Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Хутка азірнуўшыся, Дзік убачыў, што паміж ім і дзвярыма няма ні душы. Ён у думках прачытаў малітву. Потым, працягнуўшы руку, ён схапіў пярсцёнак, падняў стол і перакуліў яго проста на матроса Тома. Бядак, крычучы, валтузіўся пад абломкамі. І перш чым Арблестэр паспеў западозрыць штосьці нядобрае, а Пірэт сабрацца з думкамі, Дзік кінуўся да дзвярэй і знік у месячнай начы.

Месяц зіхацеў ярка, снег іскрыўся, у гавані было светла, як удзень, і малады Шэлтан, які бег, падаткнуўшы расу сярод кучаў смецця, быў бачны здалёку.

Том і Пірэт пагналіся за ім, моцна крычучы. На іх крыкі з кожнага шынка выскоквалі маракі і таксама беглі наўздагон за Шэлтанам. Неўзабаве Дзіка даганяла цэлая гайня матросаў. Але ў пятнаццатым стагоддзі, як і ў наш час, марак на сушы не вызначаўся жвавасцю; Дзік з самага пачатку дужа апярэдзіў усіх, і адлегласць паміж ім і яго даганяламі ўсё павялічвалася. Нарэшце ён забег у якісьці вузкі завулачак, спыніўся, паглядзеў назад і засмяяўся.

За ім гналіся ўсе маракі горада Шорбі; як чарнільныя кляксы, цямнелі яны ўдалечыні на белым снезе. Кожны крычаў, лямантаваў; кожны махаў рукамі; то адзін падаў у снег, то другі; на таго, хто зваліўся, адразу падалі ўсе, хто бег за ім.

Гэты дзікі лямант, які далятаў ледзь не да самага месяца, і смяшыў уцекача і палохаў. Зрэшты, баяўся Дзік зусім не гэтых маракоў, паколькі быў упэўнены, што ніводзін з іх яго не дагоніць. Дзік баяўся шуму, паднятага маракамі, баяўся, што ён можа разбудзіць увесь Шорбі і прымусіць варту выпаўзці на вуліцу, а гэта было б сапраўды небяспечна; заўважыўшы цёмныя дзверы ў куце, ён схаваўся за імі. Яго нязграбныя праследвальнікі, расчырванелыя ад хуткага бегу, выкачаныя ў снег, крычучы, размахваючы рукамі, пранесліся міма. Аднак прайшло яшчэ нямала часу, перш чым скончылася гэтае вялікае нашэсце гавані на горад і ўсталявалася цішыня.

Яшчэ доўга на вуліцах горада чуліся крыкі маракоў, бо яны заблудзіліся. Яны штохвілінна ўсчыналі спрэчкі то паміж сабой, то з вартавымі; мільгалі нажы, сыпаліся ўдары, і не адзін труп застаўся на снезе.

Калі праз гадзіну апошні марак, мармычучы, вярнуўся ў гавань, у свой найлюбы шынок, ён, канечне, не мог бы сказаць, за кім ён гнаўся. На наступную раніцу ўзнікла нямала самых розных легенд, і неўзабаве ўвесь горад Шорбі паверыў, што ноччу яго вуліцы наведаў д'ябал. Аднак вяртанне апошняга марака яшчэ не вызваліла юнага Шэлтана з яго халоднага зняволення за дзвярыма.

Яшчэ доўга па вуліцах блукалі патрулі, разасланыя знатнымі лордамі, якіх разбудзілі і затрывожылі крыкі маракоў.

Ноч падыходзіла ўжо да канца, калі Дзік пакінуў сваё сховішча і прыйшоў, цэлы і здаровы, але дужа змерзлы і пакрыты сінякамі, да дзвярэй «Казла і валынкі». У адпаведнасці з законам харчэўня патанала ў змроку: не гарэла ніводная свечка, і агонь у печцы быў патушаны. Дзік навобмацак прабраўся ў кут халоднага пакоя для гасцей, знайшоў канец коўдры, захутаў ім свае плечы і, прыціснуўшыся да нейкага соннага чалавека, хутка і моцна заснуў.

Кніга пятая

ГАРБУН

Раздзел I

Покліч трубы

Дзік падняўся наступнай раніцай яшчэ да світання, зноў апрануў сваё ранейшае адзенне, зноў узброіўся як належыць двараніну і выправіўся ў лясное логавішча Лоўлеса. Там (як, верагодна, помніць чытач) ён пакінуў паперы лорда Фоксгэма; каб узяць іх і паспець на спатканне з юным герцагам Гластэрам, трэба было выйсці рана і ісці як мага хутчэй.

Мароз узмацніўся, ад сухога, нерухомага паветра пашчыпвала ў носе. Месяц зайшоў, але зоркі яшчэ зіхацелі, і снег блішчаў ясна і весела. Было ўжо светла без ліхтара, а марознае паветра не дазваляла ісці марудна.

Дзік перасек амаль усё поле, што раскінулася паміж Шорбі і лесам, падышоў да падножжа пагорка і быў за якіх-небудзь сто ярдаў ад крыжа Святой Дзевы, як раптам цішыню раніцы прарэзаў гук трубы. Ніколі яшчэ не чуў ён такога выразнага і пранізлівага гуку. Труба праспявала і змоўкла, зноў праспявала, потым пачуўся бразгат зброі.

Малады Шэлтан прыслухаўся, выцягнуў меч і памчаўся ўверх па пагорку.

Ён убачыў крыж; на дарозе перад крыжом адбывалася лютая сутычка. Нападаючых было чалавек сем ці восем, а абараняўся толькі адзін; але ён абараняўся так жвава і спрытна, так адчайна кідаўся на сваіх праціўнікаў, так умела трымаўся на лёдзе, што, перш чым Дзік падбег, ён ужо забіў аднаго і параніў другога, а астатнія воіны адступалі.

Было проста дзіва, як мог ён выстаяць да гэтага часу. Найменшая выпадковасць — ці паслізнуўся б ён, ці прамахнулася б рука — каштавала б яму жыцця.

— Трымайцеся, сэр! Іду да вас на дапамогу! — усклікнуў Рычард і з крыкам: — Трымайся, хлопцы! Страляй! Няхай жыве «Чорная страла!» — кінуўся з тылу на воінаў, забыўшы, што ён адзін і што вокліч гэты зараз недарэчны.

Але тыя, што нападалі, таксама былі не з баязліўцаў, яны не спалохаліся, наадварот, павярнуўшыся, яны люта накінуліся на Дзіка. Чацвера супраць аднаго: сталь зіхацела над імі пры зорным ззянні. Іскры ляцелі ва ўсе бакі. Адзін з яго праціўнікаў упаў, у гарачцы бітвы Дзік ледзь зразумеў, што здарылася; потым ён сам атрымаў удар па галаве; сталёвы шлем вытрымаў удар, аднак Дзік апусціўся на калені, і думкі яго закружыліся, быццам крылы ветранога млына.

Чалавек, якому Дзік кінуўся памагаць, замест таго каб зараз дапамагчы яму, адскочыў убок і зноў затрубіў яшчэ пранізлівей і мацней, чым раней. Праціўнікі зноў накінуліся на яго, і ён зноў лётаў, нападаў, скакаў, наносіў смяротныя ўдары, падаў на адно калена, карыстаючыся то кінжалам і мячом, то нагамі і рукамі з нязломнай смеласцю, ліхаманкавай энергіяй і хуткасцю.

Але рэзкі заклік быў нарэшце пачуты. Даляцеў заглушаны снегам тупат капытоў, і ў шчаслівую для Дзіка хвіліну, калі мячы ўжо зіхацелі над яго галавой, з лесу з двух бакоў хлынулі патокі ўзброеных вершнікаў, закаваных у жалеза, з апушчанымі забраламі, з дзідамі наперавес, з узнятымі мячамі. У кожнага вершніка за спіной сядзеў стралок; гэтыя стралкі адзін за адным саскоквалі на зямлю.

Тыя, што нападалі, убачыўшы сябе акружанымі, моўчкі пакідалі зброю.

— Схапіць гэтых людзей! — сказаў чалавек з трубой, і, калі яго загад быў выкананы, ён падышоў да Дзіка і заглянуў яму ў твар.

Дзік таксама паглядзеў на яго і здзівіўся, што той чалавек, які праявіў такую сілу, такі спрыт і энергію, быў юнак, не старэй за яго самога, няправільнага целаскладу, з бледным, хваравітым і брыдкім тварам [8]. Але вочы яго глядзелі ясна і адважна.

— Сэр, — сказаў юнак, — вы падаспелі да мяне ў самы раз.

— Мілорд, — адказаў Дзік, пакрысе здагадваючыся, што перад ім знатны вяльможа, — вы так дзівосна валодаеце мячом, што справіліся б з нападаючымі і без мяне. Аднак мне вельмі пашанцавала, што вашы людзі не спазніліся.

— Як вы даведаліся, хто я? — спытаў незнаёмец.

— Нават зараз, мілорд, я не ведаю, з кім размаўляю, — адказаў Дзік.

— Ці так гэта? — спытаў юнак. — Навошта ж вы на скрут галавы кінуліся ў гэтую няроўную бітву?

— Бо ўбачыў, што адзін чалавек храбра б'ецца супраць многіх, — адказаў Дзік, — і палічыў несумленным не дапамагчы яму.

Пагардлівая ўсмешка з'явілася на вуснах маладога вяльможы, калі ён адказаў:

— Адважныя словы. Але, самае галоўнае, за каго вы стаіце: за Ланкастэраў або за Йоркаў?

— Не буду таіць, мілорд, я стаю за Йоркаў, — адказаў Дзік.

— Клянуся небам, — закрычаў юнак, — вам пашанцавала. — І ён павярнуўся да аднаго са сваіх набліжаных. — Дайце мне паглядзець, — працягваў ён тым жа пагардлівым, жорсткім тонам, — дайце мне паглядзець на праведную смерць храбрых джэнтльменаў. Павесьце іх.

Толькі пяцёра з гэтых няшчасных былі яшчэ жывыя. Стралкі схапілі іх за рукі, паспешліва адвялі да ўскрайку лесу, паставілі пад дрэва належнай вышыні і прыладзілі вяроўкі. Стралкі з канцамі вяровак у руках хутка ўскарабкаліся на дрэва. Не прайшло і хвіліны, як усё было скончана. Усе пяцёра гайдаліся на вяроўцы.

вернуться

8

Рычард Гарбаты ў сапраўднасці быў у той час намнога маладзей (Заўвага аўтара). 

40
{"b":"146272","o":1}