Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Перачытала «Акаянныя дні» Івана Буніна. (Дастае з паліцы кнігу. Знаходзіць закладку і чытае.) «Памятаю старога рабочага ля брамы дома, дзе раней былі «Одесские новости», у першы дзень панавання бальшавікоў. Раптам выскачыла з-пад дзвярэй чарада хлапчукоў са стосамі толькі што аддрукаваных «Известий» і з крыкамі: «На адэскіх буржуяў накладзена кантрыбуцыя ў 500 мільёнаў!» — Рабочы захрыпеў, захлынуўся лютасцю і злараднасцю: «Мала! Мала!». Вам гэта нічога не нагадвае? Мне… так… Нагадвае… Гарбачоўскія гады… першыя бунты… Калі народ стаў валіць на плошчы і патрабаваць — то хлеба, то свабоды… то гарэлкі і курыва… Жах! Інсульты і інфаркты ў шматлікіх партработнікаў. «У варожым атачэнні», як партыя вучыла, жылі, у «аблозе». Да сусветнай вайны рыхтаваліся… Больш за ўсё баяліся ядзернай вайны, а развалу не чакалі. Не чакалі… ніяк… Прывыклі да майскіх і кастрычніцкіх калонаў, да плакатаў: «Справа Леніна будзе жыць вякамі», «Партыя — наш стырнавы». А тут не калоны, а стыхія. Не савецкі народ, а нейкі іншы, нам незнаёмы. І плакаты іншыя: «Камуністаў пад суд!», «Раздавім камуністычную гадзіну!» Адразу ўспомніўся Новачаркаск… Інфармацыя была закрытая, але мы ведалі… як пры Хрушчове галодныя працоўныя выйшлі на вуліцы… іх расстралялі… Тых, хто застаўся жывы, распіхалі па лагерах, да гэтага часу іх родныя не ведаюць, дзе яны… А тут… тут перабудова… Страляць нельга, саджаць таксама. Трэба размаўляць. А хто з нас мог выйсці да натоўпу і сказаць прамову? Пачаць дыялог… агітаваць… Мы былі апаратчыкі, а не прамоўцы. Я, напрыклад, чытала лекцыі і капіталістаў кляйміла, неграў амерыканскіх абараняла. У маім кабінеце стаяў поўны збор твораў Леніна… пяцьдзясят пяць тамоў… Але хто яго па-сапраўднаму чытаў? Гарталі ў інстытутах перад экзаменамі: «Религия — опиум народа» і «всякий боженька есть труположество».

Панічны быў страх… Выкладчыкі, інструктары, сакратары райкамаў і абкамаў — усе мы баяліся выязджаць да працоўных на завод, да студэнтаў у інтэрнат. Баяліся тэлефанаванняў. А раптам спытаюць пра Сахарава ці пра Букоўскага… што адказваць? Ворагі яны савецкай улады ці ўжо не ворагі? Як ацэньваць «Дзеці Арбата» Рыбакова і п’есы Шатрова? Ніякай каманды зверху… Раней табе сказалі — ты выканаў даручэнне, правёў лінію партыі ў жыццё. А тут: страйкуюць настаўнікі, патрабуюць павышэння заробку, малады рэжысёр у нейкім заводскім клубе рэпетуе забароненую п’есу… Божа мой! На кардоннай фабрыцы рабочыя на тачцы вывезлі за вароты свайго дырэктара. Гарлапанілі. Білі шкло. Ноччу зачапілі жалезным тросам і звалілі помнік Леніну. Паказвалі яму дулю. Партыя разгубілася…

Я памятаю разгубленую партыю… Сядзелі ў сваіх кабінетах пры зашморгнутых шторах. Ля ўваходу ў будынак райкама днём і ноччу дзяжурыў узмоцнены нарад міліцыі. Баяліся народа, а народ яшчэ па інэрцыі баяўся нас. Потым баяцца перасталі… Збіраліся на плошчы тысячы людзей… Плакат запомніла: «Даеш 1917! Рэвалюцыю!» Была ўзрушаная. Пэтэвэшнікі нейкія з ім стаялі… маладыя хлопцы… Птушаняты! Аднойчы прыйшлі ў райкам парламенцёры: «Пакажыце сваю спецкраму! У вас там усяго поўна, а нашыя дзеці галодныя, губляюць прытомнасць на ўроках». Ніякіх норкавых футраў і чорнай ікры ў нашым буфеце яны не знайшлі, але ўсё роўна не паверылі: «Падманваюць просты народ». Усё пачало рухацца, хістацца. Гарбачоў быў слабы. Лавіраваў. Быццам бы ён за сацыялізм… і капіталізму хочацца… Больш думаў пра тое, як спадабацца Еўропе. Амерыцы. Там яму пляскалі: «Горбі! Горбі! Вось дык Горбі!» Забубніў перабудову…» (Маўчыць.)

Сацыялізм паміраў на нашых вачах. І прыйшлі гэтыя хлопчыкі жалезныя».

Ганна Ільінічна:

— Гэта было нядаўна, але гэта было ў іншую эпоху… У іншай краіне… Там засталася нашая наіўнасць, наш рамантызм. Даверлівасць. Хтосьці не хоча пра гэта ўспамінаць, бо непрыемна, столькі было расчараванняў. Ну хто сказаў, што нічога не змянілася? Біблію нельга было перавезці праз мяжу. На гэта забыліся? У падарунак з Масквы я вазіла сваякам у Калугу муку і макароны. І яны былі шчаслівыя. Забыліся? Ніхто ўжо не стаіць у чарзе па цукар і мыла. І няма талонаў на паліто.

Я палюбіла Гарбачова адразу! Цяпер яго праклінаюць: «Здрадзіў СССР!», «Гарбачоў прадаў краіну за піцу!» А я памятаю нашае здзіўленне. Узрушанасць! Нарэшце ў нас нармальны лідар. Не сорамна за яго! Адзін аднаму пераказвалі, як у Ленінградзе ён спыніў картэж і выйшаў да народа, а на нейкім заводзе адмовіўся ад дарагога падарунка. Падчас традыцыйнага застолля выпіў толькі шклянку гарбаты. Усміхаецца. Выступае без паперкі. Малады. Ніхто з нас не верыў, што савецкая ўлада калі-небудзь скончыцца і ў крамах з’явіцца каўбаса, а па імпартныя бюстгалтары не будуць стаяць кіламетровыя чэргі. Прывыклі ўсё праз знаёмых даставаць: падпіску на «Всемирку», шакаладныя цукеркі і гэдээраўскія спартыўныя касцюмы. Сябравалі з мясніком, каб купіць кавалак мяса. Савецкая ўлада здавалася вечнай. Хопіць яшчэ дзецям і ўнукам! А яна нечакана для ўсіх скончылася. Цяпер ясна, што і сам Гарбачоў гэтага не чакаў, ён хацеў нешта змяніць, але не ведаў — як. Ніхто не быў гатовы. Ніхто! Нават тыя, хто дзёўб гэтую сцяну. Я — шараговы тэхнолаг. Не герой, не… і не камуністка… Дзякуючы свайму мужу, ён — мастак, я рана трапіла ў багемнае асяроддзе. Паэты, мастакі… Сярод нас не было герояў, ні ў каго не хапіла адвагі стаць дысідэнтам, адседзець у турме ці ў вар’ятні за свае перакананні. Жылі з дуляй у кішэні.

Сядзелі на кухнях, лаялі савецкую ўладу і баялі анекдоты. Чыталі самвыдат. Калі хтосьці даставаў новую кнігу, ён мог прыйсці ў дом да сяброў у любы час — нават а другой-трэцяй гадзіне ночы, усё роўна гэта быў жаданы госць. Я добра памятаю тое начное маскоўскае жыццё… асаблівае… Там былі свае героі… свае баязліўцы і здраднікі… Сваю захопленасць! Растлумачыць гэта чалавеку недасведчанаму немагчыма. Перш за ўсё нашую захопленасць я не магу растлумачыць. І не магу растлумачыць іншае… Вось гэта… Начное нашае жыццё… ну зусім яно не было падобнае да дзённага. Ні кроплі! Раніцай мы ўсе ішлі на працу і ператвараліся ў звычайных савецкіх людзей. Як і ўсе астатнія. Рабілі на рэжым. Альбо ты канфарміст, альбо табе трэба ісці ў дворнікі і вартаўнікі, іншага спосабу захаваць сябе не было. Вярталіся з працы дамоў… І зноў пілі гарэлку на кухнях, слухалі забароненага Высоцкага. Лавілі праз трэск глушылак «Голас Амерыкі». Я да гэтага часу памятаю той цудоўны трэск. Круцілі бясконцыя раманы. Кахаліся, разводзіліся. І многія пры гэтым адчувалі сябе сумленнем нацыі, лічылі, што мелі права павучаць свой народ. А што мы пра яго ведалі? Тое, што прачыталі ў «Запісках паляўнічага» Тургенева і ў нашых «дзеравеншчыкаў». У Распуціна… Бялова… Я нават свайго бацькі не разумела. Крычала яму: «Тата, калі ты не вернеш ім свой партбілет, то я з табой размаўляць не буду». Тата плакаў.

У Гарбачова было ўлады — як у цара. Неабмежаваная ўлада. А ён прыйшоў і сказаў: «Нельга так жыць». Яго знакамітая фраза. І краіна ператварылася ў дыскусійны клуб. Спрачаліся дома, на працы, у транспарце. Ад розных поглядаў сем’і распадаліся, дзеці сварыліся з бацькамі. Адна мая знаёмая так пасварылася з сынам і нявесткай пра Леніна, што выгнала іх на вуліцу, яны жылі зімой за горадам у хатцы на лецішчы. Тэатры пустыя, усе сядзелі дома перад тэлевізарам. Ішлі жывыя рэпартажы з Першага з’езда народных дэпутатаў СССР. Перад тым была цэлая гісторыя, як мы выбіралі тых дэпутатаў. Першыя свабодныя выбары! Сапраўдныя! Па нашай акрузе праходзілі дзве кандыдатуры: нейкі партыйны чыноўнік і малады дэмакрат, выкладчык універсітэта. Памятаю і цяпер яго прозвішча — Малышаў… Юры Малышаў. Цяпер ён, я выпадкова даведалася, займаецца аграбізнесам — памідорамі і гурочкамі гандлюе. А тады — рэвалюцыянер! Выступаў і казаў такую крамолу! Нечуваную! Марксісцка-ленінскую літаратуру называў малалітражнай… нафталіннай… Шосты артыкул Канстытуцыі патрабаваў скасаваць, а гэта артыкул — пра кіроўную ролю КПСС. Кутні камень марксізму-ленінізму… Я слухала і не магла сабе гэта ўявіць. Ахінея! Хто табе дасць… дазволіць зачапіць? Усё разваліцца… Гэта ж скрэпы… Настолькі мы былі ўсе замбаваныя. Я савецкага чалавека выціскала з сябе гадамі, вёдрамі вычэрпвала. (Маўчыць.) Нашая каманда… Нас набралося чалавек дваццаць добраахвотных памочнікаў, пасля працы мы абыходзілі кватэры ў сваім раёне і агітавалі. Малявалі плакаты: «Галасуй за Малышава!» І ўявіце сабе — ён перамог! З вялікай перавагай. Першая нашая перамога! Потым мы ўсе балдзелі ад жывых рэпартажаў са з’езду — дэпутаты выказваліся яшчэ больш адкрыта, чым мы на кухнях. Ці ў двух метрах ад кухні. Усе тырчалі каля тэлевізараў, як наркаманы. Не маглі адарвацца. Вось цяпер Траўкін ім дасць! Да-а-аў!! А Болдыраў? Цяпер ён… Во малайчына!

11
{"b":"285466","o":1}