Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну-у!? — буркнуў Тамаш.

Заікаючыся, Паўлінка расказала бацькам пра выпадак з каханкам. Што з рэўнасці ён закаціў ёй скандал і рубануў сябе нажом. Пра Толіка, натуральна, яна ані слоўкам не згадала. Пасля Баран кінуў яе і цэлы тыдзень не вяртаецца дадому.

Хурдзіч з каменным тварам і крытычна прымружанымі вачыма глядзеў на дачку. Калі яна замаўчала, ён знянацку адгукнуўся спакойным голасам, чым вельмі здзівіў жонку і дачку:

— Я ведаю, што гэта злодзей… А злодзеі спрытнюгі… Трэба было трымацца за яго і даіць, як тую карову, а не распуснічаць з кудлам… Я думаў, што ты маеш крыху майго розуму… А ён, відаць, хоць і злодзей, але дурны, бо тады б цябе нажом шаргануў… Мабыць, аслеп ад кахання і такое выкінуў… З такім можна ў золаце хадзіць, а што ты цяпер маеш?..

— Сукенкі ў мяне прыгожыя ёсць, бялізна, пярсцёнкі, каракуль… — апраўдвалася крыху падбадзёраная Паўця.

— А форсы ў цябе колькі?

— Крыху ёсць…

— «Крыху ёсць…», — перадражніў яе бацька. — Зараз як здзяру з цябе гэтыя каракулі і адлупцую, то набярэшся розуму. Была ў цябе залатая жыла, дык трэба было яе шанаваць.

Паўця толькі плакала.

— Ты мне смаркі не размазвай, — павысіў голас Тамаш. — А калі я цябе розуму вучу, то ўважліва слухай і запамінай… Гэты твой хрукт вернецца. Гэта дакладна… Ідзі дадому і чакай… Як вернецца, то падлашчвайся да яго, пусці пыл у вочы і цягні, што толькі можна… З каго дзерці скуру, як не са злодзея… Толькі трэба з розумам… Каб так выходзіла, што ён сам дае, а не ты выцягваеш… Вось што… Ты з ім амаль паўгода жывеш, а што маеш?.. Разумная на тваім месцы ўжо б кучу форсы мела… А ты! Каракуль!.. Ідзі цяпер дамой, ладненька ўсё прыбяры, сама прыгожа апраніся і чакай… А як вернецца, то паплач, прымі яго як каралевіча… Як трэба, прабачэння папрасі, падлабунься, калені пакажы, як сядаць будзеш, да цыцак прыцісні… Сама ведаеш, чым сука кабяля возьме… А галоўнае, даглядай яго, каб галодны не быў, каб меў, што любіць, пытай пра здароўе… а сама думай: «Здохні, халера!» Такім ладам ты не толькі форсу, але і скуру з яго спусціш… Ну, пайшла прэч і памятай маю навуку, бо як розуму не набярэшся і другі раз сюды хліпаць прыйдзеш, то я табе на срацы каракуляў павыбіваю!

Хурдзіч ніколі так доўга і так зычліва не размаўляў з дачкой. І маці, і Паўця былі ў скрайнім здзіўленні. Гэта быў першы ў жыцці ўрок этыкі, псіхалогіі і грамадзянскай тактыкі, выкладзены бацькам дачцэ.

Алік Баран перш за ўсё пайшоў да блатнога фельчара, з якім падтрымлівалі сувязі найлепшыя злодзеі і спецыялісты па працы «на сабачку». Яго называлі Бляск — за тое, што ён часта паўтараў гэтае слова.

— Ну вас і аздобілі! — сказаў Бляск, агледзеўшы рану Барана.

— Я сябе сам аздобіў.

Бляск з недаверам паглядзеў на Барана, перавязаў Алікаву рану і загадаў прыйсці праз два дні.

— Шмат я вам вінен за клопат? — спытаў Алік.

— Дай, колькі хочаш… Можаш нічога не даваць… А магу і я табе даць, калі трэба…

Гэта быў прынцып Бляска: браць, колькі дадуць, а калі трэба, то дапамагаць пацыентам. Як выявілася, гэты метад быў добры тым, што ўдзячныя пацыенты, якіх ён пры неабходнасці лячыў задарма, калі здабывалі гатоўку, шчодра адплачвалі свайму дабрадзею. Такім чынам Бляск здабываў грошы і сэрцы.

Бляск быў дзіўным тыпам. Маленькі, лысавы, гадоў каля пяцідзесяці, але выглядаў ён нашмат старэйшым. Твар шэры, быццам абцягнуты брудным брызентам. І з гэтага брыдкага твару глядзелі добрыя, дзіцячыя вочы… Бляск быў некалі вайсковым фельчарам у Сібіры. Потым за нейкія там справы трапіў у турму, а пасля амністыі яго камісавалі… Ён прайшоў усю Сібір. Быў у Маньчжурыі і Кітаі. Урэшце прыехаў у Менск з дачкой ссыльнага, з якой ажаніўся (яна сама была з Менска, і ў яе была тут сям’я). Жонка ягоная памерла ў 1910 годзе.

Бляск быў вядомы сярод беднаты ва ўсім горадзе. У яго не было права весці практыку, але да яго звярталіся ва ўсіх цяжкіх выпадках, і Бляск дапамагаў там, дзе лекары апускалі рукі. Магчыма, у гэтым было шмат удачы. Мяркую, вялікае значэнне тут мела ўнушэнне, бо Бляск лячыў і замовамі… Ён абследаваў хворага вельмі старанна, часам па некалькі разоў, урэшце даваў лекі, якія сам і гатаваў, пераважна з зёлак. Бляск ваўчуком змагаўся з найцяжэйшымі хваробамі кішэчніка, печані і страўніка, серай з зёлкамі цалкам паспяхова і хутка лячыў язвы, хваробы скуры і абмен рэчываў. На сухоты прапісваў даўжэйшае піццё выцяжак саломы (якая гатавалася гадзінамі), алоэ і мёду. Вапну здабываў з тоўчанага на муку яечнага шкарлупіння. Часам карыстаўся дзіўнымі і рызыкоўнымі сродкамі, напрыклад, некалькі разоў вылекаваў цяжкае запаленне лёгкіх простым абкладаннем хворага кіслай капустай. Пасля працэдуры даваў піць гарэлку і гарбату.

Не было такога выпадку, каб Бляск адмовіў у дапамозе, нават калі гэта было незаконна.

Аднойчы яго паклікалі да жонкі мясцовага саноўніка, якая шмат гадоў ездзіла па санаторыях і модных лекарах. Яна хварэла на адсутнасць апетыту, бяссонне, кепскі абмен рэчываў і «нервы». Бляск старанна абследаваў хворую і сур’ёзна сказаў:

— Калі ласка, цягам першага месяца лячэння наогул не ежце мяса. Далей так: апошні прыём ежы можа быць не пазней як за чатыры гадзіны перад сном. Акрамя гэтага, штодня з раніцы вы павінны галяком паўгадзіны хадзіць на карачках па садзе або па добра праветраным пакоі, а непасрэдна перад сном прашу вас прымаць пятнаццаціхвілінную гарачую ванну. Лекі я дашлю вам заўтра. Калі ласка, прымайце сталовую лыжку перад кожным прыёмам ежы.

Гэта была моцная палыноўка.

Саноўнічыха была крыху шакаваная такімі рэкамендацыямі лекара, але ўпэўненасць і сур’ёзнасць Бляска так на яе паўздзейнічалі, што хоць і з пэўным недаверам, але ўказанні яна выконвала.

Праз месяц Бляск наведаў сваю пацыентку. Выявілася, што паненка да свайго вялікага задавальнення згубіла ў вазе некалькі кілаграмаў, добра спала і да яе вярнуўся апетыт.

Да злодзеяў у Бляска быў асаблівы сантымент. Магчыма, на яго паўплывалі некалькі год знаходжання ў турме. Лекар дапамагаў блатным ва ўсім і меў у іх, акрамя «Бляска», яшчэ адну мянушку — «Бацька». Здаралася, што злодзеі кіраваліся да яго са сваімі звадкамі як да арбітра ці суддзі. У такіх выпадках Бляск заўжды справядліва і бесстаронна вырашаў пытанне, і злодзеі безапеляцыйна прымалі яго прысуд.

Алік дастаў з кішэні партманэ і хацеў заплаціць Бляску за перавязку, але заўважыў, што грошай у яго няма. Ён зусім забыў пра гэта і моцна збянтэжыўся. Жыццё яго складалася так, што адсутнасць грошай ён лічыў ганьбай. «Не можа зарабіць або шпанюган, або той, хто дрэйфіць».

Бляск заўважыў замяшанне Аліка і сказаў лагодна, беручы яго за руку:

— Ведаеце што, пане Аляксандр, не хадзіце нікуды, а застаньцеся ў мяне на пару дзён. Рана ваша несур’ёзная, але патрабуе спакою, бо страта крыві была вялікая. У мяне ёсць вольны пакойчык, адпачняце там, і ўсё будзе бляск. Разумееце?

І Баран, зломлены фізічна і маральна, застаўся ў Бляска, які клапатліва заапекаваўся пацыентам.

Увечары Бляск прыходзіў да Аліка, і яны маленькімі кілішкамі пілі гарэлку. Бляск хутка напіваўся і тады распавядаў Аліку пра Сібір:

— Ведаеце што, пане Аляксандр, няма на свеце прыгажэйшага, багацейшага і цудоўнейшага краю. Там па золаце ходзяць, а навокал дзівосы дзеяцца. Кажу вам, пане, не жыццё — проста бляск. А што за людзі! Бескарыслівая, смелыя, з гонарам… Кожны, як кароль, — бляск! Едзьце, пане Аляксандр, у Сібір, жыццё там — бляск… У нас ікру з кеты па рублі за кіло прадаюць, а там мільёны пудоў у прытоках Амура гінулі. Не было каму — бляск — эксплуатаваць… А якія багацці ў гарах, лясах, рэках… Тут чалавек з чалавекам за аб’едкі б’юцца, а там мільярды пад нагамі ляжаць… Там свабода, там сыць, там… гэх, бляск, бляск!.. Мёд там бочкамі, масла бочкамі, футра задарма, звярыны мноства! А зямля!.. Абы-як заарэш: пшаніца — што тое золата… Сяляне быдла не лічаць… Коней сотнямі і тысячамі ганяюць!.. Рыбы ў азёрах ажно густа!

На чацвёрты дзень побыту Аліка ў Бляска да фельчара прыйшоў Філіп Лысы. Ён прывітаўся і, пранізліва пазяхаючы, сказаў, быццам бы абыякава:

7
{"b":"649013","o":1}