Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Вось страла, сэр Олівер. Паглядзіце, што на ёй напісана, — сказаў Дзік.

— Такое імя брыдка нават вымавіць! — усклікнуў свяшчэннік. — Джон Помшчу-за-ўсіх! Вельмі ёмкая мянушка для ерэтыка! І злавесная чорная страла! Панове, гэтая страла мне не падабаецца. Трэба параіцца. Хто б гэта мог быць? Падумай, Бенет. Хто з незлічоных нашых злоснікаў здольны з такой дзёрзкасцю выступіць супраць нас? Сімнэл? Сумняваюся. Уэлсінгэмы? Не, да гэтага яны яшчэ не дайшлі; яны яшчэ спадзяюцца перамагчы нас з дапамогай закона, калі памяняецца час. Можа, Саймон Мэлмсбэры? Як думаеш, Бенет?

— А ці не здаецца вам, сэр, — сказаў Хэтч, — што гэта Эліс Дэкуорт?

— Не, Бенет, не павінен. Не, не ён, — прамовіў свяшчэннік падумаўшы. — Бунт, Бенет, ніколі не пачынаецца знізу, — усе разумныя летапісцы сыходзяцца ў гэтым. Бунт заўсёды ідзе зверху ўніз; калі Дзікі, Томы і Гары хапаюцца за свае алебарды, прыгледзься ўважліва і ўбачыш, каму з лордаў гэта выгадна. Сэр Дэніэл, як вядома, зноў прымкнуў да партыі каралевы і ў няміласці ў лордаў партыі Йорка. Вось яны і нанеслі нам удар, Бенет. Падрабязнасці я яшчэ высветлю, але галоўнае мне ўжо зразумелае.

— Прашу даравання, сэр Олівер, але, мусіць, вы памыляецеся, — сказаў Бенет. — У краіне пачынаецца пажар, і я даўно ўжо чую пах гарэлага. Бедны грэшнік Эпльярд таксама чуў гэты пах. З вашага дазволу, скажу: народ так ненавідзіць усіх нас, што для бунту не патрэбна ні Ланкастэра, ні Йорка. І яшчэ скажу вам без хітрыкаў: вось вы абодва, служка царквы і лорд, які трымае нос па ветры, спусташаеце, рабуеце, забіваеце і вешаеце людзей направа і налева. Колькі б вас ні прыцягвалі да суда, закон — якім ужо чынам, я не ведаю, — заўсёды аказваецца на вашым баку. Вы думаеце, на тым і справе канец? Як бы не так! З вашага дазволу, сэр Олівер, збіты і абрабаваны вамі чалавек абавязкова затаіць лютасць, і ў які-небудзь няшчасны дзень, калі яго паблытае нячысты, ён возьме свой лук і ўсадзіць у вас стралу даўжынёю ў цэлы ярд.

— Ты ўсё хлусіш, Бенет, і тваё шчасце, што я не звяртаю ўвагі на тваю балбатню, — сказаў сэр Олівер. — Ты пустамеля, Бенет, балбатун і трашчотка! У цябе рот да вушэй, Бенет, і я вельмі раю табе яго ўкараціць.

— Я не скажу больш ні слова. Няхай будзе па-вашаму, — адказаў Хэтч.

Свяшчэннік падняўся з табурэткі і выняў з футляра, які вісеў у яго на грудзях, сургуч, свечку, крэмень і крэсіва. Хэтч паныла глядзеў, як ён накладвае пячатку сэра Дэніэла на шафу і на куфар. Калі пячаткі былі накладзены, усе трое асцярожна выслізнулі з дома і дабраліся да сваіх коней.

— Нам пара ўжо быць у дарозе, сэр Олівер, — сказаў Хэтч, дапамагаючы свяшчэнніку засунуць нагу ў стрэмя.

— Многае змянілася, Бенет, — адказаў свяшчэннік. — Я хацеў пакінуць Эпльярда ў замку, але Эпльярд забіты, супакой, Божа, яго душу! Я пакідаю цябе, Бенет. Я хачу, каб у гэтыя дні, калі кругом лётаюць чорныя стрэлы, каля мяне быў адданы чалавек. «Страла ўва дні ляцяшчая», — гаворыцца ў Евангеллі; не помню, як там далей, я нядбайны свяшчэннік, я надта загружаны свецкімі справамі. Хутчэй, хутчэй, Хэтч! Коннікі, напэўна, ужо каля царквы.

Яны памчаліся па дарозе; вецер раздзімаў крыссе свяшчэнніцкай расы; хмары, што марудна падымаліся за іх спінамі, ужо схавалі сонца. Яны праскакалі паўз тры домікі на ўскраіне вёсачкі Тэнстол, звярнулі на павароце і ўбачылі царкву. Перад ёю стаяла з тузін хацін, а за ёю пачыналіся лугі. Каля варот могілак сабралася чалавек дваццаць; адны ўжо сядзелі ў сёдлах, іншыя стаялі каля сваіх коней. Узброеныя яны былі абы-як і ўсе па-рознаму: у аднаго — дзіда, у другога — алебарда, у трэцяга — лук; на многіх конях яшчэ не засохла гразь ворыва: гэта былі самыя бедныя з мясцовых сялян, таму што ўсе лепшыя коні і людзі даўно ўжо выправіліся ў паход разам з сэрам Дэніэлам.

— Клянуся крыжом Халівуда, атрад неблагі! Сэр Дэніэл будзе задаволены, — сказаў свяшчэннік, падлічваючы воінаў.

— Хто ідзе? — закрычаў Бенет. — Стой, калі ты сумленны чалавек!

Хтосьці краўся па царкоўным двары паміж вязамі; пачуўшы крык Хэтча, незнаёмец перастаў хавацца і з усіх ног кінуўся да лесу. Людзі, якія стаялі ў варотах, толькі цяпер убачылі незнаёмца і ўстрапянуліся. Пешыя кінуліся да коней, верхавыя адразу паскакалі ў пагоню; але ім давялося агінаць царкву і могілкі, і хутка стала зразумела, што незнаёмец уцячэ ад іх. Хэтч, моцна лаючыся, хацеў пераскочыць цераз загарадзь, але конь яго раптам занаравіўся, і вершнік шлёпнуўся ў пыл.

Хаця ён адразу ж падхапіўся на ногі і схапіў каня за аброць, час быў упушчаны, і ўцякач знаходзіўся ўжо так далёка, што не заставалася ніякай надзеі дагнаць яго.

Разумней за ўсіх зрабіў Дзік Шэлтан. Замест таго каб дарэмна гнацца за ўцекачом, ён зняў са спіны свой арбалет, нацягнуў цеціву і ўклаў стралу; потым павярнуўся да Бенета і спытаў, ці трэба страляць.

— Страляй! Страляй! — закрычаў свяшчэннік з крыважэрнай лютасцю.

— Пападзіце ў яго, майстар Дзік, — сказаў Бенет. — Няхай ён зваліцца, як спелы яблычак.

Уцекачу заставалася зрабіць усяго некалькі скачкоў, каб апынуцца ў бяспецы, але канец луга крута падымаўся ўгару па схіле пагорка, і бегчы даводзілася марудна. Ужо згушчаўся надвячорак, і трапіць у чалавека, які бяжыць, было нялёгка. Цэлячыся, Дзік адчуў нешта накшталт шкадавання; па шчырасці сказаць, ён хацеў бы прамахнуцца. Страла паляцела.

Чалавек спатыкнуўся і ўпаў; Хэтч радасна ўскрыкнуў, і ўсе навакол закрычалі. Але радаваліся яны раней часу. Чалавек лёгка падхапіўся, здзекліва махнуў ім на развітанне сваім капелюшом і знік у гушчары лесу.

— Каб на яго чума! — крыкнуў Бенет. — У яго ногі хуткія, як у злодзея, клянуся святым Бенберы! Аднак вы яго паранілі, майстар Шэлтан. Ён украў вашу стралу, але я аб ёй не шкадую!

— Чаго ён тут бадзяўся, каля царквы? — спытаў сэр Олівер. — Чуе маё сэрца, што не з добрымі намерамі. Кліпсбі, даражэнькі, злезь з каня і паглядзі пільна сярод вязаў.

Кліпсбі хутка вярнуўся з нейкай паперай у руках.

— Вось гэты лісток быў прышпілены да царкоўных дзвярэй, — сказаў ён, падаючы яго свяшчэнніку. — Больш я нічога не знайшоў, сэр.

— Клянуся магутнасцю нашай маці-царквы, — закрычаў сэр Олівер, — гэта падобна на святатацтва! Толькі каралю або лорду можна дазволіць вывешваць загады на царкоўных дзвярах. Але каб усялякі бадзяга ў зялёнай куртцы мог прыбіваць паперы да царкоўных дзвярэй!… Не, гэта занадта падобна на святатацтва. Многіх спальвалі і не за такія злачынствы! Але што тут напісана? Глядзіце, як хутка сцямнела! Майстар Рычард, даражэнькі, у цябе маладыя вочы. Прачытай мне, калі ласка, гэтую пісульку.

Дзік Шэлтан узяў у яго паперу і прачытаў яе ўголас. Гэта былі грубыя, сяк-так зрыфмаваныя віршы, напаўпісьменна напісаныя вялікімі літарамі:

Чатыры я пушчу стралы,

На чатырох я дужа злы.

Адпомшчу вырадкам ліхім,

Даўнейшым злоснікам маім.

Памёр Эпльярд, бо ён адной

Ужо пранізаны стралой.

Страла другая прагне стрэч

З табою, майстар Бенет Хэтч.

Свяшчэннік трэцюю схапіў,

Бо Гары Шэлтана забіў.

Сэр Дэніэл, як носьбіт зла,

Табе чацвертая страла.

Яны ў нястрымнасці сваёй

Нап'юцца чорнаю крывёй!

Няхай баяцца ілгуны -

Ляцяць без промаху яны.

Джон Помшчу-за-ўсіх з Зялёнага лесу і яго вясёлыя сябры

Дарэчы, у нас у запасе ёсць стрэлы і добрыя пяньковыя вяроўкі для ўсіх вашых прыхільнікаў.

— Куды падзелася міласэрнасць? Дзе хрысціянская дабрачыннасць? — горычна ўсклікнуў сэр Олівер. — Панове, мы жывём у паганым свеце, і з кожным днём ён робіцца ўсё горшым! Я гатовы паклясціся на крыжы Халівуда, што я гэтак жа не вінаваты ў забойстве слаўнага рыцара, аб якім тут гаворыцца, як толькі што народжанае немаўля! Ды ніхто яго не забіваў! Гэта — памылка, ёсць яшчэ жывыя сведкі.

— Дарэмна вы аб гэтым кажаце, сэр свяшчэннік, — сказаў Бенет. — Зусім непатрэбная размова.

— Не, майстар Бенет, ты памыляешся. Ведай сваё месца, добры Бенет, — адказаў свяшчэннік. — Я дакажу сваю невінаватасць. Я не хачу быць забітым па непаразуменні. Бяру ўсіх у сведкі, што я чысты ў гэтай справе. У той час мяне нават не было ў замку Мот. Мяне паслалі кудысьці па справе, калі яшчэ не было дзевяці гадзін.

3
{"b":"146272","o":1}