Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Антось, здавалася, зусiм не глядзеў на Лявона, быццам той быў гэтта няпрысутны. А Шпунт стаяў i дрыжэў перад iм, трымаўся за правую, акрываўленую руку. Як бацька, iз кпiнкай у голасе, Антось спакойна, рэчова, зраўнаважана да юнака гаманiў. Янук ня ведаў як на ўсё гэта рэагаваць. За сьцяной у лесе сымфонiю птушкi вялi, лiлося праз адчыненыя дзьверы й вакно сонца й нейкай тупасьцю пазiрала шклянае вока ў ласёвай галаве.

Лявонавы ногi зрабiлi крок. Гулкi, прарэзьлiвы стрэла глушыў пакой. Шпунт замёр на месцы i з жахам на Антося пазiраў.

— Табе сказаў, сукiн сын, стаi й ня рыпайся! — пагрозьлiва паясьнiў Антосеў голас дзяцюку, што цяпер усiм целам тросься.

Едкi смурод пораху стаяў у паветры. Дзяркач стрэлiў у падлогу ля Шпунтовае нагi.

— Кажу, ня рыпайся, бо другi раз проста ў нагу дастанеш. Не сьпяшы на той сьвет, пакуль я скончу расказваць якая ты мошка гадкая!

Антось борзда ўстаў з крэсла, умiг апынуўся ля Шпунта i ўзяўшы кашулю за прарэх каўняра, рвануў. Лявон пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах. Усё трымаючы рэвальвэр з прыцэлам у жывот, рвануў яшчэ раз кашулю й сьцягнуў рукаво з правае рукi. Уважна прыгледзiўся.

— Эх ты, гнiда паршывая! Руку я табе прастрэлiў? Драпiнка малая а ты тут прытвараешся! — крыкнуў Антось i левай рукой наводмаш з усяе сiлы ўдарыў дзяцюка па твары. Той моцна пахiснуўся. Вiдаць, Дзяркач стукнуў у нос, бо адтуль пацякла кроў. Ён адскочыў назад i сеў на крэсла.

Янук зьбянтэжыўся. Здавалася яму, што некалi гэты фанабэрысты, нахабны, грубы ў адносiнах зь людзьмi драгомiшч-актывiст кiнецца на Антося. Дарма. Той стаяў, чмыхаў носам, то бялеў, то чырванеў. А ў вачох яго, — гэта выразна вiдаць было, — зьзялi маланкi. Што ён у гэны час думаў?

— Ну значыцца, ты, Янучок, помнiш пэўня якi з гэтага нiкчэмнiка драгомiшч быў. А цi ведаеш ты, якi зь яго дзяцюк нiпаседлiвы быў, як са сваёй загагулiнай за кажнай спаднiцай, што на вока пападзецца, ганяўся? Ён табе гэта ня тое, каб каторую добрую дзеўку ўважыў. О не! Яму нiякай нормы, абы бабе пад спаднiцу залезьцi. Колька гэты басяк добрым дзяўчатам нэрваў i жыцьця напсаваў…

Янук прыгадаў летнi дзень, Лазоўскага каровы й Дуню з разарванай сьпераду блюзкай. Гэта тады атрымаў ад любай дзяўчыны такую ёмкую аплявуху. I за што?

— Ён i Дуню раз хацеў у лесе ўзяць, — паскардзiўся Янук дрыжачым голасам.

— I на Дуню тваю напаў? Ха-ха-ха! Дзiва што! Дуня-ж твая надта пекная дзяўчына. Дзiва што Дуню хацеў! Усю сям'ю Макатунiшыну байструкамi абдзялiў. От гэта дык нягоднiк. Цьфу!

Трымаючы вока на Лявона, Антось паднёс свой наган, уважна яго абгледзiў, а пасьля нацэлiўся ў Лявонаву калматую галаву.

— Антось, пажджы…, - адазваўся дрыжачым голасам Лявон.

— Чаго маю ждаць? — трымаючы прыцэл, спытаў Дзяркач.

Лявон намагаўся нешта сказаць, але голас ягоны заглох у дрыжачых вуснах. Жахлiвым перапалохам зьзялi на замазаным крывёй твары вочы. Антось апусьцiў рэвальвэр i спакойна прадаўжаў:

— Алi што там гаварыць пра баб, над каторымi зьдзекваўся, бег за каждай спаднiцай i меры нi знаў. Але гэта, хоць, — каб пярун яго трэснуў! - i шкоды многа каму нарабiў, усётакi яно яшчо нi сама важнае. Бо сама найважнейшае, аказваецца, братка Янучок, было яшчо наперадзе. У гэтай нячыстай сiлы вунь якiя рогi вырасьлi, калi тыя праклятыя асвабадзiцелi прыйшлi, от калi. Тады ён свае дзярлiвыя кiпцi распусьцiў, паганай натуры поўню-паўнюсенькую волю даў, от калi. Тады яно пачалося, братка ты мой.

Антось зiрнуў на стол.

— Ты, Янук, можа есьцi хочаш, то бяры еш. Гэтаму гнiдзе й так гэтыя харчы ня трэба будуць.

Янук глянуў на стол, памяркаваў, але ня рушыў зь месца. Заiнтрыгаваны тым, што Антось зробiць зь Лявонам, паднечаны, ён ня меў цяпер, здавалася, найменшага апэтыту.

— Не, нi хачу, — адказаў.

— Дык от аказваецца, што гэты нядошлы начальнiк, — працягваў далей спакойна Дзяркач, — калi пшэкi яго нядошлым начальнiкам, знацца цiвуном над нашымi сярмяжнiкамi паставiлi, дык ён толька што свае сiлы пробаваў. Але гэта трэба помнiць, што ў яго цяга да цiвунства была змалку, бо-ж мусiць нi адну бутэльку гарэлкi трэба было «жандовай уладзы» цi там якому задрыпанаму солтысу Паўлоўскаму, каб яго трасца, паставiць, каб хоць i такога засмарканага начальнiка дабiцца. Алi-ж тут нi сама важнае тое, якое начальства, знацца, праца гэна была задрыпаная, як кажуць, а важна тое, што вось такi шпуньцiк ужо змалку начальнiчаць над другiмi лез. Вось што сама важнае. Такая во, вiдзiш, вош, яна ўжо тады пялася на хрыбет свайму ўзьлезьцi i ў жывое цела ўпiцца. Ого, ты толька падумай, братка Янучок. Цi ня помнiш, як гэты бязьмен, надзеўшы адпрасаваныя свае порткi, кашульку, цi яшчо пад гальштук iз касьцюмам, ды сядзiць на той блiскучы свой ровар, грыву на бок, ды так адфраньцiўшыся фарсiць бывала… Помнiш? I гэта ўжо ня той нейкi замурзаны, — рукi ў мазылях ад гнаявых вiлаў цi ад касы, — Янук, а гэта яго вяльможнасьць, пан драгомiшч з ласкi тэй жэчыпаспалiтай нядошлай. От хто гэта быў! Алi, якiм ён тады вялiкiм, як яму здавалася, начальнiкам ня быў, усё-ж гэта былi толька цьвяточкi, а ягадкi вунь мелi яшчо наперадзе быць. Кумекаiш. Янучок?

Янук чуўся нiякавата, што Антось такi ласкальны, як нiколi раней, тон да яго ўжываў. Праўда, — Янук добра разумеў гэта, — Антось па практыцы калiшняй, меў немалы запас майстэрства кпiнаў. Язычок, калi трэба, хлёстка, быццам брытвай, мог па мякацi чыйго самалюбства праехацца. А ўжо што й гаварыць, калi Антось пры гэтым жадаў вылiць злосьць назапашаную. Сьцеражыцеся тады, людцы мiлыя! А ўсё-ж квялiла гэнае няпрывычнае «братка Янучок».

— Дык гэта, аказваецца, толька цьвяточкi былi. Яшчо ў гэтага, каб яго пранцы, нядошлага шпунта прагавiтасьць улады й нажывы толька што тады расьцьвiтала. Ну i ўжо вядома, што цьвяточак гэты пiрацьвiцiць а тады, людцы добрыя, вунь якi плод будзiць. Цешцеся, дабрадзеi любыя, спажывайце. Дык от i прыйшоў той час, калi з усходу новая нечысьць на нас навалiлася. I гэта-ж нi сакрэт быў, што й драгомiшчам будучы, труцень i паразiт гэты ўсякую бальшавiцкую брыду добрым людзям у рукi тыцкаў, усякую камунiстычную баламуту сваiм языком, каб ён яму яшчо тады адсох, мiж нашых пiрапрацаваных сiрмяжнiкаў пашыраў. I ўжо хто як хто, а ён, тады яшчо драгомiшч пан Шпунт, цьвёрда верыў, што прыйдзiць той для яго слаўны дзень, калi той, «хто быў нiчэм, той станiць фсем». Гэта-ж так у iнтэрнацыянале пяюць, нечысьць бязбожная! Дык от наш шпуньцiк верыў i чакаў, ну й дачалаўся. I ад радасьцi, як гэны дзень нарэшце прыйшоў, дык у нашага прагавiтага паразiта так сэрца з радасьцi ёкала, што чаго яму разрыву нi было. Ого, чаму-ж ня цешыцца! Цяпер от ён, Лявон Шпунт, адданы барэц за «iдэi вялiкага Ленiна й Сталiна», цяперака нарэшце ён, каб яго гаручка, раскашэлiцца!

Антось спынiўся, зноў вельмi ўважна пачаў разглядаць свой рэвальвэр, цэлiцца ў Лявона. Шпунт, зьбялеўшы, заварушыў вуснамi, каб нешта сказаць, але Антось яго папярэдзiў:

— Жыць хочаш, Лявон?

Шпунт маўчаў. Жахлiва перапалоханы, паказелiў вочы на Дзеркача.

— Пытаюся яшчо раз, цi хочаш жыць?

— Хачу, Антось, браток…

Яхiдная ўсьмешка шмыгнула па Антосевым твары. Ён адняў ад вока наган.

— Чуеш, Янук, што ён сказаў? Ён хоча жыць. Ты чуў гэта?

Антось падскочыў да Лявона.

— Я табе, гадзюка ты бальшавiцкая, нiякi нi браток! — сыкнуў Дзяркач. Табе братамi начысьцiкi-паразiты, што на народнай сьпiне сядзелi, нашу кроў пiлi, з нашага поту жылi, во хто табе браток, жмiнда ты чырвоная!

Правай рукой наводмаш ён сiльна ўдарыў Лявона па твары. Той пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах i засланiўся левай рукой, спадзяючыся, вiдаць, новага ўдару. Але Дзяркач плюнуў на Лявона.

— Братам мяне называiць, басяк гэты, бальшавiцкая хлюндра. Я табе пабратаюся!

Сеўшы, Дзяркач з пагардай пазiраў на Шпунта й прадаўжаў спакойна, быццам перад хвiлiнай ня было нiякага выбуху: — Ну што табе далей расказваць… Сам знаеш, як вось гэта нячыстая тройка, бальшавiцкiя гарлапаны, значыцца Сабакевiч Косьцiк, Павалiцкi Хвёдар i гэта вош пачалi людзей аграбаць, а тады бальшавiком памагалi людцаў у Сiбiр вывозiць, у цюрму садзiць. Гэта-ж яны даносiлi на ўсiх так званых «ворагаў народу». Гэта нячыстая ханжа лiчыла сябе «народнай уладай», нi абы чым. Кумекаiш? Улада ды яшчэ народная! Гэта iх нiбы народ выбраў, гэту хлюндру нядошлую, каб народу на сьпiну ўзьлезьлi й кроў ягоную пiлi. Ну а што табе расказваць, як гэта «народная ўлада» гаспадарыла? Ты-ж помнiш як у гумно да твайго бацькi прыйшлi ды зьдзеквалiся, а пасьля што, напiўшыся, у хаце выраблялi! А пасьля, нячысьцiкi, у бальшавiцкi калгас, значыцца ў прыгон гналi. I цi ты думаеш, што яны мала нашых добрых людзей у лапы бальшавiцкага энкавудэ аддалi, цi думаеш мала за iх на Сiбiры цi на Салаўках церпiць? Гэта-ж яны, нячыстая сiла, галадранцы, па ўсiм сельсавеце цi раёне гаспадарылi. Дык ты знаеш колька маглi нявiнных людзей загубiць?

16
{"b":"103053","o":1}