Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Шкуты… Адкуль у мяне ўзяліся гэтыя шкуты і абрэзкі? Рознакаляровыя, шмат малінавых. Хтосьці мне іх прынёс. З тых шкуткоў я шыла маленькіх чалавечкаў, стрыгла сабе валасы, рабіла ім прычоскі. Гэта былі мае сяброўкі… Лялек я не бачыла, нічога не ведала пра лялькі. Жылі мы ўжо ў горадзе, але не ў доме, а ў падвале. Адно сляпое акенца. Але ў нас ужо з’явіўся адрас: вуліца Сталіна, дом сямнаццаць. Як і ў іншых… як і ва ўсіх… у нас ужо быў адрас. Там я гуляла з адной дзяўчынкай… дзяўчынка была не з падвала, а з дома. Хадзіла ў сукенках і ў чаравічках. А я — у мамчыных галёшах… Я прынесла ёй паказаць гэтыя шкуткі, на вуліцы яны глядзеліся яшчэ прыгажэй, чым у склепе. Дзяўчынка пачала іх у мяне прасіць, на штосьці хацела выменяць. Я — ні завошта! Прыйшоў яе тата: «Не сябруй з гэтай жабрачкай», — сказаў. Я зразумела, што мяне ўзялі і адсунулі. Мне трэба ціха сысці, хутчэй сысці з гэтага месца. Вядома, гэта ўжо сталыя словы, не дзіцячыя. Але пачуццё… тое пачуццё я памятаю… Табе так балюча, што ўжо няма крыўды і няма жалю да сябе, у цябе раптам многа-многа свабоды. А літасці да сябе няма… Калі літасць ёсць, то чалавек яшчэ не так глыбока зазірнуў, ён яшчэ не сышоў ад людзей. А калі ён сышоў, людзі яму зусім не патрэбныя, яму хапае таго, што ў ім самім. Я занадта глыбока зазірнула… Мяне цяжка пакрыўдзіць. Я рэдка плачу. Мне смешныя ўсе звычайныя беды, жаночыя крыўды… Для мяне гэта шоу… шоу жыцця… Але калі я пачую, што плача дзіця… ніколі не міну жабрака… Ніколі не міну. Пах гэты я памятаю, пах бяды… Нейкія хвалі ідуць, я дагэтуль да іх падлучана. Гэта пах майго дзяцінства. Маіх пялюшак.

Я іду з Уладзяй… мы нясём пуховую хустку… Прыгожую рэч для нейкага іншага свету. Выкананая замова. Уладзя ўмела вязаць, на тыя грошы мы жылі. Жанчына разлічылася з намі, а потым кажа: «Давайце я вам нарэжу кветак». Як — нам букет? Стаім дзве жабрачкі, у нейкім рахапецці… галодныя, халодныя… І нам — кветкі! Мы заўсёды думалі толькі пра хлеб, а гэты чалавек здагадаўся, што мы здольныя думаць яшчэ пра нешта. Ты быў замкнёны, замураваны, а табе адкрылі фортку… акно расчынілі… Выходзіць, акрамя хлеба… акрамя ежы… нам можна даць і букет кветак! Значыць, мы нічым ад іншых не адрозніваемся. Мы… такія ж… Гэта было парушэннем правілаў: «Давайце я вам нарэжу кветак». Не нарву, не збяру, а нарэжу ў сваім садзе. З гэтага моманту… Магчыма, гэта быў мой ключ… мне далі ключ… Мяне гэта перавярнула… Я памятаю той букет… вялікі букет касмеяў… Цяпер заўсёды іх саджаю ў сябе на лецішчы. (Мы сядзім якраз у яе на лецішчы. Растуць тут адны кветкі і дрэвы.) Я нядаўна ездзіла ў Сібір… Горад Змеінагорск… вярнулася туды… Шукала нашую вуліцу… наш дом… наш падвал… Але дома ўжо няма, дом знеслі. Ва ўсіх пытала: «А вы памятаеце?» Адзін стары ўспомніў: так, у падвале жыла прыгожая дзяўчына, яна хварэла. Людзі больш запамінаюць прыгажосць, чым пакуту. І букет нам падарылі, таму што Уладзя была прыгожая.

Я пайшла на могілкі… Ля самой брамы стаяла вартоўня з закалочанымі вокнамі. Доўга стукала. Выйшаў вартаўнік, ён быў сляпы… Што за знак? «Не скажаце, дзе хавалі ссыльных?» — «А… та-а-ам…» — і махнуў рукой ці то ўніз, ці то ўгару. Нейкія людзі павялі мяне ў самы далёкі кут… Адна трава там… адна трава… Уначы не спала, задыхалася. Спазм… такое пачуццё, што хтосьці мяне душыць… Уцякла з гасцініцы на станцыю. Пешшу праз увесь пусты горад. Станцыя была зачынена. Села на рэйкі і да раніцы чакала. На адхоне сядзелі хлопец з дзяўчынай. Цалаваліся. Развіднела. Прыйшоў цягнік. Пусты вагон… Уваходзім: я і чацвёра мужчынаў у скуранках, з паголенымі галовамі, падобныя да крымінальнікаў. Пачалі частаваць мяне агуркамі і хлебам. «Бум у карты гуляць?» Мне не было страшна.

Нядаўна ўспомніла… Ехала і ўспомніла… у тралейбусе ехала… Як Уладзя спявала:

«Я могилу милой искал
Но найти ее нелегко…».

Насамрэч, улюбёная песня Сталіна… калі яе спявалі, ён плакаў… І я яе адразу разлюбіла, гэтую песню. Да Уладзі прыходзілі сяброўкі, звалі на танцы. Я ўсё гэта памятаю… Мне было ўжо шэсць ці сем гадоў… Я бачыла, як у майткі замест гумкі яны зашывалі дрот. Каб нельга было сарваць… Там жа адны ссыльныя… зэкі… Забівалі часта. Пра каханне я таксама ўжо ведала. Да Уладзі прыходзіў прыгожы хлопец, калі яна хварэла — ляжала ў нейкіх анучах, кашляла. А ён так на яе глядзеў…

Мне балюча, але гэта — маё. Я нікуды ад яго не бягу… Не магу сказаць, што я ўсё прыняла, удзячная за боль, тут трэба нейкае іншае слова. Цяпер я яго не знайду. Ведаю, што ў гэтым стане я далёка ад усіх. Я адна. Узяць пакуту ў свае рукі, валодаць ёй цалкам і выйсці з яе, штосьці адтуль вынесці. Гэта такая перамога, толькі ў гэтым ёсць сэнс. Ты не з пустымі рукамі… А інакш навошта было спускацца ў пекла?

Вось нехта падводзіць мяне да акна: «Паглядзі, вунь вязуць твайго бацьку…». Незнаёмая жанчына цягнула штосьці на санках. Кагосьці ці штосьці… захутанае ў коўдру і перавязанае вяроўкай…

Потым мы з сястрой хавалі нашу маму. Засталіся адны. Уладзя ўжо ледзь хадзіла, у яе аднімаліся ногі. Скура адслойвалася як папера. Ёй прынеслі бутэлечку… Я думала, што лекі, а гэта была нейкая кіслата. Атрута. «Не бойся…» — паклікала яна мяне і дае гэтую бутэлечку. Яна хацела, каб мы разам атруціліся. Я бяру гэтую бутэлечку… Бягу і кідаю яе ў печ. Шкло разбіваецца… Печ была халодная, там даўно нічога не варылася. Уладзя заплакала: «Ты ўся ў бацьку». Хтосьці нас знайшоў… Можа, яе сяброўкі? Уладзя ляжала ўжо ў непрытомнасці… Яе — у лякарню, мяне — у дзіцячы дом.

Бацька… Я хачу яго ўспомніць, але як ні намагаюся, не бачу ягонага твару, няма ў маёй памяці ягонага твару. Потым я ўбачыла яго, маладога, на фатаграфіі ў цёткі. Праўда… я на яго падобная… Гэта наша з ім сувязь. Бацька ажаніўся з прыгожай сялянскай дзяўчынай. З беднай сям’і. Хацеў зрабіць з яе пані, а мама заўсёды насіла хустку, насунуўшы яе нізка-нізка на бровы. Не пані. У Сібіры бацька не доўга жыў з намі… ён сышоў да іншай жанчыны… А я ўжо нарадзілася… Я была пакараннем! Праклёнам! Ні ў кога не было змогі любіць мяне. І ў мамы таксама не было гэтай змогі. Гэта запраграмавалася ў маіх клетках: яе роспач, яе крыўда… і нялюбасць… Мне заўсёды бракуе любові, нават калі мяне любяць, я не веру, мне ўвесь час патрэбныя доказы. Знакі. Яны патрэбныя мне кожны дзень. Кожную хвіліну. Мяне цяжка кахаць… я ведаю… (Доўга маўчыць.) Я люблю свае ўспаміны… Люблю свае ўспаміны за тое, што там усе жывыя. У мяне там усё ёсць: мама… тата… Уладзя… Мне абавязкова трэба сядзець за доўгім сталом. З белым абрусам. Я жыву адна, але ў мяне на кухні стаіць вялікі стол. Можа, яны ўсе са мной… Я магу ісці — і раптам паўтару нечы жэст. Не мой… Уладзін жэст… ці мамчын… Мне здаецца, мы датыкаемся рукамі…

Я — у дзіцячым доме… У дзіцячым доме сіротаў-асаднікаў выхоўвалі да чатырнаццаці гадоў, а потым адпраўлялі на руднікі. І ў васямнаццаць гадоў — сухоты… як у сястры Уладзі… Гэта лёс. Дзесьці далёка, казала Уладзя, у нас ёсць дом. Але вельмі далёка. Там засталася цётка Марыля, матчына сястра… Непісьменная сялянка. Яна хадзіла, прасіла. Чужыя людзі пісалі лісты. Не разумею і цяпер… ну як? Як яна дамаглася? У дзіцячы дом прыйшло распараджэнне: адправіць мяне разам з сястрою па вось такім і такім адрасе.

У Беларусь. У першы раз да Мінска мы не даехалі, у Маскве нас знялі з цягніка. Усё паўтарылася: Уладзю — у яе пачаўся жар — у лякарню, мяне — у ізалятар. З ізалятара — у прыёмнік-размеркавальнік. Сутарэнне, пахла хлоркай. Чужыя людзі…

Я ўвесь час жыву сярод чужых людзей… Усё жыццё. А цётка пісала… пісала… Праз паўгода знайшла мяне ў тым прыёмніку. Ізноў я чую словы «дом», «цётка»… Мяне вядуць да цягніка… Цёмны вагон, толькі асветлены праход. Цені людзей. Са мной — выхавацелька. Даехалі да Мінска і ўзялі квіток у Паставы… я ўсе гэтыя назвы ведаю… Уладзя прасіла: «Ты запамінай. Запомні: наш маёнтак Соўчына». З Пастаў ідзём пешшу ў Грыдзькі… у цётчыну вёску… Селі каля моста перадыхнуць. А тым часам сусед ехаў з начной змены на ровары. Спытаў, хто мы. Адказалі, што прыехалі да цёткі Марылі.

49
{"b":"285466","o":1}