Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У гэну суботу, абложаная алавянымi хмарамi, прыцярушаная сыпкай халоднай маннай вёска Лiтоўцы жыла гукам жорнаў, стукам набiльнiц на кроснах, вурчэньнем калаўротаў. Вёска ведала, так як i ўсе навакольныя вёскi, што й сяньня могуць зь мястэчка зьявiцца людзi, прывалачы якiясьцi транты-абноскi на харчы мянаць. I можа ня так з разьлiку, як зь лiтасьцi, не галадаць-жа тым у горадзе! — лiтоўскiя зробяць зь iмi якiсь «гяшэфт» i далей будуць прадаўжаць прасьцi, ткаць, малоць, малацiць, мяць, каб на нiкога iншага не спадзявацца, каб незалежнымi быць.

Гандляроў з трантамi спадзявалiся, як калiсьцi таго аднавокага Жыда iз надта скрыпучым i доўгiм возам, што за рызьзё жанчынам iголькi, мыла, гузiкi, стужкi й хусткi сулiў. Але нiколi не чакалi такiх наведвальнiкаў, што наблiжалiся з Гаравацкае пушчы, ды ў такой колькасьцi.

Цi мала чаго бачыў лiтоўскi гасьцiнец! Калi пайсьцi далёка назад, дык бадай цi ня ўсе ваякi, што за гэту зямлю змагалiся, — пераможцы й пераможаныя, — гэтта праходзiлi-валачылiся. У пазьнейшыя часы маскоўскi штык у далёкую й зьненавiджаную Сiбiр сыноў гэтае забранае зянлi тут гнаў… Дзiва няма, што такую прошласьць за сабой меўшы, нiчым, здавалася, таго гасьцiнцу ня зьдзiвiш. Кагадзе «вызвольнiкi» бравурна й фанабэрыста з крыкам «да здравствует» на захад iмчалiся. Пазьней заходнiя «вызвольнiкi» дзесьцi верхам прагудзелi-праляцелi, а гэтта адно сьцiплая колькасьць машын праехала. Падбiтыя шыпамi боты нямецкiх жаўнераў зямлi гасьцiнцу бадай не дакраналiся. Але цi спадзяваўся, калi-б споадзявацца мог, гасьцiнец такога, што нахлынула на яго ў тую сыботу?

Iх пачулi й спасьцераглi тады, калi пры бесьперапыннай лаянцы канвойных, браханьнi сабак-ваўчараў i стрэлах для постраху высыпалi яны тысячамi зь зяпы Гаравацкае пушчы. Ведама, пачулi-б i ўгледзiлi-б iх i бяз вэрхалу канвойных гарлапанаў. Не пачуць нельга было.

Цi даводзiлася вам калi, у вандраваньнi па нашай грэшнай плянэце, зьведаць блiзкасьць мора тады, калi яно ад вас яшчэ аддаленае? Магчыма вы першы раз асэнсоўвалi прысутнасьць нечага ледзь не бязьмежнага, стыхiйнага й магутнага, хоць фiзычна вы былi яшчэ воддаль. Лiтоўскiя сяляне маглi-б пасьля даводзiць вам, што яны здалёку пранюхалi прыблiжэньне масы савецкiх палонных, што ледзь не спантанiчна выбеглi тады да гасьцiнцу, але здарылася гэта куды прасьцей.

Занемагла Пiлiпава Аксеня. Пярыў яе, як у дошку, сухi кашаль. Папрасiла яна сына Арсеня, каб зьбегаў ды папрасiў зёлак у бабкi Апрасiньнi, што на другi бок гасьцiнцу на ўзьлесьсi Гаравацкае пушчы жыла. Гэтак шустры Атсень, — аж дрыгаў яму зь вялiкага iмпэту чуб, — сьпяшыў дадому на помач матцы. У руцэ трымаў шэры кужэльны мяшочак. Хуткi ягоны крок спынiў шырокi й разьлiўны гоман, што пачуўся зь нетраў пушчы. Не, гэта ня быў гоман, а нешта iншае. Галасоў, як такiх, ня чуваць было, а магчыма яны зьлiлiся ў адзiн прыдушаны, прыглушаны гул… Арсень пабажыўся-б вам, што такога нiколi ня чуў i ня мог-бы, пры найлепшым жаданьнi, навет яго акрэсьлiць. Адно пэўнае: у адзiн момант юнак зразумеў, што на гасьцiнцы тысячы людзей i што яны ў руху. Тады пачуў браханьне сабак, адзiн, другi, трэцi стрэл рэхам ускалыхнулi пушчу. Гвалтоўна бiлася сэрца, зь перапалоху дрыжэлi лыткi. На гасьцiнцы паказалiся дзясяткi, сотнi твараў. Шэрых, змучаных. Як прывязаны, трымаюэчыся за камэль дрэва, з-за гольляў пазiраў на гэты дзiўны вобраз юнак. Крыкi канвойных, як нажы. I сабакi… Адзiн зь iх, здалося Арсеню, спасьцярог яго. Больш iнстынктам, чымся развагай, хлапец лiтаральна нырнуў у гушчу дрэў. Ззаду пачулася заўзятае браханьне. I крыкi… I стрэлы… Галiна куста балюча сьцёбнула па твары. Пальцы нешта лiпкае намацалi. А ногi на злом галавы нясьлi. Адно каб гасьцiнец перабегчы. Перад гэным жахлiвым вужам, каб ня выпаўз наперад, не паглынуў… Такога перапалоху ня ведаў хлапец, як жыве.

Душаная кашлем Аксеня, чакаючы хлопца, закiпяцiла ў малым кацялку ваду, адставiла яго на прыпечак i паставiла вiлы ў качарэжнiк. Гвалтоўна рашчынiлiся дзьверы, ветрам уварваўся ў хату сын.

— А божачкi мае, сыночак! Што з табой, хто цябе? — жахнулася матка.

Сын, з закрываўленым тварам, дрыжэў, ня мог злавiць паветра. Ён шпурнуў мяшочак зь зельлем на стол i асунуўся на лаву. У куце, заваленым хламам абноскаў, на нiзкiм табурэце, над калодай Пiлiп падняў галаву.

— Дай…, - сiлiўся Арсень, — дай, мама, духу злавiць.

Аксеню зноў узяў кашаль. Яна зграбла мяшочак са стала, разьвязала яго, падыйшла да прыпечку й сыпала ў вар зельле.

— Iдуць… тысячы йдуць, мусiць! — голасна выбухнуў Арсень.

— Хто йдзець? Што з табой? Хто табе твар падзёр, што ўвесь у крывi? Ты ў люстэрка паглядзiся.

Аксеня намачыла канец ручнiка ды падбегла да сына, узялася выцiраць закрываўлены твар.

— Гэта я, мусiць, у лесе, калi на iх глядзеў, а пасьля ўцякаў ад сабакi ды мне нейкi куст падзёр…

— На каго ты глядзеў?

— Бальшавiкоў… Немiц гонiць. Тысячы, тысячы iх, нi канца, нi краю. Я надта спужаўся…

Пах зваранага зельля прыемным араматам напоўнiў паветра.

— Я цяпер, мамачка, пабягу! — наглiў Арсень.

— Куды ты, сынок, пабяжыш? Ай-яй, божачкi мае! Што ты гэта гаворыш? Пярхi-пярхi! — кашаль напаў на Аксеню. — Раскажы, што ты вiдзiў.

— Ну што там расказваць? Кажу-ж, Немiц па гасьцiнцы бальшавiкоў гонiць. Як сьцяна, на зьлiчыць, нi канца, нi краю. А Немцы па бакох iз стрэльбамi i аўтаматамiды ваўчарамi сабакамi. I страляюць. Ох, як страху нагналi, яж лыткi дрыжаць, як я ходу даў!

— Гэта, мусiць, палонных. А куды ён iх?

— Ды ў Гацi. Чорт яго знаiць, куды. Ну дык, мамачка, я пабягу.

— А куды ты пабяжыш? Стой, шрам трэба во ёдам замазаць. Жарцiкi, гэтак разадраў.

— Пабягу людзям наказаць, каб паглядзець iшлi.

Юнак не чакаў, пакуль мацi ёдам памажа той шрам, яго ногi несьлi ў дарогу. Вышмыгнуў за дзьверы. Аксеня паволi падыйшла да прыпечку, зiрнула на маўклiвага Пiлiпа, што пры калодзе выкалупваў зь люлькi гар тытуню. Налiла ў глiняны кубачак завару зёлак i прыемна пацягнула носам ды пачала студзiць. Божа мой, што гэта робiцца! — прамовiла. — А ты куды? — спытала Пiлiпа, якi ўстаў ад калоды ды браў з крука на сьцяне тужурку.

— Пайду паглядзець што там такое.

Рэха таго вужа бясконцае калёны палонных ужо дабегла да Лiтоўцаў у той самы час, калi звонкi голас задыханага Арсеня пятае празь дзесятае паведамляў людзям пра нязвычайнае на гасьцiнцы. Ацiхалi жорны. спынялiся калаўроты й набiльнiцы ды падганяныя зазiмкавай пацярухай вяскоўцы сьпяшылi на гасьцiнец.

Наперадзе шырокай на ўвесь гасьцiнец, у дзесяць радоў, калёны паволi бурчэў матацыкл з прычэпкай-лодкай, у якой з аўтаматам наперадзе сядзеў, выгадна развалiўшыся, маёр Вэрмахту. Зараз-жа за камандзерам iшоў шэраг жаўнераў, з аўтаматамi напагатове, перад фронтам калёны. Як вокам сягнуць, па двух бакох калёны, у шлёмах, з хуткастрэльнай зброяй, у водступах прыблiзна пятнаццацi мэтраў адзiн ад аднаго, валаклiся канвойнiкi. Некаторыя вялi на павадкох дужых шэрых, часта зубы на палонных скалячых, сабак-ваўчароў. Жаўнеры трымалi на палонных зыркае вока… Воддаль, у Гаравацкай пушчы, суправоджаныя браханьнем сабак, юачулася аўтаматная чарга.

Як i некалi, падчас таго параднага «вызваленьня», лiтоўскiя сяляне нясьмела падыходзiлi да гасьцiнцу. I вачом iхным паказаўся незабыты вобраз. Палонныя iшлi цiха. Колеру зямлi, аброслыя худыя твары, шмат дзе перавязаныя бiнтамi рукi, галовы. Iншыя брылi сваймi сябрамi ўспамаганыя. Шматнацыянальная вязьнiца-эсэсэсрыя рэпрэзэнтавалася тут усiмi колерамi й расамi, зь вялiкiм працэнтам плоскатварых Азiятаў.

Побач гасьцiнцу зьявiлiся сярмягi, сьвiткi, кажухi, тужуркi, працiнаныя ветрам i густой сьнежнай пацярухай. Перад iмi, пад пагрозай агня аўтаматаў, глухая стыхiя. Паабкручаныя шматамi ногi, закрываўленыя бiнты, часта голыя сьсiнелыя ад холаду грудзi, шэрыя, як зямля, твары. Два таварышы падпiраюць, цягнуць на руках трэцяга. Каб ня ўпаў. Бо канец яму будзе, капут!

Зглумленае нутро антычалавечай, можа найбольш жахлiвай з усiх зьненавiджаных iмпэрыяў. Пераможаныя, зьняможаныя. Ня зброяй, насустрач якой рукi паднялi. Безнадзейны адчай у вачох. У адчаi i маўклiнi сваей жахлiвыя. У гэтай шэрай, паўзучай масы яшчэ ёсьць пружынiстыя мускулы й зьвярыная свомасьць самазахаваньня ды здольнасьць iсьцi напралом.

28
{"b":"103053","o":1}