Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Тыя, хто называў сябе камуністамі, раптам сталі прызнавацца, што яны ненавідзелі камунізм з дзяцінства. Здавалі свае партбілеты… Адны прыносілі і пакідалі партбілеты моўчкі, іншыя ляскалі дзвярыма. Падкідалі ноччу да будынка райкама… Як злодзеі. Развітайцеся з камунізмам сумленна. Не — употай. Раніцай дворнікі хадзілі і збіралі па двары — партбілеты, камсамольскія пасведчанні — і прыносілі нам. Прыносілі ў пакетах, у вялікіх цэлафанавых мяшках… Што з гэтым рабіць? Куды здаваць? Каманды няма. Зверху — ніякіх сігналаў. Мёртвая цішыня. (Задумалася.) Такі гэта быў час… людзі пачалі змяняць усё… Абсалютна ўсё. Начыста. Адны з’язджалі — мянялі радзіму. Іншыя змянялі перакананні і прынцыпы. Трэція мянялі рэчы ў доме, рэчы мянялі спрэс. Старое савецкае выкідалі, куплялі ўсё імпартнае… «Чаўнакі» адразу ўсяго навезлі: чайнікі, тэлефоны, мэбля… халадзільнікі… Аднекуль усяго з’явілася навалам. «У мяне пральная машына «Бош». — «А я купіў тэлевізар «Сіменс». У кожнай размове гучала: «Панасонік», «Соні»… «Філіпс»… Сустрэла суседку: «Сорамна радавацца нямецкай кавамолцы… А я шчаслівая!» Яна ж толькі… вось толькі… ноч стаяла ў чарзе па томік Ахматавай, цяпер вар’яцее ад кавамолкі. Ад нейкага глупства… І з партбілетам расставаліся — як з непатрэбнай рэччу. Цяжка было паверыць… Але за некалькі дзён усё памянялася. Царская Расія, як чытаеш у мемуарах, зліняла за тры дні, і камунізм таксама. За пару дзён. У галаве не ўкладвалася… Знаходзіліся, праўда, і такія, хто хаваў свае чырвоныя кніжачкі, пакідаў на ўсялякі выпадак. Нядаўна ў адной сям’і мне дасталі з антрэсоляў бюст Леніна. Захоўваюць… раптам яшчэ спатрэбіцца… Вернуцца камуністы, яны першыя начэпяць пунсовы бант. (Маўчыць доўга.) У мяне на стале ляжалі сотні заяваў аб выхадзе з партыі… Усё гэта ў хуткім часе згрэблі і вынеслі як смецце. Згніло на сметніку. (Штосьці шукае ў тэчках на стале.) Я пару аркушыкаў захавала… Калі-небудзь іх папросяць у мяне для музея. Будуць шукаць… (Зачытвае.)

«…я была адданай камсамолкай… са шчырым сэрцам уступіла ў партыю. Цяпер хачу сказаць, што партыя больш не мае ніякай улады нада мной…»

«…час увёў мяне ў зман… Я верыла ў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю. Прачытаўшы Салжаніцына, я зразумела, што «выдатныя ідэалы камунізму» усе ў крыві. Гэта падман…»

«…мяне прымусіў уступіць у партыю страх… Ленінскія бальшавікі расстралялі майго дзядулю, а сталінскія камуністы знішчылі ў мардоўскіх лагерах маіх бацькоў…»

«…ад свайго імя і ад імя майго нябожчыка-мужа заяўляю аб сваім выхадзе з партыі…»

Гэта трэба было перажыць… не здохнуць ад жаху… У райкаме стаялі чэргі, як у краме. Чэргі ахвотнікаў здаць партбілет. Да мяне прабілася простая жанчына. Даярка. Яна плакала: «Што мне рабіць? У газетах пішуць, што партбілеты трэба выкідаць». Апраўдвалася яна тым, што ў яе трое дзяцей, яна за іх баіцца. Хтосьці распускаў чуткі, што камуністаў будуць судзіць. Высылаць. Ужо рамантуюць у Сібіры старыя баракі… у міліцыю паступілі кайданкі… нехта бачыў, як іх згружаюць з грузавікоў, крытых брызентам. Жахлівыя рэчы, так! Але я запомніла і сапраўдных камуністаў. Адданых ідэі. Маладога настаўніка… Незадоўга да ГКЧП яго прынялі ў партыю, але білет не паспелі ўручыць, ён прасіў: «Вас хутка апячатаюць. Выпішыце мне партбілет, а то я яго ніколі не атрымаю». У гэты момант людзі асабліва ярка праявіліся. Прыйшоў франтавік… Увесь у баявых ардэнах. Іканастас на грудзях! Вярнуў ён партбілет, які яму ўручылі на фронце, са словамі: «Не хачу быць у адной партыі з гэтым здраднікам Гарбачовым!» Ярка… ярка… людзі паказвалі сябе. І чужыя, і знаёмыя. І нават сваякі. Раней сустрэнуць: «Ах, Алена Юр’еўна!», «Як вашае здароўе, Алена Юр’еўна?» А тут убачаць здалёк і пераходзяць на другі бок вуліцы, каб не вітацца. Дырэктар лепшай школы ў раёне… Надоечы мы праводзілі ў яго школе навуковую партканферэнцыю па кнігах Брэжнева «Малая зямля» і «Адраджэнне». Тады ён выступіў з бліскучым дакладам аб кіроўнай ролі камуністычнай партыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны… і асабіста таварыша Брэжнева… Я яму ўручыла грамату райкама партыі. Верны камуніст! Ленінец! Божа мой! Месяца не прайшло… Сустрэў мяне на вуліцы і пачаў абражаць: «Скончыўся ваш час! За ўсё адкажаце! Перш-наперш — за Сталіна!» Я задыхнулася ад крыўды… Гэта ён — мне! Мне? Мне, у якой бацька ў лагеры сядзеў… (Некалькі хвілінаў супакойваецца.) Сталіна я ніколі не любіла. Бацька дараваў, а я не. Я не прабачыла… (Маўчыць.) Рэабілітацыю «палітычных» пачалі пасля дваццатага з’езда. Пасля даклада Хрушчова… А гэта… А гэта ўжо было пры Гарбачове… Мяне прызначылі старшынёй раённай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Я ведаю, што спачатку прапаноўвалі іншым: нашаму пракурору і другому сакратару райкама партыі. Адмовіліся. Чаму? Можа, пабаяліся. У нас да гэтага часу баяцца ўсяго, што звязана з КДБ. А я ні хвіліны не вагалася — так, я згодная. У мяне бацька пацярпеў. Чаго мне баяцца? Аднойчы павялі кудысьці ў падвал… Дзясяткі тысячаў тэчак… Адна «справа» — два аркушыкі, а іншая — том. Як у трыццаць сёмым годзе быў план… размеркаванне… па «выяўленні і выкарчоўванні ворагаў народа», так у васьмідзясятыя гады па раёнах і абласцях спускалі лічбы па рэабілітацыі. План трэба было выканаць і перавыканаць. Стыль сталінскі: нарады, накачкі, вымовы. Давай-давай… (Круціць галавою.) Па начах сядзела і чытала, пераварочвала тамы. Шчыра… шчыра скажу… Валасы ўставалі на галаве… Брат пісаў на брата, сусед на суседа… Пасварыліся з-за агарода, з-за пакоя ў камуналцы. Праспяваў на вяселлі прыпеўку: «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну». Гэтага было дастаткова. З аднаго боку, сістэма раструшчвала чалавека, а з другога — людзі не шкадавалі адзін аднаго. Чалавек мог…

Звычайная камуналка… Жывуць разам пяць сем’яў — дваццаць сем чалавек. Адна кухня і адзін сарцір. Дзве суседкі сябруюць: у адной дзяўчынцы пяць гадоў, а другая — адзінокая. У камуналках, звычайная справа, сачылі адзін за адным. Падслухоўвалі. Тыя, у каго пакой — дзесяць метраў, зайздросцілі тым, у каго ён — дваццаць пяць метраў. Жыццё… яно такое… І вось ноччу прыязджае «чорны воран»… Жанчыну, у якой маленькая дзяўчынка, арыштоўваюць. Перад тым, як яе адвялі, яна паспела крыкнуць сяброўцы: «Калі не вярнуся, вазьмі маю дачку да сябе. Не аддавай у дзіцячы дом». І тая забрала дзіця. Перапісалі ёй другі пакой… Дзяўчынка стала клікаць яе мамай… «мамай Аняй»… Прайшло сямнаццаць гадоў… Праз сямнаццаць гадоў вярнулася сапраўдная мама. Яна цалавала рукі і ногі сваёй сяброўцы. Казкі звычайна канчаюцца на гэтым месцы, а ў жыцці была іншая канцоўка. Без хэпі-энду. Пры Гарбачове, калі адкрылі архівы, у былой лагерніцы спыталі: «Вы хочаце паглядзець сваю справу?» — «Хачу». Узяла яна сваю тэчку… адкрыла… Зверху ляжаў данос… знаёмы почырк… Суседка… «мама Аня»… напісала данос… Вы што-небудзь разумееце? Я — не. І тая жанчына — яна таксама не змагла зразумець. Прыйшла дадому і павесілася. (Маўчыць.) Я — атэістка. У мяне да Бога шмат пытанняў… Я памятаю… Я ўспамінаю татавы словы: «Лагер перажыць можна, а людзей не». Яшчэ ён казаў: «Памры ты сёння, а я заўтра — гэтыя словы я не ў лагеры першы раз пачуў, а ад нашага суседа. Ад Карпушы…» Карпуша ўсё жыццё сварыўся з бацькамі з-за нашых курэй, якія хадзілі па яго градах. Бегаў пад нашымі вокнамі з паляўнічай стрэльбай… (Маўчыць.) Дваццаць трэцяга жніўня… Арыштавалі членаў ГКЧП. Застрэліўся міністр унутраных справаў Пуга… Перад гэтым ён застрэліў сваю жонку… Людзі радаваліся: «Пуга застрэліўся!» Павесіўся ў сваім крамлёўскім кабінеце маршал Ахрамееў. Яшчэ было некалькі дзіўных смерцяў… Кіраўнік спраў ЦК Мікалай Кручына выпаў з акна пятага паверха… Самагубствы або забойствы? Думаюць дагэтуль… (Маўчыць.) Як жыць? Як выйсці на вуліцу? Вось проста выйсці на вуліцу і каго-небудзь сустрэць. Я тады… Ужо некалькі гадоў я жыла адна. Дачка выйшла замуж за афіцэра, з’ехала ва Уладзівасток. Муж памёр ад раку. Увечары вярталася ў пустую кватэру. Я не слабы чалавек… Але думкі ўсякія… страшныя… яны з’яўляліся… Шчыра скажу… Былі, так… (Маўчыць.) Яшчэ нейкі час мы хадзілі на працу ў райкам. Зачыняліся там у сваіх кабінетах. Глядзелі навіны па тэлевізары. Чакалі. На нешта спадзяваліся. Дзе нашая партыя? Нашая непераможная ленінская партыя! Свет паваліўся… Званок з аднаго калгаса: мужыкі з косамі і віламі, з паляўнічымі стрэльбамі — у каго што было, сабраліся каля канторы абараняць савецкую ўладу.

13
{"b":"285466","o":1}