Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— А зараз, — крыкнуў гарбаты правадыр, — вяртайцеся на свае месцы і, калі я наступны раз паклічу вас, будзьце жвавей!

— Мілорд герцаг, — сказаў адзін з падначаленых, — малю вас: пакіньце пры сабе хаця б крыху воінаў. Вам нельга быць тут аднаму.

— Вось што, шаноўны, — сказаў герцаг, — я не папракнуў вас за спазненне, дык не пярэчце мне. Няхай я гарбаты, але я магу спадзявацца на сілу сваёй рукі. Калі гучала труба, ты марудзіў, а зараз ты надта спяшаешся са сваімі парадамі. Але так ужо вядзецца: апошні ў бітве — заўсёды першы ў размове. Надалей хай будзе наадварот.

І суровым, не пазбаўленым высакароднасці жэстам ён адправіў іх.

Зноў пехацінцы селі на коней за спінамі вершнікаў; атрад марудна крануўся і, рассыпаўшыся па розных напрамках, схаваўся ў лесе.

Зоркі пачалі ўжо тухнуць. Займаўся дзень. Шэрае перадсвітальнае святло адбілася на тварах абодвух юнакоў, якія зноў зірнулі адзін аднаму ў твар.

— Вы бачылі зараз, — сказаў герцаг, — што помста мая бязлітасная, як вастрыё майго мяча. Але я б не хацеў — клянуся ўсім хрысціянскім светам! — каб вы палічылі мяне няўдзячным. Вы прыйшлі мне на дапамогу са слаўным мячом і вартай здзіўлення адвагай! Калі вам не агідная мая выродлівасць, абдыміце мяне!

І юны правадыр растуліў абдымкі.

У глыбіні душы Дзік адчуваў страх і нават нянавісць да чалавека, якога выратаваў; але просьба была выказана такімі словамі, што вагацца або адмовіць было б не толькі няветліва, але і жорстка, і ён паспяшаўся падпарадкавацца жаданню незнаёмца.

— А зараз, мілорд герцаг, — сказаў Дзік, вызваліўшыся з яго абдымкаў, — пацвердзіце, ці правільная мая здагадка? Вы — мілорд герцаг Гластэрскі?

— Я Рычард Гластэр, — адказаў той. — А вы? Як вас завуць?

Дзік назваў сябе і падаў яму пярсцёнак лорда Фоксгэма, які герцаг адразу ж пазнаў.

— Вы прыйшлі сюды раней прызначанага тэрміну, — сказаў ён, — але ці магу я за гэта сердаваць? Вы падобныя на мяне: я прыйшоў сюды за дзве гадзіны да світання і чакаю. Гэта першы паход маёй арміі: я альбо загіну, альбо здабуду сабе славу. Там залеглі мае ворагі пад кіраўніцтвам двух старых вопытных правадыроў — Брэклі і Райзінгэма. Яны, верагодна, моцныя, але зараз яны сціснуты паміж морам, гаванню і ракой. Адступленне ім адрэзана. Мне думаецца, Шэлтан, што вось тут і трэба напасці на іх, і мы нападзём на іх бясшумна і раптоўна.

— Канечне, я таксама так мяркую! — горача ўсклікнуў Дзік.

— У вас пры сабе запіскі лорда Фоксгэма? — спытаў герцаг.

Дзік, растлумачыўшы, чаму іх у яго зараз няма, асмеліўся прапанаваць герцагу свае ўласныя назіранні.

— Мне здаецца, мілорд герцаг, — сказаў ён, — калі ў вашым распараджэнні дастаткова воінаў, варта было б напасці зараз жа, бо са світаннем іх начныя каравулы кладуцца спаць, а ўдзень у іх няма пастаянных каравульных на пастах — яны ўсяго толькі аб'язджаюць ускраіны вярхамі. Цяпер самы час на іх напасці: каравульныя ўжо знялі з сябе даспехі, а астатнія воіны толькі што прачнуліся і сядзяць за ранішняй чаркай віна.

— Колькі, па-вашаму, у іх чалавек? — спытаў Гластэр.

— У іх няма і дзвюх тысяч, — адказаў Дзік.

— Тут, у лесе, у мяне семсот воінаў, — сказаў герцаг. — Яшчэ семсот ідуць з Кэтлі і неўзабаве будуць тут; услед за імі рушаць яшчэ чатырыста, а яшчэ далей ідзе столькі ж; у лорда Фоксгэма пяцьсот у Халівудзе — яны могуць сцягнуцца сюды да канца дня. Пачакаць, пакуль усе нашы сілы падыдуць, або напасці зараз?

— Мілорд, — сказаў Дзік, — павесіўшы гэтых пяцёх няшчасных, вы самі вырашылі пытанне. Хаця яны людзі нязнатныя, але час неспакойны: хутка спахопяцца, іх пачнуць шукаць, і падымецца трывога. Таму, мілорд, калі вы хочаце напасці знянацку, то, на маю сціплую думку, у вас няма і гадзіны ў запасе.

— Я таксама так думаю, — адказаў гарбун. — Не пройдзе і гадзіны, як вы пачнеце зарабляць сабе рыцарскае званне, урэзаўшыся ў натоўп ворагаў. Я пашлю жвавага чалавека ў Халівуд з пярсцёнкам лорда Фоксгэма і яшчэ аднаго — на дарогу, падагнаць маіх мямляў! Ну, Шэлтан, клянуся распяццем, справа выйдзе!

З гэтымі словамі ён зноў прыставіў трубу да вуснаў і затрубіў.

На гэты раз яму не давялося доўга чакаць. У адно імгненне паляна вакол крыжа пакрылася пешымі і коннымі воінамі. Рычард Гластэр, сеўшы на прыступках, пасылаў ганца за ганцом, склікаючы семсот чалавек, схаваных у бліжэйшых лясах. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як армія яго выстраілася перад ім. Ён сам стаў на чале войска і рушыў уніз па схіле пагорка да горада Шорбі.

План яго быў просты. Ён вырашыў захапіць квартал горада Шорбі, які ляжаў справа ад вялікай дарогі, добра замацавацца ў вузкіх завулках і трымацца там да таго часу, пакуль не падыдзе падмацаванне.

Калі лорд Райзінгэм захоча адступіць, Рычард зойдзе яму ў тыл і паставіць яго паміж двух агнёў; калі ж ён захоча абараняць горад, ён будзе загнаны ў пастку і ў рэшце рэшт разбіты ворагам, што пераўзыходзіць яго па колькасці.

Але была адна вялікая небяспека, амаль немінучая: семсот чалавек Гластэра маглі быць адкінуты і разбіты пры першай жа сутычцы і, каб пазбегнуць гэтага, трэба было ў што б там ні стала забяспечыць раптоўнасць нападу.

Дык вось, пехацінцы зноў селі за спінамі вершнікаў, і Дзіку выпаў асаблівы гонар сядзець за самім Гластэрам. Пакуль лес хаваў іх, войскі марудна пасоўваліся ўперад, але, калі лес, што акаймоўваў вялікую дарогу, скончыўся, яны спыніліся, каб перадыхнуць і вывучыць мясцовасць.

Сонца, акружанае марозным жоўтым ззяннем, ужо зусім узышло, асвятляючы горад Шорбі, над снежнымі дахамі якога віліся струмені ранішняга дыму.

Гластэр павярнуўся да Дзіка. — У гэтым бедным гарадку, — сказаў ён, — дзе жыхары зараз гатуюць сабе снеданне, або вы станеце рыцарам, а я пачну жыццё, поўнае вялікай пашаны і гучнай славы, або мы абодва памром, не пакінуўшы па сабе нават памяці. Мы абодва Рычарды. Ну, Рычард Шэлтан, мы павінны праславіцца, і вы і я — два Рычарды! Мячы, стукаючы аб нашы шлемы, прагучаць не так звонка, як прагучаць нашы імёны ў вуснах народа!

Дзік быў здзіўлены яго палкім голасам і гарачымі словамі, у якіх гучала такая прага славы. Досыць разумна і спакойна ён адказаў, што выканае свой абавязак і не сумняваецца ў перамозе, калі астатнія зробяць гэтак жа.

Да таго часу коні добра адпачылі; правадыр узняў меч, апусціў павады, і коні, з двума вершнікамі кожны, паскакалі з грукатам уніз па пагорку, перасякаючы снежнае поле, за якім пачынаўся Шорбі.

Раздзел II

Бітва пры Шорбі

Да горада было не болей чвэрці мілі. Але не паспелі яны выехаць з-пад прыкрыцця дрэў, як заўважылі людзей, што з крыкам беглі прэч па снежным полі з абодвух бакоў дарогі. І адразу ж у горадзе падняўся шум, які рабіўся ўсё мацней і мацней. Яны яшчэ не праскакалі і палавіны шляху да бліжэйшага дома, як на званіцы пачуліся званы.

Юны герцаг заскрыгатаў зубамі. Ён баяўся, як бы ворагі не паспелі падрыхтавацца да абароны. Бо ведаў, што, калі ён не паспее замацавацца ў горадзе, яго маленькі атрад будзе разбіты і знішчаны.

Аднак справы ланкастэрцаў былі дрэнныя. Усё ішло так, як гаварыў Дзік. Начная варта ўжо зняла свае даспехі; астатнія — разутыя, неапранутыя, непадрыхтаваныя да бітвы — усё яшчэ сядзелі па дамах. Ва ўсім Шорбі было, бадай, не больш пяцідзесяці ўзброеных мужчын і асядланых коней.

Бумканне званоў, спалоханыя крыкі людзей, якія бегалі па вуліцах і грукалі ў дзверы, вельмі хутка паднялі на ногі чалавек сорак з гэтых пяцідзесяці. Яны паспешліва ўскочылі на коней і таму, што не ведалі, адкуль пагражае небяспека, памчаліся ў розныя бакі.

Калі Рычард Гластэр даскакаў да першага дома ў Шорбі, каля ўвахода на вуліцу яго сустрэла толькі жменька воінаў, якая была размецена ім, нібы ўраганам.

Калі яны праскакалі крокаў сто па горадзе, Дзік Шэлтан дакрануўся да рукі герцага. Герцаг нацягнуў павады, прыклаў трубу да вуснаў, пратрубіў умоўны сігнал і павярнуў направа. Увесь яго атрад, як адзін чалавек, рушыў за ім і, пусціўшы коней шалёным галопам, прамчаўся па вузкім завулку. Апошнія дваццаць коннікаў спыніліся каля ўвахода ў яго. Зараз жа пехацінцы, якіх яны везлі за спінамі ў сябе, саскочылі на зямлю; адны пачалі нацягваць лукі, другія захопліваць дамы з абодвух бакоў вуліцы.

41
{"b":"146272","o":1}