Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Глядзі, якія аздобы!

Ён паказаў Ясю некалькі пар прыгожых сарочак і майткоў.

— Галее наша графіня… Пакуль Ленін з Троцкім ёй на дапамогу прыйдуць, яна ўвесь свой міжножны інтэрвал спусціць.

— Гэта Лобавай?

— Тэкс!.. Пані камісарыхі латкі для азадка… Фэстам жылі прадстаўнікі пралетарчыкаў! На Леніна маліся, ды сама не ляніся.

Дзядзька Жардонь, блазнуючы, патрос майткамі.

— Выйду на плошчу: «Гэй, таварышы, яднайцеся пад гэтым штандарам… усім месца хопіць!»

— Дзядзька, не трэба так выдурняцца! — сказаў Ясь раздражнёна.

— А што, смаркачыку! — здзівіўся дзядзька. — Можа, і ты ўжо пад мелодыю «Інтэрнацыяналу» Богу молішся?.. Га?..

— І зусім не малюся. Я, дзядзька, столькі не награшыў, колькі вы. Толькі вы мне слова сказаць не даяце.

— Ну, кажы давай.

— Я хачу гэтую бялізну ў вас выкупіць.

— Каб нюхаць ці каб лізаць… Га?.. А можа, у рамкі паўстаўляеш?.. Бо табе яна не падыдзе, прарэхі няма.

— Вы, дзядзька, на старасці год зусім з глузду паехалі.

— Натуральна, бабскіх майтасаў ужо пад падушкай не трымаю.

— Я хачу купіць яе для сваёй дзяўчынкі. Разумееце, дзядзька… І забудзьцеся пра таго Яся, што з вамі за бабамі ў лазні падглядаў… Гэта вам, дзядзька, у самы раз. А я прыгожую бабу і ў ложку магу мець. Вы гэта на продаж узялі. Я першы пакупнік. Колькі вы за гэта хочаце?.. Вось і ўвесь інтэрас.

— Ого, гэта ты такі шубравец стаў? — задуменна расцягнуў Філіп Жардонь.

— А так… Акалі вы, дзядзька, будзеце з мяне кпіць, то я і вам магу штосьці зусім не мілае сказаць.

— Халера! Вось гэта пакупнік! Трымай гэтыя слодычы, каханенькі, і гані сюды 1000 рублікаў! — дзядзька здзекліва ўсміхнуўся і прымружыў вочы.

Але Ясь урачыста выцягнуў з кішэні шчыльна напханае партманэ і, дэманструючы даляравыя купюры, адлічыў тысячу пяцьсот рублёў:

— Калі ласка. На пяцьсот рублёў больш: за пабалакаць.

Дзядзька сквапна прыняў грошы і з’едліва прамовіў:

— Сардэчна дзякую шаноўнаму пану Яну за яго шчодразычлівасць. Вашымі малітвамі… Маю падштаннічкі здохлага рабіна… Антыкварыят, можна сказаць… Рэч на аматара. Можа, пан Ян зацікаўлены?

— Дзякую, сабе на пахаванне пакіньце! Вас, дзядзька, даўно ўжо д’ябал шукае па свеце, бо ў пекле без вас нудна… І не кажыце Лобавай, што я гэта купіў…

— Усім скажу… Афішы надрукую… У газетах абвяшчу… Майткі фурамі будуць звозіць…

І дзядзька, блазнуючы, пайшоў разлічвацца з Лобавай за перададзены яму на продаж тавар. А Ясь са смуткам шкадаваў, што раней не прыйшоў на дапамогу Марусі, якая заўжды была да яго такая шчодрая. Толькі апошнімі месяцамі ўсё радзей з’яўляліся на стале добрыя віны і прысмакі.

Назаўтра Ясь пайшоў у горад і купіў цэлы пачак розных далікатэсаў. Былі там і няўмела выбраныя віны. Ясь прывёз усё дадому і паставіў у каморы. На падворку ён сустрэў Марусю. Яна была досыць вясёлая.

— Прыходзь да мяне сёння ўвечары на добрую вячэру, — запрасіла яна Яся.

— Добра, — сказаў ён, — але толькі з адной умовай.

— Якой умовай?! — здзівілася Лобава.

— Што ты прымеш ад мяне падарунак і выканаеш адну маю просьбу.

— Добра, добра, — усміхнулася Маруся.

Калі ўвечары Ясь прыйшоў да Лобавай, то ўбачыў на стале пірожныя, цукеркі, садавіну і бутэльку лікёру. Маруся ведала, што Ясь любіць салодкае. На пліце была падрыхтаваная кава, заставалася толькі запарыць..

— Нарэшце, — сказала Маруся. — Сядай, зараз будзе кава.

— Толькі спачатку я прынясу табе падарунак, — сказаў Ясь і пайшоў у кладоўку.

Неўзабаве ён прынёс і паставіў на крэсле даволі вялікі пакунак, які пачаў разгружаць, дастаючы з яго бутэлькі віна, скрынкі сардзінак, сыры, вяндліну, бісквіты, ласункі.

— Які ж ты маленькі! — сказала Маруся. — Як непрактычна ў цябе атрымалася. Нашто столькі масла? Сапсуецца ж.

— Падарункаў не крытыкуюць, — адказаў Ясь. — А цяпер просьба: я да цябе вельмі сардэчна стаўлюся, і мне прыкра, што ты мне не давяраеш.

— Напрыклад?!

— Напрыклад, гэта! — Ясь разгарнуў з паперы Марусіну бялізну, якую ён выкупіў у дзядзькі. — У цябе матэрыяльныя клопаты, ты прадаеш патрэбныя табе рэчы і нічога мне пра гэта не гаворыш. Я зноў дапамагаю табе праядаць гэтыя грошы і не заўважаю гэтага. Я толькі выпадкова гэта зразумеў. Мне вельмі прыкра, асабліва таму, што за апошнія месяцы я зарабіў шмат грошай… Ты ж бачыла, што я купляю сабе прыгожае адзенне і рэчы. Ты магла сказаць мне пра свой клопат…

Але замест адказу Маруся расплакалася.

— …Прыйдуць таварышы — новае жыццё пачнецца… Красці не трэба. Кожнаму дадуць працу. Усё адно, ці мае хто правы, ці не мае. Злодзей, не злодзей — да кожнага свая павага…

Урачыста прамаўляў Чэсік Свабода, лодзінскі злодзей-кішэннік, які некалі ўваходзіў у Польскую сацыялістычную партыю і быў баевіком. Потым з нейкіх там прычын яго выключылі з партыі і ён трапіў у турму. У турме ён адкрыў у сабе здольнасць да кішэнных аперацый і стаў «займацца далінай[21]». Цяпер Свабода прачытаў некалькі прапагандысцкіх бальшавіцкіх кніг і адчуў да таварышаў вялікую сімпатыю. А паколькі ён меў выразную схільнасць да агітацыі, то не ўпускаў аніводнай магчымасці вылезці з актуальнай прамовай.

Янка Залаты Зуб прыслухоўваўся да яго скептычна. У пэўны момант ён перапыніў Чэсіка сваёй любімай показкай:

— Франак, не рабі мне ветру!.. А што будзе з тымі, хто сіл або здароўя не мае, каб працаваць? Ну?

— То пасобію атрымаюць… Бо гэта не буржуі, а нашы браты-пралетарыі. Там ёсць такі чалавек, Ленін завецца, бо як уцякаў з Сібіры, то найбуйнейшую на свеце раку, Лену, у вопратцы пераплыў. Дык вось сам Ленін і ягоны швагер Маркс прыдумалі такую машыну, што з дрэва ці саломы якія хочаш харчы зробіць.

— І кілбасу? — зацікавіўся Баран.

— Нават сальцісон і шынку, — адказаў Чэсік Свабода.

— А фотаздымак маеш? — іранічна адгукнуўся Янка Залаты Зуб.

Але Свабода, не звяртаючы ўвагі на шпількі, далей расказваў пра той савецкі рай, пра які сам не меў аніякага ўяўлення. Злодзеі слухалі яго ці недаверліва, ці абыякава. Наогул злачынцы не цікавяцца палітыкай, а сацыялістам не давяраюць. Некаторыя нават ненавідзяць гэтых збаўцаў пралетарыяту. На гэта паўплывалі вядомыя сутычкі паміж злодзеямі і баевікамі ПСП у Варшаве і Лодзі ў 1905 годзе. Старэйшыя злодзеі дагэтуль закіпаюць ад успамінаў пра тыя часы і падзеі.

— Ты нам тут хрэнам у вочы не тыцкай, — адгукнуўся Жаба, стары варшаўскі злодзей, перапыняючы прамову Свабоды. — Ніхто дабром не дасць збаўлення. Ні бог, ні цар і ні герой. І пагатоў аніякі шпагат. Злодзей толькі злодзею можа верыць.

— З аднаго боку, твая рацыя, а з іншага — сітуацыя, — сказаў маўклівы дагэтуль Пэт (паэт).

Прафесар лічыў неабходным для сваёй годнасці таксама выказацца на гэтую тэму:

— Увесь гэты камунізм мае шмат эфектаў, — ён меў на ўвазе «дэфектаў», — і не вытрымлівае ніякай крытыкі. Трэба «курскую» слепату мець, каб гэтага не бачыць. Я так лічу, што кожны, хто бальшавікоў хваліць, як на прыстойны рахунак, то хлусіць…

Дыскусію на гэтым закрылі. Але Чэсік Свабода зусім не прызнаў сябе перакананым і далей, як толькі выпадала магчымасць, агітаваў за бальшавікоў.

Алік Баран другі тыдзень валачыўся па трушчобах. Ужо тыдзень як ён пачаў шмат піць. Час ад часу ён хадзіў на начную работу «на шніф»[22]. Рана ў яго падгаілася, але рукой ён валодаў яшчэ не зусім свабодна. Але ані гарэлка, ані праца, ані таварыства сваіх хлопцаў і гулянкі не маглі загаіць той раны ў ягоным сэрцы, якую нанесла яму Паўця. І ў бяссонныя ночы злодзей з горыччу думаў пра сваю палюбоўніцу, якую ўсё яшчэ моцна кахаў. На малінах яму падсоўвалі дзяўчат або жанчын, да яго чапляліся злодзейкі і прастытуткі — кожнай імпанаваў бы такі каханак, але Алік абыякава ставіўся да кожнай.

Аднойчы, ідучы Каломенскай вуліцай, Алік абсалютна нечакана для сябе сустрэў Паўлінку. Ён хацеў яе абмінуць, але тая заступіла яму дарогу.

вернуться

21

Даліна — кішэнны крадзеж.

вернуться

22

Шніф — начны крадзеж у кватэры.

9
{"b":"649013","o":1}