Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Праўда, крыху зьдзiвiла яе стрыманасьць, нейкая зьвязанасьць наведвальнiкаў. Суседзi-ж вымяркавалi, што недзе ў ваколiцы зьявiлiся польскiя банды. Дый цi яны адны ў лесе сядзелi? Працаваў-жа раней у гэтай самай сяржаньцiхi прыдзелены воласьцю савецкi палонны. Той, каб яго трасца, зiму адзiмаваўшы, адпасьвiўшы жывот, да нейкай бальшавiцкай банды ў лес павалачыўся. Ваўка, як кажуць, як нi кармi, усяроўна ў лес цягне.

Здарылася пасьля адыходу таго Ванькi ў лес нешта нязвычайнае. Нi раз i ня два, а ажно тры разы нехта ноччу раськiдаў у вёсцы бальшавiцкiя афiшкi. «Сьмерць фашыстам» сулiлi. Як на зло, якраз у наступны дзень тыя вайсковыя з Будслава ў Залатуху зьявiлiся дый распытвалi чыiх рук гэта работа. Вядома-ж, нiхто ў вёсцы такой брыдотай не займаўся. Сумлеву ня было. Хто гэта каго ў такой малой вёсцы ня ведаў? Як i ўсюды ў Беларусi, былi тут i свае пахатухi, якiя чамусьцi лiчылi абавязкам даведацца кажную макулiнку: што хто еў на харчаваньне, якi хлапец на якую дзеўку зiрнуў, цi што гаварыў, чыя авечка зараньня акацiлася, хто й чаму яшчэ падаткаў не заплацiў. Шмат мякiны ператрасалася, каб адно зярнятка дзе якое знайсьцi.

Вiзыты чужынцаў выклiкалi трывогу й страх. Немцы зьбiралi на вулiцы ўсiх жыхароў, доўга трымалi пад зброяй, распытвалi пра афiшкi й бандытаў у лесе дый рабiлi розныя, здавалася зусiм недарэчныя, пагрозы. Асаблiва да моладзi прыставалi. Але што гэтым простым сялянам было да таго, што нейкiя мярзотнiкi ноччу афiшкi параськiдалi, цi тое, што збоку грымела пераладаваная ваеннымi цацамi чыгунка, або тое, што да сяржаньцiхi Юргялiхi людзi ў ваенных польскiх мундзiрах прыходзiлi? I думалася, што паколькi яны зусiм нявiнаватыя, дык у найгоршым выпадку прыедуць з Будслава раз цi другi вайсковыя, зьберуць iх, пачнуць распытваць, пагражаць. Ну не павесяць-жа!

Аднае ночы бальшавiцкiя бандыты забралi й пагналi ў лес двух дзяцюкоў. Калi адзiн зь iх уцёк дамоў, за пару ноч па яго прыйшлi. Змусiлi людзей выдаць яго сховiшча й пагналi назад у лес. Такiм чынам у ваколiцы ўстанавiлiся дзьве ўлады. А залатускiя не зьвязалi ўсiх гэных выпадкаў i фактаў на адну нiтку, не падсумавалi й не зрабiлi належных выснаваў. Вы ваюеце, дык ваюйце… Вам, вайсковым, вайной, а нам, сялянам, зямлёй займацца. Нас клiча поле й луг, i лес, i сад, i гарод.

I ў тую кароткую вясеньнюю ноч, зьняможаная працай, цiха адпачывала Залатуха. Супакой трывожыў адно рэдкi брэх сабак i тая-ж самая чыгунка. Скрыпучы канцэрт пеўняў пад ранiцу будзiў старэйшых. Пазяхалi, дый задаволеныя, што яшчэ ўставаць ня трэба, засыналi. I ўжо калi на ўсходзе зазьзялi зарнiцы, усхадзiлiся канцэртам у кустах салаўi. Цёхкалi, тахкалi, высьвiстывалi, ёхкалi, ахкалi ды быццам на цымбалах трымкалi. А з сонцам вiтала новы дзень Залатуха.

Першыя спасьцераглi людзей у зялёным, iз зброяй напагатове, пастухi. Выглядала. што жаўнеры абкружылi вёску й вiдаць, што iм ня рупiла, бо стаялi. Тут-жа побач трымалi запрэжаных у каляску коняў. Цi не на якiя манэўры выбралiся? Некалi тыя «манэўры» ўелiся бокам сялянам. Пры Паляках гэйсалi на конях уланы, часта вунь якое шкоды на полi нарабiлi. Ды тады-ж i вайны, як цяпер, ня было. Залатускiх сялянаў, каторыя ўмелi глядзець, зьдзiвiла ня самая прысутнасьць войска, а нешта iншае. Гэтыя жаўнеры чамусьцi нiчога не пачыналi, а наадварот — пiлi нешта з пляшак, закусвалi, нечага цi некага чакалi. Галасы iх, спачатку стрыманыя, набiралi сiлы, якраз як гоман падпiўшых людзей.

Сонца ўжо паднялося, што качаргой яго не дастаць, калi ў некалькiх мясцох каля вёскi гаркнула каманда й пачулiся сьвiсткi. Iз зброяй напагатове, ланцугамi, жаўнеры наблiжалiся. Такому няштодзённаму зьявiшчу прыглядалiся затрывожаныя сяляне. Зноў усiх зьбяруць i гадзiнамi будуць трымаць пад зброяй, выпытваць? Напалоханыя пастушкi, дабегшы да сваiх хатаў, паднялi алярм. Жаўнеры зганялi статак у вадно месца. Такога яшчэ ня было.

На полi чулiся стрэлы. Каторыя людзi ўжо выйшлi на працу, тыя, пакiдаўшы прылады ў вёску сьпяшылi. Павыбягаўшы з хат, на вулiцы гаманiлi няўцямныя жанчыны й дзецi. Брахалi сабакi, кудахталi куры.

— А людцы мае, чаго-ж гэта iм?

— Матка Боская Чанстахоўская, ратуй нас!

Мужчыны ўспакайвалi жанчын.

— Цiха ты, Адэля, нi лямантуй. Падзiржаць ды пусьцяць.

— Ня вiдзiш, што нiкаторыя зь iх п'яныя? Каб вас гаручка, чаго вам яшчо трэба!

Стрэлы грымнулi збоку, блiзка напалоханых людзей. Па сабаках. Бялявы хлопчык падбег да чорнага сабакi, якi бэцнуў вобземлю.

— Так тобi, чорт, i надо…

Каржакаваты цёмнавалосы ваяка сакавiта вылаяўся.

— Шнэль, шнэль! — дзёр горла нямецкi афiцэр.

Было iх, вiдаць, два зьвязы. Калi адна група абкружыла на вулiцы людзей, iншыя пабеглi па хатах. Дзьверы адчынялi ўдарамi ботаў i прыкладамi стрэльбаў. Дзесьцi трэснулi рамы ў вакне й пасыпалася шкло.

— Божачкi, чаго гэта яны? Мусiць канец…

— Якая iм трасца трэба, каб iх зiмля нi насiла!

Маткi ўспакайвалi перапалоханых дзетак. Чарга стрэлаў загрымела над галовамi.

— Швайгэн, унтэрмэншэн!

Войстры, як брытва, голас. Навокал дрыжачых ад нечаканага нападу сялянаў пагрозьлiва тарчэлi настаўленыя рулi стрэльбаў i аўтаматаў. Вочы карнiкаў не варажылi добрага.

— Тыхо! — крыкнуў побач Немца падафiцэр. — Зыбралы вас, шчоб поговорыты. Давайтэ спокiйно!

Крыху апанаваўшыся, людзi маўчалi, адно скуголiлi дзеткi. Сяржаньцiха Юргель не магла сваiм вачом паверыць. Так, сумлеву ня было. Тойсамы шрам наўскасяк левае шчакi, вочы, што ва ўпор глядзелi. Але тады яны, здаецца, больш лагодныя былi. I тады на iм быў польскi мундзiр з адзнакамi афiцэра, дый ласкавы, хоць стрыманы голас. Жанчыне ў вачох пацямнела.

Жаўнеры цягнулi з хаты лысага, сiвога мужчыну. У зрэбнай бялiзьне, ён стагнаў i баранаваў па вулiцы нагамi.

— А каб вас… Ён-жа хворы!

Старэйшая жанчына кiнулася да жаўнераў, што цягнулi хворага.

— Цiкай, курво!

З гэткiмi словамi адзiн зь iх з усяе моцы стукнуў сялянку прыкладам стрэльбы ў грудзi. Яна ўпала, кiнулася ў мольбы й праклёны. Вывалаклi з хатаў яшчэ пару чалавек. I тады рэзка сьвiснуў нямецкi падафiцэр.

— Марш!

Карнiкi пачалi насядаць на сялян. Маршы трываў нядоўга, Прыгналi на край вёскi ды напiраючы рулямi зброi, загналi ў гумно, тое, самае, на страсе якога стаяла бусьлянка. Закрылi скрыпучыя вароты й злажылi iх жардзiнай. Гэтта-ж з пад'ехаўшай хурманкi жаўнеры хапiлi канiстры й аблiлi сьцены бiнзiнай. Iншыя клалi побач снапы кулявой саломы.

Сьцямiўшы, як выгладала, найгоршае, рос у гумне трывожны гоман i лямант. Успыхнула салома й агонь вялiзнымi языкамi ахапiў сьцены. Зь сярэдзiны выбухнуў марозячы кроў у сэрцы крык i енк.

— Так вам, вражы ляхi! — адказаў з гэтага боку карнiк.

Магутным напорам людзi намагалiся выпхнуць з гумна вароты. Яны ўжо трашчэлi, вось-вось меклi рашчынiцца. I тады гаркнулi кулямёты. Пачулiся прыглушаныя стогны, кашаль. Пiсклiвыя дзiцячыя галасы мяшалiся з трэскам дрэва й праклёнамi старых. Над страхой распрасьцерлiся крыльлi, бусьлiха пакiнула гняздо. Полымя з дымам раптоўна паглынула гумно. Калi абвалiлася страха, дзьве фiгуры, з палаючай вопраткай, выкулiлiся пераз зруб у бульбоўнiк з другога боку. Карнiкi iх не заўважылi.

Пакiнуўшы колькi людзей пры дагараючым гумне, карнiкi цяпер рассыпалiся па вёсцы, зьбiралi ў месца хатнюю жывёлу й птушку ды неўзабаве пачалi падпальваць усе будынкi. У гэны час па чыгунцы iмчаўся наладаваны аграмаднымi танкамi цягнiк.

Пад вечар ля папялiшчаў Залатухi хадзiлi людзi з суседнiх вёсак. З усiх жыхароў невялiкай вёскi ўцалелi мужчына й жанчына, што пераз зруб гумна выскачылi ў бульбоўнiк, ды пасьля вылячылiся ў Даўгiнаўскiм шпiталi. I яшчэ ўцалелi дачушка й сынок Юргялiхi, якiх жанчына шмат раней чым патрэбна выслала ў школу ў Вярэнькi, загадаўшы, каб падарозе з патрэбай да сваякоў заглянулi.

Жудасны, навет для ўяўленьня цяжкi, злачын напоўнiў жахам ваколiцу. Доўга не змаўкала пад саламянымi стрэхамi гутарка. Злачын абмяркоўвалi на розныя лады. Шмат дакладалi самi апавядальнiкi. Янук пачуў пра Залатуху ад Антося Дзеркача, якi скупiўся на словы. Магчыма, што ня ладзiў зь Нiнай бо тая, як выявiлася, дамагалася шлюбу, а жанчыны казалi, што зацяжарыла.

43
{"b":"103053","o":1}