моладзь забiралi «на службу», зь якой бальшынi ня было паваротнага шляху. Гэтым разам нешчасьлiвыя сяляне, што крыху абжылiся пад нямецкай акупацыяй, ня ведалi куды хаваць хатнi статак цi якое iншае дабро, куды самiм ад гэтае навалы скрыцца. У лес не ўцячэш: там-жа яны, а ў горад, ведама, ня пойдзеш.

На Гацi напалi ранiцай каля гадзiны дзявятае, ад вёскi Бабiчы, што прылягала да мястэчка з паўдня па дарозе з Докшыц. Гэнае ранiцы Янук Бахмач араў папар. Калi пачулiся стрэлы й шугануў дым зь першага пажару, ён спынiў кабылу, абапёрся на поручнi плуга. Зьдзiўлены, прыглядаўся пажару й чуў страляньне, ня ведаючы як гэта вытлумачыць. Думка прыйшла сама сабой: цi ня тыя зь лесу спрабавалi свае мускулы. А зь iмi, пэўне, i гэтыя «цыганы», што кагадзе Лiтоўцы абчысьцiлi. I адразу-ж згадаў брата Мiколу. Дзесьцi мiж тае масы «цыганоў», напэўна галодны, зьняможаны, брат Мiкола й недалужны конь. Два калекi. Што зрабiў-бы ён, Янук, апынуўшыся разам з гэтай бандай на бальшавiцкiм баку? Цяжка сказаць.

Стралянiна мацнела, цяпер чуваць было й цяжэйшыя выбухi. I тады, зьбянтэжаны гэтай нечаканай вайной, Янук зiрнуў на вёску. Людзi беглi на Гараватку, бо адтуль можна было бачыць некаторыя аб'екты станцыi. Стараючыся адагнаць аваднёў, кабыла заядла махала хвастом, тэпала ў гужох, павярнула налева галаву й быццам зьдзiўлена пазiрала на юнака пры ручках плуга. А Янук назiраў, што рабiлася на лiтоўскiм полi. Некаторыя людзi, перапалохаўшыся, беглi ў вёску, гналi з сабой статак. А стралянiна ўзрастала. Над станцыяй ужо ў многiх мясцох клубiўся чорна-блакiтны дым. Прыпякала сонца й лёгкi вецер нахiлам нёс дым у паўночны бок. Крыху падумаўшы, Янук выпраг кабылу, асядлаў яе, спацелую, i трушком паехаў дахаты. Пры весьнiчках сустрэў яго бацька.

63
{"b":"103053","o":1}