Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Цяперашнія часы і праца для Сабіны былі дэградацыяй. Яна, якая працавала раней у міжнародных цягніках, у гатэлях класу люкс або ў ювелірных салонах першай катэгорыі, цяпер хадзіла на звычайны «шоп», крадучы з крамаў штукі тканіны, панчохі, галантарэю, нават пантофлі і галёшы.

Згадваючы добрыя часы, Сабіна апавядала Ясю, як зарабляла дзясяткі тысяч у найлепшых ювелірных крамах еўрапейскіх сталіц. Яна сцвярджала, што яе вынаходніцтвам была штучная рука, усаджаная ў рукаў і падвешаная на перавязі, якая замяняла сапраўдную (левую) руку, схаваную пад пакрыццём. Можна было амаль без рызыкі браць з прылаўка каштоўнасці або замяняць іх таннымі імітацыямі.

Жанчынам лягчэй хадзіць «на шоп», чым мужчынам. Іх сукенкі даюць магчымасць схаваць нават вялікія рэчы. Звычайна пад спадніцай у іх торба, завязаная, як фартух, або стужкі ці кручкі — у. залежнасці ад віду тавару і ўпадабанняў шапенфельдэраў. Такія сховы ёсць і ў палітонах. Акрамя таго, на шопе карыстаюцца парасончыкам, кошыкам, валізачкай, торбачкай.

Звычайнай іх тактыкай было наведванне крамаў утраіх. Яны прыкідваліся сям’ёй: Сабіна — маці, Ясь і Тоська — дзеці. Яны заўжды былі добра апранутыя, і гэта, выклікаючы давер, спрашчала працу. «Сямейнікі» намагаліся прыйсці ў краму ў найбольш загружаны час. Сабіна з веданнем справы патрабавала дарагіх матэрыялаў на сукенкі, бялізну ці палітоны. Тося капрызіла, выбіраючы ўзоры. Гэта — зацёмнае, тое — засветлае, гэта не да твару. Ясь сваімі парадамі павялічваў хаос… Прылавак завальвалі горамі тканіны. Урэшце куплялі нейкую драбязу або нічога не куплялі, абяцаючы завітаць пазней пасля кансультацыі ў краўчыхі або просячы прывезці такія гатункі, якіх у краме не было.

Пасля такога візіту з крамы заўжды таямнічым чынам знікала пэўная колькасць тавару… Гэтаксама кралі галантарэю, футры, гатовае адзенне, а часам і спажывецкія тавары.

Аднойчы Сароцы прыйшло ў галаву купляць у буйным гарадскім кааператыве вялікія партыі тавару за дробныя грошы. Яна заўважыла, што прадавачка выдае тавар пасля таго, як кліент паказвае квіток з касы са штампам «аплачана». Таму яны арганізаваліся наступным чынам: Ясь ішоў у кааператыў сам і купляў розную драбязу: цыгарэты, запалкі, шкло для лямпы… Пасля аплачваў у касе патрэбную суму і атрымліваў касавы квіток са штэмпелем «аплачана» і сумай, упісанай на квітку алоўкам. Ясь аплачваў, але тавар не забіраў. Такім чынам у яго заставалася некалькі квіткоў. Тады ён ішоў да Сарокі. Гумкай выціралі суму, праз некаторы час, звычайна ўвечары, яны разам ішлі ў кааператыў. Тоська купляла сардзіны, віны, сыры, сухафрукты, шакалад, гарбату і г. д. Калі ўсё было выбрана, прадавачка выпісвала рахунак і аддавала яго Тосьцы, а сама прымалася пакаваць тавар. Тоська аддавала квіток Ясю:

— Ідзі і заплаці ў касе.

— Добра, — пагаджаўся Ясь і ішоў да касы.

Там ён станавіўся збоку і на ранішнім квітку ўпісваў суму са свежаатрыманага рахунку. Пасля вяртаўся да прылаўка і аддаваў квіток Тосьцы. Тая ўручала яго прадавачцы і пасля з пакункам выходзіла з крамы. У розных мадыфікацыях — гледзячы па сітуацыі — гэта паўтарылі больш за дзесяць разоў, заўжды карыстаючыся наплывам кліентаў у кааператыве, пасля гэту работу закінулі… Калегі ведалі, што персанал крамы ўрэшце спахопіцца і яны могуць трапіцца.

Сабіна жыла ў гатэлі поруч з вакзалам. Яна казала, што ў гатэлі пачуваецца найлепш, бо ўсё жыццё — з таго моманту, як пазнаёмілася са сваім мужам (Сабіна ніколі не казала «каханкам») — правяла ў гатэлях, ад найбольш камфартабельных да ўбогіх корчмаў. Ясь і Тоська часта яе наведвалі, плануючы новыя работы або проста завітваючы пагаманіць.

Неяк увечары Ясь і Тоська пілі ў Сабіны гарбату, досыць шчодра запраўленую каньяком. Сабіна ажывілася і пачала расказваць пра свайго мужа, паказала некалькі ягоных здымкаў.

— Я не шкадую, што звязала лёс з аферыстам, што правяла жыццё ў цягніках, гатэлях і турмах. Турма была для мяне адпачынкам і школай, а праца з мужам — наркотыкам… Не думаю; што маю прынамсі цень шкадавання да яго або да сябе…. Каб я магла пачаць жыццё нанова, каб мне далі іншы, найцудоўнейшы лёс з кімсьці іншым… я б не пагадзілася… Мы былі не сужэнцамі, мы былі сябрамі. І сяброўства наша было для нас большым і каштоўнейшым за самае палкае каханне… Мы кпілі з жыцця і з людзей. Мы навучыліся пагарджаць убогім, палахлівым, аблудным статкам багацеяў і з радасцю пазбаўлялі іх грошай… Мы размаўлялі вачыма… разумелі душы адно аднаго… У нашым саюзе мы былі абсалютна вольныя, з’яднаныя толькі супольнымі думкамі і супольнай верай у сябе… У нас не было ані каліўца карыслівасці… Я ведаю жыццё… я бачыла тысячы шлюбаў… Ведаю, якія гідкія здараюцца саюзы… Калі не ўлічваць усе камбінацыі ці выпадковасці, у імя якіх людзі жэняцца, калі ўзяць, да прыкладу, найлепшыя ўзоры, то амаль кожнае сужэнства з цягам часу выяўлялася вязніцай для абаіх… Кайданамі, якія яны цягнулі па прымусе ці па звычцы, па разліку ці са страху. У нас усё было шчыра і свабодна. Ані ён, ані я не імкнуліся да таго, каб пазіраць звысоку, мець перавагу. Мы ніколі не шукалі адно ў адным недахопаў. Ніколі дзеля адной крыўды не забываліся пра сотні праяваў дабрыні… Бо мы жылі не для патомства, мы былі аднадумцамі, заўжды вернымі адно аднаму псіхічна ў добрую і ў ліхую хвіліну.

Ясь і Сарока ахвотна слухалі, а Сабіна, уся зіхоткая ад радасці, шмат гаварыла пра свайго «мужа». Расказала яна і пра некалькі яго славутых афер.

— …Аднойчы Пецярбург наведала група англічанаў. Гэта былі вельмі заможныя людзі. Міхась (каханак Сабіны) праз сваіх інфарматараў, якіх ён і ягоныя калегі мелі паўсюль, даведаўся, што адзін з англійскіх гасцей хоча купіць у Пецярбургу палац. Пасля нарады прыступілі да працы. Быў знойдзены адпаведны для продажу палац. Ён належаў аднаму з тузоў расейскага фінансавага свету. Да яго звярнуліся з просьбай дазволіць англічанам наведаць будынак. Міхась і адзін з ягоных калег прадставіліся ўладальніку палаца высокімі чыноўнікамі Міністэрства замежных спраў. Дазвол быў лёгка атрыманы, і ўладальнік адчуваў гонар з нагоды такога выбару. Адразу ж іншы чалавек з іх кампаніі, які цудоўна валодаў англійскай мовай, па тэлефоне дамовіўся з англічанамі пра продаж палаца. Была прызначана сустрэча для агляду аб’екта.

Назаўтра ў палац купца Р. прыехалі двое англічан у суправаджэнні двух аферыстаў. Уладальніка дома не было. Зрэшты, калі б і быў, гэта не было б вялікай перашкодай, бо купец не ведаў англійскай, а англічане — рускай. Наведвальнікам, згодна з распараджэннем гаспадара, паказалі ўвесь палац. Гэта доўжылася даволі доўга… Урэшце англічане вырашылі набыць палац. Адзін з аферыстаў выступаў у ролі ўладальніка.

Далей справа разгортвалася так: праз пару дзён англічане і аферысты скіраваліся да натарыуса для падпісання ўмовы куплі-продажу… Для гэтага ўжо ўсё было падрыхтавана. На адной з бліжэйшых вуліц на парадных дзвярах з’явілася сціплая шыльда «Натарыус». Тут сіламі іншых удзельнікаў банды была падрыхтаваная натарыяльная кантора.

Умову склалі і падпісалі. У кошт задатку быў атрыманы банкаўскі чэк на вельмі вялікую суму, які неадкладна быў абнаяўлены. Адразу ж знікла і натарыяльная кантора, і аферысты.

Калі праз пару дзён англічане, згодна з дамовай, павінны былі засяліцца ў палац, яны былі здзіўленыя, што там усё па-старому. Купец сустрэў іх вельмі прыязна, здагадваючыся, што гэта тыя самыя англічане, якія наведвалі яго палац. Але паразумецца між сабой яны не маглі. Гаспадар зноў правёў іх па палацы і запрасіў на абед… Склалася няёмкая сітуацыя. Купец дзівіўся, чаму гэтыя англічане такія надакучлівыя. Англічане не разумелі, чаму не выконвалася дамова.

Справа праяснілася. Паліцыя пачала актыўныя пошукі аферыстаў — натуральна, безвынікова. Імаверна, расейскі ўрад вярнуў англічанам страчаныя грошы…

Ясь ужо чуў расповед пра гэтую аферу, толькі пакупнікамі былі не англічане, а прамысловец з поўдня Расеі, а прадавалі палац нейкага князя.

Наступная, яшчэ цікавейшая афера праварочвалася ў Маскве. Неяк хтосьці з аферыстаў убачыў мужыка, што вёз на кірмаш дровы. Гэты мужык кагосьці яму да жудасці нагадваў. Крыху падумаўшы, аферыст зарыентаваўся, што мужык вельмі падобны да вядомага ў Маскве мітрапаліта. Яму прыйшло ў галаву, што гэтым падабенствам можна скарыстацца. І работу сваю ён пачаў з таго, што купіў у мужыка дровы і загадаў яму прыехаць у Маскву на службу, за якую б яму плацілі 100 рублёў у месяц. Мужык радасна пагадзіўся, бо сума для яго была вялізная. Аферыст даў яму трыццаць рублёў задатку і загадаў прыехаць праз тыдзень.

11
{"b":"649013","o":1}