Мама зняла з рукі заручальны пярсцёнак, загарнула ў насоўку і сказала, куды ісці. Я пралез уначы пад дротам… У прызначаным месцы мяне чакала жанчына, я аддаў ёй пярсцёнак, а яна насыпала мне мукі. Раніцай мы ўбачылі, што замест мукі я прынёс мел. Пабелку. Так пайшоў матчын пярсцёнак. Іншых дарагіх рэчаў у нас не было… Сталі пухнуць з голаду…
Аднойчы гета прыціхла, як перад пагромам. Хоць не пачулася ніводнага стрэлу. У той дзень не стралялі… Машыны… шмат машын… З машын выгружаліся дзеці ў добрых гарнітурах і чаравiках, жанчыны ў белых фартухах, мужчыны з дарагімі валізкамі. Шыкоўныя былі валізкі! Усе гаварылі па-нямецку. Канваіры і ахоўнікі разгубіліся, асабліва паліцаі, яны не крычалі, нікога не білі дубінкамі, не спускалі з павадкоў гыркаючых сабак. Спектакль… тэатр… Гэта было падобна да спектакля… У гэты ж дзень мы даведаліся, што гэта прывезлі габрэяў з Еўропы. Іх пачалі называць «гамбургскія» габрэі, таму што большасць з іх прыбылі з Гамбурга. Яны былі дысцыплінаваныя, паслухмяныя. Не хітрылі, не падманвалі ахову, не хаваліся… яны былі асуджаныя… На нас яны глядзелі з пагардай. Мы бедныя, дрэнна апранутыя. Мы іншыя… не размаўлялі па-нямецку…
Усіх іх расстралялі. Дзясяткі тысяч «гамбургскіх» габрэяў… Гэты дзень… усё як у тумане… Як нас выгналі з дому? Як везлі?
Памятаю вялікае поле каля лесу… Выбралі моцных мужчын і загадалі ім капаць дзве ямы. Глыбокія. А мы стаялі і чакалі. Першымі маленькіх дзяцей пакідалі ў адну яму… і сталі закопваць… Бацькі не плакалі і не прасілі. Стаяла цішыня. Чаму? — спытаеце. Я думаў… Калі на чалавека напаў воўк, чалавек жа не будзе яго прасіць, маліць пакінуць яму жыццё. Ці дзік напаў… Немцы зазіралі ў яму і смяяліся, кідалі туды цукеркі. Паліцаі п’яныя ў дыміну… у іх поўныя кішэні гадзіннікаў… Закапалі дзяцей… І загадалі ўсім скакаць у іншую яму. Стаім: мама, тата, я і сястрычка. Прыйшла наша чарга… Немец, які камандаваў, зразумеў, што мама руская, і паказаў рукой: «А ты ідзі». Тата крычыць маме: «Уцякай!» А мама чаплялася за тату, за мяне: «Я з вамі». Мы ўсе яе адштурхоўвалі… прасілі сысці… Мама першая скокнула ў яму…
Гэта ўсё, што я памятаю… Дайшоў да прытомнасці ад таго, што нехта моцна стукнуў па назе чымсьці вострым. Ад болю я ўскрыкнуў.
Пачуў шэпт: «А тут адзін жывы». Мужыкі з рыдлёўкамі корпаліся ў яме і здымалі з забітых боты, чаравікі… усё, што можна было зняць… Дапамаглі мне вылезці наверх. Я сеў на ўскраек ямы і чакаў… чакаў… Ішоў дождж. Зямля была цёплая-цёплая. Мне адрэзалі кавалак хлеба: «Бяжы, жыдзянятка. Можа, выратуешся».
Вёска была пустая… Ніводнага чалавека, а хаты цэлыя. Хацелася есці, але папрасіць не было ў каго. Так і хадзіў адзін. На дарозе то гумовы бот валяецца, то галёшы… хустка… За царквой убачыў абгарэлых людзей. Чорныя трупы. Пахла бензінам і смажаным… Уцёк назад у лес. Карміўся грыбамі і ягадамі. Аднойчы сустрэў старога, які нарыхтоўваў дровы. Стары даў мне два яйкі. «У вёску, — папярэдзіў, — не заходзь. Мужыкі скруцяць і здадуць у камендатуру. Нядаўна двух жыдовачак так злавілі».
Аднойчы заснуў і прачнуўся ад стрэлу над галавой. Ускочыў: «Немцы?» На конях сядзелі маладыя хлопцы. Партызаны! Яны пасмяяліся і пачалі спрачацца паміж сабою: «А жыдок нам нашто? Давай…» — «Няхай камандзір вырашае». Прывялі мяне ў атрад, пасадзілі ў асобную зямлянку. Паставілі вартавога… Выклікалі на допыт: «Як ты апынуўся ў размяшчэнні атрада? Хто паслаў?» — «Ніхто мяне не пасылаў. Я з расстрэльнай ямы вылез». — «А можа, ты шпіён?» Далі два разы ў зубы і кінулі назад у зямлянку. Да вечара ўпіхнулі да мяне яшчэ двух маладых мужчын, таксама габрэяў, былі яны ў добрых скуранках. Ад іх я даведаўся, што габрэяў у атрад без зброі не бяруць. Калі няма зброі, то трэба прынесці золата. Залатую рэч. У іх былі з сабой залатыя гадзіннік і партабак — нават паказалі мне, — яны патрабавалі сустрэчы з камандзірам. Неўзабаве іх павялі. Больш я іх ніколі не сустракаў… А залаты партабак убачыў потым у нашага камандзіра… і скуранку… Мяне выратаваў татаў знаёмы, дзядзька Яша. Ён быў шавец, а шаўцы шанаваліся ў атрадзе, як і ўрачы. Я стаў яму дапамагаць…
Першая парада дзядзькі Яшы: «Змяні прозвішча». Маё прозвішча Фрыдман… Я стаў Ламейка… Другая парада: «Маўчы. А то атрымаеш кулю ў спіну. За габрэя ніхто адказваць не будзе». Так яно і было… Вайна — гэта балота, лёгка ўлезці і цяжка вылезці. Іншая габрэйская прымаўка: калі дзьме моцны вецер, вышэй за ўсё падымаецца смецце. Нацысцкая прапаганда атруціла ўсіх, партызаны былі па-антысеміцку настроены. Нас, габрэяў, было ў атрадзе адзінаццаць чалавек… потым пяць… Спецыяльна пры нас пачыналіся размовы: «Ну якія вы ваякі? Вас, як авечак, вядуць на забой…», «Жыды баязлівыя…» Я маўчаў. Быў у мяне баявы сябар, адчайны хлопец… Давід Грынберг… ён ім адказваў. Спрачаўся. Яго забілі стрэлам у спіну. Я ведаю, хто забіў. Сёння ён герой — ходзіць з ордэнамі. Геройства! Двух габрэяў забілі нібыта што заснулі ў дазоры… Яшчэ аднаго за новенькі парабэлум… пазайздросцілі… Куды бегчы? У гета? Я хацеў абараняць Радзіму… адпомсціць за родных… А Радзіма? У партызанскіх камандзіраў былі сакрэтныя інструкцыі з Масквы: габрэям не давяраць, у атрад не браць, знішчаць. Нас лічылі здраднікамі. Цяпер мы пра гэта даведаліся дзякуючы перабудове.
Чалавека шкада… А як коні паміраюць? Конь не хаваецца, як іншыя жывёлы: сабака там, кот, карова і тая ўцякае, конь стаіць і чакае, калі яго заб’юць. Цяжкая карціна… У кіно кавалерысты нясуцца з гікам і з шашкай над галавой. Бязглуздзіца! Фантазія! У нашым атрадзе нейкі час былі кавалерысты, іх хутка расфармавалі. Коні не могуць ісці па гурбах, тым больш скакаць, яны захрасаюць у сумётах, а ў немцаў матацыклы — двухколавыя, трохколавыя, узімку яны ставілі іх на лыжы. Ездзілі і з рогатам расстрэльвалі і нашых коней, і коннікаў. Прыгожых коней маглі пашкадаваць, відаць, сярод іх было нямала вясковых хлопцаў…
Загад: спаліць хату паліцая… Разам з сям’ёй… Сям’я вялікая: жонка, трое дзяцей, дзед, баба. Ноччу акружылі іх… закалацілі дзверы цвікамі… Аблілі газай і падпалілі. Крычалі яны там, галасілі. Хлапчук лезе праз акно… Адзін партызан хацеў яго прыстрэліць, а іншы не даў. Закінулі назад, у вогнішча. Мне чатырнаццаць гадоў… Я нічога не разумею… Усё, што я змог, — запомніў гэта. І вось расказаў… Не люблю слова «герой»… герояў на вайне няма… Калі чалавек узяў у рукі зброю, ён ужо не будзе добрым. У яго не атрымаецца.
Памятаю блакаду… Немцы вырашылі ачысціць свае тылы і дывізіі СС кінулі супраць партызан. Навешалі ліхтароў на парашутах і бамбілі нас дзень і ноч. Пасля бамбёжкі — мінамётны абстрэл. Атрад сыходзіў невялікімі групамі, параненых везлі з сабой, але закрывалі ім рот, а коням апраналі спецыяльныя наморднікі. Кідалі ўсё, кідалі хатнюю жывёлу, а яна бегла за людзьмі. Каровы, авечкі… Даводзілася прыстрэльваць… Немцы падышлі блізка, так блізка, што ўжо чутныя былі іх галасы: «о мутэр, о мутэр»… пах цыгарэт… У кожнага з нас захоўваўся апошні патрон… Але памерці ніколі не позна. Уначы мы… трое нас засталося з групы прыкрыцця… распаролі жываты забітым коням, выкінулі ўсё адтуль і самі туды залезлі. Праседзелі так двое сутак, чулі, як немцы хадзілі туды-сюды. Пастрэльвалі. Нарэшце наступіла поўная цішыня. Тады мы вылезлі: усе ў крыві, у вантробах… у гаўне… Адурэлыя. Ноч… месяц свеціць…
Птушкі, я вам скажу, нам таксама дапамагалі… Сарока пачуе чужога чалавека — абавязкова засакоча. Падасць сігнал. Да нас яны прывыклі, а немцы пахлі па-іншаму: у іх адэкалон, духмянае мыла, цыгарэты, шынялі з выдатнага салдацкага сукна… і добра змазаныя боты… У нас самаробны тытунь, абмоткі, лапці з валовай скуры, прыкручаныя да ног папружкамі. У іх ваўняная сподняя бялізна… Мёртвых мы распраналі да трусоў! Сабакі грызлі іх твары, рукі. Нават жывёлу ўцягнулі ў вайну…
Шмат гадоў прайшло… паўстагоддзя… А яе не забыўся… пра гэтую жанчыну… У яе было двое дзяцей. Маленькіх. Яна схавала ў склепе параненага партызана. Хтосьці данёс… Сям’ю павесілі пасярод вёскі. Дзяцей першымі… Як яна крычала! Так людзі не крычаць… так звяры крычаць… Ці павінен чалавек ісці на такія ахвяры? Я не ведаю. (Маўчыць.) Пішуць цяпер пра вайну тыя, хто там не быў. Я не чытаю… Вы не крыўдуйце, але я не чытаю…