Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

На савецка-амерыканскіх перамовах па раззбраенні амерыканцы заўсёды атрымлівалі тое, што хацелі менавіта яны. Ахрамееў апісвае ў кнізе «Вачыма маршала і дыпламата», як ішлі дэбаты па ракеце «Ака» (на Захадзе яе называлі СС-23). Ракета новая, ні ў кога больш такой не было, і амерыканскі бок меў на мэце яе знішчыць. Але пад пункты дамовы яна не трапляла: знішчэнню падлягалі ракеты сярэдняй дальнасці ад 1000 да 5500 км і менш — ад 500 да 1000 км. Баявы радыус «Акі» — 400 км. Савецкі Генштаб прапаноўваў амерыканцам: вось жа, давайце сумленна — забаронім усе ракеты ў дыяпазоне не з 500, а з 400 да 1000 км. Але тады амерыканцам давялося б ахвяраваць сваёй мадэрнізаванай ракетай «Лэнс-2» з дальнасцю 450–470 км. Доўгая закулісная барацьба… Таемна ад вайскоўцаў Гарбачоў асабіста прыняў рашэнне аб знішчэнні «Акі». Менавіта тады Ахрамееў сказаў сваю знакамітую фразу: «Можа быць, нам адразу папрасіць палітычны прытулак у нейтральнай Швейцарыі і не вяртацца дадому?» Не мог ён удзельнічаць у развале таго, чаму аддаў усё сваё жыццё… (Паўза.) Свет стаў аднапалярным, цяпер ён належыць Амерыцы. Мы сталі слабымі, нас адразу ж засунулі на перыферыю. Ператварылі ў другарадную, пераможаную краіну. У Другой сусветнай вайне мы перамаглі… Трэцюю сусветную прайгралі… (Паўза.) Вось ён… яму гэта было невыносна… …14 снежня 1989 года… Пахаванне Сахарава. На вуліцах Масквы тысячы людзей. Па міліцэйскіх звестках, ад сямідзесяці да ста тысяч. Каля труны стаяць Ельцын, Сабчак, Старавойтава… Амерыканскі амбасадар Джэк Мэтлак напісаў у сваіх мемуарах, што прысутнасць гэтых людзей на пахаванні «сімвала рускай рэвалюцыі», «галоўнага дысідэнта краіны» для яго было заканамерным, а здзівіўся ён, калі «ўбачыў трохі ў баку самотную постаць Маршала С. Ахрамеева». Пры жыцці Сахарава яны былі ворагамі, непрымірымымі апанентамі. (Паўза.) Але Ахрамееў прыйшоў развітацца. З Крамля нікога, акрамя яго, там не было… і з Генштаба… …Далі трохі свабоды, і адусюль адразу вылезла мяшчанскае мурло. Для Ахрамеева, аскета і бяссрэбраніка, гэта быў удар. У самае сэрца. Ён не мог паверыць, што ў нас можа быць капіталізм. З нашымі савецкімі людзьмі, з нашай савецкай гісторыяй… (Паўза.) У мяне да гэтага часу перад вачыма кадры: як па дзяржаўным лецішчы, дзе Ахрамееў жыў з сям’ёй з васьмі чалавек, бегае бялявая дзяўчына і крычыць: «Паглядзіце — два халадзільнікі і два тэлевізары! А хто ён такі, гэты маршал Ахрамееў, каб у яго было два тэлевізары і два халадзільнікі?» Сёння маўчаць… ані гуку… А ўсе ранейшыя рэкорды, што да лецішчаў, кватэр, машын і іншых прывілеяў даўно пабітыя. Раскошныя аўтамабілі, заходняя мэбля ў кабінетах, адпачынак не ў Крыме, а ў Італіі… У нас у кабінетах стаяла савецкая мэбля і на машынах мы ездзілі на савецкіх. Насілі савецкія касцюмы і чаравікі. Хрушчоў з шахцёрскай сям’і… Касыгін з сялян… Усе, як я ўжо казаў, з вайны. Досвед жыцця, вядома, абмежаваны. Не толькі народ, але і лідары жылі за «жалезнай заслонай». Усе жылі, як у акварыуме… (Паўза.) Зноў жа… можа, гэта прыватная рэч, але пасляваенная няміласць да маршала Жукава была звязана не толькі з рэўнасцю Сталіна да ягонай славы, але і з колькасцю вывезеных з Германіі дываноў, мэблі, паляўнічых стрэльбаў, якія захоўваліся ў яго на лецішчы. Хоць усё гэтае дабро ўлезла б у дзве легкавушкі. Але бальшавік не можа мець столькі барахла… Па цяперашніх часах смешна… (Паўза.) Гарбачоў любіў раскошу… У Фаросе яму пабудавалі дачу… Мармур з Італіі, плітка з Германіі… пясок для пляжа з Балгарыі… Ні адзін заходні лідар не меў у сябе нічога падобнага. Крымская дача Сталіна, калі параўнаць яе з гарбачоўскай, нагадвала інтэрнат. Генсекі мяняліся… асабліва іх жонкі…

Хто абараняў камунізм? Не прафесары і не сакратары ЦК… а ленінградскі выкладчык хіміі Ніна Андрэева кінулася абараняць камунізм… І нарабіў шуму ейны артыкул «Не магу адступіцца ад прынцыпаў». Ахрамееў таксама пісаў… выступаў… Казаў мне: «Трэба даваць здачы». Яму тэлефанавалі, пагражалі: «вайсковы злачынца» — гэта за Афганістан. Мала хто ведаў, што ён быў супраць афганскай вайны. І не вывозіў з Кабула алмазы і іншыя каштоўныя камяні, карціны з нацыянальнага музея, як іншыя генералы. Яго пастаянна ў друку аблівалі брудам… За тое, што перашкаджаў «новым гісторыкам», якім трэба было даказаць, што ў нас нічога не было, ззаду — пустыня. І Перамогі — не было. А былі заградатрады і штрафбаты. Вайну выйгралі вязні, гэта яны пад кулямётамі дайшлі да Берліна. Якая Перамога? Закідалі Еўропу трупамі… (Паўза.) Армію прыніжалі і абражалі. Хіба магла такая армія перамагчы ў дзевяноста першым? (Паўза.) І хіба мог яе маршал гэта перажыць?..

Пахаванне Ахрамеева… Каля магілы стаялі родныя і некалькі сяброў. Не было ваеннага салюту. Газета «Правда» не ўважыла некралогам былога начальніка Генштаба чатырохмільённай арміі. Новы міністр абароны Шапашнікаў (былы міністр Язаў сядзеў у турме разам з іншымі «путчыстамі»), здаецца, у гэты час быў заклапочаны тым, як засяліцца ў кватэру Язава, з якой тэрмінова выганялі жонку апошняга. Інтарэсы шкурныя… Але… я скажу… гэта важна… Членаў ГКЧП можна абвінаваціць у чым заўгодна, але не ў заклапочанасці асабістымі мэтамі. У карысці… (Паўза.) Па крамлёўскіх калідорах пра Ахрамеева шэпчуцца: «Не на таго коніка паставіў». Чыноўнікі перабягалі да Ельцына… (Перапытвае.) Паняцце гонару? Не задавайце наіўных пытанняў… Нармальныя людзі выходзяць з моды… Артыкул-некралог з’явіўся ў амерыканскім часопісе «Тайм». Напісаў яго адмірал Уільям Кроўв, які займаў у часы Рэйгана пасаду старшыні Камітэта начальнікаў штабоў ЗША (адпавядае нашаму начальніку Генштаба). Яны шмат разоў сустракаліся на перамовах па ваенных пытаннях. І ён паважаў Ахрамеева за яго веру, хоць яна яму была чужая. Вораг пакланіўся… (Паўза.)

Толькі савецкі чалавек можа зразумець савецкага чалавека. Іншаму б я распавядаць не стаў…

з жыцця пасля жыцця

«1 верасня ў Маскве на Траякураўскіх спецмогілках для высокапастаўленых асобаў (філіял маскоўскіх Новадзявочых могілак) быў пахаваны Маршал Савецкага Саюза С. Ф. Ахрамееў.

У ноч з першага на другое верасня невядомыя раскапалі магілу Ахрамеева і яго суседа па могілках — генерал-палкоўніка Срэднева, пахаванага тыдзень таму. Следства мяркуе, што магіла Срэднева была раскапана першай, відаць, памылкова… Марадзёры знеслі маршальскую форму Ахрамеева з залатымі галунамі… і маршальскую шапку, якую, згодна з вайсковай традыцыяй, прыбіваюць да труны. А таксама шматлікія ордэны і медалі.

Следчыя ўпэўнена заяўляюць, што магілу Маршала Ахрамеева апаганілі не па палітычных, а па камерцыйных матывах. Мундзіры вышэйшых военачальнікаў карыстаюцца асаблівым попытам у перакупшчыкаў антыкварыяту. А ўжо маршальскую форму ў іх з рукамі адарвуць…»

Газета «Коммерсант». 9 верасня 1991 г.

з інтэрв’ю на Чырвонай плошчы (снежань 1997 года)

«Я — канструктар…

Да жніўня дзевяноста першага года мы жылі ў адной краіне, пасля жніўня — у іншай. Да жніўня мая краіна называлася СССР…

Хто я? Я адзін з тых ідыётаў, хто абараняў Ельцына. Стаяў каля Белага дома і гатовы быў легчы пад танк. Людзі выйшлі на вуліцу на хвалі, на ўздыме. Але памерці яны гатовыя былі за свабоду, а не за капіталізм. Я лічу сябе чалавекам падманутым. Мне не патрэбны капіталізм, да якога нас прывялі… падсунулі… ні ў якой форме — ні ў амерыканскай, ні ў шведскай. Я не дзеля чыіх-небудзь «бабак» рэвалюцыю рабіў. Мы крычалі «Расія» замест таго, каб крычаць «СССР». Мне шкада, што нас тады не разагналі брандспойтамі і не выкацілі на плошчу пару кулямётаў. Трэба было арыштаваць дзвесце-трыста чалавек, астатнія б зашыліся па кутах. (Паўза.) Дзе сёння тыя, хто клікаў нас на плошчу: «Далоў крамлёўскую мафію!», «Заўтра — свабода!»? Сказаць ім нам няма чаго. Звалілі на Захад, цяпер там лаюць сацыялізм. Сядзяць у чыкагскіх лабараторыях… А мы… тут… Расія… Аб яе выцерлі ногі. Кожны можа даць ёй у зубы.

27
{"b":"285466","o":1}