Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Абсалютна нечакана напрыканцы адной нашай размовы я, нарэшце, пачула: «Добра, прыходзьце». Мы сустрэліся на наступны дзень у яго дома. Ён быў у чорным касцюме і гальштуку, нягледзячы на спякоту. Крамлёўская уніформа.

— А ці былі вы ў… (Называе некалькі вядомых прозвішчаў.)? А… (Яшчэ адно імя, якое даўно ва ўсіх на слыху.) Іх версія — забілі! — я ў гэта не веру. Быццам бы ходзяць чуткі пра нейкіх сведкаў… факты… Шпагат, маўляў, не той, тонкі ён, ім можна толькі задушыць, і ключ у кабінеце звонку быў пакінуты… Рознае кажуць… Людзі любяць таямніцы палацаў. Я вам скажу іншае: сведкамі таксама кіруюць. Гэта не робаты. Імі тэлебачанне кіруе. Газеты. Сябры… карпаратыўныя інтарэсы… У каго ісціна? Я так разумею, што праўду шукаюць спецыяльна навучаныя людзі: суддзі, навукоўцы, святары. Астатнія ўсе ва ўладзе сваіх амбіцый… эмоцый… (Паўза.) Я чытаў вашыя кнігі… Дарэмна вы так давяраеце чалавеку… чалавечай праўдзе… Гісторыя — гэта жыццё ідэй. Не людзі пішуць, а час піша. А чалавечая праўда — гэта цвік, на які кожны вешае свой капялюш.

…пачаць варта з Гарбачова… Без яго жылі б мы да гэтага часу ў СССР. Ельцын быў бы першым сакратаром абкама партыі ў Свярдлоўску, а Ягор Гайдар рэдагаваў бы артыкулы па эканоміцы ў газеце «Праўда» і верыў у сацыялізм. А Сабчак чытаў бы лекцыі ў Ленінградскім універсітэце… (Паўза.) СССР яшчэ надоўга б хапіла. Калос на гліняных нагах? Лухта поўная! Мы былі магутнай звышдзяржавай, дыктавалі сваю волю шмат якім краінам. Тая ж

Амерыка нас баялася. Жаночых калготак бракавала і джынсаў? Каб перамагчы ў атамнай вайне, патрэбныя не калготкі, а сучасныя ракеты і бамбавозы. У нас яны былі. Першакласныя. У якой заўгодна вайне мы б перамаглі. Рускі салдат не баіцца паміраць. У гэтым мы азіяты… (Паўза.) Сталін стварыў дзяржаву, якую немагчыма было прабіць знізу, яна была непрабівальная. А зверху — слабая, безабаронная. Ніхто не думаў, што руйнаваць яе пачнуць зверху, дарогаю здрады пойдзе вышэйшае кіраўніцтва краіны. Перараджэнцы! Генеральны сакратар выявіцца галоўным рэвалюцыянерам, што засеў у Крамлі. Зверху гэтую дзяржаву разбурыць было лёгка. Жорсткая дысцыпліна і іерархія ў партыі спрацавалі супраць яе. Выпадак унікальны ў гісторыі… Гэта… калі б Рымскую імперыю пачаў разбураць сам Цэзар… Не, Гарбачоў не пігмей, і не цацка ў руках абставін, і не агент ЦРУ… Хто ж ён?

«Магільшчык камунізму» і «здраднік Радзімы», «нобелеўскі трыумфатар» і «савецкі банкрут», «галоўны шасцідзясятнік» і «лепшы немец», «прарок» і «Іудушка», «вялікі рэфарматар» і «вялікі артыст», «вялікі Горбі» і «Гарбач», «чалавек стагоддзя» і «Герастрат»… Усё пра аднаго чалавека.

…да самагубства Ахрамееў рыхтаваўся некалькі дзён: дзве перадсмяротныя запіскі напісаныя 22-га, адна — 23-га і апошнія — 24 жніўня. А што адбылося ў гэты дзень? Менавіта 24 жніўня па радыё і тэлебачанні перадалі заяву Гарбачова пра складанне з сябе паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і яго заклік да самароспуску партыі: «трэба прыняць цяжкае, але сумленнае рашэнне». Генеральны сакратар пайшоў без барацьбы. Не звярнуўся да народу і мільёнаў камуністаў… Аддаў. Здаў усіх. Магу здагадацца, што перажыў у гэтыя хвіліны Ахрамееў. Не выключана, цалкам верагодна, што па дарозе на працу ён убачыў, як спускалі сцягі з дзяржаўных устаноў. З вежаў Крамля. Якія маглі быць у яго пачуцці? Камуніста… франтавіка… Усё яго жыццё страціла сэнс… Я не магу ўявіць яго ў сённяшнім нашым жыцці. Не савецкім. Што сядзеў бы ў прэзідыуме пад расійскім трыкалорам, а не пад чырвоным сцягам. Не пад партрэтам Леніна, а пад царскім арлом. Не ўпісваецца ён ніяк у новы інтэр’ер. Гэта быў савецкі Маршал… разумееце… Са-ве-цкі!! Толькі так, і не іначай. Толькі… У Крамлі яму было няўтульна. «Белая варона»… «салдафон»… Так ён і не прыжыўся, казаў, што «шчырая бескарыслівая супольнасць бывае толькі ў войску». Усё… вось… усё сваё жыццё ён пражыў з арміяй. З вайсковымі людзьмі. Паўстагоддзя. Ваенную форму апрануў у сямнаццаць гадоў. Гэта — тэрмін! Жыццё! У крамлёўскі кабінет пераехаў пасля адстаўкі з пасады начальніка Генштаба. Рапарт напісаў сам. З аднаго боку, ён лічыў, што трэба своечасова сысці (наглядзеліся катафалкаў), даваць дарогу маладым, а з другога — у яго пачаліся канфлікты з Гарбачовым. Той армію не любіў, як і Хрушчоў, які генералаў і наогул ваенных інакш як дармаедамі не называў. Краіна ў нас была вайсковая, адсоткаў семдзесят эканомікі так ці інакш абслугоўвала армію. І лепшыя галовы таксама… фізікі, матэматыкі… Усе працавалі на танкі і бомбы. Ідэалогія таксама вайсковая. А Гарбачоў быў вельмі цывільны чалавек. У ранейшых генсекаў у мінулым — вайна, а ў яго філасофскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. «Вы збіраецеся ваяваць? — пытаўся ён у вайскоўцаў. — Я не збіраюся. А генералаў і адміралаў у нас толькі ў адной Маскве больш, чым ва ўсім свеце». Раней ніхто так з вайскоўцамі не размаўляў, яны былі галоўныя людзі. Не міністр эканомікі першым рабіў справаздачу на Палітбюро, а міністр абароны: колькі выпусцілі ваеннага ўзбраення, а не відэамагнітафонаў. Таму відэамагнітафон у нас каштаваў, як кватэра. А тут усё змянілася… І вядома, вайскоўцы паўсталі. Нам патрэбна вялікая і моцная армія, у нас тэрыторыя вунь якая! — мяжуем з паловай свету. З намі лічацца, пакуль мы моцныя, а станем слабымі, ніякае «новае мысленне» нікога ні ў чым не пераканае. Ахрамееў асабіста шмат разоў яму дакладваў… Тут галоўнае разыходжанне паміж імі… Пра дробныя канфлікты, ні пра што такое я цяпер успамінаць не буду. З выступаў Гарбачова зніклі знаёмыя кожнаму савецкаму чалавеку словы: «інтрыгі міжнароднага імперыялізму», «удар у адказ», «заакіянскія верхаводы»… Усё гэта ён выкрэсліваў. Былі ў яго толькі «ворагі галоснасці» і «ворагі перабудовы». У сябе ў кабінеце мацюкаўся (майстра быў!) І называў іх мудакамі. (Паўза.) «Дылетант», «рускі Гандзі»… Не самае крыўднае з таго, што лунала ў крамлёўскіх калідорах. «Старыя зубры», вядома, у шоку, прадчувалі бяду: сам патоне і ўсіх патопіць. Для Амерыкі мы — «імперыя зла», нам пагражаюць крыжовым паходам… «зорнымі войнамі»… А наш галоўнакамандуючы накшталт будысцкага манаха: «свет як агульны дом», «перамены без гвалту і крыві», «вайна больш не з’яўляецца працягам палітыкі» і г. д. Ахрамееў доўга змагаўся, але стаміўся. Спачатку ён думаў, што гэта няправільна дакладваюць наверх, падманваюць, потым зразумеў, што гэта — здрада. І падаў рапарт. Гарбачоў адстаўку прыняў, але ад сябе не пусціў. Прызначыў ваенным дарадцам.

…небяспечна было кранаць гэтую канструкцыю. Сталінскую… савецкую… называйце, як заўгодна… Нашая дзяржава заўсёды існавала ў мабілізацыйным рэжыме. З першых дзён. На мірнае жыццё яна не разлічаная. Зноў жа… Думаеце, мы не маглі наштампаваць модных жаночых боцікаў і прыгожых станікаў? Пластмасавых «відзікаў». Лёгка. Але ў нас мэта была іншая… А народ? (Паўза.) Народ простых рэчаў чакае. Вялікай колькасці пернікаў. І — цара! Гарбачоў не захацеў быць царом. Адмовіўся. А ўзяць Ельцына… Калі ён адчуў у 93-м годзе, што прэзідэнцкае крэсла пад ім захісталася, ён не разгубіўся і даў каманду страляць па Парламенце. Камуністы ў 91-м пабаяліся страляць… Гарбачоў аддаў уладу без крыві… А Ельцын страляў з танкаў. Зладзіў бойню. Вось так… І яго падтрымалі. Краіна ў нас царская па менталітэце, падсвядома. Па генах. Усім цар патрэбны. Івана (у Еўропе яго назвалі «жахлівым»), які заліў рускія гарады крывёю і прайграў Лівонскую вайну, успамінаюць з жахам і захапленнем. Як і Пятра Першага, і Сталіна. А Аляксандра Другога Вызваліцеля… цара, які падараваў Расіі свабоду… забілі… Гэта ў чэхаў можа быць Вацлаў Гавел, а нам патрэбны не Сахараў, а цар. Цар-бацюшка! Генеральны сакратар ці прэзідэнт — у нас усё роўна гэта цар. (Доўгая паўза.)

Паказвае мне свой нататнік з цытатамі з твораў марксісцкіх класікаў. Запісваю сабе адну ленінскую цытату: «Я згодны жыць у свіным хляве — толькі была б у ім савецкая ўлада». Прызнаюся, што і я Леніна не чытала.

25
{"b":"285466","o":1}