Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Даю вам урачыстае абяцанне выканаць вашу волю, — сказаў Дзік. — Я зраблю ўсё, што будзе мне па сіле.

— Цудоўна, — сказаў паранены, — мілорд герцаг дасць вам новыя загады, і калі вы іх выканаеце ахвотна і старанна, ваша будучыня забяспечана. Падсуньце да мяне лампаду, я хачу напісаць пісьмо.

Ён напісаў два пісьмы. На адным ён зрабіў надпіс: «Высокашаноўнаму майму родзічу сэру Джону Хэмлі», на другім не напісаў нічога.

— Гэта пісьмо герцагу, — сказаў ён. — Пароль — «Англія і Эдуард»; а водгук — «Англія і Йорк».

— А што будзе з Джаанай, мілорд? — спытаў Дзік.

— Джаану здабывайце самі, як умееце, — адказаў барон. — У абодвух пісьмах я пішу, што хачу выдаць яе за вас, але здабываць яе вам давядзецца самому, мой хлопчык. Я, як бачыце, спрабаваў вам дапамагчы, але заплаціў за гэта жыццём. Большага не мог бы зрабіць ніводзін чалавек.

Паранены хутка слабеў. Дзік, схаваўшы на грудзях каштоўныя пісьмы, пажадаў яму бадзёрасці і выйшаў з каюты.

Пачыналася світанне, халоднае і пахмурнае. Ішоў снег. Непадалёку ад «Добрай Надзеі» цягнуўся скалісты бераг, зрэзаны пясчанымі бухтамі, а ўдалечыні, за лясамі, узнімаліся вяршыні Тэнстолскіх пагоркаў. Вецер крыху прыціх, мора таксама злёгку супакоілася, але карабель сядзеў глыбока ў вадзе і з цяжкасцю ўзбіраўся на хвалі.

Лоўлес па-ранейшаму стаяў каля руля. Усе, хто быў на судне, стоўпіліся на палубе і тупа ўтаропіліся ў не дужа гасцінны бераг.

— Мы збіраемся прыстаць? — спытаў Дзік.

— Але, — сказаў Лоўлес, — калі раней не трапім на дно.

Пры гэтых словах карабель з такой цяжкасцю ўскарабкаўся на хвалю і вада ў труме заклекатала так гучна, што Дзік міжволі схапіў рулявога за руку.

— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі нос «Добрай Надзеі» вынырнуў з пены, — я ўжо думаў, мы тонем. Сэрца маё ледзь не лопнула!

На шкафуце [6]Грыншыў і Хокслі разам з лепшымі людзьмі абодвух атрадаў разбіралі палубу і майстравалі з яе дошак плыт. Дзік далучыўся да іх і цалкам захапіўся працай, каб хоць на хвіліну забыць пра небяспеку. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, кожная хваля, што абрушвалася на няшчасны карабель, прымушала яго сэрца сціскацца ад жаху, нагадваючы аб блізкасці смерці.

Раптам, адарваўшыся ад работы, ён убачыў, што яны падышлі ўшчыльную да нейкага мыса. Падмытая морам скала, вакол якой клекатала белая пена цяжкіх хваляў, амаль навісла над палубай. За скалой, на вяршыні пясчанай дзюны, як бы ўвенчваючы яе, стаяў дом.

Усярэдзіне бухты хвалі ятрыліся яшчэ шалёней. Яны паднялі «Добрую Надзею» на свае пеністыя спіны, панеслі яе, ніколькі не лічачыся з рулявым, выкінулі на пясчаную водмель і, перакочваючыся цераз карабель, пачалі шпурляць яго з боку на бок. Потым адзін з велізарных валоў падняў «Добрую Надзею» і аднёс яе бліжэй да берага, і, нарэшце, трэці вал, перанёсшы яе цераз самыя небяспечныя буруны, апусціў на мель каля самага берага.

— Хлопцы, — крыкнуў Лоўлес, — святыя выратавалі нас! Пачынаецца адліў. Сядзем у кружок і вып'ем па чарцы віна. Праз паўгадзіны мы дабяромся да берага, як па мосце.

Прабілі бочачку. Людзі, што пацярпелі крушэнне, расселіся, стараючыся, наколькі магчыма, затуліцца ад снегу і пырскаў, і пусцілі чарку ўкругавую; віно сагрэла іх і падбадзёрыла.

Дзік тым часам вярнуўся да лорда Фоксгэма, які нічога не ведаў і ляжаў у смяротным жаху. Вада ў яго каюце даходзіла да калень, лампадка разбілася і патухла, пакінуўшы яго ў цемры.

— Мілорд, — сказаў малады Шэлтан, — болей няма чаго баяцца, святыя аберагаюць нас. Хвалі выкінулі нас на водмель, і як толькі прыліў крыху спадзе, мы дабяромся да берага.

Прайшла амаль гадзіна, перш чым мора адступіла ад «Добрай Надзеі» і мараплавальнікам удалося нарэшце паволі пайсці да берага, які невыразна бачыўся праз смугу мітуслівага снегу. На прыбярэжным пагорку ляжаў невялікі атрад узброеных людзей, якія падазрона сачылі за кожным іх рухам.

— Хай бы лепей падышлі да нас і аказалі дапамогу, — заўважыў Дзік.

— Калі яны да нас не ідуць, мы пойдзем да іх самі, — сказаў Хокслі. — Чым хутчэй мы дабяромся да слаўнага агню і сухой пасцелі, тым лепш для майго няшчаснага лорда.

Але людзі на пагорку раптоўна падхапіліся, і град стрэл паляцеў у мараплавальнікаў, якія пацярпелі крушэнне.

— Назад! Назад! — крыкнуў лорд. — Богам прашу, будзьце асцярожныя! Не адказвайце ім.

— Мы не можам біцца! — усклікнуў Грыншыў, выцягваючы стралу са сваёй скураной курткі. — Мы прамоклі, мы стаміліся, як сабакі, мы прамерзлі да касцей. Але, дзеля любові да старой Англіі, растлумачце мне, навошта яны з такой лютасцю абстрэльваюць сваіх землякоў, якія трапілі ў бяду?

— Яны прынялі нас за французскіх піратаў, — адказаў лорд Фоксгэм. — У гэтыя неспакойныя і подлыя часы мы не можам зберагчы нават уласныя берагі, берагі нашай Англіі. Нашы спрадвечныя ворагі, якіх яшчэ не так даўно мы перамагалі на моры і на сушы, прыязджаюць сюды, калі ім задумаецца, і рабуюць, забіваюць і паляць. Няшчасная радзіма! Вось да якой ганьбы мы дажылі.

Людзі на пагорку ўважліва сачылі, як яны падымаліся на бераг і як адыходзіліся ў глыб краіны па далінах паміж пясчанымі дзюнамі. Цэлую мілю ішлі пасля ўслед за стомленымі, змучанымі ўцекачамі, гатовыя пры найменшым падазрэнні даць па іх новы залп. Толькі калі Дзіку ўдалося нарэшце вывесці сваіх спадарожнікаў на вялікую дарогу і пастроіць іх у ваенным парадку, пільныя ахоўнікі ангельскіх берагоў зніклі за белым снегападам. Яны збераглі свае ўласныя дамы і фермы, свае ўласныя сем'і і сваю жывёлу — больш ім ні да чаго не было справы, і іх ніколькі не турбавала думка, што французы выражуць і спаляць іншыя вёскі і сёлы ангельскага каралеўства.

Кніга чацвертая

ПЕРААПРАНУТЫЯ

Раздзел I

Логавішча

Дзік выйшаў на вялікую дарогу недалёка ад Халівуда, міляў за дзевяць-дзесяць ад Шорбі-на-Ціле; пераканаўшыся, што іх больш не даганяюць, абодва атрады раздзяліліся. Слугі лорда Фоксгэма панеслі свайго параненага валадара ў вялікае абацтва, дзе было бяспечна і спакойна. Калі яны зніклі за густой заслонай снегападу, у Дзіка застаўся тузін бадзяг — усё, што ацалела ад яго дабравольніцкага атрада.

Многія з іх былі паранены; усе да аднаго былі ўзлаваны няўдачамі і працяглым вандраваннем; згаладалыя і змерзлыя, яны не мелі сілы адкрыта бунтаваць і толькі бурчалі ды панура пазіралі на сваіх правадыроў. Дзік раздаў ім усё, што было ў яго ў кашальку, нічога не пакінуўшы сабе, і падзякаваў за храбрасць, хаця, шчыра кажучы, намнога ахвотней вылаяў бы іх за баязлівасць. Трошкі змякчыўшы гэтым уражанне ад працяглых няўдач, ён загадаў ім папарна і ў адзіночку прабірацца да Шорбі і чакаць яго ў шынку «Казёл і валынка».

Помнячы падзеі, што адбыліся на борце «Добрай Надзеі», ён пакінуў пры сабе аднаго толькі Лоўлеса. Снег падаў бесперастанку і ўсё засцілаў навокал, быццам сляпучае воблака; вецер паступова сціхаў і нарэшце знік зусім; увесь свет здаваўся загорнутым у белую пялёнку і паглыбленым у маўчанне. Сярод снежных сумётаў лёгка было збіцца з дарогі і загрузнуць. І Лоўлес, які крочыў наперадзе, выцягваў шыю, як паляўнічы сабака, што ідзе па следзе, вывучаў кожнае дрэва, уважліва ўзіраўся ў сцяжынку, быццам вёў карабель па бурным моры.

Калі прайшлі лесам добрую мілю, яны наблізіліся да гаю карабатых высокіх дубоў, паблізу якіх скрыжоўваліся некалькі дарог. Гэтае месца няцяжка было пазнаць нават у такую пагоду, і Лоўлес быў, відаць, рады, што знайшоў яго.

— А цяпер, майстар Рычард, — сказаў ён, — калі ваш гонар не перашкодзіць вам пакарыстацца гасціннасцю чалавека, які не нарадзіўся джэнтльменам і якога нават нельга назваць добрым хрысціянінам, я магу прапанаваць вам кубак віна і зыркі агонь, каб разагрэць вашы костачкі.

— Вядзі, Уіл, — адказаў Дзік. — Кубак віна і зыркі агонь! Дзеля гэтага я згодзен ісці куды заўгодна.

Лоўлес рашуча пакрочыў уперад і, калі прайшоў пад аголенымі дрэвамі, хутка выбіўся да пячоры, ледзь не напалову засыпанай снегам. Над уваходам у пячору рос велізарны бук з непрыкрытымі каранямі; стары бадзяга, рассунуўшы кусты, знік пад зямлёй.

вернуться

6

Шкафут — сярэдняя частка палубы карабля, паміж кармавой і насавой надбудовай.

30
{"b":"146272","o":1}