Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Іх сабралася ўжо чалавек дваццаць, калі ў кустах глогу раптам пачуліся радасныя галасы і на паляне з'явіліся яшчэ пяцёра: рослы, дзябёлы чалавек з сівымі валасамі, з загарэлым, як правэнджаны кумпяк, тварам і за ім чацвера з насілкамі. Няцяжка было ўгадаць у першым начальніка: за плячыма ў яго вісеў лук, у руцэ ён трымаў рагаціну.

— Хлопцы! — крыкнуў ён. — Вясёлыя мае сябры! Вы тут елі ўсухама і свісталі ад голаду! Але я заўсёды казаў: пацярпіце, шчасце яшчэ ўсміхнецца нам. І яно пачало ўжо ўсміхацца. Вось першы пасланец шчасця — добры эль!

І пад гул радасных воклічаў насільшчыкі апусцілі насілкі, на якіх аказалася даволі вялікая бочачка.

— Не спяшайцеся, хлопцы, — працягваў ён. — Нас чакае справа. Да перавозу падышоў атрад стралкоў. Адзенне на іх чырвонае з сінім; кожны з іх — мішэнь, кожны зведае нашы стрэлы, ніводзін не выйдзе з лесу жывы. Нас тут пяцьдзесят чалавек, і кожны з нас пакрыўджаны: у аднаго ўкралі зямлю, у другога — сяброў; аднаго абняславілі, другога выгналі. Мы ўсе пакрыўджаныя! Хто ж нас пакрыўдзіў? Сэр Дэніэл, клянуся распяццем! Няўжо мы яму дазволім спакойна карыстацца ўкрадзеным у нас дабром? Сядзець у нашых дамах? Араць наша поле? Есці мяса нашых быкоў? Не, не дазволім! Яго абараняе закон; пёры судзейскіх пісак заўсёды на яго баку. Але я збярог для яго ў сябе за поясам такія пёры, з якімі яму не саўладаць!

Кухар Лоўлес піў ужо другі рог элю; ён прыўзняў яго як бы вітаючы прамоўцу.

— Майстар Эліс, — сказаў ён, — вы думаеце толькі аб помсце. Ну што ж, вам так і належыць. Але ў нас, у вашых бедных братоў па зялёным лесе, ніколі не было ні земляў, ні сяброў, і нам аплакваць няма чаго; мы людзі маленькія і думаем мы не аб помсце, а аб прыбытку. Самай салодкай помсце ў свеце мы аддаём перавагу высакароднаму золату і мяху з канарскім віном.

— Лоўлес, — пачуўся адказ, — каб вярнуцца ў замак Мот, сэр Дэніэл павінен прайсці праз лес. Мы паклапоцімся аб тым, каб гэты шлях абышоўся яму даражэй за ўсялякую бітву. Усе вядомыя сябры яго разбіты, і ніхто яму не дапаможа. Мы акружым старога ліса з усіх бакоў, і ён загіне. Гэта тлустая здабыча! Яе хопіць на абед нам усім.

— Багата я ўжо еў такіх абяцаных абедаў, — сказаў Лоўлес. — Але гатаваць іх — справа цяжкая, добры майстар Эліс, можна апячыся. А чым мы займаемся ў чаканні гэтага тлустага абеду? Мы майструем чорныя стрэлы, мы сачыняем вершыкі, мы п'ём чыстую халодную ваду — самы непрыемны напітак.

— Ты няверны чалавек, Уіл Лоўлес. Ад цябе ўсё яшчэ пахне манастырскай кладоўкай. Прагнасць загубіць цябе, — адказаў Эліс. — Мы забралі дваццаць фунтаў у Эпльярда. Мы забралі сем марак у ганца ўчора ноччу. Трэцяга дня мы забралі пяцьдзесят у купца…

— А сягоння, — сказаў адзін з малайцоў, — я спыніў каля Халівуда тлустага гандляра індульгенцыямі. Вось яго кашалёк.

Эліс пералічыў грошы ў кашальку.

— Сто шылінгаў! — прабурчаў ён. — Дурань, у яго, напэўна, намнога больш было схавана ў чаравіках або зашыта ў капюшон. Ты немаўля, Том К'юкоў, ты выпусціў рыбку.

Тым не менш Эліс неяк нядбайна сунуў кашалёк сабе ў кішэню. Ён стаяў, абапіраючыся на рагаціну, і разглядваў сваіх таварышаў. Яны прагна глыталі поліўку з аленіны, запіваючы яе элем. Дзень выдаўся слаўны, ім пашанцавала; аднак іх чакалі тэрміновыя справы, і яны не затрымліваліся над ядой. Тыя, хто прыйшоў першы, ужо адпалуднавалі і або паваліліся ў траву і адразу заснулі, як сытыя ўдавы, або балбаталі паміж сабою, або прыводзілі зброю ў парадак. Адзін весялун падняў рог з элем і заспяваў:

Прывольна вясной пад шатай лясной -

Вясёлы і добры ідзеш!

Пах дзіўны і свежы сяброўскае ежы,

Калі ты аленя заб'еш!

Нагоніць дажджоў, халодных вятроў -

Не рады зімоваму дню.

З гульбой развітайся, дадому вяртайся,

Сядзі да вясны ля агню.

Хлопчыкі ляжалі і слухалі. Рычард зняў свой арбалет і трымаў напагатове жалезны кручок, каб нацягнуць цеціву. Яны баяліся паварушыцца; уся гэтая сцэна з ляснога жыцця прайшла перад іх вачыма, быццам у тэатры. Але тут раптам настаў антракт: пачуўся пранізлівы свіст, затым гулкі трэск, і абломкі стралы ўпалі да ног хлопчыкаў. Над тым самым месцам, дзе яны затаіліся, узвышаўся комін; яго, мабыць, і выбраў сваёй мішэнню нябачны стралок — гэта быў вартавы, якога яны бачылі на хвоі. Мэтчэм ціхенька ўскрыкнуў; нават Дзік уздрыгнуў і выпусціў кручок. Аднак людзей, якія сядзелі на палянцы, страла гэтая не спалохала; для іх яна была ўмоўным сігналам, а яго яны даўно чакалі. Яны ўсе разам падхапіліся на ногі, зацягваючы паясы, правяраючы цецівы, выцягваючы з похваў мячы і кінжалы. Эліс падняў руку; твар яго асвяціўся нястрымнай энергіяй, бялкі вачэй ярка паблісквалі на загарэлым твары.

— Хлопцы, — сказаў ён, — вы ўсе ведаеце сваю справу. Няхай ніводная душа не выслізне жывой з вашых рук! Эпльярд — гэта быў усяго толькі глыток віскі перад абедам; а зараз пачнецца самы абед. Я павінен адпомсціць за трох: за Гары Шэлтана, за Саймона Мэлмсбэры і… — тут ён стукнуў сябе кулаком у шырокія грудзі, — і за Эліса Дэкуорта. І, клянуся небам, я адпомшчу!

Якісьці чалавек, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, прадзёрся праз кусты і выбег на паляну.

— Гэта не сэр Дэніэл! — прамовіў ён, цяжка дыхаючы. — Іх усяго сем чалавек. Страла даляцела да вас?

— Толькі што, — адказаў Эліс.

— Што за ліха! — вылаяўся бягун. — То ж мне і падалося, што я чую яе свіст. Вось я і застаўся без абеду.

У адзін момант увесь атрад «Чорнай стралы» пакінуў паляну перад разбураным домам; кацёл, патухлае вогнішча ды аленевая туша на кусце глогу — вось і ўсё, што ад іх засталося.

Раздзел V

Крыважэрнае паляванне

Хлопчыкі не рухаліся да таго часу, пакуль шум ветру не заглушыў тупату крокаў, якія аддаляліся. Тады яны падняліся з вялікай цяжкасцю, таму што ад нязручнага становішча ў іх занямелі ногі, выбраліся з разбуранага дома і па бервяне перайшлі цераз роў. Мэтчэм падняў згублены кручок і ішоў наперадзе; Дзік рухаўся за ім з арбалетам у руцэ.

— А цяпер ідзём у Халівуд, — сказаў Мэтчэм.

— У Халівуд? — усклікнуў Дзік. — Ісці ў Халівуд, калі ў нашых страляюць? Не, я не пайду ў Халівуд. Няхай мяне лепш павесяць, Джон.

— Няўжо ты кінеш мяне? — спытаў Мэтчэм.

— Ну і кіну, — адказаў Дзік. — Калі я не паспею папярэдзіць іх, я памру разам з імі. Не магу ж я кінуць людзей, з якімі пражыў усё жыццё! Дай мне кручок ад майго арбалета.

Але Мэтчэм не збіраўся аддаваць яму кручок.

— Дзік, — сказаў ён, — ты пакляўся ўсімі святымі, што даставіш мяне цэлым і здаровым у Халівуд. Няўжо ты парушыш сваю клятву? Няўжо ты мяне кінеш, клятвапарушальнік?

— Я кляўся шчыра, — адказаў Дзік, — і збіраўся стрымаць сваю клятву. Вось што, Джон, пойдзем са мною. Дазволь мне толькі папярэдзіць гэтых людзей і, калі давядзецца, пастаяць разам з імі пад стрэламі. Тады сумленне маё будзе чыстае, я выканаю сваю клятву і завяду цябе ў Халівуд.

— Ты смяешся з мяне! — запярэчыў Мэтчэм. — Людзі, якім ты хочаш дапамагчы, палююць за мною, каб загубіць мяне.

Дзік пачухаў галаву.

— Што ж рабіць, Джон? — сказаў ён. — Я не магу інакш. А як бы ты сам зрабіў на маім месцы? Табе небяспека пагражае невялікая, а іх чакае смерць. Смерць! — паўтарыў ён. — Падумай аб гэтым! Якога чорта ты мяне затрымліваеш? Давай сюды кручок! Клянуся святым Георгіем, я не дам ім усім загінуць!

— Рычард Шэлтан, — спытаў Мэтчэм, гледзячы прама яму ў твар, — няўжо ты збіраешся змагацца на баку сэра Дэніэла? Хіба ў цябе няма вушэй? Хіба ты не чуў таго, што сказаў Эліс? Ці табе не дарагая родная кроў, кроў твайго бацькі, якога забіў гэты чалавек? «Гары Шэлтан», — сказаў ён; а сэр Гары Шэлтан быў твой бацька, і гэта таксама зразумела, як тое, што сонца зіхаціць на небе.

— І ты хочаш, каб я паверыў зладзеям? — крыкнуў Дзік.

— Я ўжо даўно чуў аб забойстве твайго бацькі, — сказаў Мэтчэм. — Усім вядома, што яго забіў сэр Дэніэл. У сваім уласным доме праліў ён нявінную кроў. Неба прагне расплаты за гэтае забойства! А ты, сын забітага, ідзеш суцяшаць і абараняць забойцу!

10
{"b":"146272","o":1}