Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Калі б чыя-небудзь страла даляцела адсюль да лесу, — сказаў Бенет, азіраючыся, — гэта быў бы слаўны выстрал на далёкую адлегласць.

— Але, гэта быў бы цудоўны выстрал, — сказаў стары, гледзячы праз плячо. — Адсюль да лесу далёка.

Раптоўна ён паднёс руку да вачэй і пачаў з-пад рукі разглядваць штосьці ўдалечыні.

— Каго ты там убачыў? — спытаў, смеючыся, Бенет. — Ці не Гары Пятага?

Стары салдат нічога не адказаў і працягваў глядзець удалячынь.

Сонца ярка асвятляла лугі на пакатых схілах пагоркаў; белыя авечкі пасвіліся на траве; было ціха, толькі далёкі звон гуў, не змаўкаючы.

— Ну, што там, Эпльярд? — спытаў Дзік.

— Птушкі, — сказаў Эпльярд.

І сапраўды, там дзе лес урэзваўся ў лугі доўгім клінам, які заканчваўся двума зялёнымі вязамі, акурат на адлегласці палёту стралы ад поля Эпльярда спалохана мітусілася чарада птушак.

— Што нам за клопат да птушак? — сказаў Бенет.

— Вось ты, майстар Бенет, выпраўляешся на вайну і лічыш сябе мудрацом, а не ведаеш, што птушкі — цудоўныя вартаўнікі, — адказаў Эпльярд. — Яны першыя папярэджваюць аб магчымай бітве. Калі б мы зараз знаходзіліся ў лагеры, я б сказаў, што нас высочваюць варожыя стралкі. А ты б нічога не заўважыў!

— Кінь, стары дзівак, — сказаў Хэтч. — Паблізу няма ніякіх стралкоў, акрамя тых, якімі камандуе сэр Дэніэл у Кэтлі; мы з табой тут у бяспецы, быццам у лонданскім Таўэры, а ты палохаеш людзей з-за нейкіх зяблікаў і вераб'ёў!

— Не, вы толькі паслухайце яго! — усміхнуўся Эпльярд. — Ды хіба мала тут нягоднікаў, якія б далі адрэзаць сабе абодва вухі, каб застрэліць мяне або цябе! Святы Міхаіл! Ды мы ім больш ненавісныя, чым парачка тхароў!

— Яны ненавідзяць сэра Дэніэла, а не нас, — адказаў Хэтч, пазмрачнеўшы.

— Яны ненавідзяць сэра Дэніэла і ўсіх, хто яму служыць, — сказаў Эпльярд. — Але асабліва ім ненавісныя Бенет Хэтч і стары Міколас-лучнік. Вось адкажы: калі б там, на ўскрайку лесу, знаходзіўся спрытны дзяцюк, а мы з табой стаялі б так, што яму зручна было б цэліцца ў нас, як мы, клянуся святым Георгіем, і стаім зараз, каго б ён выбраў: цябе або мяне?

— Б'юся аб заклад — цябе, — адказаў Хэтч.

— Стаўлю сваю куртку супраць скуранога пояса, што цябе! — закрычаў стары стралок. — Гэта ж ты спаліў Грымстан, і ўжо будзь спакойны, Бенет, яны табе гэтага не даруюць. А я і так, з боскай дапамогай, хутка траплю ў надзейнае месца, дзе мяне не дастане ні страла, ні гарматнае ядро. Я стары чалавек і шпарка набліжаюся туды, дзе мне падрыхтавана пасцель. А цябе, Бенет, я пакіну, на тваю пагібель, у гэтым свеце, і калі табе дадуць дажыць да маіх гадоў і не павесяць, значыць, сапраўдны ангельскі дух пагас.

— Ты самы балбатлівы дурань ва ўсім Тэнстолскім лесе, — сказаў Хэтч, якога відочна збянтэжыла такое прароцтва. — Рабі сваю справу, збірайся ў дарогу, пакуль не прыйшоў сэр Олівер, ды прытрымай свой язык. Калі ты столькі размаўляў з Гары Пятым, у яго вушах звону было болей, чым у яго кішэні.

Страла праспявала ў паветры, як вялікі шэршань, упілася старому Эпльярду паміж лапатак і пранізала яго наскрозь. Ён упаў тварам у капусту. Хэтч рэзка ўскрыкнуў і падскочыў; потым сагнуўся ўдвая і пабег да дома, шукаючы прыкрыцця. А Дзік Шэлтан схаваўся за кустом бэзу, прыціснуў свой арбалет да пляча, нацягнуў цеціву і пачаў цэліцца ў выступ лесу.

Ні адзін лісцік не варухнуўся. Авечкі спакойна пасвіліся; птушкі паселі на галіны. Стары Эпльярд ляжаў, са спіны ў яго тырчала страла, Хэтч стаяў у сенцах, за дзвярыма, і Дзік прытаіўся за кустом бэзу, гатовы пусціць стралу.

— Вы каго-небудзь бачыце? — крыкнуў Хэтч.

— Ніводная галінка не варушыцца, — адказаў Дзік.

— Сорамна так пакідаць старога, — сказаў Бенет і нерашуча ступіў наперад; твар яго пабялеў. — Сачыце за лесам, майстар Шэлтан, не спускайце вачэй з лесу. Няхай дапамогуць нам святыя! Але які выстрал!

Бенет прыпадняў старога стралка і паклаў да сябе на калені. Ён быў яшчэ жывы: твар яго паторгваўся, сумныя поўныя пакутлівага болю вочы то расплюшчваліся, то заплюшчваліся.

— Ты чуеш мяне, стары Нік? — спытаў Хэтч. — Ці няма ў цябе якога-небудзь апошняга жадання, старэча?

— Выньце стралу і дайце мне памерці, у імя Багамаці! — задыхаючыся, сказаў Эпльярд. — Я пакончыў са старой Англіяй. Выньце стралу!

— Майстар Дзік, — сказаў Бенет, — падыдзіце і тузаніце добранька стралу. Ён зараз сканае, бедны грэшнік.

Дзік паклаў свой арбалет і з сілай вырваў стралу з раны. Хлынула кроў; стары лучнік сяк-так прыпадняўся на ногі, згадаў пра Бога і ўпаў мёртвым. Хэтч, стоячы на каленях сярод капусты, старанна маліўся аб выратаванні грэшнай душы. Але відаць было, што нават у час малітвы думкі яго заняты іншым: ён не зводзіў вачэй з таго кутка лесу, адкуль прыляцела страла. Закончыўшы малітву, ён падняўся, зняў жалезныя рукавіцы і выцер твар, бледны і мокры ад страху.

— Цяпер мая чарга, — сказаў ён.

— Хто яго забіў, Бенет? — спытаў Рычард, усё яшчэ трымаючы ў руцэ стралу.

— Адным святым гэта вядома, — сказаў Хэтч. — Мы з ім выгналі з дамоў і сядзіб прыкладна сорак хрысціянскіх душ. Ён ужо заплаціў свой доўг, гэты бедны буркун; хутка, мабыць, давядзецца плаціць і мне. Сэр Дэніэл кіруе надта сурова.

— Дзіўная надта, — сказаў хлопчык, разглядаючы стралу.

— І праўда, дзіўная! — усклікнуў Бенет. — Чорная, з чорным апярэннем. Злавесная страла! Чорны колер, кажуць, прарочыць пахаванне. На ёй штосьці напісана. Сатрыце кроў. Прачыталі?

— «Эпльярду ад Джона Помшчу-за-ўсіх», — прачытаў Шэлтан. — Што гэта значыць?

— Справы дрэнь, — сказаў слуга сэра Дэніэла, апусціўшы галаву. — Джон Помшчу-за-ўсіх! Ну і прозвішча ў гэтага нягодніка! Але дзеля чаго мы стаім тут, быццам мішэнь для стральбы? Бярыце яго за ногі, добры майстар Шэлтан, а я вазьму за плечы, і аднясем яго ў дом. Які страшны ўдар для беднага сэра Олівера! Ён збялее, як папера, і будзе маліцца, размахваючы рукамі, быццам вятрак крыламі.

Яны паднялі старога лучніка і аднеслі ў дом. У гэтым доме ён жыў адзін. Паклалі бедака на падлогу, каб не запэцкаць матрац, старанна выпрасталі яго рукі і ногі.

У доме Эпльярда было чыста, але бедна. Ложак, накрыты сіняй коўдрай, шафа, вялікі куфар, дзве табурэткі, адкідны стол каля каміна — вось і ўвесь яго набытак.

На сценах віселі лукі і кальчугі старога воіна. Хэтч разглядваў усё з цікавасцю.

— У Ніка былі грошы, — сказаў ён. — Ён назбіраў фунтаў шэсцьдзесят. Добра б іх знайсці! Калі губляеш старога сябра, майстар Шэлтан, лепшае суцяшэнне — стаць яго наследнікам. Паглядзіце, які куфар. Б'юся аб заклад, там груда золата. Ён лёгка браў і з цяжкасцю аддаваў, гэты Эпльярд-лучнік. Супакой, Божа, яго душу! Амаль восемдзесят гадоў ён хадзіў па зямлі і здабываў дабро; а цяпер ён ляжыць сабе на спіне, і нічога больш яму не трэба. І калі ўсё дабро дастанецца яго сябру, дык беднаму буркуну, напэўна, будзе весялей на нябёсах.

— Ты гэта кінь, Хэтч, — сказаў Дзік. — Май павагу да яго заплюшчаных вачэй. Няўжо ты хочаш абакрасці мерцвяка? Глядзі, ён раззлуецца і ўстане!

Хэтч некалькі разоў перахрысціўся; аднак чырвань вярнулася да яго шчокаў — ён не хацеў адмовіцца ад сваёй задумы. Невядома, што было б з куфрам, але раптам рыпнулі весніцы, адчыніліся дзверы, і ў дом зайшоў рослы чалавек у стыхары і чорнай расе, на выгляд гадоў пяцідзесяці, румяны і чарнавокі.

— Эпльярд! — вымавіў ён і раптам змоўк. — Панна Марыя! — усклікнуў ён. — Няхай абароняць нас святыя! Што гэта за жарты?

— Якія тут жарты, сэр свяшчэннік, — адказаў Хэтч без асаблівай маркоты ў голасе. — Эпльярда застрэлілі каля дзвярэй яго ўласнага дома, і зараз ён заходзіць у браму чысцілішча. Там, калі кажуць праўду, яму не спатрэбяцца ні кадзіла, ні свечкі.

Сэр Олівер уздрыгнуў, пабялеў, з цяжкасцю дабраўся да табурэткі і сеў на яе.

— Вось ён, божы суд! О, які ўдар! — вымавіў ён праз слёзы і пачаў паспешліва мармытаць малітвы.

Хэтч набожна зняў свой шлем і апусціўся на калені.

— За што яго забілі, Бенет? — спытаў свяшчэннік, ачуўшыся. — І хто гэта зрабіў?

2
{"b":"146272","o":1}