Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

І тут я сустрэла яго… Я думаю, што я кахала гэтага чалавека. Гучыць як адкрыццё…Так? (Смяецца.) Ён быў старэйшы за мяне на дваццаць гадоў, у яго сям’я і двое сыноў. Раўнівая жонка. Жыццё пад мікраскопам… Але мы вар’яцелі адно ад аднаго, такі парыў і ўзвод, што ён прызнаваўся: раніцай, каб не заплакаць на працы, ён прымаў дзве таблеткі тазепама. Я таксама рабіла рызыкоўныя ўчынкі, толькі што з парашутам не скакала. Гэта ўсё было… так бывае… цукерачна-букетны перыяд… Яшчэ не важна, хто каго падманвае, хто на каго палюе і хто чаго хоча. Я была маленькая, дваццаць два гады… Я закахалася… закахалася… Цяпер я разумею, што каханне — гэта нешта накшталт бізнесу, у кожнага свая рызыка. Рыхтуйся да новай камбінацыі… Заўсёды! Цяпер ад кахання мала хто млее. Усе сілы — на скачок! На кар’еру! Маладыя дзяўчаткі ў нас у курылцы мянцяць языкамі, і калі ў кагосьці сапраўднае пачуццё — шкадуюць: дурніца, маўляў, закахалася. (Смяецца.) Дурніца! Я была такая шчаслівая дурніца! Ён адпускаў кіроўцу, лавіў машыну, і мы каталіся па начным горадзе на нейкім прабензіненым «Масквічы». Бясконца цалаваліся. «Дзякуй табе, — казаў ён, — ты вярнула мяне на сто гадоў назад». Флэш-эпізоды… флэш… Мяне ашаламляў ягоны рытм… націск… Званок увечары: «Раніцай ляцім у Парыж» ці «Маханём на Канары. У мяне ёсць тры дні». У самалёце ляцім першай класай, нумар у шыкоўным гатэлі — пад нагамі шкляная падлога, там жывыя рыбы плаваюць. Жывая акула! Але запомнілася на ўсё жыццё іншае… Запомніўся прапахлы бензінам «Масквіч» на маскоўскай вуліцы. І… як мы цалаваліся… шалёныя… ён даставаў мне вясёлку з фантана… Я закахалася… (Маўчыць.) А ён ладзіў сабе свята жыцця. Для сябе… сабе — так! Калі мне стукне сорак, магчыма, я яго зразумею… калі-небудзь зразумею… Вось, напрыклад, ён не любіў гадзіннік, калі ён ішоў, ён любіў яго толькі тады, калі той стаяў. У яго былі свае адносіны з часам… Во-о-сь! Та-а-ак… Люблю катоў. Я люблю іх за тое, што яны не плачуць, ніхто не бачыў іх слёз. Калі нехта сустрэне мяне на вуліцы, падумае — багатая і шчаслівая! У мяне ёсць усё: вялікі дом, дарагая машына, італьянская мэбля. І дачка, ад якой я ў захапленні. У мяне ёсць хатняя работнiца, я не смажу сама катлеты і не мыю бялізну, магу купіць усё, што захачу… мора цікавостак… Але я жыву адна. І хачу жыць адна! Мне ні з кім так не бывае добра, як з сабой, я люблю гаварыць сама з сабой… у першую чаргу пра сябе… Выдатная кампанія! Што я думаю… адчуваю… Як учора на гэта глядзела і як сёння? То мне падабаўся сіні колер, а цяпер ліловы… У кожным з нас столькі ўсяго адбываецца. У сабе. З сабой. Там, усярэдзіне, цэлы космас. Але мы на яго амаль не звяртаем увагі. Усе занятыя знешнім, вонкавым… (Смяецца.) Адзінота — гэта свабода… Я кожны дзень цяпер радуюся, што я вольная: патэлефануе — не патэлефануе, прыедзе — не прыедзе? кіне — не кіне? — Выбачайце! Не мае праблемы! Ну не… не баюся я адзіноты… Я баюся… каго я баюся? Стаматолага я баюся… (Нечакана зрываецца.) Людзі заўсёды хлусяць, калі гавораць пра каханне… і пра грошы… хлусяць заўсёды і па-рознаму. Мне хлусіць няма патрэбы… Ну няма патрэбы! (Супакойваецца.) Прабачце… Ну прабачце… Я даўно не ўспамінала… Сюжэт? Вечны сюжэт… Я хацела ад яго дзіця, я зацяжарала… Можа, ён спалохаўся? Мужчыны — яны баязліўцы! Бомж ці алігарх — няма ніякай розніцы. На вайну пойдуць, рэвалюцыю зробяць, а каханай здрадзяць. Жанчына мацнейшая: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет». І па законах жанру… «А кони все скачут и скачут. А избы горят и горят»… «Мужчына не бывае старэйшы за чатырнаццаць гадоў», — упершыню дала мне разумную параду мая мама. Памятаю, што… было так… паднесла гэтую навіну яму перад сваёй камандзіроўкай, мяне паслалі ў Данбас. А я любіла камандзіроўкі, любіла пах вакзалаў і аэрапортаў. Было цікава, калі вярталася, расказаць яму, разам абмеркаваць. Я цяпер разумею, што ён не толькі адкрываў мне свет, здзіўляў і вадзіў па ашаламляльных буціках, адорваў, ён яшчэ вучыў мяне думаць. Не тое каб у яго была такая задача, гэта само сабой атрымлівалася. Глядзела на яго, слухала. Нават калі я думала пра тое, што мы будзем разам, я не збіралася заўсёды хавацца за чыёйсьці шырокай спіной і там бесклапотна гламурыць. Балдзець! У мяне меўся свой жыццёвы план. Любіла сваю працу, хутка рабіла кар’еру. Шмат ездзіла… І ў той раз… Я ляцела ў шахцёрскі пасёлак — гісторыя страшная, але, можна сказаць, тыповая для таго часу: перадавых шахцёраў узнагародзілі на свята магнітафонамі, і ўначы адну сям’ю ўсю выразалі. Нічога не ўзялі — толькі магнітафон. Пластмасавы «Панасонік»! Скрынку! У Маскве — шыкоўныя машыны, супермаркеты, а за Садовым кальцом — магнітафон быў цудам. Мясцовыя «капіталісты», пра якіх марыў мой рэдактар, хадзілі па вуліцах у атачэнні аўтаматчыкаў. У прыбіральню — з ахоўнікам. Але тут казіно, і тут казіно, і яшчэ раз казіно. І ўжо нейкі прыватны рэстаранчык. Усё тыя ж дзевяностыя гады… Яны — так… яны… Тры дні я была ў камандзіроўцы. Вярнулася, і мы сустрэліся. Спачатку ён узрадаваўся — у нас будзе… хутка ў нас будзе дзіця! У яго двое хлопчыкаў, хацеў дзяўчынку. Але словы… словы… яны нічога не азначаюць, за словы хаваюцца, імі абараняюцца. Вочы! Ягоныя вочы… У вачах з’явіўся страх: трэба ж нешта вырашаць, змяняць сваё жыццё. Тут… тут — закавыка… Збой. Ах-х-х! Ёсць мужчыны, якія сыходзяць адразу, яны сыходзяць з валізамі, куды пакладзены яшчэ мокрыя шкарпэткі і кашулі… А ёсць такія, як ён… мусі-пусі, тралі-валі… «Чаго ты хочаш? Скажы, што я мушу зрабіць? — пытаўся ён у мяне. — Адно тваё слова — і я развядуся. Ты толькі скажы». Я глядзела на яго…

Я глядзела на яго, і ў мяне халадзелі кончыкі пальцаў, пачала ўжо разумець, што шчаслівай з ім не буду. Маленькая і дурная… Цяпер я б зафлажкавала яго, як ваўка на паляванні, я ўмею быць драпежніцай і пантэрай. Сталёвай ніткай! Тады я толькі пакутавала. Цярпенне — гэта танец, у ім і жэст, і плач, і пакора. Як у балеце… Але ёсць адзін сакрэт, просты сакрэт — непрыемна быць нешчаслівай… гэта прыніжае… У чарговы раз я ляжала ў бальніцы на захаванні. Тэлефаную яму раніцай, што мяне трэба забраць, да абеду выпішуць, а ён сонным голасам: «Не магу. Сёння не магу». І не ператэлефанаваў. У гэты дзень ён паляцеў з сынамі ў Італію, катацца на лыжах. Трыццаць першага снежня… Заўтра — Новы год. Выклікала таксі… Горад заваліла снегам, я йшла праз гурбы, трымаючыся за пуза. Ішла адна. Няпраўда! Удзвюх, мы ўжо былі ўдзвюх. З маёй дачкой… дачушкай… Маёй! Любімай! Я ўжо любіла яе больш за ўсіх на свеце! Ці кахала я яго? Як у той казцы: жылі яны доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень. Пакутавала, але не мярцвела: «Я не магу без яго жыць. Я без яго памру». Я, напэўна, яшчэ не сустрэла такога мужчыну… для такіх слоў… Такі так! Так-так-так! Але я навучылася прайграваць, я не баюся прайграваць… (Глядзіць у акно.) У мяне з тых часоў няма сур’ёзных гісторый… Былі раманчыкі… Я лёгка ўваходжу ў сэкс, але гэта не тое, гэта іншае. Мне не падабаецца пах мужчын, не пах кахання, а пах мужчын. У ванным пакоі я заўсёды чую, што тут быў мужчына… хай у яго дарагая парфума, дарагія цыгарэты… Мне вусцішна падумаць, колькі трэба працаваць, каб каля цябе быў іншы чалавек. Як раб на галерах! Забыцца на сябе, адмовіцца ад сябе, вызваліцца ад сябе. У каханні няма свабоды. Нават калі вы знойдзеце свой ідэал, у яго будуць не тыя духі, ён будзе любіць смажанае мяса і смяяцца з вашых салацікаў, не там пакідаць шкарпэткі і штаны. І заўсёды трэба пакутаваць. Пакутаваць?! Ад кахання… ад гэтай кампазіцыі… Я не хачу больш рабіць гэтую працу, мне лягчэй спадзявацца на сябе. З мужчынамі лепш сябраваць, працаваць разам. Мне нават какетнічаць неахвота, лянота апранаць гэтую маску, уступаць у гульню. Спа-салон, фрэнч-манікюр, італьянскае нарошчванне. Макіяж. Баявая афарбоўка… Божа мой! Божа мой! Дзяўчынкі з Цьмутараканска… З усёй Расіі — у Маскву! У Маскву! Там чакаюць іх багатыя прынцы! Яны мараць, што з Папялушак іх ператвораць у прынцэс. Чаканне казкі! Цуду! Я праз гэта… ужо праехала… Разумею Папялушак, але мне іх шкада. Раю без пекла не бывае. Каб адзін рай… так не бывае… Але яны яшчэ гэтага не ведаюць… у няведанні… Прайшло сем гадоў, як мы рассталіся… Ён мне тэлефануе, тэлефануе заўсёды чамусьці ўначы. У яго ўсё дрэнна, страціў шмат грошай… кажа, што нешчаслівы… Была адна маладая дзяўчынка, цяпер іншая. Прапануе: давай сустрэнемся… Навошта? (Маўчыць.) Мне доўга яго не хапала, я выключала святло і гадзінамі сядзела ў цемры. Гублялася ў часе… (Маўчыць.) Потым… потым былі толькі раманы… Але я… Я ніколі не змагу закахацца ў мужчыну без грошай, са спальнага раёна. З панэльнага гета, з Гарлема. Я ненавіджу тых, хто рос у галечы, з «жабрацкім» менталітэтам, грошы значаць для іх так шмат, што ім нельга давяраць. Не люблю бедных, прыніжаных і абражаных. Усіх гэтых Башмачкіных і Апіскіных… герояў вялікай рускай літаратуры… Не давяраю ім! Што? Нешта са мной не так… не ўпісваюся ў фармат? Пачакайце… Ніхто не ведае, як упарадкаваны гэты свет… Мужчына мне падабаецца не за грошы, не толькі за грошы. Мне падабаецца ўвесь вобраз паспяховага мужчыны: як ён ходзіць, як ён кіруе, як гаворыць, як заляцаецца — усё ў яго іншае. Усё! Я такіх выбіраю… За гэта… (Маўчыць.) Ён тэлефануе… ён не шчаслівы… Чаго ж ён такога не бачыў і не можа купіць? Ён… і ягоныя сябры… Грошы ўжо заробленыя. Вялікія грошы. Вар’яты! Але за ўсе свае грошы яны не могуць купіць сабе шчасце, гэтае самае каханне. «Любовь-морковь». У беднага студэнта яно ёсць, а ў іх няма. Вось такая несправядлівасць! А ім здаецца, што яны могуць усё: на прыватных самалётах лётаюць у якую заўгодна краіну на футбольны матч, у Нью-Ёрк — на прэм’еру мюзікла. Усё — пад’ёмна! Зацягнуць у ложак найпрыгажэйшую мадэль, прывезці іх у Куршавель — цэлы самалёт! Усе мы Горкага ў школе праходзілі, ведаем, што такое купецкі загул — біць люстэркі, ляжаць мордай у чорнай ікры… купаць дзяўчат у шампанскім… Але ўсё надакучыла — сумна ім. Маскоўскія турагенцтвы прапануюць такім кліентам адмысловыя забавы. Напрыклад, два дні ў турме. У рэкламе так і напісана: «Хочаце пабыць два дні Хадаркоўскім?» У міліцэйскай машыне з кратамі іх вязуць у горад Уладзімір у самую страшную турму — Уладзімірскі цэнтрал, там пераапранаюць у арыштанцкую адзежу, ганяюць па двары з сабакамі і б’юць гумовымі дубінамі. Сапраўднымі! Напіхваюць, як селядцоў, у брудную смярдзючую камеру з парашай. І яны — шчаслівыя. Новыя адчуванні! За тры-пяць тысяч долараў можна яшчэ пагуляць у «бамжоў»: ахвотнікаў пераапранаюць, грыміруюць і разводзяць па маскоўскіх вуліцах, яны жабруюць. Праўда, побач дзяжураць ахоўнікі — уласныя і ад турфірмы. Ёсць прапановы і круцейшыя, для ўсёй сям’і: жонка — прастытутка, муж — сутэнёр. Ведаю гісторыю… Аднойчы больш за ўсіх за вечар зняла кліентаў сціплая, з савецкай знешнасцю жонка найбагацейшага маскоўскага кандытара. І муж быў шчаслівы! Ёсць забавы, пра якія не гаворыцца ў рэкламных праспектах… Цалкам сакрэтна… Можна зладзіць ноччу паляванне на жывога чалавека. Няшчаснаму бамжу даюць тысячу баксаў — вось яны «зялёныя» — твае! Ён ніколі такіх грошай не бачыў! А за гэта — папрацуй зверам! Выратуешся — значыць, лёс, прыстрэляць — не крыўдуй. Усё сумленна! Можна ўзяць дзяўчынку на ноч… Даць волю фантазіям, нізу жывата, ды так, што маркізу дэ Саду не снілася! Кроў, слёзы і сперма!! Гэта называецца — шчасце… Шчасце па-руску — трапіць у турму на два дні, каб потым выйсці адтуль і зразумець, як у цябе ўсё добра. Выдатна! Купіць не толькі машыну, дом, яхту, дэпутацкае крэсла… але і чалавечае жыццё… Пабыць калі не богам, то бажком… звышчалавекам! Ну так… І ўсё!! Усе народжаныя ў СССР, яшчэ ўсе адтуль. З гэтым дыягназам. А такі… Такі наіўны быў свет… марылі добрага чалавека зрабіць… Абяцалі: «жалезнай рукой загонім чалавецтва ў шчасце…» У зямны рай.

72
{"b":"285466","o":1}